Да 100-годдзя з часу заснавання шахматна-шашачнай секцыі Беларусі: шашысты ў складзе секцыі
Віталь АніськаУ апошнім артыкуле, прымеркаваным да 100-годдзя з часу заснавання шахматна-шашачнай секцыі Беларусі, сабраў інфармацыю пра шашыстаў, якія ўваходзілі ў яе склад. Ніводзін з іх не ўзначальваў секцыю, аднак некалькі займалі пасады намесніка старшыні і адказнага сакратара. Пра многіх з гэтых людзей я ўжо распавядаў, таму больш падрабязна спынюся толькі на тых, пра каго яшчэ не пісаў.
Членам секцыі першым стаў Аляксандр Прохаравіч Круталевіч – самы аўтарытэтны беларускі шашыст таго часу. Адбылося гэта восенню 1924 года, калі секцыя з шахматнай рэарганізавалася ў шахматна-шашачную.
У той час Круталевіч выкладаў матэматыку ў Беларускім педагагічным тэхнікуме. Восенню 1925 года ён пачаў працаваць у Беларускім дзяржаўным універсітэце на пасадзе асістэнта кафедры методыкі матэматыкі педагагічнага факультэта.
Членам секцыі Круталевіч заставаўся да канца 1926 года. Па спасылцы – вялікі артыкул пра яго, які выйшаў год таму.
У студзені 1926 года Вышэйшым саветам фізкультуры Беларусі быў зацверджаны новы склад секцыі. Акрамя Аляксандра Круталевіча, у яго ўвайшоў Ілья Сямёнавіч Гардон. Членам секцыі ён быў на працягу паўтара года. Потым яшчэ двойчы ўключаўся ў яе склад – у 1929 і 1939 гадах.
Гардон у 1925 годзе выйграў першы чэмпіянат Беларусі, а ў другім першынстве Савецкага Саюза набраў больш за 50% ачкоў і стаў майстрам. Да канца 1930-х гадоў ён быў наймацнейшым шашыстам рэспублікі, яшчэ тры разы згуляў у фіналах чэмпіянату СССР, але вышэй за дзявятае месца не паднімаўся.
Вялікая роля Гардона ў тым, што ён быў першым прафесійным трэнерам у Беларусі: працаваў з рабочымі ў клубах, са школьнікамі, а таксама з жанчынамі (ці не першы ў Савецкім Саюзе).
Пачатак Вялікай Айчыннай вайны застаў Гардона на паўфінале чэмпіянату СССР у Растове-на-Доне. Ён пайшоў ваяваць і ў 1943 годзе загінуў на Ленінградскім фронце. Асобны матэрыял пра Ілью Гардона можна знайсці тут.

У лютым 1926 года, на месяц пазней за Гардона, у склад секцыі быў уключаны Я. С. Фельдман.
Пра яго вядома нямнога. Фельдман заняў чацвёртае месца ў першым чэмпіянаце Мінска, які праходзіў у канцы 1922-га – пачатку 1923 года. Удзельнічаў ён і ў першым чэмпіянаце Беларусі, дзе падзяліў чацвёртае месца з Самуілам Гардонам.
Што тычыцца дзейнасці Фельдмана як функцыянера, то ў 1923 годзе на сходзе ўсіх шахматных секцый Мінска ён быў абраны ў адзінае праўленне. Пазней уваходзіў у гарадскую шахматна-шашачную секцыю, дзе яму была даручана праца па шашках.
Застаўся Фельдман у секцыі і пасля вяртання на пасаду старшыні Шукевіча-Траццякова ў канцы 1926 года. У наступным годзе Фельдман стаў членам створанай шахматна-шашачнай камісіі пры Цэнтральным савеце беларускіх прафсаюзаў.
Таксама ён быў вядомы як складальнік эцюдаў. У пачатку 1930-х гадоў сляды Фельдмана губляюцца.
Вялікія змены ў беларускім шахматна-шашачным руху адбыліся ў пачатку 1930 года. Склад секцыі быў абноўлены амаль цалкам, таксама змянілася яе структура – кіраўнічым органам стаў прэзідыум, які складаўся з сямі чалавек. Ажно чацвёра з іх былі шашыстамі: Берман, Ліхадзіеўскі, Элья і Гардзевіч, прычым трое апошніх працавалі рабочымі. Гэтым выконвалася прынятая ў верасні 1929 года пастанова ЦК ВКП(б) «Аб фізкультурным руху», у якой адным са спосабаў ліквідацыі яго недахопаў вызначаўся ўдзел у кіраўніцтве шырокай рабочай грамадскасці.
Намеснікам старшыні секцыі стаў рабочы-гарбар Аляксандр Карлавіч Ліхадзіеўскі. Ён нарадзіўся ў 1892 годзе. У 1925 годзе прадстаўляў БССР у першым Усесаюзным турніры прафсаюзаў у Маскве, па выніках якога атрымаў чацвёртую катэгорыю. Менш чым праз тры гады ўжо стаў першакатэгорнікам, добра згуляўшы ў камандных спаборніцтвах прафсаюзаў Мінска.
У траўні 1929 года Ліхадзіеўскі (як і Берман з Эльяй, гаворка пра якіх пойдзе ніжэй) у складзе прафсаюзнай зборнай Мінска і акругі выязджаў у Ленінград, дзе адбылося некалькі матчаў з мясцовымі камандамі прафсаюзаў.
Праз некалькі тыдняў Ліхадзіеўскага абралі старшынёй шахматна-шашачнай камісіі пры культаддзеле Цэнтральнага савета прафсаюзаў БССР. На гэтай пасадзе ён знаходзіўся два гады, пасля застаўся шараговым членам камісіі. У гэты час Ліхадзіеўскі працаваў на абутковай фабрыцы.
У лютым 1931 года Ліхадзіеўскага зацвердзілі сакратаром шахматна-шашачнай секцыі Беларусі. У кастрычніку таго ж года на VII Усесаюзным з’ездзе ён увайшоў у склад пленума шахматна-шашачнага сектара СССР.
У рамках з’езда прайшоў другі малы чэмпіянат Савецкага Саюза. У сваёй групе Ліхадзіеўскі набраў 3 ачкі з 11 і заняў 11-е месца.
У наступныя гады ў турнірах ён гуляў даволі ўдала. У чэмпіянатах Беларусі 1933 і 1934 гадоў дзяліў сёмае і восьмае месцы адпаведна, стаў бронзавым прызёрам першынства Мінска 1934 і 1937 гадоў. У 1935 годзе быў уключаны ў склад прафсаюзнай шахматна-шашачнай зборнай Беларусі на выязны матч з камандай Украіны ў Кіеве.
Працягнуў гуляць у шашкі Ліхадзіеўскі і пасля Вялікай Айчыннай вайны. У 1946 годзе ён быў членам ДСТ «Бальшавік», меў першы разрад, працаваў рабочым у тэатры оперы і балета ў Мінску. У рэспубліканскім турніры першаразраднікаў заняў другое месца, апярэдзіўшы некалькіх моцных сапернікаў.

У 1947 годзе Ліхадзіеўскі згуляў у першым пасляваенным першынстве Беларусі, дзе падзяліў сёмае-восьмае месцы. Удзельнічаў і ў трох наступных чэмпіянатах рэспублікі. Апошні знойдзены вынік Ліхадзіеўскага – другое месца ў першынстве Мінскага савета ДСТ «Бальшавік» восенню 1950 года.
А. Берман заняў пасаду адказнага сакратара секцыі. Яго прозвішча сустракаецца на старонках беларускай прэсы з 1923 года. Ён праводзіў шмат сеансаў адначасовай гульні, вёў гурткі ў клубах, дасылаў навіны з Мінска ў цэнтральны часопіс «64», быў членам шахматна-шашачнай камісіі пры прафсаюзах БССР, судзіў спаборніцтвы, разам з Гардонам вёў аддзел у «Чырвонай зьмене».
Берман быў моцным іграком. У першым чэмпіянаце Беларусі, які адбыўся ў чэрвені 1925 года, ён стаў шостым. У 1928 годзе Берман падзяліў трэцяе месца ў першынстве Мінска, але ў чэмпіянаце рэспублікі, які пачаўся неўзабаве, заняў апошняе месца. Магчыма, па нейкай прычыне ён выбыў з турніру.
Летам 1929 года Берман заняў трэцяе месца ва Усесаюзным турніры саюза транспартных рабочых і атрымаў права на ўдзел у першым малым чэмпіянаце СССР, аднак у ім не згуляў. Пазней, у 1930-х гадах, у прафсаюзных спаборніцтвах Берман выступаў за саюзы работнікаў дзяржаўнага гандлю і медыцынскіх работнікаў, што, хутчэй за ўсё, сведчыць пра змену ім месцаў працы.
У 1933 і 1934 гадах Берман добра згуляў у чэмпіянатах Беларусі: пятае і дзялёж пятага-сёмага месцаў адпаведна. Гэта дазволіла яму ўвайсці ў склад шахматна-шашачнай зборнай прафсаюзаў БССР, якая правяла выязныя матчы з камандамі Варонежа, Масквы, Смаленска і Кіева.

У другой палове 1930-х гадоў Берман некалькі разоў выступаў з крытычнымі артыкуламі на старонках «64». Так, у лістападзе 1937 года ён пісаў пра развал шахматна-шашачнай працы амаль ва ўсіх буйных гарадах рэспублікі, крытыкаваў за безадказнасць інструктара па шахматах і шашках Камітэта па справах фізкультуры і спорта БССР Кузьмінскага.
У сакавіку 1939 года Берман быў зноў абраны членам бюро шахматна-шашачнай секцыі Беларусі, ён стаў старшынёй камісіі па рабоце ў дабравольна-спартыўных таварыствах. І ўжо праз паўтара месяца разам з новым кіраўніком секцыі Фрыдляндам у «64» яны крытыкавалі сістэму правядзення каманднага шахматна-шашачнага першынства, прынятую аддзелам фізкультуры Цэнтральнага савета прафсаюзаў СССР.
Апошняя знойдзенная згадка пра Бермана – прысваенне яму звання суддзі рэспубліканскай катэгорыі па шахматах і шашках у кастрычніку 1940 года.
Мордух Ісаакавіч Элья нарадзіўся ў 1909 годзе ў Мінску. У 15 гадоў у сеансе адначасовай гульні ён зрабіў нічыю з першым беларускім майстрам Барысам Круталевічам, у 16 перамог у гарадскім турніры школьнікаў. Першую катэгорыю атрымаў у 1928 годзе па выніках гарадскіх камандных прафсаюзных спаборніцтваў, дзе гуляў за саюз металістаў. У верасні таго ж года Элья стаў пятым у чэмпіянаце Мінска, а праз месяц выдатна згуляў у чэмпіянаце Беларусі, дзе заняў чацвёртае месца, прапусціўшы наперад толькі трох майстроў: Самуіла і Ілью Гардонаў, а таксама Льва Рама. Адзначалася яго вытрыманая і роўная гульня.
У снежні 1929 года Элья прыняў удзел у першым малым чэмпіянаце СССР. Атрымалася не вельмі ўдала: 7,5 ачкоў з 21, 17-е месца з 22 у сваёй групе.
8 лютага 1930 года, праз два дні пасля зацвярджэння членам секцыі, Элья правёў сеанс адначасовай гульні на 21 дошцы ў час абедзеннага перапынку на заводзе «Энергія», на якім працаваў. Сеанс доўжыўся паўгадзіны, Элья атрымаў 20 перамог пры адным паражэнні. Газета «Чырвоная зьмена» пісала, што гэта быў першы сеанс такога кшталту ў Беларусі, і ён выклікаў велізарную цікавасць: ленінскі куток не змог змясціць усіх жадаючых паглядзець партыі. Але ж не абыйшлося і без кур’ёзу: гледачы былі настолькі зацікаўлены гульнёй, што не пачулі гудок і спазніліся на працу.
У канцы 1930 года ў Маскве прайшло чацвёртае першынство СССР, у якім Беларусь была прадстаўлена майстрам Гардонам і, як паведамляла газета «Рабочий», двума ўдарнікамі, прэміраванымі за лепшае выкананне прамфінплана: таварышамі Эльяй і Шумахерам. Чэмпіянат прайшоў па новай сістэме: 39 чалавек былі разбіты на тры групы, па шэсць лепшых з кожнай выходзілі ў фінал. Элья ў сваёй групе заняў апошняе месца, аднак пры гэтым перамог адэсіта Сямёна Корхава, які потым у фінале заняў трэцяе месца.
У 1931 годзе Элья заняў трэцяе месца ў масавым гарадскім турніры, які праводзіла газета «Рабочий», ішоў у тройцы лідараў чэмпіянату Мінска.
У другой палове 1931 года Элья быў прызваны на ваенную службу, пасля праходжання якой, імаверна, стаў жыць у Ленінградзе. З шашачных вынікаў у наступныя гады вядома толькі пра яго ўдзел ва Усесаюзым турніры ЦК саюза інструментальна-станкабудаўнічай прамысловасці, які праходзіў з 20 па 30 лістапада 1935 года ў г. Ягор’еўск (Маскоўская вобласць). Элья прадстаўляў ленінградскі завод імя Свярдлова. Захавалася фота яго партыі з Дзянісам Гардзевічам, разам з якім яны працавалі на мінскім заводзе «Энергія» і адначасова былі ўключаны ў прэзідыум Усебеларускай шахматна-шашачнай секцыі.

Вядома, што ў 1940 годзе Элья скончыў Ленінградскі палітэхнічны інстытут, працаваў інжынерам-канструктарам. 5 ліпеня 1941 года быў прызваны ў Чырвоную армію. Ваяваў у самаходным артылерыйскім палку, быў камандзірам танка. Закончыў вайну старшым тэхнікам-лейтэнантам, камандзірам рамонтнага ўзвода. Быў узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі», ордэнам Чырвонай Зоркі і інш.
Яшчэ аднаму рабочаму-металісту Дзянісу Ігнацьевічу Гардзевічу на момант уключэння ў склад прэзідыума секцыі быў 21 год. На заводзе «Энергія» ён працаваў кавалём. У канцы 1951 года Гардзевіч стане першым старшынёй асобнай шашачнай секцыі Беларусі. Я пісаў пра яго біяграфію і спартыўныя дасягненні.
На V Усебеларускім шахматна-шашачным з’ездзе, які прайшоў у ліпені 1932 года, кіраўнічым органам секцыі стала выканаўчае бюро, у склад якога абралі 11 чалавек. З шашыстаў места ў ім захаваў толькі Ліхадзіеўскі, аднак сакратаром ён быць перастаў.
Пра склад секцыі ў 1933-1938 гадах інфармацыі пакуль мала.
30 сакавіка 1939 года на пленуме секцыі было абрана новае бюро, у склад якога ўвайшлі тры шашысты: вярнуўшыяся пасля доўгага перапынку Берман і Гардон (узначаліў вучэбна-метадычную камісію па шашках), а таксама вучань апошняга, чэмпіён СССР сярод школьнікаў 18-гадовы Саламон Лейзаравіч Борак, які стаў старшынёй кваліфікацыйнай шашачнай камісіі. На той момант ён быў студэнтам першага курса хімічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта. Пра Борака я пісаў тут і тут.
У ліпені 1940 года склад секцыі абнавіўся: замест Борака ў яго быў уключаны іншы малады шашыст – віцебчанін Віктар Лаўрэнцьевіч Грушэцкі, дзейсны чэмпіён Беларусі. 18-гадовы юнак працаваў карэспандэнтам газеты «Витебский рабочий».
У першынстве Беларусі 1941 года Грушэцкі падзяліў першае-пятае месцы. Дадатковы турнір правесці не паспелі – пачалася Вялікая Айчынная вайна, пасля якой Грушэцкі ў Беларусь ужо не вярнуўся. Артыкул, прымеркаваны да 100-годдзя з дня яго нараджэння, – па спасылцы.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны секцыя ўзнавіла сваю дзейнасць у 1946 годзе. 5 траўня 1948 года загадам Рэспубліканскага камітэта па справах фізічнай культуры і спорту быў зацверджаны новы склад секцыі, у які ўвайшлі тры шашысты: Гардзевіч (праз 18 гадоў), Берлінкоў і Ракітніцкі.
Барыс Лазаравіч (Бер Лейзеравіч) Берлінкоў стаў старшынёй судзейскай камісіі. Званне суддзі рэспубліканскай катэгорыі па шахматах і шашках ён атрымаў яшчэ да вайны, у 1940 годзе. Працаваў Берлінкоў інжынерам на мінскім заводзе імя Чкалава. Азнаёміцца з матэрыяламі пра Барыса Лазаравіча і яго сям’ю можна тут і тут.
Аркадзь Венядзіктавіч Ракітніцкі заняў пасаду адказнага сакратара секцыі. З 1947 года ён працаваў дырэктарам рэспубліканскага шахматна-шашачнага клуба. Пасля Ракітніцкі стаў двухразовым чэмпіёнам Беларусі па рускіх шашках, майстрам спорту, суддзёй усесаюзнай катэгорыі, трэцім у рэспубліцы атрымаў званне «Заслужаны трэнер БССР». Ракітніцкі быў вялікім папулярызатарам шашачнай гульні: больш за 30 гадоў вёў перадачу «Белыя і чорныя» на беларускім тэлебачанні, напісаў восем кніг, рэдагаваў аддзелы шашак у газетах і часопісах, праводзіў творчыя сустрэчы і сеансы адначасовай гульні па ўсёй Беларусі. Цікавыя ўспаміны пра Аркадзя Венядзіктавіча можна знайсці па спасылцы.
Да 100-годдзя з часу заснавання шахматна-шашачнай секцыі Беларусі: пачатак.
Да 100-годдзя з часу заснавання шахматна-шашачнай секцыі Беларусі: Леў Леў.