Да 115-годдзя з дня нараджэння Дзяніса Гардзевіча

Да 115-годдзя з дня нараджэння Дзяніса Гардзевіча

Віталь Аніська

Дзяніс Ігнацьевіч Гардзевіч нарадзіўся 24 лістапада 1908 года ў Лідзе. Ён быў малодшым з шасці дзяцей у сям’і, якая жыла ў сваім маёнтку ў Заходняй Беларусі. Бацькі памерлі падчас Першай сусветнай вайны ад тыфу. Сёстры Вера і Надзея, якія сталі выхоўваць Дзяніса, вырашылі пераехаць у Мінск. Падрабязней пра сям’ю Гардзевічаў раней распавядала ўнучка Дзяніса Ігнацьевіча Ала Малыхіна.

Аркадзь Ракітніцкі ўспамінаў, што з 16-гадовым Гардзевічам ён пазнаёміўся на мінскай біржы працы падлеткаў. Для чакаючых у памяшканні біржы паставілі столікі, за якімі праходзілі гарачыя шашачныя баталіі. Самым здольным паказаў сябе ў іх Дзяніс Гардзевіч. Але сярод удзельнікаў гарадскіх спаборніцтваў яго прозвішча тады яшчэ не сустракаецца. Барыс Берлінкоў пісаў, што да ўдзелу ў чэмпіянаце Мінска Гардзевіча запрасілі пасля яго перамогі над майстрам Іллёй Гардонам у сеансе адначасовай гульні. Верагодна, адбылося гэта ў канцы 1920-х ці пачатку 1930-х гадоў. Гардзевіч адразу заняў прызавое месца, а неўзабаве стаў адным з мацнейшых шашыстаў Беларусі. Працаваў ён тады кавалём на заводзе «Энергія», які ў 1931 годзе быў перайменаваны ў завод імя Варашылава.

1930 год

У першынстве рэспублікі 1932 года, якое праходзіла па двухэтапнай сістэме, Гардзевіч спачатку заняў трэцяе месца ў сваёй паўфінальнай групе. Гэта дазволіла выйсці ў фінал, дзе ён падзяліў 5-8 месцы.

Гэтым жа годам датуецца першая вядомая партыя Гардзевіча. Правёў ён яе на акружэнне, і ў далейшым такая гульня стала фірмовым стылем мінчаніна. Партыя Гардзевіч – Малецкі.

1. сb4 fе5 2. еf4 bс5 3. bс3 еf6 4. bа5 fg5 5. сb4 gеЗ 6. ff6 gе5 7. gh4 hg7 8. ab2 fe7 9. ef2 ed4 10. dе3 ef6 11. hg3 fe5 12. ef4 gf6 13. cd2 cb6? (трэба было гуляць 13. … ab6) 14. ас7 db6

Тут белыя прымянілі нечаканую ахвяру шашкі: 15. hg5! fh4 16. bа5 bс7 17. dе3 x

У наступным годзе Гардзевіч заваяваў свой першы медаль чэмпіянатаў Беларусі. Яны ў сярэдзіне 1930-х гадоў заканчваліся амаль аднолькава: перамагаў адзіны на той час беларускі майстар Ілля Гардон, а ў тройку прызёраў за рэдкім выключэннем траплялі Барыс Берлінкоў і Дзяніс Гардзевіч. Так адбывалася ў 1933, 1934, 1936 і 1937 гадах. У гэтых чэмпіянатах Гардзевіч па два разы станавіўся другім і трэцім.

Верагодна, першынство Беларусі 1933 года

Тры лідары беларускіх шашак сталі асновай зборнай прафсаюзаў БССР, якая ў 1934 і 1935 гадах удала правяла таварыскія матчы ў Варонежы, Маскве, Смаленску і Кіеве. Дзяніс Гардзевіч, які ўжо быў першакатэгорнікам, каманду не падвёў: згуляў унічыю з майстрамі Гіляравым (Масква) і Натавым (Кіеў). Падрабязней пра гэтыя матчы можна прачытаць тут.

Такое становішча ў чэмпіянатах Беларусі стала мяняцца толькі ў 1938 годзе, калі вырасла шмат таленавітай моладзі. Гардзевіч канкурэнцыю ім скласці не змог, і ў апошніх даваенных пяршынствах рэспублікі займаў месцы ў ніжняй палове табліцы.

Гуляў у 1930-я гады Гардзевіч і ў спаборніцтвах саюзнага ўзроўню. У 1931 годзе ён прыняў удзел у другім малым чэмпіянаце СССР. Выступіў, праўда, не вельмі ўдала, заняўшы ў сваёй групе толькі дзясятае месца. У 1935 годзе Гардзевіч выйграў Усесаюзны турнір ЦК саюза інструментальна-станкабудаўнічай прамысловасці, які праходзіў у канцы лістапада ў г.Ягор’еўск (Маскоўская вобласць).

Адна з партый турніру ў Ягор'еўску

Гэта дазволіла яму праз некалькі тыдняў згуляць у паўфінале Усесаюзнага першынства прафсаюзаў. Удзельнікі былі падзелены на шэсць груп, Гардзевіч гуляў у ленінградскай. У фінал ён не выйшаў, але запісаў у свой актыў нічыю з маскоўскім майстрам Леанідам Патапавым, бронзавым прызёрам чэмпіянату СССР 1934 года. Вось гэта партыя, у якой мінчанін гуляў чорнымі.

1. cd4 fg5 2. dc5 bd4 3. ec5 db4 4. ac5 gh4 5. gf4 gf6 6. bc3 fg5 7. de3 hg7 8. ab2 cb6 9. ed2 bd4 10. ce5 dc7 11. dc3 ab6 12. hg3 ed6 13. cd4 ba5 14. bc3 cb6 15. ec7 bd8 16. dc5 gf6 17. cd4 de7

18. fe5 bc7! 19. eg7 ef6 20. ge5 gf4 21. eg5 hb4 22. gf4 cd6 23. fe3 ba3 24. gf2 fg7 25. fg3 hf2 26. eg1 gf6 27. gf2 dc5 28. db6 ac7 29. fe3 cb6 30. ed4 ba5 31. fe5 fg5 32. ed6 gf4 33. de5 fe3 34. ef6 ef2 35. fg7 ab2! 36. ca3 ab4 37. ac5 fg1 і пагадзіліся на нічыю.

Яшчэ раз у паўфінале першынства прафсаюзаў СССР Гардзевіч згуляў праз два гады. Ён быў блізкі да пападання ў фінал, падзяліў выходзячае трэцяе месца ў сваёй групе, але па каэфіцыенце далей прайшоў Ілля Гардон.

У 1936, 1937 і 1938 гадах Гардзевіч удзельнічаў ва Усесаюзных турнірах першакатэгорнікаў. І хаця нярэдка рабіў нічыі з моцнымі сапернікамі, вынікі наўрад ці маглі яго задаволіць. У сваіх групах ён займаў 8, 10 і 10 месцы адпаведна.

Увесь гэты час Дзяніс Гардзевіч працягваў працаваць на заводзе імя Варашылава, быў перадавіком вытворчасці, стаханаўцам. Добра развіты фізічна, у 1940 годзе ён – лепшы лыжнік завода і значкіст ГПА.

Вялікую Айчынную вайну Гардзевіч прайшоў ад першага да апошняга дня, быў узнагароджаны некалькімі медалямі. Расказваць пра яе не любіў. У жніўні-верасні 1945 года Дзяніс Ігнацьевіч паўдзельнічаў у савецка-японскай вайне.

Пасля вяртання ў Мінск Гардзевіч актыўна ўключыўся ў шашачнае жыццё рэспублікі. Яго абралі старшынёй кваліфікацыйнай камісіі беларускай шахматна-шашачнай секцыі.

Першынство Беларусі 1947 года. Скрыншот кіначасопіса "Советская Беларусь"

У 1951 годзе, калі секцыя падзялілася на дзве асобныя, Гардзевіч стаў першым у гісторыі старшынёй шашачнай секцыі Беларусі. У 1955 годзе на гэтай пасадзе яго змяніў Барыс Берлінкоў, Гардзевіч стаў яго намеснікам.

Што тычыцца спартыўных вынікаў, то ў красавіку 1946 года Гардзевіч перамог у рэспубліканскім турніры першакатэгорнікаў. У першых двух пасляваенных чэмпіянатах Беларусі – у 1947 і 1948 гадах – Гардзевіч як быццам вярнуўся ў 30-я гады: бронза і серабро, побач на п’едэстале Барыс Берлінкоў (у 1947-м). Толькі на верхняй яго прыступцы не Ілля Гардон, які загінуў на фронце, а гамяльчанін Мацвей Рабіновіч. Разам з апошнім у 1948 годзе яны сталі першымі беларускімі кандыдатамі ў майстры спорту.

Перамагчы ў першынстве рэспублікі Гардзевічу ўдалося толькі ў 1949 годзе. Прычым зрабіў гэта ён упэўнена, апярэдзіўшы бліжэйшых праследавальнікаў на паўтара ачка.

НАРБ, ф. 934, воп. 1, спр. 295, арк. 327

Пацвердзіў свой поспех Гардзевіч і ў наступным годзе. У 1951-м ён быў блізкі да трэцяй перамогі запар. Дзяніс Ігнацьевіч падзяліў першае месца з Віліем Астрынскім, быў прызначаны матч за званне чэмпіёна БССР. Яго Гардзевіч прайграў з лікам 2 ½ – 3 ½. У 1956 годзе ён зноў падзяліў першае месца ў першынстве рэспублікі, на гэты раз з Сямёнам Клейнбергам. Але дадатковы матч ужо не назначалі і тытул прысудзілі абодвум. Усяго ў чэмпіянатах Беларусі на рахунку Дзяніса Гардзевіча 10 медалёў (3-4-3).

28.11.1950, Кубак БССР, сустрэча Мінск – Віцебск (з фондаў БДАКФФД)

У фіналах чэмпіянатаў СССР Гардзевіч удзельнічаў два разы. Дэбютаваў ужо ў сталым узросце ў 1957 годзе і згуляў даволі ўпэўненна – 8 ачкоў з 17, дзялёж 12-13 месцаў. Прымаў удзел Гардзевіч і ў наступным саюзным чэмпіянаце, які праходзіў у лютым 1959 года ў Мінску. І хоць зноў фінішаваў у ніжняй палове табліцы, здолеў перамагчы аднаго з мацнейшых майстроў, сярэбранага прызёра першынства Савецкага Саюза 1955 года Пятра Святога. Гардзевіч гуляў белымі.

1. cb4 fg5 2. bc3 gf6 3. ba5 fe5 4. cb4 ef4 5. ge5 df4 6. bc5 bd4 7. ec5 hg7 8. ab4 gh4 9. ab2 hg5 10. ba3 gh6 11. fe3 ef6 12. ef2 fe5 13. hg3 fh2 14. cb6 ac5 15. bf4 fe7 16. dc3 ef6 17. cd4 fe5 18. df6 ge7 19. ed4 cb6?

20. ac7 db6 21. ab4 ed6 22. cb2 ba7 23. ba3 bc5 24. db6 ac5 25. ba5 cd4 26. ab4 dc5 27. bd6 dc3 28. de7 cb2 29. ed8 bc1 30. fe5 ca3 31. ab6 ab2 32. df6 ba3 33. ba7 hg5 34. fh8 і праз некалькі хадоў белыя выйгралі.

Званне «Майстар спорту СССР» Дзянісу Гардзевічу было прысвоена 6 лістапада 1958 года па выніках выступлення ў паўфінале саюзнага першынства ў г.Фрунзэ (цяпер Бішкек).

НАРБ, ф. 934, воп. 2, спр. 45, арк. 164

Атрымаўся выдатны падарунак да 50-годдзя. А рэспубліканскі спорткамітэт, «улічваючы вялікую грамадскую работу, высокія спартыўныя вынікі і каштоўныя тэарэтычныя распрацоўкі па рускіх шашках», узнагародзіў юбіляра ганаровай граматай.

Дзяніс Гардзевіч быў вялікім майстрам гульні на акружэнне. Ён распрацаваў свае дэбютныя схемы, ад якіх не любіў адхіляцца. Часам гэта прыводзіла да кур’ёзаў. Вось якую гісторыю прыводзіць Аркадзь Ракітніцкі ў кнізе «Дарагія аматары шашак».

На пачатку 60-х гадоў у адным з чэмпіянатаў БССР адзін са старэйшых майстроў Барыс Красніцкі гуляў з Гардзевічам амаль з маланкавай хуткасцю. Нарэшце суддзя заўважыў, што запіс вядзе толькі Гардзевіч, і на пытанне да Красніцкага «Чаму вы не запісвалі партыю?» (а ў гэты момант яна закончылася) магілеўчанін выцягнуў з-пад дошкі бланк з загадзя запісанымі хадамі за белых і чорных. Праверка пацвердзіла, што запіс сыходзіцца ход у ход.
Барыс Берлінкоў – Дзяніс Гардзевіч, 1950-я гады

Але такі кансерватызм не перашкаджаў Гардзевічу перамагаць, у тым ліку і вельмі моцных сапернікаў. Вось як ён, будучы ўжо на сёмым дзясятку, выйграў у 1971 годзе ў мінчаніна Аркадзя Плакхіна (ён гуляў чорнымі), на той момант 2-разовага чэмпіёна СССР.

1. cb4 fe5 2. ba5 ef4 3. ge5 df4 4. eg5 hf4 (разыграны «Зваротны тычок» – любімы дэбют Гардзевіча) 5. bc3 gf6 6. ab2 hg7 7. cb4 fg5 8. fg3 ed6 9. ge5 df4 10. dc3 bc5 11. bd6 ce5 12. ab4 bc7 13. ba3 fe7 14. ef2 gh6 15. cd4 ec3 16. bd2 ed6 17. dc3 de5 18. cb4 ed4 19. fg3 fe3 20. gh4 gf4 21. hg5 cb6 22. ac7 db6 23. ba5! bc5. Белыя правялі элегантны ўдар.

24. ab4! ca3 25. gf2! eg1 26. gc5 gb6 27. ac7x

Шмат зрабіў Дзяніс Ігнацьевіч для папулярызацыі шашак у Беларусі: выступаў з лекцыямі, даваў сеансы адначасовай гульні, доўга вёў шашачныя аддзелы ў газетах «Знамя юнацтва» і «Мінская праўда».

Таксама ён быў трэнерам Валянціны Коўзан – чэмпіёнкі рэспублікі, першай жанчыны ў Беларусі, якая стала майстрам спорту па шашках.

Пайшоў з жыцця Дзяніс Гардзевіч 24 снежня 1986 года ва ўзросце 78 гадоў.

Фатаграфіі прадастаўлены Алай Малыхінай, Святланай Берлінковай і Музеем гісторыі горада Мінска.

Report Page