«Гастролі» беларускіх шашачнікаў у Ленінградзе

«Гастролі» беларускіх шашачнікаў у Ленінградзе

Віталь Аніська

Два гады таму я пісаў пра выязныя матчы шахматна-шашачнай зборнай БССР у сярэдзіне 1930-х гадоў. Сёння распавяду пра, імаверна, першыя таварыскія сустрэчы беларускіх шашыстаў па-за межамі рэспублікі – у маі 1929 года зборная прафсаюзаў Мінска і акругі адправілася ў Ленінград.

Там планавалася правесці шэраг матчаў з камандамі асобных прафсаюзаў: саўгандальслужачых, будаўнікоў, металістаў і харчавікоў. Разглядалася магчымасць згуляць і з прафсаюзнай зборнай горада.

Добрай трэніроўкай для нашых шашыстаў сталі гульні 1-2 мая ў Мінску, куды прыехала каманда Барысава ў складзе пяці чалавек. Яна згуляла паспяхова: выйграла ў гарбароў (8–1) і металістаў (6–4), згуляла ўнічыю з будаўнікамі (5–5), за якіх на першай дошцы выступаў майстар Ілья Гардон, і прайграла толькі саўгандальслужачым (4–6). Таму нядзіўна, што двое лідараў барысаўчан – Левін і Школьнік – увайшлі ў зборную на выезд у Ленінград.

Поўны склад нашай прафсаюзнай каманды выглядаў так: мінчане І. Гардон і Багамольнікаў (ад будаўнікоў), Вакштэйн і В. Касперскі (ад саўгандальслужачых), Элья і Бененсон (ад металістаў), Ліхадзіеўскі (ад гарбароў), Юршчык (ад друкароў) і Берман (ад транспартнікаў), барысаўчане Левін (ад дрэваапрацоўшчыкаў) і Школьнік (ад камунальнікаў).

Склад быў амаль аптымальным, шэсць чалавек трапілі ў дзясятку чэмпіянату Беларусі 1928 года: І. Гардон падзяліў 2-3-е месцы, Элья стаў 4-м, Вакштэйн – 5-м, Школьнік – 6-м, Юршчык – 7-м, Левін падзяліў 10-11-е месцы.

Гулялі ў гэтым першынстве і В. Касперскі з Берманам, але занялі месцы ўнізе табліцы. Магчыма, яны па нейкіх прычынах выбылі з турніру, бо іх вынікі не адпавядалі моцы гульні: Берман быў трэцім у першынстве Мінска 1928 года, Вадзім Касперскі – прызёр першых чэмпіянатаў Мінска і Беларусі.

Добра гуляў і Ліхадзіеўскі, які па выніках камандных прафсаюзных спаборніцтваў Мінска 1928 года атрымаў першую катэгорыю. Багамольнікаў пачаў займацца шашкамі не вельмі даўно, аднак рабіў гэта пад кіраўніцтвам майстра Гардона, які працаваў інструктарам у клубе будаўнікоў, і імкліва прагрэсаваў. Менш вядомы быў толькі Бененсон.

Такім чынам, падабралася роўная зборная з дастаткова высокім сярэднім узроўнем гульні. На «гастролі», як назвала гэтую паездку газета «Рабочий», каманда выехала з Мінска 9 мая.

Першы матч адбыўся праз два дні. Сапернікам была зборная саюза металістаў, за якую выступалі майстры Самуіл Гардон і Леў Рам.

Браты Гардоны і Леў Рам сярод удзельнікаў трэцяга чэмпіянату СССР, 1927 год

Пра іх трэба распавесці асобна. Самуіл быў малодшым братам Ільі Гардона. У 16 гадоў ён падзяліў чацвёртае месца ў першым чэмпіянаце Беларусі. Пасля пераехаў у Ленінград, у 1927 годзе перамог у першынстве горада. Рам шашкамі пачаў займацца ў Віцебску, адкуль пераехаў у Ленінград у 1925 годзе.

Майстарскае званне Гардон-малодшы і Рам атрымалі па выніках чэмпіянату СССР 1927 года, стаўшы першымі шашачнымі майстрамі Ленінграда.

Цікава, што яны, як і большасць ігракоў беларускай каманды, гулялі ў чэмпіянаце Беларусі 1928 года, куды былі запрошаны персанальна. Самуіл Гардон стаў пераможцам першынства, Рам падзяліў 2-3-е месцы з Ільёй Гардонам.

Аднак вернемся да матчу 11 мая. Ён завяршыўся нечакана: наша зборная ўпэўнена перамагла з лікам 7–4, нягледзячы на тое, што, акрамя двух майстроў, за металістаў гуляла яшчэ некалькі ігракоў першай катэгорыі.

Захавалася партыя гэтага матчу паміж братамі Гардонамі з каментарыямі майстра Леаніда Патапава.

Ілья Гардон – Самуіл Гардон

1. сd4 hg5 2. gh4 ba5 3. fg3 (мацней dc5) ab4 (арыгінальны ход, які цалкам змяняе характар дэбюта) 4. a:c5 d:b4 5. ba3 cd6 6. a:c5 d:b4 7. gf4 gh6 8. dc3 b:d2 9. e:c3 ed6 10. ab2 ab6? (незразумела, чаму чорныя не хочуць развязаць свой левы фланг ходам fe5) 11. ba3 dc7 12. ab4! ba5 13. dc5!

13. … fg7 14. c:e7 f:d8 15. h:f6 g:g3 16. h:f4 cd6 17. ed4 hg7 18. dc5! de7 19. cd2 gf6 20. de3 fg5 21. ed4 g:e3 22. d:f2 hg5 23. fe3? (значна мацней fg3) de5! 24. cd4 a:c3 25. d:d8 cb2 26. d:h4 bc1! Нічыя. С. Гардон па-майстэрску скончыў партыю.

На наступны дзень мінчане гулялі з будаўнікамі. І, хаця гэтая каманда была слабейшай за металістаў, наша зборная прайграла 5–6. Відаць, сказалася недаацэнка саперніка. Вось як праходзіла партыя на другой дошцы.

Лявонцій Рубінштэйн – Мордух Элья

1. cd4 de5 2. bc3 ed6 3. gh4 fe7 4. ab2 dc5 5. fg3 cd6 6. gf4 e:g3 7. h:f2 de5 8. fg3 ef4 9. g:e5 ba5 10. d:b6 f:f2 11. g:e3 a:c7 12. ef4 gf6 13. cd4 ab6 14. ab4 ed6 15. bc5 d:b4 16. de5 f:d4 17. bc3 d:b2 18. c:a7 

18. ... cd6 19. hg3 hg7 20. gh4 gf6 21. de3 fe5 22. ed2 e:g3 23. h:f2 hg5 24. fg3 gh4 25. gf4 dc5 26. fe5 hg3 27. ef6 gh2 28. fg7 cb4 29. ed4 ba3 30. dc3 dc7 31. gf8 cb6 32. a:c5 bc7 33. cd6 c:e5 34. d:f6 hg1 35. fh6? (трэба было 35. fd6! з выйгрышам) gf2! =

13 мая адбылася вырашальная сустрэча. Ленінградцы змянілі першапачатковыя планы і замест адной з каманд асобнага прафсаюза выставілі зборную горада, куды ўвайшлі ўсе мацнейшыя мясцовыя шашысты. Матч скончыўся поўным разгромам мінчан гаспадарамі з лікам 9–2. Яны выйгралі на першых пяці дошках, у тым ліку на першай Самуіл Гардон перамог старэйшага брата. А вось як закончылася партыя на другой дошцы, у якой Рам быў мацней за Элью.

1. dc5 de5 2. gh8 fe1? 3. h:d4 eg3 4. df2! g:e1 5. cb6 a:c7 6. ba5 x

У нашай камандзе партыю выйграў толькі Вадзім Касперскі – у Буркоўскага. Дарэчы, за зборную Ленінграда гулялі яшчэ два былых віцебчаніна: Г. Ханін і І. Струціеўскі. У сваіх партыях яны перамаглі.

Агульны лік па суме трох сустрэч склаў 19-14 на карысць гаспадароў. Лепшых індывідуальных вынікаў у нас дасягнулі Юршчык і Школьнік, набраўшыя па два ачкі з трох.

Беларуская прэса, якая падрабязна асвятляла гэтыя матчы, прызнала гульню нашай каманды ўдалай. Адзначалася, што зборная складалася ў асноўным з маладых ігракоў, многія з якіх упершыню ўдзельнічалі ў такіх сур’ёзных спаборніцтвах і даволі паспяхова згулялі з вопытнымі і высокакваліфікаванымі ленінградскімі шашыстамі.

А адносная няўдача мінчан тлумачылася тым, што замест адпачынку і падрыхтоўкі да партый, яны пачалі аглядаць славутасці Ленінграда і садзіліся вечарам за партыі стомленымі, што адбівалася на якасці гульні.


Report Page