Сёма Борак – вышэй за Купермана

Сёма Борак – вышэй за Купермана

Віталь Аніська

У пачатку студзеня 1938 года ў Ленінградзе праходзіла асабіста-каманднае першынство Савецкага Саюза па шахматах і шашках сярод школьнікаў, якое сабрала 18 каманд гарадоў. Кожная складалася з трох шахматыстаў (двух юнакоў і дзяўчыны) і шашыста. Пераможцы ў камандным заліку вызначаліся па суме месцаў. Шашысты былі падзелены на тры групы, па некалькі лепшых ігракоў з якіх выходзілі ў фінал, дзе разыгрывалі першынство. Фаварытамі лічыліся першакатэгорнікі Уладзімір Магілевіч (Харкаў) і Анатоль Купцоў (Масква). Але першае месца нечакана для ўсіх заняў мінчанін Сёма Борак, які набраў пароўну ачкоў з будучым шматразовым чэмпіёнам свету Ісерам Куперманам з Кіева, але абыйшоў яго за кошт лепшага выніку ў фінале.

"64. Шахматна-шашачная газета" 1938 год № 3

Дарэчы, і папярэдняе саюзнае першынство сярод школьнікаў выйграў прадстаўнік Беларусі – бабруйчанін Веніямін Гарадзецкі.

Калі Сёма пачаў займацца шашкамі, невядома. У канцы 1936 года яго прозвішча сустракаеца сярод удзельнікаў двух турніраў па перапісцы, якія праводзіла газета “64”. У наступным годзе Борак стаў чэмпіёнам Мінска сярод школьнікаў, але ў першынстве Беларусі заняў толькі шостае месца. Тым дзіўней быў яго поспех праз паўгода ў Ленінградзе.

У верасні 1938 года 17-гадовы Борак, які ўжо паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, выдатна праявіў сябе і ў дарослых спаборніцтвах. У чэмпіянаце рэспублікі прымалі ўдзел усе мацнейшыя беларускія шашысты і майстар Пятроў з Масквы, які гуляў па-за конкурсам. Борак, які быў самым маладым удзельнікам, упэўнена пачаў турнір і лідзіраваў пасля пяці тураў з 3,5 ачкамі. Вось як ён чорнымі перамог прызёра чатырох папярэдніх чэмпіянатаў Беларусі Дзяніса Гардзевіча (каментары І.Гардона).

1. cb4 fg5 2. ed4 gh4 3. bc5 db4 4. ac5 ba5 5. gf4 gf6 6. fg5 hf4 7. fg3 hf2 8. eg7 hf6 9. hg3 fe5 10. df6 eg5 11. gf2 gh4 (смела сыграна, чорныя азначылі контратаку на слаба абароненым правым фланзе саперніка) 12. gf4 cd6 13. ce7 df6 14. de3? (сур’ёзная, хоць і незаўважная памылка. Трэба было гуляць 16. dc3, захоўваючы магчымасць моцных разменаў) 14. … bc7 15. ed4 cd6 16. bc3?

16. … ab6 17. ab2 dc5 18. de5 fd4 19. ce5 ab4! 20. fe3 fg7 21. cd2 ba3 22. bc3 ba5 23. ed6 ce7 24. ed4 ed6 25. de3 dc5 (чорныя неабачлівым ходам даюць магчымасць саперніку выратавацца, да перамогі вяло 25. … gf6 26. fg5 de5 27. ge7 ef4 28. eg3 hd8 29. dc5 de7 30. cd4 ab4 31. cb6 ab2 32. ba7 ba1x) 26. db6 ac7 27. ed4 (пасля 27. fe5! белыя маглі дасягнуць нічыёй) 27. … cd6 28. de5 dc5 29. cb4 cd4 з выйгрышам.

Другім ішоў майстар Ілля Гардон, у гуртку якога Борак і займаўся шашкамі. Але на фінішы турніру лідарства захапіў ужо Гардон. У апошнім туры здарылася кульмінацыя чэмпіянату: сустрэліся настаўнік і вучань, які адставаў на адно ачко. Партыя завяршылася ўнічыю. Такім чынам, Ілля Гардон выйграў свой дзясяты запар тытул. Борак стаў другім і атрымаў першы бал кандыдата ў майстры. Гэтае званне было ўведзена толькі ў пачатку года, для яго прысваення трэба было набраць тры балы.

"64. Шахматна-шашачная газета" 1938 год № 53

Пасля турніру Гардон пісаў, што для маладога першакатэгорніка характэрна своеасаблівая, нават некалькі нядбайная гульня ў дэбюце, затое глыбокі разлік у мітэльшпілі, смеласць і вытрымка.

Газета "64" вынікі чэмпіянату праілюстравала карыкатурай Юрыя Юзэпчука, на якой юны Борак падвяргае іспыту сваіх дарослых сапернікаў проста са школьнай лаўкі.

"64. Шахматна-шашачная газета" 1938 год № 52

Вясной 1939 года на пленуме беларускай шахматна-шашачнай секцыі Сёма Борак быў абраны старшынёй шашачнай кваліфікацыйнай камісіі. На заняткі шашкамі заставалася менш часу з-за вучобы і грамадскай працы. І спартыўныя вынікі сталі пагаршацца.

У ліпені Борак прыняў удзел ва Усесаюзным турніры першакатэгорнікаў у Растове-на-Доне. У сваёй групе ён пасля шасці тураў ішоў другім, але ў выніку заняў толькі пятае месца.

На Усесаюзным турніры першакатэгорнікаў. "64. Шахматна-шашачная газета" 1939 год № 43

Праз два месяцы пачалося першынство Мінска. Вынікі знайсці пакуль не ўдалося, але ў сярэдзіне турніру ў групу лідараў Борак не ўваходзіў. Захавалася партыя гэтага першынства Борак – В.Гарадзецкі з каментарамі апошняга.

1. cd4 fg5 2. bc3 ef6 3. gh4 fe7 4. hg3 (слабы ход, ініцыятыва пераходзіць да чорных) 4. … gf4 5. ge5 df4 6. eg5 hf6 7. ab4 ba5 8. gh2 cd6 9. fg3 bc7 10. ge5 df4 11. ab2 gh6 12. ba3 (прайгравала 12. de3 fd2 13. ce3 з-за 13. … fe5! 14. df6 eg5 15. hf6 de7x) 12. … cb6 13. de3 fd2 14. ce3 ed6 15. ed2 bc5 16. db6 ac5

17. ef4! (слаба правёўшы дэбютную частку партыі, белыя знаходзяць цяжкую нічыю) 17. … cd4 18. cg7! (прайгравала 18. cc7 ae1 19. hg5 fh4! 20. cb8 hg3! і г.д.) 18. … ae1 19. gf8 de5 20. fd6 ed2 21. de7 df6 22. fd6 de1 і праз некалькі хадоў сапернікі пагадзіліся на нічыю.

А чэмпіянат Беларусі, які адбыўся ў канцы 1939 года, увогуле аказаўся для Борака правальным. Ён не выйграў ні адной партыі, тройчы прайграў і заняў перадапошняе месца.

Апошняя знойдзеная на сёння згадка пра яго на старонках прэсы датуецца снежнем 1940 года. Сёма Борак з Іллёй Гардонам былі прыцягнуты Рэспубліканскім спорткамітэтам да разгортвання шашачнай працы ў рамесных вучылішчах і школах ФЗН. У першынстве рэспублікі 1941 года Борак не гуляў. 

У 1960 годзе І.Качэраў у часопісе "Шашкі" напісаў, што Борак загінуў на фронце Вялікай Айчыннай вайны.

Абноўлена 30.09.2023: новыя звесткі пра Борака – па спасылцы.

Report Page