Выязныя матчы беларускай зборнай у 1934 і 1935 гадах

Выязныя матчы беларускай зборнай у 1934 і 1935 гадах

Віталь Аніська

У сярэдзіне 1930-х гадоў беларуская шахматна-шашачная зборная двойчы выязджала на таварыскія сустрэчы за межы рэспублікі.

Першая паездка адбылася па маршруце Мінск – Варонеж – Масква – Смаленск – Мінск з 4 па 13 чэрвеня 1934 года.

У склад зборнай прафсаюзаў Мінска (называлі яе і зборнай БССР) уваходзілі 6 шахматыстаў і 4 шашысты. Шашачная частка каманды была прадстаўлена мацнейшымі беларускімі ігракамі – Іллёй Гардонам, Барысам Берлінковым, Дзянісам Гардзевічам і А.Берманам. Гардон быў адзіным на той час беларускім майстрам спорту, нязменным пераможцам чэмпіянатаў рэспублікі, пачынаючы з першага ў 1925 годзе. 22-гадовы Барыс Берлінкоў у канцы 1933 года падзяліў з Гардонам першае месца ў першынстве Беларусі. Гардзевіч у тым турніры стаў трэцім, Берман – пятым. Перад гэтым ён перамог у чэмпіянаце Мінска.

Асвятляла выезд нашай каманды беларуская прэса. А падрабязныя вынікі мы маем, дзякуючы захаваўшамуся сшытку шахматыста Леаніда Жыткевіча, члена той каманды, да таго ж меўшага добры почырк.

Першы матч быў згуляны 6-7 чэрвеня ў гарадскім садзе Варонежа пры значным наплыве гледачоў.

Сшытак Л.Жыткевіча

Як бачым, для беларускіх шашыстаў матч склаўся даволі лёгка. Толькі Берман прайграў у другі дзень, астатнія згулялі больш удала. Гэта дазволіла зборнай Мінска атрымаць агульную перамогу з лікам 11-9.

Каманда пераехала ў Маскву, дзе 9 чэрвеня ў парку імя Горкага адбыўся цвік гэтага турнэ – сустрэча з мясцовай зборнай прафсаюзаў, якая выставіла вельмі моцных ігракоў. У шашках гэта былі толькі майстры спорту – Ігар Цімкоўскі, які праз паўгода стане чэмпіёнам СССР, уладальнік гэтага тытула 1930 года Дзмітрый Шэбедзеў, Уладзімір Гіляраў і ураджэнец Гомеля Барыс Міроцін. Не менш сур’ёзная каманда была і ў маскоўскіх шахматыстаў. Анонс сустрэчы дало нават Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Канешне, на паперы мінчане былі яўна слабей. Але здолелі даць бой фаварытам.

Сшытак Л.Жыткевіча

Шахматысты ў барацьбе прайгралі з мінімальным лікам, а шашысты ўвогуле згулялі на роўных. Пачалося ўсё з нічыёй Гардзевіча з Гіляравым, потым Берман прайграў Міроціну. І тут Берлінкоў нечакана перамог моцнага Шэбедзева.

Вось гэтая партыя (прыводзіцца па кнізе А.Ракітніцкага “Дарагія аматары шашак” з заўвагамі Барыса Берлінкова, які гуляў белымі).

1.cb4 ba5 2.bc5 db4 3.ac5 fg5 4.bc3 gh4 5.gf4 gf6 6.fg5 hf4 7.eg5 cd6 8.cb4 ac3 9.db4 fe5 10.gh6 hg7 11.ab2 dc7 12.cd2 cb6 13.de3 bd4 14.ec5 bc7 15. ba3 gf6? 16.hg3! cb6 17.ed2 bd4 18.de3 dc3 19.bd2 ab6 20.dc3 bc5 21.ef4 cb4? (прайграе, нічыя была пасля 21. … cd4 22.cb4 fg5 23.bc5 db4 24.ae3 ed6)

22.ca5 ed4 23.fg5 dc5 24.gf4 dc3 25.fe3 cb4 26.ac5 cb2 27.ed4 bc1 28.ab6 hg3 (не выратоўвае чорных камбінацыя 28. … fg7 29.hd6 cd2 або 29. … cb2 з-за вялікай матэрыяльнай перавагі белых) 29.fh2 fh4 30.de5 ca3 31.ed6 ef6 32.ba7 і праз некалькі хадоў чорныя здаліся.

Нічыя ў партыі Цімкоўскі – Гардон прывяла да ліку 2-2 у шашачнай частцы матчу – бліскучы вынік для нашай каманды! “Вечерняя Москва” пісала, што госці аказаліся больш моцнымі сапернікамі, чым чакалі масквічы.

11-12 чэрвеня ў Смаленску прайшла завяршальная сустрэча паездкі са зборнай камандай Заходняй вобласці.

Сшытак Л.Жыткевіча

Гаспадары не знайшлі шашыста на апошнюю дошку, таму Берман адпачываў. Першае паражэнне ў паездцы пацярпеў Гардзевіч. Каманду выцягнулі Берлінкоў і Гардон, якія разграмілі неслабых Неймарка і Азімава (магчыма, сваяк вядомага пісьменніка-фантаста Айзека Азімава, які нарадзіўся на Смаленшчыне). Прычынай правалу мінскіх шахматыстаў у першы дзень Жыткевіч называе бяссонную ноч у бесплацкартным вагоне.

Лепшых вынікаў у серыі матчаў дасягнулі Берлінкоў – 4,5 ачкі з 5 і Гардон – 4 з 5. Гардзевіч набраў 3 ачкі з 5, Берман – 0,5 з 3.

Наступная выязная сустрэча адбылася з 16 па 20 мая 1935 года ў Кіеве з камандай Украіны. Зборная прафсаюзаў БССР складалася ўжо з 10 шахматыстаў і 5 шашыстаў.

"Звязда" 1935 год № 111

Да чацвёркі шашыстаў, якія ўдзельнічалі ў мінулагодняй паездцы, далучыўся Аляксандр Ліхадзіеўскі, які ў чэмпіянаце Беларусі 1934 года заняў толькі 10-е месца. Гардон, Гардзевіч і Берлінкоў зноў склалі тройку прызёраў, Берман стаў шостым. То бок, казаць пра аптымальны склад нашай каманды не даводзілася. А супрацьстаяла мінчанам вельмі моцная каманда – экс-чэмпіёны СССР Бакуменка, Б.Бліндэр і Натаў, а таксама Смоляк і Раманаў. Усе яны былі майстрамі спорту, толькі на трэцяй дошцы Натава на адну партыю падмяніў першакатэгорнік Шмульян.

Сшытак Л.Жыткевіча

Нягледзячы на гэта, барацьба была напружанай, упэўнена гулялі на першых трох дошках лідары нашай зборнай, не прайграўшыя ні адной партыі. Парвалася там, дзе тонка – па адной гульні прайгралі заведама слабейшыя Берман і Ліхадзіеўскі. Хаця і тое, што яны зрабілі па нічыёй з майстрамі, было добрым вынікам. Такім чынам, па шашках украінцы атрымалі дзве перамогі з аднолькавым лікам 3-2. Шахматысты барацьбы навязаць не здолелі і двойчы прайгралі 3-7.

Шмат ўвагі надавала сустрэчы мясцовая прэса. Адзін з артыкулаў.

Са сшытку Л.Жыткевіча

Добрай была арганізацыя матчу, якой займаўся савет прафсаюзаў Украіны. Гасцей размясцілі ў гасцініцы “Інтэрнацыянал” на цэнтральнай вуліцы. Гульні праходзілі ў Доме настаўніка, было шмат гледачоў. У дзень прыезду гаспадары адвязлі мінчан у цырк на барацьбу і іншыя нумары. У апошні дзень матчу быў арганізаваны банкет. Дадому госці дабіраліся на параходзе Кіеў – Гомель.

Несумненна, гэтыя выязныя матчы прынеслі нашай камандзе шмат карысці, далі штуршок для росту Берлінкову і Гардзевічу, якія ў далейшым паступова паляпшалі сваю гульню. Але майстрамі яны сталі ўжо пасля вайны. Нельга не згадаць і маэстра Іллю Гардона, які быў яўным лідарам зборнай і кімсьці накшталт гуляючага трэнера, што дзяліўся сваімі ведамі і вопытам з іншымі членамі каманды.

"64. Шахматно-шашечная газета" 1935 год № 10


Report Page