Да 100-годдзя з часу заснавання шахматна-шашачнай секцыі Беларусі: па матэрыялах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь

Да 100-годдзя з часу заснавання шахматна-шашачнай секцыі Беларусі: па матэрыялах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь

Віталь Аніська

Некалькі месяцаў таму я пісаў пра першыя гады дзейнасці шахматна-шашачнай секцыі Беларусі праз прызму публікацый на старонках прэсы. У гэтым артыкуле распавяду, што стала вядома пра развіццё шашак і шахмат з дакументаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, якія ахопліваюць перыяд з 1924-га па 1931 год.

На дадзены момант знойдзена сем копій пратаколаў пасяджэнняў секцыі за перыяд з 5 снежня 1926 года па 3 лютага 1927 года. Здзіўляе, з якой частатой яны тады праходзілі. Магчыма, гэта было звязана са зменай кіраўніцтва секцыі: замест растратчыка Лукашэвіча старшынёй зноў стаў Шукевіч-Траццякоў.

НАРБ, ф. 6, воп. 1, спр. 1278, арк. 41

Сярод пытанняў, якія разглядаліся на пасяджэннях, можна выдзеліць стварэнне кваліфікацыйнай камісіі, накіраванне інструктараў у акругі, супрацоўніцтва з прафсаюзамі, зацвярджэнне палажэння аб шахматна-шашачных гуртках і праграм заняткаў у іх (у шашках кіраваліся праграмай масквіча Кукуева), правіл арганізацыі і правядзення масавых турніраў.

Таксама секцыя займалася арганізацыяй шашачнага матча зборнай Беларусі з маскоўскай камандай саюза саўгандальслужачых у канцы снежня 1926 года ў Мінску. Склад нашай зборнай па дошках планаваўся такім:

1. Круталевіч Барыс – майстар

2. Міроцін Барыс – майстар

3. Круталевіч Аляксандр

4. Гардон Самуіл

5. Гардон Ілля – майстар

6. Прэсман Г.

7. Левін А.

8. Берман А.

9. Фельдман Я.

10. Касперскі Вадзім

Запасныя: Элья Мордух, Касперскі Антон, Вакштэйн, Дворкін.

Ілля Гардон, браты Круталевічы і Барыс Міроцін сярод удзельнікаў ІІ чэмпіянату СССР, 1925 год

На жаль, інфармацыі пра вынік гэтага матча знайсці пакуль не ўдалося, магчыма, ён увогуле не адбыўся.

Уяўляе цікавасць і пратакол агульнага сходу шахматыстаў і шашыстаў – навучэнцаў, якія займаюцца ў тэхнікумах, прафшколах, сямігодках, на курсах, што адбыўся 17 студзеня 1927 года. На ім са справаздачай аб дзейнасці школьнага бюро выступіў яго старшыня 15-гадовы Ісаак Мазель, будучы майстар па шахматах.

Шмат шахматна-шашачных пытанняў разглядалася непасрэдна на пасяджэннях прэзідыума Вышэйшага савета фізічнай культуры Беларусі, пры якім была створана і дзейнічала секцыя. У першую чаргу гэта зацвярджэнне кіраўніцтва і складу секцыі, выдзяленне сродкаў на яе працу. Таксама заслухоўваліся справаздачы аб працы секцыі. Вось даклад Шукевіча-Траццякова, зроблены 13 кастрычніка 1925 года. 6 лістапада 1926 года намеснік старшыні ВСФКБ Цэйтлін дакладваў аб «вельмі слабай» працы секцыі і прапаноўваў тагачаснаму старшыні Лукашэвічу на наступным пасяджэнні прадставіць свае думкі аб складзе секцыі і ажыўленні яе працы. А вось пастанова па дакладзе Шукевіча-Траццякова 6 верасня 1927 года. У той жа дзень ён быў уведзены ў склад прэзідыума ВСФКБ.

6 лютага 1930 года прэзідыум Вышэйшага савета фізкультуры прыняў пастанову аб шахматна-шашачнай працы і новым складзе секцыі. У наступныя тыдні было прынята шмат рашэнняў наконт шашак і шахмат: аб правядзенні Усебеларускіх спаборніцтваў рабочых шахматыстаў і шашыстаў калгасаў і саўгасаў, аб скліканні гарадскіх і раённых сходаў і пленума цэнтральнай секцыі, аб камандзіраванні намесніка старшыні секцыі Ліхадзіеўскага ў Гомельскую і Мазырскую акругі для «абгляду становішча шахматна-шашачнай працы» і іншыя. Працу актывізаваў новы кіраўнік секцыі Леў, які займаў пасаду намесніка старшыні ВСФКБ.

Леў Леў, 1931 год

Храналагічна апошняй з пакуль найдзенай стала інфармацыя ад 22 лютага 1931 года, калі прэзідыум ВСФКБ абавязкі старшыні секцыі часова ўсклаў на Траскоўскага (папярэдні старшыня Нікіцін быў накіраваны на курсы ў Маскву), а сакратаром секцыі зацвердзіў рабочага абутковай фабрыкі Ліхадзіеўскага.

Працы па развіцці шашак і шахмат у ліку іншых пытанняў надавалася ўвага і пры інспектаванні работнікамі ВСФКБ акруговых саветаў фізкультуры. Вось вытрымкі са справаздачаў.

Мазырскі АСФК, студзень-люты 1926 года

Ни Техкома, ни шахматно-шашечной секции нет. Для создания последней нет хоть какой либо сносной базы, т.к. 1 кружок и то в стадии развития имеется в межсоюзном клубе им. Томского, но руководителя кружка нет. Имевшийся удовлетв. работник по шахмат. – Файланд – из Мозыря выехал.

Бабруйскі АСФК, люты 1926 года

Шах. шаш. секция создана, но с ОСФК мало связана. Председатель, т.Коган, информировал, что на протоколы и запросы от ОСФК ответа нет.

Полацкі АСФК, люты 1927 года

Праца шахматна-шашачнай сэкцыі разгарнута ў горадзе (арганізавана 5 гурткоў, праведзен турнір, у якім удзельнічала 60 чал.), у раёнах і вёсках праца яшчэ зусім не разгарнута.

Прапанавана зьвярнуць увагу на прасоўваньне шахматна-шашачнага спорту ў раённыя цэнтры і вёскі.

Мазырскі АСФК, 1927 год

Папытка АСФК к арганізацыі шахматна-шашачнай сэкцыі была, але праца ня скончылася з поспехам, у зьвязку адсутнічаньня працаўніка. Між тым цікавасьць к шахматам і шашкам маецца. Праведзеныя турніры як шахматныя, так і шашачныя па акрузе прайшлі бяз кіраўніцтва і вучота АСФК.

Прапанавана АСФК аформіць шахматна-шашачную сэкцыю, узяў на вучот шахматна-шашачныя гурткі пры клюбах прафсаюзаў і г.д., кіруя працай апошніх.

Гомельскі АСФК, 1927 год

За апошні час прымецен большы ўздым і цікаўленнасьць да шахматна-шашачнага спорту па гораду і ўзрост гурткоў (па прыблізных данных у 20 гуртках ахоплена каля 600 чалавек, 350 клюбных і 250 вучняў). Было праведзена 4 турніры. Прыметна малая колькасць гурткоўцаў з рабоча-сялянскай моладзі. У шахсэкцыі маецца платны працаўнік.

Прапанавана аформіць працу сэкцый, асобна выдзяліць шахматна-шашачную, згодна існуючага палажэньня з боку АСФК.

«Чырвоная зьмена» 1927 год № 61

Са справаў фонда Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР другой паловы 1920-х гадоў можна даведацца, якія сумы закладваліся на правядзенне Усебеларускіх шахматна-шашачных з’ездаў і спаборніцтваў у іх праграме. Аднак трэба ўлічваць, што не заўсёды сродкі выдзяляліся.

У 1924/1925 бюджэтным годзе (з 1 кастрычніка па 30 верасня) на гэтыя мэты было закладзена 1850 рублёў, з якіх 400 рублёў выдзялялася на пакупку шахматных гадзіннікаў і інвентара, 250 – на прызы. Таксама з каштарыса можна даведацца, што секцыя тады размяшчалася ў адным з двух пакояў, выдзеленых ВСФКБ, разам з навукова-тэхнічным камітэтам, бібліятэкай і музеем.

У наступным бюджэтным годзе ў каштарыс заклалі толькі 450 рублёў на ўтрыманне ўдзельнікаў і 500 рублёў на прызы пераможцам чатырох турніраў у рамках з’езда. Пазней у сувязі з уведзеным у СССР рэжымам эканоміі праграму з’езда скарацілі і правялі толькі першынство Беларусі па шахматах.

Падрабязны і маштабны каштарыс склалі ў 1926/1927 бюджэтным годзе. У рамках Усебеларускага з’езда планавалі правесці чатыры турніры: чэмпіянаты рэспублікі і камандныя турніры гарадоў. Акрамя прыёму ўдзельнікаў, былі закладзены выдаткі на памятныя жэтоны і ганарары тром запрошаным кваліфікаваным майстрам СССР, па 150 рублёў кожнаму (месячны аклад намесніка старшыні ВСФКБ у чэрвені 1926 года складаў 117,25 рублёў). Агульная сума плануемых расходаў склала 2411,50 рублёў, аднак грошай не выдзелілі і з’езд не адбыўся.

У тлумачальнай запісцы да раздзела «З’езды і нарады» каштарыса ЦВК БССР па ВСФКБ на 1927/1928 бюджэтны год намеснік старшыні савета Леў пісаў, што выдаткі па гэтым артыкуле павялічаны ў тым ліку з-за таго, што ўжо два гады не адбывалася Усебеларускіх шахматна-шашачных турніраў. Каштарыс на іх правядзенне быў практычна такім жа, як у папярэднім годзе, толькі сума павялічылася да 2780,50 рублёў за кошт росту расходаў на пражыванне ўдзельнікаў. Але ж пазней у чарнавіку дакумента ўвесь раздзел «З’езды і нарады» быў перакрэслены алоўкам.

У наступным бюджэтным годзе ВСФКБ ізноў запланаваў сродкі на правядзенне Усебеларускага шахматна-шашачнага з’езда, гэтым разам у суме 3000 рублёў. Праўда, потым яна была зменшана да 1400 рублёў. У верасні 1928 года ВСФКБ прасіў Савет Народных Камісараў БССР аб датацыі на правядзенне з’езда ў памеры 2000 рублёў.

З’езд усё ж адбыўся – у кастрычніку 1928 года ў Мінску, і прайшоў з вялікім размахам: ва ўсіх турнірах прыняло ўдзел больш за 100 чалавек, прыехалі запрошаныя майстры. Аднак асноўныя выдаткі на правядзенне з’езда ўзяў на сябе не ВСФКБ, а ЦСПСБ – Цэнтральны савет прафсаюзаў Беларусі, які ўсіх прыезджых размясціў у гасцініцы «Эўропа».

Хапіла сродкаў і на памятныя жэтоны, якія хоць і з затрымкай, але зрабілі. 12 снежня газета «Зьвязда» пісала: «Шах.-шаш. жатоны пераможцам зьезду ўжо атрыманы з Ленінграду і ў бліжэйшыя дні будуць высланы ў акругі. Жатоны выкананы высока мастацкі, надпіс на жатонах – на беларускай мове».

Памятны жэтон удзельніка Усебеларускага шахматна-шашачнага з'езда 1928 года. Калекцыя.by


Да 100-годдзя з часу заснавання шахматна-шашачнай секцыі Беларусі: крымінальная справа Георгія Лукашэвіча.

Да 100-годдзя з часу заснавання шахматна-шашачнай секцыі Беларусі: пачатак.

Да 100-годдзя з часу заснавання шахматна-шашачнай секцыі Беларусі: Леў Леў.

Да 100-годдзя з часу заснавання шахматна-шашачнай секцыі Беларусі: галоўны цэнзар БССР, растратчык, ураджэнец Лондана, ардэнаносец, малады майстар – хто ўзначальваў секцыю.

Report Page