Да 100-годдзя з часу заснавання шахматна-шашачнай секцыі Беларусі: Леў Леў
Віталь Аніська6 лютага 1930 года трэцім у гісторыі кіраўніком шахматна-шашачнай секцыі Беларусі стаў Леў Уладзіміравіч Леў, намеснік старшыні Вышэйшага савета фізічнай культуры рэспублікі. Яго прозвішча часта сустракаецца на старонках беларускіх газет таго часу: ён выступаў з артыкуламі, распавядаў пра працу савета, анансаваў спаборніцтвы і каментаваў іх вынікі. Аднак, ужо ведаючы ініцыялы гэтага чалавека, доўга не мог знайсці пра яго ніякай інфармацыі – не думаў, што бацькі далі яму імя, аднолькавае з прозвішчам.
З біяграфічных звестак пакуль вядома толькі, што Леў нарадзіўся ў 1904 годзе ў Полацку ў сям’і гандляроў. Адукацыю меў сціплую – няскончаную сярэднюю. Але, нягледзячы на гэта, за кароткі час прайшоў шлях ад работніка Аршанскага акруговага савета фізкультуры да аднаго з кіраўнікоў фізічнай культуры і спорту СССР.
У 1925 годзе малады прадстаўнік Аршанскай акругі выступіў з дакладам на ІІ Усебеларускім з’ездзе фізкультурнікаў. Работа ў акрузе атрымала станоўчыя водгукі. Цікава, што ў пачатку 1926 года часопіс «Физкультурник» паведамляў, што ў Оршы пры 28 удзельніках праходзіць шашачны турнір і лідзіруе ў ім Леў. Хутчэй за ўсё, гэта быў герой артыкула.
Неўзабаве Леў пераехаў у Мінск, дзе стаў працаваць у Вышэйшым савеце фізічнай культуры БССР. Таксама ён узначальваў спартыўную камісію беларускага камсамола. У канцы 1926 года Леў стаў адказным сакратаром ВСФКБ. На пасадзе ён змяніў звольненага за растрату Георгія Лукашэвіча (пра гэтую гісторыю я распавядаў раней).
Намеснікам старшыні савета Леў стаў 4 сакавіка 1927 года. У той час старшыні ВСФКБ сумяшчалі гэтую пасаду з асноўнай працай і не ўваходзілі ў яго штат. Так, Міхаіл Барсукоў, пры якім Леў пачаў працаваць у савеце, быў народным камісарам аховы здароўя Беларусі. Наступныя два старшыні, намеснікам якіх быў Леў, – Іван Перапечка і Іван Рыжоў – узначальвалі Цэнтральны савет прафсаюзаў БССР. Зразумела, што з-за занятасці на асноўнай працы яны не заўсёды прысутнічалі на пасяджэннях прэзідыума ВСФКБ. Усёй бягучай працай савета кіраваў Леў. Многія з пастаўленых задач ён выконваў сам, бо штат ВСФКБ быў невялікім і складаўся з 4-5 чалавек. Таксама Леў судзіў спаборніцтвы па розных відах спорту, быў галоўным суддзёй Усебеларускіх спартакіяд.
У 1927 годзе Лева абралі ў выканаўчы камітэт Чырвонага спартыўнага інтэрнацыянала – міжнароднага камуністычнага аб’яднання рабоча-сялянскіх фізкультурных арганізацый. У лютым 1928 года ён у складзе дэлегацыі СССР на месяц ездзіў у Нарвегію на сусветную зімовую рабочую спартакіяду.
Леў добра ведаў, што адбываецца ў беларускіх шашках і шахматах, бо многія пытанні разглядаліся на пасяджэннях прэзідыума ВСФКБ, на іх таксама зацвярджаліся ўсе пратаколы цэнтральнай секцыі. У 1927 годзе разам з шахматнай зборнай Беларусі ён ездзіў на пераможны для яе Усесаюзны камандны турнір. У 1928-м выступаў на адкрыцці IV Усебеларускага шахматна-шашачнага з’езда: звярнуў увагу на тое, што яшчэ не ўсе акружныя саветы фізкультуры зразумелі карысць шашак і шахмат, мала закранута вёска.
Увогуле ў 1928 годзе шахматна-шашачны спорт у Беларусі быў на пад’ёме. Вясной у Мінску адбыліся масавыя міжгаліновыя прафсаюзныя спаборніцтвы, якія шырока асвятляліся ў прэсе. Шмат шахматна-шашачных аддзелаў выходзіла ў перыядычным друку рэспублікі. У кастрычніку з вялікім размахам прайшоў IV з’езд, у рамках якога адбыліся першынство Беларусі па шашках сярод мужчын з удзелам запрошаных майстроў, шахматныя жаночы (упершыню) і мужчынскі чэмпіянаты рэспублікі, а таксама камандны турнір акругоў. Прыязджаючых размяшчалі ў гасцініцы «Еўропа».
Адзначалася, што па маштабе працы і якасці арганізацыі спаборніцтваў Беларусь займае першае месца сярод рэспублік Савецкага Саюза. Вельмі шмат для гэтага рабіў тагачасны старшыня секцыі Радзівон Шукевіч-Траццякоў, які ўзначальваў яе з часу стварэння (з перапынкам у 1926 годзе).
Нядзіўна, што ў студзені 1929 года яго паўнамоцтвы працягнулі. Тады ж у склад секцыі ўвайшоў Леў. Аднак далейшага росту не здарылася. Год прайшоў спакойна, без яркіх падзей. Наспявалі перамены. Мянялася і жыццё ў краіне, 1929-ты быў аб’яўлены «годам вялікага пералому». У верасні выйшла пастанова ЦК ВКП(б) «Аб фізкультурным руху», у якой указвалася на яго недахопы (недастатковая масавасць, рэкардсменскі ўхіл, апалітычнасць, ведамасны разнабой) і спосабы іх ліквідацыі (узмацненне дзяржаўнага цэнтралізаванага кіраўніцтва і ўдзел у кіраўніцтве шырокай рабочай грамадскасці). На гэтай хвалі ВСФКБ вырашыў абнавіць шахматна-шашачную секцыю Беларусі. На пасяджэнні прэзідыума савета 23 студзеня 1930 года на падставе таго, што «яе кіраўнікі перагружаны іншай службовай і грамадзскай працаю», секцыю распусцілі. Падрыхтаваць прапановы па яе складзе даручылі Леву. Ужо на наступным пасяджэнні 6 лютага новы склад зацвердзілі.
Як бачна, Леў вырашыў сам стаць старшынёй секцыі. Змянілася яе арганізацыйная структура: былі створаны пленум (21 член) і прэзідыум (7 членаў). З мінулага складу секцыі ў прэзідыум увайшлі толькі Леў і Антон Касперскі.
ВСФКБ «прапанаваў цэнтральнай шахматна-шашачнай сэкцыі і ўсім акрсаветам фізкультуры ачысьціць шахматна-шашачныя гурткі і сэкцыі ад сацыяльна-чужых элементаў і ўцягнуць у склад сэкцыі больш рабочых». Гэтае пажаданне было ўлічана. Намеснікам Лева стаў гарбар Аляксандр Ліхадзіеўскі. У прэзідыум таксама ўвайшлі два маладыя рабочыя-металісты – Дзяніс Гардзевіч (у 1951 годзе ён стане першым старшынёй асобнай шашачнай секцыі Беларусі) і Мордух Элья. Адзначу, што ўсе трое былі шашыстамі. Ды і сакратар секцыі А. Берман паказваў добрыя вынікі ў шашках, хоць няблага гуляў і ў шахматы.
Новы старшыня секцыі ўзяўся за працу з імпэтам. У канцы лютага ў Мінску сумесна з прафсаюзамі правялі «пяцідзённік шахматыстага і шашыстага». Былі прыняты пастановы аб правядзенні завадскіх шахматна-шашачных спартакіяд і Усебеларускіх спаборніцтваў сярод рабочых шахматыстаў і шашыстаў калгасаў і саўгасаў. Ліхадзіеўскі быў камандзіраваны ў Гомельскую і Мазырскую акругі для высвятлення становішча шахматна-шашачнай працы. 7 сакавіка быў скліканы пленум шахматна-шашачнай секцыі Беларусі, якому папярэднічалі гарадскія і раённыя сходы. Пры дапамозе прафсаюзаў у красавіку ў Мінску пачаліся трохмесячныя курсы шахматна-шашачных інструктараў для 40 чалавек.
Аднак кіраваў секцыяй Леў нядоўга, праз некалькі месяцаў ён пераехаў на працу ў Маскву. У сярэдзіне чэрвеня 1930 года на старонках часопіса «Физкультура и спорт» ён фігураваў як адказны сакратар Маскоўскага абласнога савета фізкультуры.
А ўжо праз два месяцы яго прызначылі адказным сакратаром ВСФК РСФСР і ўвялі у прэзідыум Усесаюзнага савета фізкультуры. У канцы 1931 года Леў стаў упаўнаважаным ВСФК СССР па будаўніцтве Усесаюзнага стадыёна ў Маскве. Пазней ён таксама працаваў намеснікам старшыні Маскоўскага гарадскога СФК.
У якасці кіраўніка дэлегацый Леў выязджаў з савецкімі спартсменамі за мяжу, працягваў судзіць буйныя спаборніцтвы. У 1935 годзе быў, напрыклад, галоўным суддзёй матчу па боксе Масква – Нарвегія. У канцы таго ж года ён стаў старшынёй створанага спартыўна-судзейскага камітэта Усесаюзнага СФК, якому падпарадкоўваліся ўсе спартыўныя секцыі (федэрацыі) і судзейская калегія.
Працягваў удзельнічаць Леў і ў развіцці шашак і шахмат, цяпер ужо на саюзным узроўні. Яшчэ ў пачатку 1930 года, пасля прызначэння старшынёй беларускай секцыі, Леў быў вылучаны ў склад Савета шахматна-шашачных секцый саюзных рэспублік (так тады называлася Усесаюзная секцыя) замест Шукевіча-Траццякова. У ліпені 1930 года на І пленуме шахматна-шашачнага сектара Усесаюзнага СФК (Усесаюзная секцыя зноў памяняла назву) Леў быў абраны ў выканаўчае бюро. А праз месяц ён быў зацверджаны намеснікам старшыні Мікалая Крыленкі. Таксама ўваходзіў у склад вышэйшай шашачнай кваліфікацыйнай камісіі.
У наступным годзе Леў стаў намеснікам рэдактара (з лістапада – адказным рэдактарам) часопіса «Шашки в массы» і рэдактарам радыё-газеты «Шахматы и шашки в массы». Па выніках VII Усесаюзнага шахматна-шашачнага з’ездза, які прайшоў у канцы 1931 года, ён застаўся намеснікам Крыленкі, а таксама стаў старшынёй сакратарыяту выканаўчага бюро і камісіі па інтэрнацыянальных сувязях.
У студзені 1933 года Леў быў вызвалены ад абавязкаў намесніка старшыні Усесаюзнай секцыі ў сувязі з перагружанасцю працай. Пасля яго прозвішча амаль не сустракаецца на старонках шахматна-шашачных выданняў. Апошняя знойдзеная згадка – у пачатку 1935 года Леў увайшоў у склад арганізацыйнага камітэта міжнароднага шахматнага турніру ў Маскве.
7 верасня 1936 года газета «Красный спорт» паведаміла, што Леў прызначаны старшынёй створанага (прайшла рэарганізацыя Усесаюзнага СФК) Далёкаўсходняга краявога камітэта па справах фізічнай культуры і спорту. Мяркую, прычынай гэтай «ссылкі» стала змена кіраўніцтва савецкага спорту, якая адбылася ў чэрвені 1936 года.
27 жніўня 1937 года Леў быў арыштаваны за ўдзел у антысавецкай тэрарыстычнай арганізацыі правых і праз тры месяцы, 28 лістапада, асуджаны да вышэйшай меры пакарання. У дзень вынясення прыгавора Леў Уладзіміравіч Леў быў расстраляны на палігоне Камунарка пад Масквой.
Да 100-годдзя з часу заснавання шахматна-шашачнай секцыі Беларусі: пачатак.