100 гадоў таму пачаўся першы чэмпіянат Мінска па шашках

100 гадоў таму пачаўся першы чэмпіянат Мінска па шашках

Віталь Аніська

15 снежня 1922 года ў клубе Карла Маркса пачаўся шашачны турнір “на чэмпіёна горада Менску”.

"Савецкая Беларусь" 1922 год № 272

Месца было абрана невыпадкова, у лістападзе ў гэтым клубе была арганізавана шашачная секцыя (ці не першая ў Беларусі?) пад кіраўніцтвам тав. Круталевіча (Аляксандра ці Барыса не ўказваецца) і праведзены як мінімум адзін яго сеанс адначасовай гульні. Сам клуб К.Маркса – партыйны, адкрыўся 21 верасня ў будынку былога Мінскага дваранскага дэпутатскага сходу на рагу вуліц Падгорнай (Маркса) і Петрапаўлаўскай (Энгельса), 32/47 – насупраць Купалаўскага тэатра.

Дваранскі дэпутатскі сход і гарадскі тэатр

Інфармацыю пра першы афіцыйны турнір на тэрыторыі Беларусі мы ведаем з кніг Аркадзя Ракітніцкага (ён памылкова піша, што чэмпіянат праходзіў восенню), газеты "Савецкая Беларусь" і літаратурнага дадатка да газеты “Звезда”.

У першым чэмпіянаце Мінска ўдзельнічала 15 чалавек, якія гулялі ў два кругі. Закончыўся ён вясной 1923 года. Перамог студэнт медыцынскага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Барыс Круталевіч, які набраў 26 ачкоў (+24=4-0). Другім стаў выкладчык Белпедтэхнікума Аляксандр Круталевіч – 24 ачкі. Менавіта браты Круталевічы былі арганізатарамі чэмпіянату. У 1921 годзе (па іншых дадзеных у 1918) яны вярнуліся ў Мінск з Масквы і адразу разгарнулі актыўную дзейнасць па развіцці шашак.

Што тычыцца бронзавага прызёра, то тут ёсць супярэчнасці. Першапачаткова ў кнізе “Шашки в БССР” (1959 г.) Аркадзь Ракітніцкі піша, што трэцяе месца заняў В.Касперскі, які набраў 19½ ачкоў. Але ў кнізе “Рассказы о шашках и шашистах” (1972 г.) ужо ўказвае, што на трэцім месцы А.Касперскі (вядомы шахматыст Антон Антонавіч Касперскі). У артыкулах газет з вынікамі чэмпіянату прыводзіцца толькі прозвішча без ініцыялаў. Мяркую, што ўсё-ткі гэта быў В.А.Касперскі, які праз тры гады стаў прызёрам першага чэмпіянату Беларусі. Пра яго вядома пакуль мала, хутчэй за ўсё ён быў братам А.А.Касперскага.

Чацвёртым стаў Фельдман, пятым – Курдзін, шостым – Ілля Гардон, сёмым – Ханчын. Прыз за лепшы вынік з прызёрамі атрымаў Гезін.

Самай прыгожай была прызнана партыя А.Бычкоўскі – Б.Круталевіч, за якую апошні атрымаў спецыяльны прыз (прыводзіцца па кнізе А.Ракітніцкага “Дарагія аматары шашак”, 1993 г.).

1.cd4 de5 2.dc3 ed6 3.ef4 (асабліва распаўсюджаны тады дэбют “Перакрыжаванне”) 3…ba5 4.fe3 cb6 5. ef2 (цяпер тут гуляюць 5.cd2 або 5.gf2) 5…bc5 6.d:b6 a:c7 7.ed4 ab6 8.ab4? (гэты, як быццам моцны, ход дазваляе чорным правесці бліскучую камбінацыю. Тут белымі належала адказваць 8.fe3).

Адбылося: 8…dc5!! 9.b:d6 hg5! 10.f:h6 ef4 11.g:e5 fg5 12.h:f4 gf6 13.e:g7 c:a5 х.

Далейшы лёс удзельнікаў першага чэмпіянату Мінска склаўся па-рознаму. Барыс Круталевіч стаў адным з мацнейшых шашыстаў СССР (пятае месца ў першым і другім Усесаюзных чэмпіянатах) і першым у Беларусі ў 1924 годзе атрымаў званне “Майстар спорту”. На 28-м годзе жыцця ён памёр ад сухотаў. Яго старэйшы брат Аляксандр стаў дацэнтам кафедры методыкі матэматыкі педагагічнага факультэту БДУ, у 1937 годзе быў расстраляны. Ілля Гардон у 1925 годзе выйграў першы чэмпіянат Беларусі і ўтрымліваў гэты тытул да 1939 года. У 1927 годзе ён стаў другім шашачным майстрам у БССР, залажыў фундамент беларускай трэнерскай школы. Загінуў у час Другой сусветнай вайны. Пра астатніх удзельнікаў вядома мала.  

1925 год. Аляксандр і Барыс Круталевічы, Ілля Гардон сярод удзельнікаў ІІ чэмпіянату СССР



Report Page