Да 100-годдзя з часу заснавання шахматна-шашачнай секцыі Беларусі: галоўны цэнзар БССР, растратчык, ураджэнец Лондана, ардэнаносец, малады майстар – хто ўзначальваў секцыю

Да 100-годдзя з часу заснавання шахматна-шашачнай секцыі Беларусі: галоўны цэнзар БССР, растратчык, ураджэнец Лондана, ардэнаносец, малады майстар – хто ўзначальваў секцыю

Віталь Аніська

Шахматна-шашачная секцыя Беларусі была створана ў пачатку мая 1924 года пры Вышэйшым савеце фізічнай культуры рэспублікі і праіснавала да канца 1951 года, калі падзялілася на дзве асобныя. У гэтым матэрыяле паспрабаваў сістэматызаваць знойдзеную інфармацыю пра кіраўнікоў секцыі (пра многіх з іх не было нічога вядома, акрамя прозвішча). Неабходнае тлумачэнне: калі пра старшыняў у першыя шэсць гадоў дзейнасці секцыі ўжо вядома амаль усё (удалося знайсці нават дакладныя даты прызначэнняў), то інфармацыя пра перыяд пасля 1930 года пакуль няпоўная, многія крыніцы яшчэ не вывучаны. Магчыма, у нейкіх момантах мяне дапоўняць ці паправяць даследчыкі гісторыі шахмат.

Першым старшынёй секцыі стаў мінскі шахматыст Радзівон Канстанцінавіч Шукевіч-Траццякоў (23.11.1893, Навіны ці Сотніцкае – 10.02.1942, Паўночна-ўсходні папраўча-працоўны лагер).

«Полымя» 1927 год № 1

У большасці крыніц напісана, што нарадзіўся Шукевіч-Траццякоў у вёсцы Навіны Валожынскага раёна Мінскай вобласці, але як мінімум аднойчы, пры запаўненні анкеты ў 1921 годзе, ён пазначыў, што месца яго нараджэння – сяло Сотніцкае Суджанскага раёна Курскай вобласці.

У анкеце Шукевіч-Траццякоў таксама пазначыў, што вучыўся ў Мінскім рэальным вучылішчы (да 1913 года), пасля паступіў у Політэхнічны інстытут у Санкт-Пецярбургу. З пачаткам Першай сусветнай вайны Шукевіч-Траццякоў пайшоў у армію добраахвотнікам, служыў у 119-м пяхотным Каломенскім палку. З 27 жніўня 1914 года па 20 снежня (пазней ён пісаў, што вярнуўся ў Мінск 10 снежня) 1918 года знаходзіўся ў нямецкім палоне.

З цікавага ў анкеце яшчэ можна адзначыць пералік замежных моў, якія ведаў Шукевіч-Траццякоў: нямецкую, французскую і слаба англійскую, італьянскую, польскую. Жыў у Мінску тады ён на вуліцы Энгельса, у былой гасцініцы «Парыж».

У 1919-1921 гадах Шукевіч-Траццякоў у Чырвонай Арміі – быў на фронце, працаваў рэдактарам газеты «Чырвонаармейская праўда». Па спасылцы можна азнаёміцца з успамінамі Шукевіча-Траццякова пра яго ўдзел у ваенных падзеях 1919-1920 гадоў на тэрыторыі Беларусі.

У 1922 годзе Шукевіч-Траццякоў быў прызначаны старшынёй Галоўлітбела (Галоўнага ўпраўлення ў справах літаратуры і выдавецтваў БССР) – органа, які фактычна займаўся цэнзурай у рэспубліцы. Вядома гісторыя, як Шукевіч-Траццякоў аднойчы адпачываў у Кіславодску разам з Якубам Коласам. Той якраз дапрацоўваў паэму «Сымон-музыка», дык насіў яе ў суседні нумар да Шукевіча-Траццякова на цэнзуру.

У 1924 годзе Шукевіч-Траццякоў стаў рэдактарам газеты «Беларуская вёска». Да яго ў гэтай якасці з жартаўлівым вершыкам звяртаўся Янка Купала:

Чарнабровы, барадаты,

Вартаўнік сялянскай хаты,

Дай паціскаю руку.

І скажу табе на вуха:

Твая «Вёска» – маладуха,

Краля краляю ў саку.

1928 год. Аўтар шаржу – Уладзімір Бохан. З калекцыі С. Шапрана

Акрамя шахмат, калі-нікалі Шукевіч-Траццякоў гуляў і ў шашкі. Так, у сакавіку 1923 года ён заняў трэцяе месца пры 26 удзельніках у турніры ў Доме працаўнікоў асветы. Апярэдзілі яго толькі вядомыя шашысты А. Круталевіч і Я. Фельдман.

У канцы 1925 года па нейкіх прычынах было прынята рашэнне зняць Шукевіча з пасады старшыні секцыі. Хаця, магчыма, ён вырашыў сыйсці сам. 19 лістапада новы склад секцыі абмяркоўвалі на пасяджэнні прэзідыума Вышэйшага савета фізічнай культуры БССР. На пасаду старшыні прапаноўваўся нехта Самахвалаў. Праз два месяцы газета «Савецкая Беларусь» паведамляла, што секцыю ўзначаліць намеснік старшыні ВСФКБ Лазар Цэйтлін.

У рэшце рэшт 26 студзеня 1926 года старшынёй секцыі быў прызначаны Георгій Лукашэвіч – адказны сакратар ВСФКБ. Інфармацыі пра яго мала. На гэтай пасадзе ён працаваў з 1924 года, а ў канцы 1926 года быў звольнены з-за растраты. Лукашэвіч ўцёк ад следства ў Баку, дзе на новым месцы працы зноў зрабіў растрату. Там яго асудзілі на тры гады і накіравалі ў Мінск, дзе Лукашэвічу далі яшчэ пяць гадоў зняволення «з суровым адмежаваньнем без дастасаваньня амністыі». Падрабязна пра гэтую гісторыю я пісаў раней.

7 снежня 1926 года на пасаду старшыні секцыі вярнуўся Радзівон Шукевіч-Траццякоў.

Кур’ёзны выпадак адбыўся ў 1928 годзе. Шукевіч-Траццякоў у газеце «Зьвязда» ў артыкуле пра шахматны чэмпіянат Беларусі, у якім ён заняў перадапошняе месца, пісаў: «Ігра ўвесь час была вельмі ўпартай, хоць адбылося шмат выпадковых вынікаў, калі адзін другому дараваў фігуру (і выйгрыш). Асабліва адзначаліся такімі “падарункамі” менскія ігракі – Гаухбэрг, Шукевіч, Майзэль. Звычайна кожны з іх пачынаў партыю добра (Шукевіч, напрыклад, ва ўсіх партыях у першыя 3-4 гадзіны меў значна лепшую партыю). Але, калі працуеш удзень на сваёй працы, а вечарам пачынаеш другі 6-гадзінны працоўны дзень – мімавольна пачынаеш зайздросьціць прыезджым таварышом, якія акрамя ігры, жадных клопатаў ня маюць». А на закрыцці турніру Аляксандр Круталевіч, які меў дыхтоўную бібліятэку, уручыў Шукевічу-Траццякову спецыяльны прыз «За найлепшую ігру ў першай палове партыі шахматнага чэмпіянату» – антыкварны зборнік задач, выдадзены ў Парыжы ў 1832 годзе.

Вось характарыстыка гульні Шукевіча-Траццякова, якую перад пачаткам таго чэмпіянату далі рэдактары аддзела шахмат газеты «Рабочий» А. Касперскі і В. Кобец: «Игрок 1-й всесоюзной категории. Большой знаток теории дебютов. Слабее разыгрывает середину. Единственный участник всебелорусского чемпионата 1925 г., выигравший у победителя турнира. Сильнейший игрок по переписке. Успешно участвовал в нескольких турнирах в Германии в лагерях для военно-пленных».

Шукевіч-Траццякоў гуляе з жонкай Сарай Маршак. На каленях ён трымае дачку Рэвалюцыю

16 снежня 1930 года пастановай сакратарыята ЦК КП(б)Б «Аб палітычных памылках газеты “Беларуская вёска”» Шукевіча-Траццякова знялі з пасады рэдактара газеты, якую ён займаў з 1924 года. Працытую першы пункт пастановы:

«Заслухаўшы паведамленьне сэктару друку культпропу ЦК КП(б)Б і тлумачэньні рэдактара газэты “Беларуская вёска” – тав. Шукевіча-Трацьцякова, сакратарыят ЦК КП(б)Б ПАСТАНАЎЛЯЕ:

1. За рад грубых палітычных памылак, поўнае замоўчваньне змаганьня КП(б)Б з контр-рэвалюцыйным нацыянал-дэмакратызмам, што сакратарыят кваліфікуе, як прымірэнчыя адносіны да змаганьня з нацыянал-дэмакратызмам, нездавальняючую і невыстарчальную мабілізацыю вясковай партыйнай арганізацыі за змаганьне з правым ухілам, як галоўнай небяспекай на даным этапе, за нявыразную пастаноўку ў радзе асобных артыкулаў пытаньняў класавага змаганьня і ў прыватнасьці, за недаацэнку справы з цкаваньнем супрацоўніка газэты “Беларуская вёска” – тав. Жука – зьняць з работы рэдактара газэты “Беларуская вёска” – тав. Шукевіча-Трацьцякова і намесьніка рэдактара – тав. Горнага».

У 1931-1936 гадах Шукевіч-Траццякоў працаваў у Акадэміі навук БССР. У красавіку 1932 года быў прызначаны старшынёй створанага Усебеларускага камітэта па радыёвяшчанні. Праз пяць месяцаў яго вызвалілі ад абавязкаў ужо ўпаўнаважанага Наркамата сувязі СССР пры Саўнаркаме БССР.

17 жніўня 1938 года Шукевіча-Траццякова, які працаваў метадыстам шахматна-шашачнага клуба, арыштавалі. 9 лютага 1940 года ён быў асуджаны па артыкулах 72 і 76 Крымінальнага кодэксу БССР як член антысавецкіх нацыяналістычных арганізацый і прыгавораны да пяці гадоў папраўча-працоўных лагераў. Памёр у Паўночна-ўсходнім ППЛ (Севвостлаг) на Калыме 10 лютага 1942 года. Рэабілітаваны 2 лютага 1956 года.

Шукевіч-Траццякоў быў старшынёй секцыі да 23 студзеня 1930 года, калі згодна з рашэннем ВСФКБ яна была распушчана на падставе таго, што «яе кіраўнікі перагружаны іншай службовай і грамадзскай працаю». Газета «Чырвоная зьмена» была менш дыпламатычнай і паведаміла, што секцыю распусцілі за бяздзейнасць.

6 лютага новым кіраўніком секцыі стаў Леў Уладзіміравіч Леў (1904, Полацк – 28.11.1937, Маскоўская вобласць) – намеснік старшыні ВСФКБ.

Удзельнікі чэмпіянату Беларусі па шахматах 1928 года. У цэнтры побач сядзяць Леў Леў і Радзівон Шукевіч-Траццякоў. З архіва В. Касперскага-малодшага

Ён узначальваў секцыю некалькі месяцаў, пасля пераехаў у Маскву. Там працаваў адказным сакратаром саветаў фізкультуры Маскоўскай вобласці і РСФСР, уваходзіў у склад прэзідыума Усесаюзнага СФК. На працягу двух з паловай гадоў Леў быў таксама намеснікам старшыні шахматна-шашачнай секцыі СССР. У верасні 1936 года ён быў прызначаны старшынёй Далёкаўсходняга краявога камітэта па справах фізічнай культуры і спорту.

27 жніўня 1937 года Леў быў арыштаваны за ўдзел у антысавецкай тэрарыстычнай арганізацыі правых. Праз тры месяцы яго расстралялі на палігоне Камунарка пад Масквой. У 1956 годзе Леў быў рэабілітаваны. Вялікі артыкул пра трэцяга старшыню шахматна-шашачнай секцыі Беларусі – па спасылцы.

Пасля пераезду Лева ў Маскву летам 1930 года секцыю ўзначаліў, імаверна, Нікіцін. Інфармацыі пра яго пакуль практычна няма. Вядома, што ён працаваў у ВСФКБ, у красавіку 1930 года быў абраны адказным сакратаром савета. У ліпені таго ж года ён прадстаўляў БССР на І пленуме Усесаюзнага шахматна-шашачнага сектара (так стала называцца секцыя пасля рэарганізацыі ВСФК СССР).

22 лютага 1931 года на пасяджэнні прэзідыума ВСФКБ абмяркоўваліся пытанні шахматна-шашачнага сектара рэспублікі. У сувязі з ад’ездам Нікіціна на вучобу ў Маскву абавязкі старшыні сектара часова ўсклалі на Траскоўскага (у дакументах і прэсе таго часу яго прозвішча звычайна пісалі праз літару «э» і, на жаль, без ініцыялаў). Верагодна, потым яго зацвердзілі на гэтай пасадзе, бо ў «Спутніку шахматыста», які быў падпісаны ў друк у канцы мая 1931 года, Траскоўскі фігуруе як старшыня шахматна-шашачнага сектара Беларусі без прыстаўкі «в.а.».

На 99% упэўнены, што гэта Захар Міхайлавіч Траскоўскі (28.07.1904, Прадзіўка – 01.03.1961, Масква).

«Память народа»

Траскоўскі нарадзіўся ў сяле Прадзіўка Царычанскага раёна Днепрапятроўскай вобласці. Вядома, што 1 лютага 1927 года яго зацвердзілі намеснікам старшыні Бабруйскага акруговага савета фізкультуры. 1 лістапада 1928 года Траскоўскага залічылі ў штат ВСФКБ інструктарам. Пазней ён працаваў у савеце адказным сакратаром і намеснікам старшыні. У 1931 годзе на ІІ Пленуме Усесаюзнага савета фізкультуры Траскоўскі быў абраны кандыдатам у члены прэзідыума.  

У тыя гады яго час ад часу крытыкавалі ў беларускай прэсе. Так, у ліпені 1931 года на старонках газеты «Чырвоная зьмена» кіраўніцтва ВСФКБ на чале з Траскоўскім абвінавачвалася ў правым апартунізме і правале фізкультурнай працы ў рэспубліцы. Паведамлялася, што чвэрць свайго часу Траскоўскі «праводзіў у Маскве, дзе займаўся вочкаўцірацельствам аб становішчы фізкультуры».

Шарж на Траскоўскага. «Чырвоная зьмена» 1931 год № 155

Пазней у Маскву Траскоўскі і пераехаў. У 1933 годзе ён – старшыня бюро фізкультуры гарадскога савета прафсаюзаў. У наступныя гады, імаверна, Траскоўскі працягнуў працаваць у фізкультурна-спартыўнай галіне. Вядома, што ў 1940-41 гадах ён быў начальнікам аддзела фізкультурнай работы ў калгасах, саўгасах і МТС Усесаюзнага камітэта па справах ФКіС.

Траскоўскі ўдзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, дэмабілізаваўся ў кастрычніку 1944 года ў званні малодшага лейтэнанта. Пасля заканчэння вайны ён працаваў начальнікам аддзела агітацыі і прапаганды, потым арганізацыйна-інспектарскага ўпраўлення Усерасійскага камітэта па справах ФКіС. Траскоўскі часта публікаваўся на старонках спартыўнай прэсы, быў аўтарам дапаможнікаў па арганізацыі фізкультурнай працы. Пайшоў з жыцця ў 56 гадоў у Маскве.

Відаць, старшынёй шахматна-шашачнага сектара БССР Траскоўскі быў нядоўга. Ён не ўвайшоў у склад беларускай дэлегацыі на VII Усесаюзным шахматна-шашачным з’ездзе ў кастрычніку 1931 года. У яе складзе ўвогуле не было старшыні сектара, напэўна, пасада на той момант была вакантнай.

У ліпені 1932 года ў часопісе «Чырвоная Беларусь» выйшаў артыкул «Бальшавіцкія тэмпы Шах-шаш руху ў БССР» П. Губчэўскага, які быў прадстаўлены як загадчык шахматна-шашачнага сектара ВСФКБ. Пацверджанне гэтай інфармацыі і шмат біяграфічных звестак Паўла Піліпавіча Губчэўскага (06.11.1909, Чавусы – 12.06.1989) знайшліся ў артыкуле яго жонкі Людмілы Вараніхінай.

Губчэўскі быў селькорам магілёўскіх газет «Соха и молот» і «Магілёўскі селянін». У Чавусах працаваў падсобным рабочым і качагарам, у Горках, куды пераехаў у 1926 годзе, – на будоўлі сельскагаспадарчай акадэміі, у якую потым уладкаваўся спачатку чорнарабочым, а пазней стаў памочнікам повара.

У 1929-1931 гадах Губчэўскі вучыўся ў Мінскім дзяржаўным тэхнікуме фізкультуры, пасля заканчэння якога быў прызначаны адказным сакратаром аднаго з раённых СФК, потым – кіраўніком спраў Вышэйшага савета фізкультуры Беларусі. Тады ён і стаў загадчыкам шахматна-шашачнага сектара ВСФКБ.

Турнірны камітэт шахматна-шашачнага чэмпіянату Беларусі 1932 года. «Шахматы в СССР» 1932 год № 16

У 1933 годзе Губчэўскі памяняў род дзейнасці і перайшоў на працу ў Беларускую дзяржаўную бібліятэку. Праз чатыры гады ён пераехаў у Ленінград, дзе закончыў трохмесячны семінар па падрыхтоўцы экскурсаводаў і з 1938 года пачаў працаваць у музеі «Эрмітаж». Падчас Вялікай Айчыннай вайны Губчэўскі спачатку знаходзіўся ў блакадным Ленінградзе, з 1943 года – у арміі.

Пасля заканчэння вайны Губчэўскі вярнуўся ў Эрмітаж, дзе працаваў старшым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам навукова-асветніцкага аддзела і сектара сацыялагічных даследаванняў, быў укладальнікам альбомаў і аўтарам даведніка па музеі. У 1971 годзе Губчэўскі быў занесены ў ганаровую кнігу Эрмітажа.

На згаданым вышэй VII Усесаюзным з’ездзе ў склад пленума Усесаюзнага сектара ад Беларусі ўвайшоў Р. Гольдзберг. 30 ліпеня 1932 года падчас дзелавой часткі V Усебеларускага шахматна-шашачнага з’езда Рыгор Якаўлевіч Гольдзберг (студзень 1903 – 27.11.1953 ці 1966) быў абраны старшынёй шахматна-шашачнага сектара ВСФКБ (Губчэўскі стаў адказным сакратаром). На той момант Гольдзберг працаваў старшынёй бюро фізічнай культуры Цэнтральнага савета прафсаюзаў БССР.

Гольдзберг у першую чаргу вядомы як дзеяч цяжкаатлетычнага спорту. Ён быў першым трэнерам заслужанага майстра спорту СССР Мікалая Шатава, узначальваў Усесаюзную секцыю, шмат разоў быў галоўным суддзёй чэмпіянатаў Савецкага Саюза.

Камандны чэмпіянат СССР па штанзе. «Советский спорт» 1946 год № 93

Біяграфічныя звесткі ўдалося знайсці ў анкеце, якую Гольдзберг запоўніў падчас Усесаюзнага школьнага перапісу ў снежні 1927 года, і ў яго працоўнай кніжцы. З 1917-га па 1921 год Гольдзберг працаваў на фабрыцы цукерак таварыства «Согласие» ў Херсоне. Адначасова там жа вучыўся на вячэрніх курсах (не закончыў, выбыў у 1918 годзе з трэцяга курса), потым – на курсах інструктараў фізічнай культуры, якія скончыў у 1921 годзе.

У сакавіку 1922 года Гольдзберг пераехаў у Барысаў, дзе спачатку працаваў рабочым у пякарні, упаўнаважаным камітэта дапамогі галадаючым, інструктарам ваеннага навучання ў павятовым ваенкамаце. Пасля стаў выкладчыкам фізічнага выхавання ў 1-й і 2-й школах горада і ў Барысаўскім педагагічным тэхнікуме. З 1923-га па 1929 год Гольдзберг працаваў намеснікам старшыні, адказным сакратаром Барысаўскага савета фізкультуры.

У лістападзе 1929 года пераехаў у Мінск і ўзначаліў вучэбна-тэхнічны камітэт акруговага савету фізкультуры. У лютым наступнага года Гольдзберг быў зацверджаны ВСФКБ інспектарам фізкультуры па Віцебскай акрузе. У канцы года ў сувязі з ліквідацыяй акругі вярнуўся ў Мінск, дзе стаў працаваць у бюро фізкультуры ЦСПСБ – сакратаром, потым старшынёй.

«Чырвоная Беларусь» 1932 год № 9

У 1933 годзе Гольдзберг пераехаў у Маскву. Шмат гадоў працаваў на кіруючых пасадах у гарадскім і абласным саветах фізкультуры, быў намеснікам старшыні Цэнтральнага савета спартыўнага таварыства «Спартак».

Таксама вядома, што ў 1934 годзе шахматна-шашачны камітэт Масквы ўзначальваў Гольдзберг. Магчыма, гэта быў Рыгор Гольдзберг, які пайшоў па сцежцы, пратаптанай Левам, і на нейкі час пасля пераезду ў сталіцу СССР застаўся ў шахматна-шашачным руху.

Пра перыяд дзейнасці секцыі з 1933-га па 1935 год вядома мала. У снежні 1935 года Якаў Камянецкі пісаў, што яна два гады не збіралася і сем апошніх месяцаў не мае старшыні. Відаць, з лютага 1934 года ў рэспубліцы ўпор быў зроблены на развіццё шашак і шахмат па лініі прафсаюзаў (пра гэта ніжэй).

Магчыма, на нейкі час секцыя была ўвогуле распушчана, бо 25 сакавіка 1936 года ў артыкуле пра жаночыя чэмпіянаты Беларусі ў «64. Шахматно-шашечной газете» той жа Камянецкі пісаў: «Вновь организованный в конце февраля, об’единенный шахкомитет ВСФКБ и ЦСПСБ (председатель т. Поссе) за сравнительно короткий срок организовал соревнования 1936 года». Гаворка ідзе пра дырэктара Інстытута гісторыі партыі Сяргея Уладзіміравіча Пасэ (1901, Лондан – 29.10.1937, Мінск).

Сяргей Пасэ з першай жонкай Рахіль

Ён нарадзіўся ў сям’і журналіста і дзеяча рэвалюцыйнага руху Уладзіміра Пасэ і Альмы Борман. Пры нараджэнні бацькі назвалі сына Рэджынальдам, і пакуль яны знаходзіліся ў Еўропе, сын шэсць гадоў жыў у сям’і лонданскага рабочага. Пасля пераезду ў Расію Пасэ хрысцілі і далі імя Сяргей.

Кар’еру ён пачынаў інструктарам Камісарыята земляробства ў Петраградзе. У 1923 годзе Пасэ быў работнікам палітаддзелаў 3-й Казанскай дывізіі і Керчанскай крэпасці берагавых батарэй. У 1924-1926 гадах працаваў у розных установах Кіева – чытаў лекцыі, выступаў з дакладамі, вёў гурткі па гісторыі партыі. У 1927-1931 гадах Пасэ вучыўся ў Інстытуце чырвонай прафесуры Украіны. Пасля заканчэння вучобы працаваў у Маскве ў аддзеле агітацыі і прапаганды ЦК УсеКП(б).

У 1932 годзе Пасэ пераехаў у Мінск, дзе стаў памочнікам першага сакратара ЦК КП(б)Б Мікалая Гікалы. З канца 1934-га да жніўня 1937 года працаваў дырэктарам Інстытута гісторыі партыі.

Пасэ няблага гуляў у шахматы, прымаў удзел у гарадскіх турнірах і пяршынствах Мінска. У сеансах адначасовай гульні рабіў нічыі з вядомымі ігракамі: экс-чэмпіёнам свету Эмануілам Ласкерам і Андрэ Ліліенталем.

Мяркую, менавіта Пасэ пралабіраваў падпісанне Гікалам у лютым 1934 года пастановы бюро ЦК КП(б)Б «Аб шахматна-шашачнай працы ў прафсаюзах БССР», якая прадугледжвала выдзяленне сродкаў на правядзенне мерапрыемстваў, стварэнне цэнтральнага рабочага клуба, арганізацыю курсаў інструктараў, адкрыццё аддзелаў у чатырох рэспубліканскіх газетах. А Пасэ быў зацверджаны старшынёй створанай шахматна-шашачнай секцыі пры ЦСПСБ.

«Рабочий» 1934 год № 41

Па інфармацыі, атрыманай ад гісторыка Аляксандра Гужалоўскага, Пасэ быў арыштаваны 9 жніўня 1937 года пасля даносу студэнта гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе ён чытаў лекцыі. Быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання і ў сумнавядомую ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года расстраляны. Рэабілітаваны 21 красавіка 1956 года.

Цікавыя ўспаміны пра Сяргея Пасэ ў сваёй кнізе пакінула яго першая жонка Рахіль Абрамаўна, якая пражыла 100 гадоў.

Наступным старшынёй секцыі стаў, імаверна, Далмат Іванавіч Кузьмінскі (06.10.1896, Вышадкі – ?). Па меншай меры так 4 чэрвеня 1937 года яго прадставілі на старонках бабруйскай газеты «Комуніст». Гэтая інфармацыя яшчэ патрабуе пацвярджэння. У любым выпадку пра Кузьмінскага, які быў відным дзеячам шахматна-шашачнага руху ў Беларусі, распавесці трэба. Дагэтуль не было вядома не толькі яго біяграфічных звестак, але нават поўных імя і імя па бацьку, толькі ініцыялы. Інфармацыя пра Кузьмінскага захавалася ў фондзе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.

НАРБ, ф. 205, воп. 3, спр. 4295

Кузьмінскі нарадзіўся ў вёсцы Вышадкі Гарадокскага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і сялян. Бацька Іван Ігнацьевіч служыў валасным пісарам, пазней быў адпраўлены ў палітычную ссылку. Па вяртанні з яе ў 1912 годзе працаваў землямерам у Віцебскай губерніі. Памёр у 1918 годзе, будучы членам губвыканкама.

З 1907-га па 1915 год Кузьмінскі вучыўся ў Віцебскай гімназіі. Пасля яе заканчэння паступіў на фізіка-матэматычны факультэт (група аграноміі) Петраградскага Імператарскага ўніверсітэта. Пасля першага курса быў прызваны ў армію, дзе служыў юнкерам і прапаршчыкам пяхоты да канца 1917 года. У 1918-1919 гадах працаваў у Віцебскім губвыканкаме (магчыма, замяніў памёршага бацьку). З чэрвеня 1919 года па люты 1923-га ў Чырвонай Арміі, апошнія два гады – камандзір на 45-х Віцебскіх пяхотных камандных курсах. Быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

Пасля Кузьмінскі некалькі месяцаў працаваў справаводам у крымінальным вышуку губернскай міліцыі. Восенню 1923 года паступіў у Віцебскі вышэйшы педагагічны інстытут. Праз год перавёўся ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт – на гісторыка-эканамічнае аддзяленне педагагічнага факультэта. Летам 1925 года Кузьмінскі быў пакінуты на другім курсе і праз некалькі месяцаў, хутчэй за ўсё, адлічаны.

У пачатку 1920-х гадоў Кузьмінскі быў адным з мацнейшых шахматыстаў Віцебска, уваходзіў у склад павятова-гарадской секцыі. Пасля пераезду ў Мінск на працягу некалькіх гадоў быў адказным сакратаром шахматна-шашачнай секцыі Беларусі. У 1925 годзе быў дэлегатам IV Усесаюзнага з’езда, уваходзіў у яго прэзідыум.

1925 год, Масква. Кузьмінскі сярод удзельнікаў Усесаюзнага турніру гарадоў. https://marat-fx.livejournal.com/346.html

У студзені 1929 года Кузьмінскі стаў намеснікам старшыні секцыі. У абноўлены ў пачатку наступнага года склад секцыі не ўвайшоў. Вядома, што ў другой палове 1930-х гадоў Кузьмінскі працаваў інспектарам па шахматах і шашках спорткамітэта БССР, вёў шахматны гурток у Мінскім палацы піянераў.

16 жніўня 1944 года Кузьмінскі быў арыштаваны. 1 лютага 1945 года асуджаны па артыкуле 65 Крымінальнага кодэксу БССР за пасобніцтва нямецкім акупантам і прыгавораны да дзесяці гадоў папраўча-працоўных лагераў. Адбываў пакаранне ва Унжэнскім ППЛ, вызвалены 14 красавіка 1947 года. Рэабілітаваны 23 лютага 1996 года.

У пачатку 1938 года пасля серыі крытычных артыкулаў у «64» камітэт па справах фізкультуры і спорту БССР распусціў рэспубліканскую секцыю як не забяспечыўшую развіцця шахматна-шашачнага спорту ў Беларусі.

Наступным старшынёй секцыі стаў Гаўрыла Мікалаевіч Верасаў (28.07.1912, Мінск – 18.11.1979, Мінск), адбылося гэта, відаць, у першай палове 1938 года.

На той момант Верасаў быў адным з мацнейшых беларускіх шахматыстаў. У 1936 годзе ён выйграў свой першы з шасці чэмпіянатаў рэспублікі, а ў наступным годзе стаў майстрам.

«64. Шахматно-шашечная газета» 1937 год № 63

Ці не ўпершыню на старонках беларускіх газет прозвішча 14-гадовага тады юнака сустракаецца ў красавіку 1927 года сярод 250 удзельнікаў першага масавага шахматнага турніру працоўнай моладзі ў Мінску. Праўда, у лік 50 ігракоў, якія працягнулі барацьбу пасля папярэдняга этапа, Верасаў не адабраўся.

У аўтабіяграфіі, якую ў адной з публікацый прыводзіў даследчык гісторыі шахмат у Беларусі Вольф Рубінчык, Верасаў пісаў, што нарадзіўся ў сям’і журналіста і дамашняй гаспадыні. З 1929 года працаваў арматуршчыкам на будаўніцтве шоўкавай фабрыкі ў Магілёве, інструктарам па арматуры на будаўніцтве «Дома друку» ў Мінску, інспектарам савета фізкультуры БССР, дырэктарам шахматнай базы Маскоўскага савета прафсаюзаў, станкавым на заводзе стандартных дамоў у Мінску.

З 1933-га па 1939 год Верасаў вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (пасля чацвёртага курса перавёўся на завочнае аддзяленне).

Цікавы факт: Верасаў гуляў на дзявятай, пераапошняй, дошцы зборнай горада ў першым у Савецкім Саюзе тэлеграфным матчы па шашках Харкаў – Мінск, які пачаўся 4 студзеня 1933 года.

Летам і восенню 1938 года ў «64» і «Чырвонай змене» зноў выйшла некалькі артыкулаў з крытыкай шахматна-шашачнай працы ў Беларусі, якая ў першую чаргу была накіравана на старшыню рэспубліканскай секцыі і дырэктара мінскага шахматна-шашачнага клуба Верасава і інспектара спорткамітэта Кузьмінскага. Праз нейкі час секцыя ў чарговы раз была распушчана.

30 сакавіка 1939 года ў Мінску адбыўся пленум ізноў арганізаванай шахматна-шашачнай секцыі Беларусі. Старшынёй быў абраны І. А. Фрыдлянд. Кузьмінскі стаў яго намеснікам, а Верасаў узначаліў вучэбна-метадычную шахматную камісію.

Хто ж такі Фрыдлянд? Выкажу здагадку, што ён перабраўся ў Мінск з Горкага. У 1925 годзе Фрыдлянд узначаліў шашачную падсекцыю шахматна-шашачнай секцыі Ніжняга Ноўгарада (горад яшчэ называўся так). Ён быў адным з мацнейшых мясцовых шахматыстаў, станавіўся чэмпіёнам горада.

У пачатку 1933 года Фрыдлянд быў уведзены ў склад пленума Усесаюзнага шахматна-шашачнага сектара. У сярэдзіне 1930-х ён – намеснік старшыні шахматна-шашачнага камітэта Горкаўскага краявога СФК, час ад часу публікуе артыкулы ў «64».

1936 год. Горкаўскія шахматысты. У цэнтры – І. А. Фрыдлянд. http://shashkinn.ru/goryachev-aleksandr-fedorovich/

Вядома, што ў 1937 годзе Фрыдлянд быў асістэнтам кафедры матэматыкі Воднага інстытута. У красавіку таго ж года ён разам з іншымі горкаўскімі шахматыстамі на старонках «64» выступае з прапановай заснаваць шахматна-шашачны Кубак СССР.

Напэўна, праз нейкі час Фрыдлянд пераехаў у Мінск. Мяркую, што менавіта ён быў аўтарам двух артыкулаў (яны былі падпісаны «Фиад» і «І. Ф.») у 1938 годзе з крытыкай працы Кузьмінскага і Верасава, пра якія я пісаў вышэй. І ў наступным годзе змяніў апошняга на пасадзе старшыні рэспубліканскай секцыі.

Хутчэй за ўсё, Фрыдлянд кіраваў секцыяй да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Пасля яе заканчэння рэспубліканская секцыя аднавіла дзейнасць у 1946 годзе. Старшынёй зноў стаў Гаўрыла Верасаў. Адным з тых, хто ўвайшоў у кіраўніцтва секцыі, быў будучы народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў.

У пачатку ліпеня 1941 года Верасаў пайшоў добраахвотнікам на фронт, праз тры месяцы быў цяжка паранены. Пасля выздараўлення працаваў літаратурным супрацоўнікам армейскіх газет, інструктарам палітаддзела.

«Память народа»

У ліпені 1944 года Верасаў быў залічаны ў апарат Міністэрства замежных спраў. У кастрычніку 1948 года прыняты ў аспірантуру Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК УсеКП(б). 5 кастрычніка 1951 года ён абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «СССР і барацьба народна-дэмакратычнай Польшы за заходнія землі».

У 1952 годзе кароткі час Верасаў быў старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР. Цікава, што загад аб яго залічэнні на працу падпісаў дырэктар інстытута акадэмік Мікалай Нікольскі – на той момант муж першай жонкі Сяргея Пасэ Рахіль.

У 1952-1958 гадах Верасаў займаў пасаду старшыні праўлення Беларускага таварыства культурных сувязей з замежжам. Пасля працаваў выкладчыкам у мінскіх ВНУ.

5 траўня 1948 года старшынёй шахматна-шашачнай секцыі БССР быў зацверджаны Юлій Мітрафанавіч Казленка.

НАРБ, ф. 934, воп. 1, спр. 31

У 1947 годзе трэнерамі ў добраахвотным спартыўным таварыстве «Тарфянік» працавалі шашыст Аркадзь Ракітніцкі і шахматыст Уладзімір Шыцік. Магчыма, яны і запрасілі Казленку, члена прэзідыума Белсавета гэтай арганізацыі, узначаліць секцыю. Ён гуляў у шахматы на аматарскім узроўні, быў бронзавым прызёрам рэспубліканскага першынства «Тарфяніка» 1948 года. Відаць, меў Казленка і судзейскі досвед, без якога яго наўрад ці назначылі б галоўным суддзёй фінала шахматна-шашачнага чэмпіянату Беларусі 1950 года.

Імя і імя па бацьку Казленкі сталі вядомы з загаду Усесаюзнага спорткамітэта ад 11 студзеня 1956 года аб узнагароджанні значком «Выдатнік фізічнай культуры». У той час ён працаваў начальнікам аддзела працы і зарплаты трэста «Белдзяржторф» і быў членам прэзідыума Белсавета ДСТ «Энергія».

Казленка, імаверна, узначальваў рэспубліканскую шахматна-шашачную секцыю да падзелу на дзве асобныя і стаў апошнім яе старшынёй.

P.S. Для шашачна-шахматных гікаў – узоры подпісаў васьмі герояў гэтага матэрыялу.

Цытуемыя тэксты падаюцца з захаваннем іх мовы і правапісу.

Дзякую за дапамогу пры падрыхтоўцы артыкула Аляксандру Гужалоўскаму, Вольфу Рубінчыку і Сяргею Шапрану.

Да 100-годдзя з часу заснавання шахматна-шашачнай секцыі Беларусі: крымінальная справа Георгія Лукашэвіча.

Да 100-годдзя з часу заснавання шахматна-шашачнай секцыі Беларусі: пачатак.

Да 100-годдзя з часу заснавання шахматна-шашачнай секцыі Беларусі: Леў Леў.

Report Page