Шашачныя фатаграфіі сярэдзіны 1930-х гадоў

Шашачныя фатаграфіі сярэдзіны 1930-х гадоў

Віталь Аніська

У фондах музея гісторыі горада Мінска захоўваюцца дзве фатаграфіі, на якіх адлюстраваны вядомы беларускі шашыст Дзяніс Гардзевіч падчас турніраў у сярэдзіне 1930-х гадоў. Іх перадала ўнучка Дзяніса Ігнацьевіча Ала Малыхіна. Вялікі дзякуй за сканы здымкаў супрацоўніцы музея Яўгеніі Стальмаховай.

На першай фатаграфіі партыя Дзяніса Гардзевіча з Мордухам Эльяй, зробленая на Усесаюзым турніры ЦК саюза інструментальна-станкабудаўнічай прамысловасці, які праходзіў з 20 па 30 лістапада 1935 года ў г.Ягор’еўск (Маскоўская вобласць, РСФСР).

Гэты турнір быў адным з этапаў Усесаюзнага першынства прафсаюзаў. Інфармацыю пра яго знайсці пакуль не ўдалося, але, мяркуючы па тым, што Гардзевіч праз два тыдні гуляў ужо ў наступным этапе – паўфінале, ён турнір у Ягор’еўску выйграў. Дарэчы, яго сапернік Элья – таксама мінчанін, станавіўся прызёрам чэмпіянатаў горада і Беларусі. Удзельнічаў у першым малым чэмпіянаце СССР і паўфінале саюзнага першынства 1930 года. У Ягор’еўску ён гуляў за ленінградскі завод Свярдлова. Гардзевіч жа прадстаўляў мінскі завод Варашылава, дзе працаваў кавалём. На заднім плане відаць расцяжку з заклікам да народных мас Абісініі – турнір праходзіў падчас італа-эфіопскай вайны. Цікавы і абарот фатаграфіі.

Бачым дату і памятны надпіс Эльі: “Помни! О партии которая решила судьбу!”. Відаць, вынік іх партыі і вырашыў лёс першага месца.

Другая фатаграфія не падпісана. Верагодна, яна была зроблена падчас чэмпіянату Беларусі 1933 года.

Гардзевіч гуляе з Ісаакам Храпуновічам. Меркаваць, што гэта менавіта 1933 год, схіляе прысутнасць на фатаграфіі масквіча Барыса Міроціна (ён стаіць за гадзіннікам). Ураджэнец Гомеля, майстар спорту, ён толькі адзін раз быў запрошаны згуляць па-за конкурсам у беларускім першынстве – у 1933 годзе.

"64. Шахматы и шашки в массы" 1933 год "№11/12

Як бачым, у тым чэмпіянаце Гардзевіч і Храпуновіч падзялілі трэцяе месца. Апошні быў адным з мацнейшых шашыстаў Віцебска тых часоў. Падчас Другой сусветнай вайны ён прапаў без вестак. Дзяніс Гардзевіч з вайны вярнуўся. Потым ён тройчы станавіўся чэмпіёнам Беларусі, узначальваў рэспубліканскую шашачную секцыю.

Гэты здымак – першая знойдзеная даваенная шашачная фатаграфія, зробленая на тэрыторыі БССР.

Report Page