Ілья Гардон: першы чэмпіён, першы трэнер
Віталь АніськаІлья Сямёнавіч (Элья Шымонавіч) Гардон нарадзіўся 5 чэрвеня 1904 года ў Мінску. Вядома, што ў 1920-х гадах яго бацька працаваў зубным лекарам, сям’я жыла ў Траецкім прадмесці па адрасе: Камунальная вуліца, 3 – 3 (цяпер гэта вуліца Максіма Багдановіча). Малодшы брат Ільі Самуіл таксама займаўся шашкамі, стаў майстрам спорту і чэмпіёнам Беларусі.
Пасля заканчэння адной са школ другой ступені Гардон, здаўшы поўны калоквіум, у 1922 годзе паступіў на фізіка-матэматычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Магчыма, спецыяльнасць ён абраў пад уплывам Аляксандра Круталевіча, які выкладаў матэматыку ў Белпедтэхнікуме.
Правучыўся ў БДУ Гардон нядоўга. Спачатку ён быў пакінуты на другі год на першым курсе, а 29 чэрвеня 1924 года адлічаны згодна з рашэннем цэнтральнай камісіі па праверцы якаснага складу студэнтаў. Паглядзець сканы лекцыйнай кніжкі і фармулярнага ліста студэнта Гардона можна тут.

У друку паведамлялася, што ў пачатку 1927 года Ілья Гардон быў прызваны на ваенную службу і адкамандзіраваны ў Віцебск. Іншых дэталяў яго біяграфіі знайсці пакуль не ўдалося.
У афіцыйных турнірах Гардон дэбютаваў у снежні 1922 года, калі прыняў удзел у першым чэмпіянаце Мінска, дзе заняў шостае месца. Турнір даў штуршок Гардону да больш сур’ёзных заняткаў шашкамі. Аркадзь Ракітніцкі пісаў пра гэта так:
«Першыя ў жыцці спаборніцтвы настолькі зацікавілі юнака, што ён з вялікім запалам увесь свабодны час аддае вывучэнню тэорыі шашак, сустрэчам з братамі Круталевічамі, якія ахвотна бяруць шэфства над здольным аматарам. Ілья наведвае клубы, дзе за вечар паспявае згуляць дзесяткі партый з любым, нават пачынаючым шашыстам. Гэта хутка дае свой плён».
І сапраўды, першы чэмпіянат Беларусі, які адбыўся ў канцы чэрвеня 1925 года, Гардон упэўнена выйграў, не прайграўшы ні адной партыі і апярэдзіўшы праследвальнікаў на паўтара ачка.
Праз два месяцы ён удала для дэбютанта згуляў у другім першынстве Савецкага Саюза: 25½ ачкоў і дзялёж 13-16-га месцаў з 26 удзельнікаў. Усім, хто набраў больш за 50% ачкоў, прысвоілі званне майстра. Такім чынам, Гардон стаў другім беларускім майстрам пасля Барыса Круталевіча.
Пасля ён прымаў удзел яшчэ ў трох фіналах саюзных пяршынстваў: трэцім, пятым і шостым, дзе займаў дзясятае і двойчы дзявятае месцы адпаведна.

Акрамя чэмпіянатаў СССР, Гардон гуляў і ў іншых спаборніцтвах, якія збіралі мацнейшых савецкіх ігракоў. У паказальным турніры майстроў, што пайшоў у Маскве восенню 1931 года, ён стаў восьмым з дзесяці. Двойчы Гардон выходзіў у фінал першынства Усесаюзнага цэнтральнага савета прафсаюзаў (ВЦСПС), якое па ўзроўню не саступала чэмпіянатам СССР. У 1938 годзе ён заняў у ім 12-е месца пры 22 удзельніках.
Амаль ва ўсіх буйных спаборніцтвах саюзнага ўзроўню Гардон займаў месцы ў сярэдзіне турнірнай табліцы. Ён не правальваўся, але і не прэтэндаваў на медалі. Гэта было следствам яго стылю гульні. За празмерную асцярожнасць і нежаданне рызыкаваць Гардона (як і некаторых іншых майстроў) крытыкаваў найлепшы шашыст СССР Васіль Сокаў.
Аднак такі спакойны стыль не замінаў Гардону заставацца наймацнейшым іграком Беларусі на працягу амаль 15 гадоў. Толькі ў другім чэмпіянаце рэспублікі, які адбыўся ў 1928 годзе, ён даў апярэдзіць сябе брату Самуілу, а пасля выйграў усе пяршынствы БССР да 1938 года ўключна, якіх прайшло шэсць ці сем (у 1933 годзе першае месца падзяліў з Барысам Берлінковым). У 1937 годзе Гардон нават апярэдзіў Васіля Сокава, які гуляў па-за конкурсам. Аднак перамагаць станавілася ўсё цяжэй – падрастала таленавітая моладзь. У двух апошніх даваенных чэмпіянатах Беларусі Гардон у тройку прызёраў не трапіў.

Да выхавання шмат каго з гэтай моладзі Гардон меў непасрэднае дачыненне. Цяжка пераацаніць яго ўклад у развіццё беларускіх шашак у якасці трэнера. Ужо ў 20 гадоў Гардон пачаў весці заняткі шашачнага гуртка ў клубе медработнікаў. Падаецца, што з часам менавіта праца ў рабочых клубах (пасля былі яшчэ імя Леніна, друкароў, імя Маркса, харчавікоў, будаўнікоў, гарбароў), быўшых тады асяродкамі шашачнага жыцця, стала яго асноўным заняткам.
Гардон быў першым прафесійным беларускім трэнерам (Аляксандр Круталевіч, які пачаў весці гурткі раней, рабіў гэта ў вольны ад працы час, і нядоўга, некалькі гадоў), прычым працаваў з усімі: ігракамі-разраднікамі, жанчынамі, школьнікамі, аматарамі.
У сярэдзіне 1930-х гадоў у СССР вялікая ўвага стала надавацца шахматна-шашачнай працы са школьнікамі, пачалі праводзіцца пяршынствы краіны. У першым з іх за каманду Беларусі выступаў бабруйчанін Веніямін Гарадзецкі, будучы гросмайстар, які пазней ўспамінаў, што перад турнірам майстар Гардон паказваў яму тэарэтычныя варыянты. Напрыканцы 1934 года для 50 найбольш здольных шахматыстаў і шашыстаў школьнікаў Мінска быў арганізаваны цэнтральны гурток, лекцыі па шашках у якім чытаў Гардон.

29 верасня 1936 года ў сталіцы БССР урачыста адкрыўся Палац піянераў і школьнікаў. Майстар Гардон, які стаў весці там шашачны гурток, за амаль пяць гадоў працы падрыхтаваў шэраг моцных ігракоў. Саламон Борак быў чэмпіёнам Савецкага Саюза сярод школьнікаў і сярэбраным прызёрам мужчынскага першынства рэспублікі 1938 года. А. Агародніцкі падзяліў першае-пятае месцы ў чэмпіянаце БССР 1941 года, быў прызёрам бальнага турніру мацнейшых шашыстаў Мінска. Хацкель Ідэльсон двойчы станавіўся пераможцам усебеларускага першынства школьнікаў, а напрыканцы 1940 года падзяліў першае месца ў чэмпіянаце Мінска сярод мужчын. На жаль, усе трое загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны.
З 1936 года займаўся ў Гардона і Ізраіль Бельскі, які да вайны быў прызёрам першынства Беларусі сярод школьнікаў і чэмпіянату Мінска сярод мужчын. Пасля ён шмат разоў перамагаў у пяршынствах горада, некалькі разоў станавіўся прызёрам чэмпіянатаў рэспублікі, атрымаў званне майстра спорту.
Таксама Бельскі працягнуў справу Гардона ў Палацы піянераў і стаў выдатным трэнерам: у яго пачыналі займацца шматразовы чэмпіён свету Анатоль Гантварг, двухразовая чэмпіёнка СССР Алена Соркіна, дзясяткі майстроў спорту, якія перамагалі ў турнірах саюзнага і рэспубліканскага ўзроўню. Ізраіль Бельскі адзначаў эрудзіраванасць, культуру і ўменне Ільі Сямёнавіча ствараць асаблівую атмасферу на занятках, з якіх не хацелася сыходзіць.

З жанчынамі Гардон пачаў працаваць яшчэ ў сярэдзіне 1920-х гадоў у клубе друкароў. У 1934 годзе ўпершыню прайшоў жаночы чэмпіянат Беларусі. Ён стаў першым турнірам па шашках сярод жанчын такога ўзроўню, праведзеным у Савецкім Саюзе. Пасля гэтага чэмпіянату пры шахматна-шашачным клубе Мінска быў арганізаваны жаночы гурток, кіраўніком якога стаў Гардон.
У 1934 і 1935 гадах зборная прафсаюзаў Беларусі паспяхова правяла некалькі выязных матчаў, у тым ліку з моцнымі камандамі Масквы і Кіева. Гардон не толькі гуляў на першай дошцы, але і трэніраваў зборную. Ён спрычыніўся да прагрэсу ўваходзіўшых у яе склад першакатэгорнікаў Барыса Берлінкова і Дзяніса Гардзевіча, стаўшых пасля майстрамі спорту.

Прыклаў руку Гардон і да перамогі прадстаўніка БССР Рыгора Калесенкі ў першым Усесаюзным чэмпіянаце калгаснікаў у 1939 годзе, перадаўшы яму перад турнірам сшытак са 115 камбінацыямі.
Шмат для развіцця шашак у Беларусі Гардон зрабіў і як функцыянер. Ён тройчы ўключаўся ў склад шахматна-шашачнай секцыі Беларусі: у 1926, 1929 і 1939 гадах. У пачатку 1930-х гадоў узначальваў гарадскую секцыю, пасля быў інспектарам па шахматах і шашках камітэта па справах фізічнай культуры і спорту Мінска.
Таксама Ілья Сямёнавіч рэдагаваў аддзелы ў беларускай прэсе, чытаў лекцыі і даваў сеансы адначасовай гульні ў Мінску і іншых гарадах Беларусі, судзіў спаборніцтвы (у 1940 годзе яму прысвоілі званне суддзі рэспубліканскай катэгорыі).
У сярэдзіне чэрвеня 1941 года Гардон паехаў у Растоў-на-Доне на паўфінал чэмпіянату СССР. За некалькі тураў да канца спаборніцтваў пачалася Вялікая Айчынная вайна.

Ізраіль Бельскі, які з сябрамі пакінуў Мінск 25 чэрвеня, сустрэў свайго настаўніка ў Куйбышаве (цяпер – Самара). Пазней Гардон быў прызваны ў армію. Аркадзь Ракітніцкі пісаў, што ён загінуў на Ленінградскім фронце ў 1943 годзе.
Ракітніцкі ўспамінаў Ілью Гардона як чалавека сціплага, інтэлігентнага і даволі мяккага па характары, што не перашкаджала прынцыповасці, цвёрдасці і настойлівасці на спаборніцтвах і пры выкананні грамадскіх абавязкаў, якіх у яго заўсёды было нямала.
