Першы чэмпіянат Беларусі па шашках
Віталь АніськаЧэрвень 1925 года. 10-га чысла Янку Купалу надалі «імя беларускага народнага поэты». Па рэспубліцы праходзяць урачыстыя вечары з гэтай нагоды. Галоўнае святкаванне адбылося 23 чэрвеня ў Беларускім драматычным тэатры ў Мінску. Магчыма, на ім прысутнічаў і шашыст Аляксандр Круталевіч, які добра ведаў Купалу, працаваў разам з ім у Камісарыяце асветы БССР, Навукова-тэрміналагічнай камісіі і Інстытуце беларускай культуры.

Чым яшчэ жыла рэспубліка ў чэрвені 1925 года? Камунальны банк БССР пастанавіў праводзіць шырокае крэдытаванне кватэрных таварыстваў. Мінск наладзіў паветраную паштовую сувязь з Масквой. З-за моцнага абмялення Прыпяці параходы Мазыр – Кіеў прыходзяць са значным спазненнем. З Нью-Ёрка атрыманы фрэзерны станок і інструмент для апрацоўкі металу. У Мінску ідуць суды над польскімі і латвійскімі шпіёнамі. У Полацку – эпідэмія брушнога тыфу. Амаль ва ўсіх акругах БССР распачата праца па асушэнні балот, у тым ліку Камароўскага ў сталіцы.
Для азнаямлення Заходняй Еўропы з беларускай культурай Савет Народных Камісараў рэспублікі прымае рашэнне камандзіраваць паэтаў Янку Купалу, Цішку Гартнага і Міхася Чарота ў Германію і на Парыжскую мастацкую выстаўку. На яе таксама адпраўляюць тыповага беларускага дудара – старога Сцяпана Шыкаўца з вёскі Хаўхоліцы Барысаўскага раёна, а таксама яго сваяка Нікіфара Шыкаўца, выканаўцу народных танцаў.
У сярэдзіне месяца БССР наведвае старшыня выканкама Чырвонага спартыўнага інтэрнацыянала Падвойскі. На мітынгу фізкультурнікаў Мінска, які праходзіць пад лозунгам «Прэч буржуазны мілітарыстычны спорт!», ён выступае з пратэстам супраць зрыву ўдзелу СССР у Франкфурцкай рабочай алімпіядзе.
На гастролі ў Мінск прыязджае чалавек-маланка Ампер-старэйшы, ад якога можна запальваць папіросы. У канцы месяца чакаюць таксама поўны склад трупы маскоўскага тэатра Меерхольда. У кінатэатрах ідуць усходняя фантазія ў сямі частках «Шахеразада» і манументальны фільм пра эпоху Старажытнага Рыма часоў Клаўдзія «Месаліна».

У такой атмасферы ў Мінску праходзіць другі Усебеларускі шахматна-шашачны з’езд, у рамках якога адбыўся першы чэмпіянат БССР па шашках.
Спроба правесці яго рабілася яшчэ ў кастрычніку 1924 года. Аляксандр Круталевіч па вяртанні з першынства Савецкага Саюза напісаў у рэдагуемым ім аддзеле ў газеце «Савецкая Беларусь» пра жаданне шахматна-шашачнай секцыі пры Вышэйшым савеце фізічнай культуры БССР арганізаваць чэмпіянат да канца года.
Зрабіць гэта аднак удалося толькі ў 1925 годзе. У маі газеты паведамлялі, што ў шашачнае першынство Беларусі плануецца дапусціць 6-8 чалавек ад Мінска, па два – ад Бабруйска і Віцебска, па адным – ад астатніх сямі акругаў рэспублікі. Заявы на ўдзел, падмацаваныя шашачнай аўтабіяграфіяй і сваімі партыямі ці творамі (задачамі, эцюдамі і г.д.), трэба было накіраваць у шахматна-шашачную секцыю Беларусі да 1 чэрвеня.
Вялікі адборачны турнір правялі ў Мінску: 48 ігракоў былі падзелены на шэсць груп, па два пераможцы кожнай з іх выходзілі ў фінал. Планавалася, што там да іх далучацца ўдзельнікі чэмпіянату СССР 1924 года браты Круталевічы, але гэтага не адбылося. Барыс, першы беларускі майстар, які быў яўным фаварытам першынства, увогуле не прыняў у ім удзелу. Маючы слабое здароўе, ён, відаць, вырашыў ашчадзіць сілы на другі чэмпіянат СССР, які пачынаўся ўжо ў жніўні. Аляксандр жа быў дапушчаны ў першынство Беларусі наўпрост.
18 удзельнікаў сабраў гарадскі турнір у Бабруйску. У ім гулялі мацнейшыя мясцовыя шашысты: Гордзін, Гарэлік, Казючыц, Гіршэнгорн.
Недарэмна два месцы было выдзелена Віцебску, там хапала добрых ігракоў: Рам, А. Рыжкоў, браты Струціеўскія і іншыя. Але нікога з іх у Мінск не адправілі. Не камандзіравалі сваіх прадстаўнікоў на першынство і іншыя акругі. З-за гэтага ў ім згуляла больш мінчан, чым планавалася.
Другі Усебеларускі шахматна-шашачны з’езд адкрыўся 20 чэрвеня а шостай вечара ў клубе «Чырвоны прафінтэрн». Былі заслуханы даклады шахматна-шашачнай секцыі БССР і дэлегатаў з рэгіёнаў, у якіх распавядалася пра дасягненні з часу правядзення першага з’езда і наракалася на праблемы, галоўнай з якіх была адсутнасць сродкаў на шахматна-шашачную працу.
«Чырвоны прафінтэрн» быў цэнтральным рабочым клубам Мінска, ён размяшчаўся ў будынку Дома працы, які захаваўся да нашага часу (цяперашні адрас: плошча Свабоды, 23). Пры клубе працаваў шахматна-шашачны гурток, рэгулярна праводзіліся турніры і сеансы адначасовай гульні.

20 чэрвеня адбыўся і першы тур шашачнага чэмпіянату, які сабраў 12 удзельнікаў: бабруйчан Якава Гордзіна і В. Казючыца, а таксама мінчан А. Бермана, Ілью Гардона, Самуіла Гардона, Вадзіма Касперскага, Аляксандра Круталевіча, А. Курдзіна, Г. Прэсмана, Я. Фельдмана, Хейфеца, А. Юршчыка.
Пра большасць з іх я пісаў раней. З астатніх можна выдзеліць удзельніка першага чэмпіянату Мінска Курдзіна і друкара Юршчыка. У маі 1928 года па выніках мінскіх гарадскіх камандных спаборніцтваў прафсаюзаў Юршчыку прысвоілі першую катэгорыю. Праз некалькі месяцаў ён прыняў удзел у другім першынстве Беларусі, дзе заняў высокае сёмае месца. У 1929 годзе быў уключаны ў склад прафсаюзнай каманды Мінска і акругі на выязныя матчы ў Ленінградзе. Набраўшы два ачкі з трох магчымых, Юршчык стаў адным з лепшых у нашай камандзе. Пасля яго сляды губляюцца.
Пра ход чэмпіянату прэса амаль не пісала, дала толькі кароткія вынікі. Вядома, што пасля няўдалага старту з яго выбылі Круталевіч, Юршчык і Хейфец. Упэўненую перамогу атрымаў 21-гадовы Ілья Гардон, які набраў 6½ ачкоў з 8. Ён быў адзіным, хто не прайграў ніводнай партыі. Табліцу першынства, якое закончылася 27 чэрвеня, апублікаваў ленінградскі часопіс «Резец».

Ён жа прывёў і адну з партый.
А. Берман – І. Гардон, тур 3, 22 чэрвеня
1. cb4 bc5 2. bc3 fg5 3. ba5 gh4 4. ab2 gf6 5. cd4 fg7 6. d:b6 a:c5 7. gf4 ba7 8. fg5 h:f4 9. e:g5 gh6 10. bc3 h:f4 11. fg3 h:f2 12. e:g7 h:f6 13. cb4 cd4 14. de3? d:f2 15. g:e3

15. … ab6 16. cd2 bc5 17. dc3 fe5 18. hg3 ef6 19. gh4 de7 20. ef4 e:g3 21. h:f2 fe5 22. fe3 ef6 23. ef4 e:g3 24. cd4 c:e3 25. bc5 d:b4 26. a:c5 ef2 з выйгрышам. Іншых партый знайсці пакуль не атрымалася.
У дзень заканчэння чэмпіянату пераможцы кінуў выклік Аляксандр Круталевіч. Матч з дзесяці партый з лікам +6 –4 выйграў Ілья Гардон. Перамога дала яму званне іграка першай катэгорыі СССР. Восьмую партыю гэтага матчу са сваімі каментарамі першы чэмпіён Беларусі апублікаваў у жніўні 1926 года.
А. Круталевіч – І. Гардон
1. cd4 de5 2. bc3 ed6 3. gh4 fe7 (Гэты ход, які рэдка гуляецца, я з поспехам прымяняў ва ўсесаюзным шашачным чэмпіянаце 1925 г. Мэтай яго з’яўляецца аслабленне левага фланга белых праз пагрозу «кала» на іх правым фланзе) 4. ab2 ba5 (Мэта дасягнута: левы фланг белых аслаблены. Пачалася атака слабога месца: чорныя пагражаюць a5–b4, выклікаючы далейшае аслабленне левага фланга праціўніка) 5. ab4 ef4 6. e:g5 h:f4 7. fe3 gh6 8. e:g5 h:f4 9. ba3 hg7 10. de3? (Белыя, імкнучыся вызваліцца ад ненавіснага кала, не ўлічылі ўсіх наступстваў) 10. … f:d2 11. c:e3 (У гэтым становішчы чорныя выйграюць прыгожай і нечаканай камбінацыяй)

11. … fg5! 12. h:h8 ef6 13. h:e5 d:d2 Круталевіч здаўся.
Першынство згуляла важную ролю ў часы станаўлення шашачнага руху ў Беларусі і паклала пачатак ужо 100-гадовай гісторыі нацыянальных чэмпіянатаў.