100 гадоў таму нарадзіўся Віктар Грушэцкі – чэмпіён Беларусі па шашках, пра якога пісаў Вайновіч

100 гадоў таму нарадзіўся Віктар Грушэцкі – чэмпіён Беларусі па шашках, пра якога пісаў Вайновіч

Віталь Аніська
В редакции нас принял главный редактор газеты полковник Грушецкий, полный человек лет пятидесяти, про которого мы еще по дороге узнали от Шапы, что он родственник какого-то украинского члена Политбюро и мастер спорта по шашкам. Шашки – его любимое и пропагандируемое им увлечение. Он в газете завел раздел шашек, редактирует его самолично и мало интересуется другими материалами.
Особенной чертой Грушецкого, которую я сразу отметил, было то, что он говорил тихо и всегда улыбался. Я знал двух человек, которые улыбались всегда, во всех обстоятельствах (второй – Юрий Николаевич Верченко, о нем речь впереди). Я их обоих держал в памяти, когда в “Чонкине” описывал капитана Милягу.

Так пачынаецца раздзел “Полковник Грушецкий” кнігі Уладзіміра Вайновіча “Автопортрет: роман моей жизни”. Працяг па спасылцы.

А нарадзіўся і пачаў займацца шашкамі Віктар Лаўрэнцьевіч Грушэцкі ў Віцебску. Ужо ў 14-гадовым узросце (вельмі рана для тых часоў) ён дэбютаваў ў чэмпіянаце Беларусі і, хаця ў пяцёрку лепшых не трапіў, “добился большого успеха”, як напісалі ў “64. Шахматно-шашечной газете”. Праз два гады, у 1938 годзе, Віктару Грушэцкаму не хапіла ўсяго паўачка, каб стаць прызёрам – ён чацвёрты.   

Але ўжо ў наступным першынстве Беларусі, у снежні 1939 года, Грушэцкі падзяліў першае месца з мінчанінам Каплановічам. Спачатку чэмпіёнамі былі аб’яўлены абодва, але потым рэспубліканскім камітэтам па справах фізкультуры і спорта было прынята рашэнне правесці “залаты матч”. Прычым пры нічыёй у ім званне чэмпіёна заставалася неразыграным.

"Звязда" 1940 год № 74

Матч адбыўся вясной 1940 года ў Мінску. Даволі ўпэўненна яго выйграў Віктар Грушэцкі, які стаў усяго трэцім пасля майстра Іллі Гардона і земляка Бера Берлінкова пераможцам чэмпіянату Беларусі ў 15-гадовай на той момант іх гісторыі.

"Звязда" 1940 год № 80

Вось фрагмент адной з партый матча, верагодна, першай ці другой, дзе Каплановіч мог выйграць (прыводзіцца па кнізе І.Купермана і У.Каплана “Начала и середина игры в шашки”, 1957). Грушэцкі гуляў белымі.

1.cd4 dc5 2.bc3 fg5 3.cb4 gf6 4.bd6 ec5 5.gh4 fe5 6.df6 ge7 7.ab2 cd6 8.bc3 hg7 9.hg3 gf6 10.gf4 ba5 11.fg3 bc7 12.gh2 fe5 13.ed4 cg5 14.hd4 hg5! 15.de3 cb6 16.cd2 gh4 17.gf4 ef6! і ў белых цяжкая нічыя.

Апошні перадваенны чэмпіянат Беларусі, які праходзіў у красавіку-траўні 1941 года, закончыўся дзеляжом першага месца пяццю (!) удзельнікамі. Грушэцкі меў усе шанцы на чыстую перамогу і другі запар тытул, але ў апошнім туры прайграў майстру Гардону і быў дагнаны. Веніямін Гарадзецкі, Віктар Грушэцкі, Хацкель Ідэльсон, Д.Канішчыкер і А.Агародніцкі мусілі згуляць дадатковы турнір для вызначэння чэмпіёна, але пачалася вайна. І лёс склаўся так, што ніхто з пяці пасля яе ў Беларусь ужо не вярнуўся – апошнія трое загінулі на фронце, Веніямін Гарадзецкі пераехаў у Маскву, стаў чэмпіёнам СССР і гросмайстрам, пра Віктара Грушэцкага ніжэй.

"64. Шахматно-шашечная газета" 1941 год № 21

Яшчэ ў канцы 1930-х гадоў Грушэцкі пачаў працаваць карэспандэнтам у газеце “Віцебскі рабочы”, таму нядзіўна, што ў ліпені 1942 года ён быў назначаны сакратаром рэдакцыі дывізіённай газеты “Ворошиловский залп”, у складзе якой і прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну, стаўшы намеснікам рэдактара і гвардыі капітанам. Быў узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”, ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені і інш.

Пасля вайны Віктар Грушэцкі працаваў у ваенных газетах Далёкаўсходняй акругі. Да гэтага перыяду і адносіцца знаёмства з ім Уладзіміра Вайновіча. Падрабязней пра перыяд працы ваенным журналістам можна прачытаць у артыкуле газеты “Суворовский натиск”, адказным рэдактарам якой ён быў на працягу 11 гадоў.

За гэты час Віктар Грушэцкі ўнёс вялікі ўклад у развіццё шашак на Далёкім Усходзе. Ён праводзіў турніры рознага ўзроўню, сам гуляў у спаборніцтвах ад першынства Хабараўска да чэмпіянату Савецкага Саюза па перапісцы, быў вядомым шашачным арбітрам – у 1974 годзе ён стаў галоўным суддзёй ХХХIV чэмпіянату Савецкага Саюза па рускіх шашках сярод мужчын у Калінінградзе. Дарэчы, менавіта ў ім свой чацвёрты і апошні тытул чэмпіёна СССР заваяваў мінчанін Аркадзь Плакхін.

Першы асабісты чэмпіянат Узброеных Сілаў СССР, 1964 год. Віктар Грушэцкі сядзіць другі справа. http://64-100.com/20-y-den-rozhdeniya-borisa-shkitkina

У 1979 годзе ў званні палкоўніка Віктар Грушэцкі звольніўся ў запас і пераехаў у Рыгу. Там выбіраўся ў прэзідыум федэрацыі шашак Латвіі, быў намеснікам старшыні, дапамагаў сваім досведам супрацоўнікам часопіса “Шашки”. Працягваў гуляць і судзіць спаборніцтвы. У 1982 годзе ўвайшоў у дзясятку лепшых суддзяў СССР. Пайшоў з жыцця ў 1990 годзе.

Часопіс "Шашки" 1990 год № 3

З 1997 года ў Хабараўску праводзіўся турнір памяці майстра спорту В.Л.Грушэцкага. З біяграфіяй і прыкладамі шашачнай творчасці Віктара Лаўрэнцьевіча можна пазнаёміцца ў кнігах А.М.Нікалаева “Русские шашки на Дальнем Востоке” (1997) і “Шашки – игра военных” (2013).

Report Page