Самуіл Гардон: забыты маэстра

Самуіл Гардон: забыты маэстра

Віталь Аніська

Майстар шашачнай гульні (1927), чэмпіён Ленінграда (1927) і Беларусі (1928), удзельнік двух чэмпіянатаў СССР (1927, 1934). Здавалася б, пра спартсмена з такімі дасягненнямі павінны былі пісаць гісторыкі шашак. Аднак пра Самуіла Гардона, а гаворка пра яго, можна знайсці толькі мінімальную інфармацыю. Амаль не ўзгадваў на старонках сваіх кніг пра Гардона і Аркадзь Ракітніцкі, хаця ведаў яго асабіста. Доўга не было ўпэўненасці, што Самуіл – гэта брат першага чэмпіёна Беларусі Ільі Гардона.

За апошнія гады ўдалося знайсці шмат інфармацыі пра аднаго з таленавіцейшых шашыстаў Беларусі і Савецкага Саюза 1920-х гадоў. Хаця прабелаў у яго біяграфіі хапае і пошукі працягваюцца. Пакуль жа ў многіх момантах, не маючы поўных дадзеных, прыходзіцца рабіць дапушчэнні.

Самуіл Сямёнавіч Гардон нарадзіўся 27 студзеня 1909 года ў Мінску. Шашыст Барыс Абрамаў са словаў Ракітніцкага расказваў, што бацька братоў Гардонаў быў вядомым зубным урачом, сям’я жыла ў Траецкім прадмесці.

Від на Траецкае прадмесце ў 1941 годзе

Дзе вучыўся Самуіл, пакуль невядома. Вучань з такімі ж прозвішчам і іменем ёсць сярод скончыўшых поўны курс 4-й сямігадовай школы Мінска ў 1923 годзе, але яму на той момант было 16 гадоў. Магчыма, што гэта быў усё-такі наш герой, бо матэматыку ў школе з 1920 года выкладаў Аляксандр Круталевіч, і тады становіцца зразумела, адкуль у Самуіла Гардона магла з’явіцца цікавасць да шашак. Вядома, што ў 1924 годзе пры гэтай школе Круталевіч арганізаваў шашачны гурток.

Інфармацыя пра Гардона на старонках беларускай прэсы пачынае сустракацца ў 1925 годзе. У лютым ён выйграў у першага беларускага майстра Барыса Круталевіча ў сеансе адначасовай гульні. У маі пры 48 удзельніках пачаўся агульнагарадскі турнір. Гардон добра згуляў у сваёй групе, трапіў у фінал і адтуль адабраўся ў першы чэмпіянат Беларусі, які прайшоў у канцы чэрвеня. У ім Гардон падзяліў чацвёртае месца з Фельдманам, да тройкі прызёраў не хапіла ўсяго паўачка. Перамог у турніры Гардон-старэйшы – Ілья.

Цікава, што 6 ліпеня 1925 года ў рэестр прамысловых узораў быў унесены прыбор для гульні ў шахматы і шашкі, з прыстасаваннямі для замацавання фігур на дошцы, аўтарства С. С. Гардона з Масквы. Магчыма, там ён тады знаходзіўся ці зрабілі памылку ў «Вестнике по делам изобретений», апублікаваўшым гэтую інфармацыю.

Пасля Гардон пераязджае ў Ленінград. У кастрычніку 1925 года ён пачынае гуляць у гарадскім турніры першай катэгорыі. У студзені наступнага года часопіс «64. Шахматы и шашки в рабочем клубе» (далей – «64») піша пра гэты турнір, што праходзіць у цэнтральным клубе Ленінграда з удзелам 10 чалавек, у тым ліку дзеючага чэмпіёна горада Смірнова:

«Первое место почти обеспечено за Гордоном (брат И. Гордона, участника последнего Всесоюзного чемпионата) – несмотря на свои 16-17 лет он несомненно является одним из лучших игроков, находящихся в Ленинграде».

У выніку ён і выйграў турнір, набраўшы 15½ ачкоў з 18. Аднак у пачаўшымся неўзабаве чэмпіянаце Ленінграда Гардон па нейкай прычыне гуляць не стаў.

Нягледзячы на пераезд, Гардон часта бываў на радзіме. 26 мая 1926 года ён заняў другое месца ў аднадзённым турніры мацнейшых ігракоў у мінскім клубе імя Маркса, саступіўшы толькі брату, які ўжо стаў майстрам, і апярэдзіўшы Барыса Міроціна.

Тады ж, а таксама летам, ён згуляў з апошнім серыю трэніровачных партый у Мінску. І быў крыху мацней за саперніка (+4–3=10) – аднаго з найлепшых савецкіх ігракоў, які ў другім чэмпіянаце СССР заняў сёмае месца.

Гардон быў персанальна запрошаны да ўдзелу ў першынстве Беларусі, якое меліся правесці ў пачатку жніўня, але турнір адмянілі ў сувязі з уведзеным у краіне рэжымам эканоміі.

У пачатку 1927 года Гардон выйграў першынство саюза транспартных рабочых Ленінграда, у якім удзельнічала 20 мацнейшых ігракоў горада. Пасля праз асобны турнір ён адабраўся ў трэці чэмпіянат СССР, які прайшоў у кастрычніку ў Маскве. Гардон набраў 11½ ачкоў з 19 і падзяліў восьмае-дзевятае месцы. На радок ніжэй у табліцы размясціўся брат Ілья.

Па выніках першынства Самуілу Гардону было прысвоена званне майстра шашачнай гульні.

Разам з Львом Рамам, які пачынаў займацца шашкамі ў Віцебску, яны сталі першымі ленінградскімі майстрамі.

У канцы 1927 года Гардон яшчэ паспеў перамагчы ў чэмпіянаце Ленінграда.

Самуіл Гардон не абмяжоўваўся толькі ўдзелам у спаборніцтвах. Вясной 1927 года ў ленінградскай маладзёжнай газеце «Смена» адкрыўся шашачны аддзел пад яго рэдакцыяй.

11 лютага 1928 года Гардон з Рамам правялі сеанс адначасовай гульні на 100 дошках падчас вялікага прафсаюзнага шахматна-шашачнага свята.

Гардон чытаў лекцыі па эндшпілях на адкрытых у красавіку шахматна-шашачных курсах. Гэтыя заняткі наведваў юны Васіль Сокаў, які пасля стаў чэмпіёнам СССР. Тады ж Гардон быў абраны членам кваліфікацыйнай камісіі пры створанай абласной шашачнай камісіі.

Займаўся ён і шашачнай кампазіцыяй. Азнаёміцца з усімі вядомымі на дадзены момант творамі Самуіла Гардона можна па спасылцы.

29-30 красавіка 1928 года прайшоў матч прафсаюзных зборных Масквы і Ленінграда на 15 дошках. Як чэмпіён горада Гардон узначаліў каманду, аднак згуляў няўдала – прайграў абедзве партыі вопытнаму майстру, чэмпіёну Масквы Мікалаю Кукуеву.

Матч Ленінград – Масква. Самуіл Гардон сядзіць крайні справа. «Советский экран» ад 19.06.1928

Другі чэмпіянат БССР, які адбыўся ў кастрычніку 1928 года ў рамках IV Усебеларускага шахматна-шашачнага з’езду, праводзіўся з вялікім размахам. На яго запрасілі ўсіх майстроў, якіх лічылі беларускімі ігракамі: і тых, хто жыў у рэспубліцы (Ілья Гардон, Барыс Міроцін), і тых, хто пачынаў займацца шашкамі ў Беларусі, але пераехаў (Давід Гінзбург, Леў Рам, Самуіл Гардон). Міроцін і Гінзбург па розных прычынах прыняць удзел не змаглі, а Рам і Гардон-малодшы хоць і са спазненнем, аднак прыехалі ў Мінск. У выніку першынство ўпэўнена выйграў Самуіл Гардон: 19 ачкоў (+17=4–0) з 21 – 90% (!). Рам і Ілья Гардон, якія падзялілі другое-трэцяе месца, адсталі ажно на тры ачкі. Апошні ў часопісе «64» так ахарактызаваў гульню брата:

«Стойкая расчетливая игра, запутывание противника с первых ходов, отказ от шаблона и, наконец, колоссальная выдержка – ни одного зевка, ни одного слабого хода за весь турнир, – все эти качества позволяют ожидать от молодого мастера еще более крупных успехов».

І тут мы падыйшлі да самага цікавага. Аркадзь Ракітніцкі ў кнізе «Шашки в БССР» піша, што ленінградскія майстры гулялі па-за конкурсам, і званне чэмпіёна рэспублікі ў другі раз заваяваў Ілья Гардон. І ва ўсіх спісах чэмпіёнаў Беларусі, якія Ракітніцкі прыводзіў у сваіх пазнейшых кнігах, пазначана, што першынство 1928 года выйграў Гардон-старэйшы.

Як аказалася, гэта не так: пасля вывучэння крыніц з упэўненасцю можна казаць, што пераможцам другога чэмпіянату БССР стаў Самуіл Гардон, які быў паўнавартасным удзельнікам турніру.

«Зьвязда» паведамляла, што як пераможца ён атрымаў спецыяльны прыз ад Аляксандра Круталевіча – першы шашачны падручнік Пятрова, выдадзены ў 1828 годзе. Чэмпіёнам Беларусі Самуіла Гардона называлі таксама ў «Савецкай Беларусі», «Чырвонай зьмене», часопісе «64», а таксама ў зборніку партый трэцяга першынства СССР, які выйшаў у 1929 годзе.

У красавіку 1929 года пачаўся чарговы чэмпіянат Ленінграда. Гардон планаваў абараняць званне пераможцы, але пасля адмовіўся ад удзелу па службовых абставінах.

У маі ў Ленінград прыехала прафсаюзная зборная Мінска і акругі і правяла тры матчы: з камандамі саюзаў металістаў і будаўнікоў, а таксама са зборнай горада. У дэбютным і трэцім на першай дошцы паміж сабой гулялі браты Гардоны. Малодшы зноў аказаўся мацней: нічыя і перамога. Падрабязней пра гэтыя матчы я пісаў раней.

У кастрычніку 1929 года меўся адбыцца чацвёрты чэмпіянат СССР. Гардон атрымаў персанальнае запрашэнне, але турнір быў перанесены.

Звесткі пра наступныя гады жыцця Самуіла Гардона маюць абрывачны характар. У «Спадарожніку шахматыста», які быў падпісаны да друку ў маі 1931 года, яго адрас быў пазначаны так: ст. Харык (Усх. Сібір), Іркуцк. Зернесаўгас.

Да 1929 года раз’езд Харык быў чыгуначным паўстанкам, дзе пражывала ўсяго 83 чалавекі. Восенню 1929 года тут была заснавана цэнтральная сядзіба саўгаса-гіганта «Іркуцкі», плошча ворных зямель якога складала прыкладна 80 тысяч гектараў.

Як мінімум з пачатку 1934 года Гардон ужо жыў непадалёк ад Тулы – у Сталінагорску (да 1933 года – Бобрыкі, з 1961-га – Новамаскоўск), дзе будаваўся буйны хімічны камбінат. Дарэчы, у кастрычніку 1932 года часопіс «Шахматы в СССР» пісаў, што на ўдарнай Бобрыкаўскай будоўлі разгортваецца вялікая шахматна-шашачная праца.

На будоўлі Бобрыкаўскага хімкамбіната

Выкажу здагадку, што Гардон быў інжынерам, і ў Сібір і Сталінагорск ён накіроўваўся на будаўніцтва зернесаўгаса і хімкамбіната адпаведна. Падмацоўвае гэтую версію служба Гардона ў інжынерных войсках падчас Вялікай Айчыннай вайны і тое, што кандыдат тэхнічных навук Самуіл Сямёнавіч Гардон (мяркую, што герой нашага артыкула) у 1940-1960-х гадах апублікаваў шэраг прац па ўласцівасцях бетону.

У 1934 годзе Гардон ненадоўга вярнуўся ў шашкі. Ён згуляў у пятым першынстве СССР, якое прайшло ў сакавіку ў Маскве. Пасля вялікай паўзы вынік атрымаўся прадказуема невысокім – дзялёж 13-16 месцаў пры 17 удзельніках. Цікава, што адным з тых, з кім Гардон набраў аднолькавую колькасць ачкоў, быў слухач яго лекцый у 1928 годзе Васіль Сокаў, які толькі што стаў майстрам спорту. Але правальным выступленне Гардона назваць нельга. З 16 партый ён прайграў толькі 2, а 14 згуляў унічыю, у тым ліку з усімі прызёрамі. Ад трэцяга месца Гардона аддзяліла ўсяго два ачкі.

У 1935 годзе шахматна-шашачная секцыя СССР арганізавала праверку шашачных майстроў згодна з іх спартыўнымі дасягненнямі за пяць гадоў. Званне майстра захавалі 20 чалавек, яшчэ за трыма яго замацавалі пажыццёва. Астатнія, у тым ліку і Самуіл Гардон, былі пераведзены ў першую катэгорыю.

У снежні 1935 года ён згуляў у адной з паўфінальных груп першынства ВЦСПС (Усесаюзнага цэнтральнага савета прафсаюзаў), аднак у фінал не выйшаў.

Тут можна паглядзець усе знойдзеныя партыі Самуіла Гардона, некалькі з якіх ён пракаментаваў сам.

Згодна з інфармацыяй сайта «Память народа» Гардон быў прызваны ў армію 28 жніўня 1941 года. Служыў у розных інжынерна-сапёрных брыгадах. У сакавіку 1943 года быў паранены. Вайну закончыў інжынерам-капітанам, старшым тэхнікам у армейскім упраўленні ваенна-палявога будаўніцтва № 24. Дэмабілізаваўся 11 верасня 1945 года.

Самуіл Гардон. «Память народа»

Самуіл Гардон быў узнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі», «За абарону Масквы», «За перамогу над Германіяй», да 40-годдзя Перамогі ў 1985 годзе – ордэнам Вялікай Айчыннай вайны І ступені, які ўручаўся ўсім застаўшымся ў жывых ветэранам – кавалерам ордэнаў і медалёў, атрыманых у гады вайны.


Дзякую за дапамогу пры падрыхтоўцы артыкула майстрам спорту Анатолю Панчанку і Алегу Холіну.

Report Page