Першы пасляваенны

Першы пасляваенны

Віталь Аніська

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў у 1944 годзе рэспубліка пачала аднаўляцца і вяртацца да звычайнага жыцця. Сталі зноў праводзіцца шашачныя турніры. Так, у наступным годзе адбыўся чэмпіянат Мінска. У студзені 1946 года прайшло асабіста-каманднае першынство школьнікаў БССР. Восенню таго ж года ў сталіцы быў праведзены рэспубліканскі трэніровачны турнір першаразраднікаў. Спаборніцтвы адбываліся не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах Беларусі.

У пачатку 1947 года было прынята рашэнне аб правядзенні першага пасляваеннага шахматна-шашачнага чэмпіянату Беларусі. З палажэння відаць, што пачатак планаваўся на 6 красавіка. Потым яго перанеслі на тыдзень наперад. У турніры мусіла згуляць па 18 шашыстаў і шахматыстаў, па 2 з якіх – гэта запрошаныя майстры спорту. Пазней ручкай выправілі на 16 і 1 адпаведна.

НАРБ, ф. 934, воп. 1, спр. 252, арк. 37

З захаваўшайся перапіскі відаць, што спачатку ў чэмпіянат запрашалі чэмпіёна СССР 1945 і 1947 гадоў Ісера Купермана (у шахматыстаў – гросмайстра Сала Флора). У лісце ва Усесаюзны камітэт гарантавалася забеспячэнне іх гасцініцай, харчаваннем і ганарарам. Праўда, праз некалькі тыдняў апетыты паменелі, запрасілі ўжо ігракоў драбнейшага калібру: масквіча Аляксандра Верэтэ і шахматыста Уладаса Мікенаса з Літвы. У лісце намесніку старшыні Саўміна БССР А.Эльману рэспубліканскі спорткамітэт прасіў дазволіць аплату ім ганарара ў памеры 75-100 рублёў у дзень. Якую рэзалюцыю наклаў Эльман – невядома, але ў Мінск прыехаў толькі Мікенас. Верагодна, Верэтэ адмовіўся ў апошні момант, бо яго прозвішча паспелі надрукаваць на афішы чэмпіянату.

НАРБ, ф. 934, воп. 1, спр. 252, арк. 28а

У тым жа лісце ў Саўмін прасілася аб дазволе сяліць іншагародніх удзельнікаў на прыватных кватэрах па 18-20 рублёў у суткі ў сувязі з немагчымасцю размяшчэння ў сталічных гасцініцах на гэтакі доўгі тэрмін.

Зрэшты, такіх у шашачным чэмпіянаце было толькі двое (мінчаніну Шусцяровічу Бабруйск у табліцы напісалі памылкова): гамяльчанін Мацвей Рабіновіч і бабруйчанін Натан Гарадзецкі, старэйшы брат застаўшагася пасля вайны ў Маскве і стаўшага пазней чэмпіёнам СССР Веніяміна Гарадзецкага. Хаця ў першапачатковым спісе з 16 удзельнікаў турніру іншагародніх было больш за палову. Акрамя двух вышэйзгаданых, яшчэ Машковіч (Магілёў), Валатковіч, Бялоў (абодва – Гродна), Гарэлік, Цынкін (абодва – Бабруйск), Агеенка (Гомель), Раманюк, Панасюк (абодва – Брэст). Але ўсе яны ў Мінск не прыехалі. Відаць, не камандзіравалі абласныя спорткамітэты. Такім чынам, у першым пасляваенным чэмпіянаце Беларусі прынялі ўдзел 12 чалавек – да васьмі застаўшыхся з папярэдняга спісу дадалі чатырох запасных (яны ў выніку занялі чатыры апошнія месцы).

З архіва Міхаіла Бельскага

Сядзяць: Натан Гарадзецкі, Барыс Берлінкоў, галоўны суддзя М. Штэйн, Аляксандр Ліхадзіеўскі, Дзяніс Гардзевіч, Аркадзь Ракітніцкі. Стаяць: чацвёрты злева - Ізраіль Бельскі, перадапошні – Мацвей Рабіновіч. Астатніх апазнаць пакуль не ўдалося.

З 13 удзельнікаў папярэдняга чэмпіянату Беларусі, які праходзіў вясною 1941 года, у першынстве 1947 года згулялі толькі двое: Бельскі і Гардзевіч. Старэйшым удзельнікам быў Аляксандр Карлавіч Ліхадзіеўскі, які яшчэ ў 1925 годзе прадстаўляў Беларусь у першым Усесаюзным турніры прафсаюзаў. Спектр заняткаў удзельнікаў чэмпіянату быў шырокім: ад навучэнца кансерваторыі Саламоніка да супрацоўніка Міністэрства дзяржаўнай бяспекі Рэута. Інспектар па шахматах і шашках рэспубліканскага спорткамітэта Аркадзь Ракітніцкі звёў дадзеныя ігракоў у табліцу (з памылкай у прозвішчы Ботвінкі).

НАРБ, ф. 934, воп. 1, спр. 252, арк. 40

Першынство прайшло з 15 па 29 красавіка ў лекцыйнай зале Мінскага акруговага дома афіцэраў. Галоўным суддзёй быў супрацоўнік вытворчага аддзела радыёзавода М.Штэйн, яго намеснікам – студэнт юрыдычнага інстытута М.Левін, суддзёй па шашках – С.Гольдберг. Расклад гульняў быў ненапружаным: пасля кожных пяці тураў былі дзень дагульвання адкладзеных партый і выхадны дзень. Кантроль часу ў палажэнні пазначаны не быў, і гэта не тэхнічная памылка. Гадзіннікаў у пасляваеннай Беларусі катастрафічна не хапала. Ізраіля Бельскага перад самым пачаткам чэмпіянату, з 10 па 13 красавіка, рэспубліканскі спорткамітэт нават камандзіраваў за імі ў Каўнас і Вільнюс. Невядома, колькі гадзіннікаў ён прывёз, але газета “Звязда” наракала, што на 16 удзельнікаў шахматнага чэмпіянату ёсць усяго 4 іх пары. Верагодна, гэта стала прычынай развядзення па часе гульняў шашыстаў і шахматыстаў.

НАРБ, ф. 934, воп. 1, спр. 252, арк. 92

Калі не было запрашальнага білета, трапіць у турнірную залу можна было па разавым квітку. Гледачоў на турніры было шмат. У цэнтры Мінска нават усталявалі два спецыяльныя шчыты, на якіх вывешвалі табліцы.

Што тычыцца спартыўных вынікаў, то Мацвей Рабіновіч стварыў добры задзел ужо на старце: ён выйграў першыя пяць партый, прычым перамог аднаго з фаварытаў – Дзяніса Гардзевіча. На паўтара ачка адставалі Бельскі, Гардзевіч і Берлінкоў. Наступны адрэзак турніру лепш за ўсіх правёў апошні, які амаль нагнаў Рабіновіча і адставаў толькі на паўачка.

Кульмінацыя наступіла ў апошнім туры – лідары гулялі паміж сабой. Рабіновіч правёў партыю спакойна, згуляў унічыю і стаў чэмпіёнам Беларусі. Берлінкоў застаўся другім, трэцяе месца падзялілі Дзяніс Гардзевіч і Ізраіль Бельскі.

НАРБ, ф. 934, воп. 1, спр. 252, арк. 37

На жаль, у папцы з дакументамі чэмпіянату бланкаў з партыямі няма. Кур’ёзна, што ў вядомай кнізе Берлінкова і Ракітніцкага “Шашечные партии белорусских мастеров” прыводзіцца нават дзве версіі вырашальнай партыі апошняга тура (№№ 163 і 366). У першай Рабіновіч гуляе белымі, у другой – чорнымі. І абедзве прайграе. Так што насамрэч ні адна з іх не гулялася ў чэмпіянаце 1947 года. У кнізе ёсць яшчэ дзве партыі гэтага першынства, але прыводзіць іх не буду, бо няма ўпэўненнасці, што яны на самой справе гуляліся ў ім.

Фота з архіва Святланы Берлінковай

За першае месца Мацвей Рабіновіч атрымаў 800 рублёў (сярэдняя месячная зарплата ў СССР была 500-600 рублёў). Грашовыя прызы былі таксама ўстаноўлены за другое месца – 500 рублёў, за трэцяе – 300, за лепшы вынік з прызёрамі – 300, за самую прыгожую партыю – 300. У шахматным чэмпіянаце прызы былі такім ж, толькі за першае месца на 200 рублёў больш.

У дакладной па выніках чэмпіянату на імя старшыні рэспубліканскага камітэта па справах фізічнай культуры і спорту Савельева галоўны суддзя Штэйн пісаў:

Турнир прошел в организационном отношении четко, никаких инцидентов не было. Ход шахматного и шашечного чемпионата регулярно освещался во всех республиканских газетах. Кроме того, в городских, областных и республиканских последних известиях по радио. Турнир вызвал большой интерес со стороны общественности Минска, о чем свидетельствовала большая посещаемость зрителей. Чемпионаты, безусловно, помогут развитию шахматно-шашечного спорта в республике.

Мацвей Рабіновіч, які працаваў журналістам на радыё, пасля першынства напісаў артыкул для “Гомельскай праўды”.

"Гомельская праўда" 1947 год № 87

Падрабязней пра Рабіновіча я пісаў раней. Ён перамог і ў наступным чэмпіянаце БССР, а ў пачатку 1954 года загінуў у аўтамабільнай аварыі.

З удзельнікаў першынства майстрамі спорту сталі Ракітніцкі (1956), Гардзевіч (1958), Бельскі (1961) і Берлінкоў (1962). Гарадзецкі шмат гадоў вёў гурток у Бабруйскім доме піянераў і падрыхтаваў многа моцных шашыстаў. Ботвінка ў 1954 годзе ўладкаваўся настаўнікам малявання і чарчэння ў СШ № 5 Мінска, вёў гэтыя прадметы ў Аляксандра Чэхаўскога, Міхаіла Каца (ён успамінае, што Ботвінка даваў дахаты чытаць бюлетэні чэмпіянатаў СССР), Анатоля Гантварга, быў першым трэнерам Вячаслава Палянскага ў школьным гуртку. Астатнія значнага следу ў гісторыі беларускіх шашак не пакінулі.

І вішанька на торце. Фрагмент сюжэта кіначасопіса “Савецкая Беларусь”, прысвечанага чэмпіянату. Гуляюць Дзяніс Гардзевіч і Барыс Берлінкоў. Публікуецца ўпершыню (крыніца: БДАКФФД).

https://youtu.be/1KXPUMUKMSM

Report Page