Апошні даваенны

Апошні даваенны

Віталь Аніська

Перад расповедам пра апошні даваенны чэмпіянат Беларусі, які адбыўся ў красавіку-маі 1941 года, трэба ўспомніць кантэкст. Папярэдняе рэспубліканскае першынство прайшло ў канцы 1939 года і закончылася завяршэннем пераможнай серыі Іллі Гардона – ён утрымліваў тытул чэмпіёна Беларусі з самага першага чэмпіянату ў 1925 годзе, толькі аднойчы падзяліўшы першае месца – у 1933 годзе з Барысам Берлінковым. У 1939 годзе Гардон нават не трапіў у тройку прызёраў, стаўшы толькі чацвёртым. Апярэдзіла яго моладзь – першае месца занялі мінчанін Каплановіч і 17-гадовы Віктар Грушэцкі з Віцебска. Трэцім стаў 20-гадовы бабруйчанін Веніямін Гарадзецкі, які вучыўся ў Мінску ў Белдзяржуніверсітэце. Па-за конкурсам гуляў чэмпіён СССР Васіль Сокаў, які, нягледзячы на паражэнне ад Гарадзецкага, апярэдзіў бліжэйшых праследавальнікаў на два ачкі. Вясной 1940 года адбыўся матч за званне чэмпіёна Беларусі. Па выніках шасці партый тытул заваяваў Грушэцкі.

Чэмпіянат 1941 года чакаўся з цікавасцю. Пытанняў перад стартам хапала. Няўдача Гардона ў 1939 годзе – гэта разавы збой ці яго эпоха ўжо закончылася? Ці зможа абараніць чэмпіёнскі тытул Віктар Грушэцкі? Хто яшчэ са шматлікай моладзі будзе змагацца за медалі? Ці пацвердзіць свой прагрэс Веніямін Гарадзецкі, які падзяліў першае месца ў чэмпіянаце Мінска 1940 года, а ў студзені наступнага выйграў першы ў Беларусі бальны турнір (разыгрываліся балы кандыдата ў майстры)? Забягаючы наперад скажу, што першынство прайшло ў цікавай барацьбе і закончылася нечакана.

А пачалося яно ў сталічным Інстытуце фізічнай культуры 20 красавіка. У турніры ўдзельнічала 13 чалавек, упершыню за апошнія гады не было запрошанага майстра з-за межаў рэспублікі. Акрамя Мінска былі прадстаўлены Віцебск (адразу чатырма ігракамі), Гомель, Магілёў і РСЧА. Такая абрэвіатура, якая азначала Рабоча-сялянскую Чырвоную армію, была на таблічцы Канішчыкера. Яшчэ ў дзень старту “Чырвоная змена” пісала, што пад пытаннем удзел дзеючага чэмпіёна Беларусі Грушэцкага, але ён усё-такі змог згуляць. Галоўным суддзёй быў інспектар па шахматах і шашках Рэспубліканскага спорткамітэта Д.І.Кузьмінскі.

У першым жа туры адбылася сенсацыя. Майстар Гардон прайграў свайму вучню – 17-гадоваму Ізраілю Бельскаму. Рэдкі для практычнай гульні фінал з запіраннем трох шашак здарыўся ў партыі Гарадзецкі – Храпуновіч.

1. fg5 fe5? (трэба было гуляць 1. … de5) 2. gh6 de7 3. cd2 ef4 4. bc5 db4 5. ac3 fg3 6. cd4 cd6 7. dc3 ef6 8. hg7 bc7 9. ge5 df4 10. de5! fd6 11. cd4 hg7 12. ab8 і чорныя здаліся.

Ілля Гардон пацярпеў паражэнне і ў другім туры – катастрафічны пачатак турніру для майстра. Тым больш, прайграў ён, трапіўшы ў простую пастку. А паставіў яе Гарадзецкі, які гуляў чорнымі.

1. cd4 bc5 2. db6 ac5 3. bc3 fg5 4. ab2 gf4 5. ge5 df4 6. eg5 hf4 7. cd4 ce3 8. fd4 gf6 9. ab4 hg7 10. gf2 gh6

Як пазней пісаў Гарадзецкі ў сваёй кнізе “Рамантыка шашак”, у гэтай пазіцыі Гардон прадумаў 35 (!) хвілін. Аказалася, што пасля нападзення 11. fg3 ён разлічваў толькі наступствы адказаў чорных 11. … fg5 і 11. … fg7, пасля якіх атрымоўваў перавагу, і не заўважыў простай камбінацыі. Партыя закончылася так: 11. fg3?? ed6! 12. gg7 dc5 13. bd6 ca1 14. gh8 fg7 з перамогай чорных.

Трэцім быў згуляны апошні па ліку тур (і ў далейшым туры мянялі месцамі, таму я буду ўказваць нумары тураў у парадку, якім яны гуляліся). У ім Грушэцкі перамог зямляка Соркіна.

1. cd4 fg5 2. bc3 gh4 3. cb4 gf6 4. dc5 bd4 5. ec5 cb6 6. de3 bd4 7. ec5 hg5 8. ab2 hg7 9. ba5 db4 10. ac3 ed6 11. ab4 dc7 12. ba5 ab6 13. cd4 gh6 14. bc3 fe5? 15. df6 ge7 16. gf4 bc5 17. ed2 cb4 18. cd4 ba3 19. fg3 hf2 20. ge3 ba7 21. fg5! hf4 22. eg5 ab6 23. gh6 ef6

24. hg3 dc5? 25. de5! fd4 26. gh4 de3 27. df4 cd4 28. hg5 dc3 29. gf6 ab2 30. ca3 cd2 31. fg7 de1 32. gh8 ef2 33. he5 bc5 34. eb8 fd4 35. ba7 і чорныя здаліся.

У чацвёртым туры сустрэліся лідары – Грушэцкі і Гарадзецкі. Партыя працякала даволі спакойна і закончылася ўнічыю. Белымі гуляў Гарадзецкі.

1. gf4 ba5 2. cb4 ac3 3. db4 fg5 4. ba5 gf6 5. bc3 dc5 6. ed4 ce3 7. fd2 fe5 8. de3 gf4 9. eg5 hf4 10. cd4 ec3 11. ab4 cb2 12. ac3 ed6

13. fg3 dc5 14. ge5 ca3 15. gf2 hg7 16. fg3 de7 17. ed2 gh6 18. ef6! eg5 19. gh4 gf4 20. hg5 fe7 21. ge3 ef6 22. hg3 cb6 і праз некалькі хадоў пагадзіліся на нічыю.

Грушэцкі выйграў дзве наступныя партыі і ў сярэдзіне турніру адарваўся ад канкурэнтаў на адно ачко. Але потым ён зрабіў шэсць нічыіх запар. Праўда, і праследавальнікі Гарадзецкі, Ідэльсон і іншыя таксама гублялі ачкі. Надта ўжо роўным быў склад удзельнікаў чэмпіянату.

На чатыры туры раней за іншых згуляў свае партыі Канішчыкер, якому, верагодна, трэба было вяртацца ў армію. Ён набраў 7,5 ачкоў з 12 магчымых.

У 10 туры важную перамогу атрымаў чорнымі Агародніцкі над Гарадзецкім. Гэты выйгрыш дазволіў яму ўвайсці ў групу лідараў.

1. gf4 ba5 2. cb4 ac3 3. db4 fg5 4. bc3 gf6 5. ba5 gh4 6. cb4 dc5 7. bd6 ec5 8. cd2 fe7 9. dc3 hg7 10. ed2?

10. … fg5 11. cd4 ed6 12. db6 ac5 13. dc3 gf6 14. hg3 (прайграюць і астатнія хады) 14. … fe5 15. ab2 cb6 16. ac7 db6 17. cb4 ba5 18. bc3 ba7 19. ed4 ce3 20. ff6 ge3 з перамогай. Вось і ўсе партыі чэмпіянату, поўны тэкст якіх удалося знайсці.

Перад апошнім турам, які гуляўся 3 мая, лідзіравалі Грушэцкі і датэрмінова закончыўшы турнір Канішчыкер – па 7,5 ачкоў, Ідэльсон і Агародніцкі – па 7, Гарадзецкі – 6,5. Развязка атрымалася фантастычнай. Гардон нарэшце пацвердзіў майстарскі ўзровень гульні і нанёс першае паражэнне Грушэцкаму, Гарадзецкі выйграў, а Ідэльсон і Агародніцкі згулялі паміж сабой унічыю. Такім чынам, пяць чалавек падзялілі першае месца!

"64. Шахматна-шашачная газета" 1941 год № 21

Веніямін Гарадзецкі для маскоўскай газеты “64” напісаў артыкул, у якім падвёў вынікі чэмпіянату і прывёў некалькі цікавых дэбютных схем, ужытых удзельнікамі.

"64. Шахматна-шашачная газета" 1941 год № 21

Сваё меркаванне пра прайшоўшы чэмпіянат апублікаваў у газеце “Чырвоная змена” і старшыня шахматна-шашачнай секцыі Беларусі І.А.Фрыдлянд.

"Чырвоная змена" 1941 год № 55

Асноўнай прычынай чарговай няўдачы майстра Гардона ён лічыў недастатковую фізічную падрыхтаванасць. Але горыч ад выступлення Гардону скрасілі добрыя вынікі яго вучняў у шашачным гуртку Мінскага Палаца піянераў – Ідэльсона, Агародніцкага і Бельскага.

Блякла згуляў і прызёр чэмпіянатаў БССР 1933, 1934, 1936 і 1937 гадоў Дзяніс Гардзевіч.

Для вызначэння чэмпіёна Беларусі планавалася правесці дадатковы матч-турнір, але праз паўтара месяца пачалася Вялікая Айчынная вайна. І так склаўся лёс, што ніхто з пяцёркі, якая павінна была ў ім згуляць, пасля яе ў рэспубліку ўжо не вярнуўся – Ідэльсон, Агародніцкі і Канішчыкер загінулі, Гарадзецкі і Грушэцкі пасля вайны засталіся жыць у РСФСР. Некалькі слоў пра кожнага з іх.

Магіляўчанін Д.І.Канішчыкер (вядома толькі імя па бацьку – Ісаевіч) у сярэдзіне 1930-х гадоў пераехаў вучыцца ў Ленінград, дзе прымаў удзел у чэмпіянаце горада і першынстве мясцовых ВНУ. Больш вядомы яго брат Барыс, які пасля вайны застаўся жыць у Ташкенце, стаў адным з лепшых савецкіх суддзяў, узначальваў федэрацыю шашак Узбекскай ССР.

Канішчыкер (стаіць) падчас партыі чэмпіянату Ленінграда 1941 года. "64. Шахматна-шашачная газета" 1941 год № 7

Хацкель Ідэльсон (1924 г.н.) быў суседам Ізраіля Бельскага. Разам яны і пачалі наведваць гурток шашак у Мінскім Палацы піянераў у 1936 годзе. У 1939 і 1940 гадах ён станавіўся пераможцам усебеларускага першынства школьнікаў, а ў канцы 1940 года ўжо падзяліў першае месца ў дарослым чэмпіянаце Мінска.

Веніямін Гарадзецкі нарадзіўся і пачаў займацца шашкамі ў Бабруйску. У 1936 годзе ён стаў пераможцам Усесаюзнага першынства школьнікаў. У наступным годзе паступіў на фізіка-матэматычны факультэт БДУ. Падчас вайны Гарадзецкі працаваў у абарончай прамысловасці ў Сярэдняй Азіі. У 1944 годзе для заканчэння вучобы быў накіраваны ў Маскву, дзе і застаўся. Пазней стаў чэмпіёнам СССР, адным з першых савецкіх гросмайстраў, выбітным тэарэтыкам і аналітыкам. Быў вялікім папулярызатарам шашак, напісаў 15 кніг. Пражыў ён 95 гадоў.

Веніямін Гарадзецкі сярод вядомых нідэрландскіх шашыстаў. Крыніца: www.64-100.com

Менш за ўсіх вядома пра А.Агародніцкага. Яшчэ адзін выхаванец гуртка Мінскага Палаца піянераў, у гарадскіх спаборніцтвах ён пачынае гуляць у 1939 годзе, а ўжо праз два гады становіцца прызёрам бальнага турніру мацнейшых шашыстаў Мінска, падзяліўшы другое месца са сваім трэнерам Гардонам.

Віцеблянін Віктар Грушэцкі ў чэмпіянатах Беларусі дэбютаваў у 1936 годзе ў 14-гадовым узросце. У канцы 1930-х гадоў ён пачаў працаваць карэспандэнтам у газеце “Віцебскі рабочы”. Вайну прайшоў у складзе рэдакцыі дывізіённай газеты “Ворошиловский залп”. Пасля заканчэння вайны Грушэцкі працаваў у ваенных газетах Далёкаўсходняй акругі. Пра шашкі не забываў – стаў майстрам спорту, вядомым арбітрам. У 1979 годзе ў званні палкоўніка Грушэцкі звольніўся ў запас і пераехаў у Рыгу. Там выбіраўся намеснікам старшыні федэрацыі шашак Латвіі. Падрабязней пра яго па спасылцы.

Часопіс "Шашкі" 1964 год № 4

Што тычыцца астатніх удзельнікаў першынства, то не вярнуліся з вайны Ілля Гардон, Ісаак Храпуновіч і Патапенка. Ізраіль Бельскі ваяваў, быў двойчы паранены. Пасля стаў майстрам спорту, тры разы быў прызёрам чэмпіянату Беларусі. За гады працы трэнерам падрыхтаваў цэлую плеяду знакамітых беларускіх шашыстаў, у тым ліку Анатоля Гантварга, Алену Соркіну, Міхаіла Каца. Падрабязней пра Бельскага можна прачытаць тут. Ваяваў і Дзяніс Гардзевіч. Потым ён тройчы станавіўся чэмпіёнам Беларусі, узначальваў рэспубліканскую шашачную секцыю. Барыс Красніцкі пасля вайны працаваў трэнерам у Магілёве, быў старшынёй абласной шахматна-шашачнай секцыі. Пра лёс Соркіна і Радашынскага нічога не вядома, хутчэй за ўсё яны загінулі падчас вайны.

Report Page