Першы жаночы чэмпіянат Беларусі па шашках
Віталь АніськаПерад тым, як перайсці да першага чэмпіянату Беларусі сярод жанчын, які пачаўся 90 гадоў таму, распавяду пра тое нямногае, што ўдалося пакуль знайсці пра развіццё жаночых шашак у БССР да яго правядзення.
Вясной 1926 года ў мінскім клубе друкароў прайшоў жаночы турнір з 10 удзельніцамі. Пра пераможцаў не паведамлялася. Гурток у клубе вёў майстар Ілля Гардон. Тады ж сярод даслаўшых рашэнні заданняў у шашачным аддзеле «Фізкультурніка» ёсць друкар Аня Блох, якая, відаць, займалася ў тым гуртку.
У студзені наступнага года было абрана агульнашкольнае шахматна-шашачнае бюро Мінска. Адной з мэтаў яго праграмы было выявіць сярод вучаніц шахматыстак і шашыстак, а таксама тых, хто цікавіцца гэтымі гульнямі. Праз некалькі месяцаў планавалася правядзенне жаночага турніру. Ці адбыўся ён, невядома. Таксама няма інфармацыі, ці прайшоў чэмпіянат Мінска сярод жанчын, які пастанавіла правесці шахматна-шашачная секцыя Беларусі на пасяджэнні ў лютым 1928 года.
Вядома, што ў масавых прафсаюзных шашачных спаборніцтвах, што адбыліся ў Мінску ў 1928 годзе, гулялі і жанчыны: Пагарэльская (саюз саўгандальслужачых), Х. Уманская (саюз работнікаў зямлі і леса – на першай дошцы!).
У красавіку 1932 года на мінскай шчотачнай фабрыцы была створана жаночая гаспадарча-разліковая шахматна-шашачная брыгада, першая ў Савецкім Саюзе. Адзначалася, што на фабрыцы шахматна-шашачнай працай ахоплена вялікая колькасць жанчын, праводзяцца рэгулярныя заняткі па тэорыі.

Праз некалькі месяцаў гэтая брыгада, якая ўжо атрымала імя старшыні шахматна-шашачнага сектара Вышэйшага савета фізічнай культуры СССР Мікалая Крыленкі, выступіла з прывітаннем і рапартам на V Усебеларускім шахматна-шашачным з’ездзе.
А першае жаночае першынство рэспублікі па шашках прайшло ў рамках Усебеларускіх шахматна-шашачных спаборніцтваў, якія пачаліся 1 жніўня 1934 года ў Мінску. На адным з пасяджэнняў аргкамітэт надаў ім імя газеты «Звязда», якая, пачынаючы з чэрвеня, даволі падрабязна асвятляла падрыхтоўку да спаборніцтваў і ход адборачных турніраў. Кандыдаты на ўдзел маглі вылучацца толькі па выніках гарадскіх і раённых спаборніцтваў. Іх табліцы разам з лепшымі партыямі і характарыстыкамі ігракоў высылаліся ў аргкамітэт.
Наўрад ці ўсе рэгіёны выканалі такія строгія патрабаванні, але адборачны турнір дакладна прайшоў у Бабруйску, яго выйгралі Баскіна і Плоткіна. У Мінску Белкіна гуляла ў адборы сярод мужчын, дзе ў сваёй групе набрала два ачкі з дзевяці.
Планавалася, што ў чэмпіянаце Беларусі прыме ўдзел 10-12 шашыстак, але ў выніку іх сабралася ўсяго шэсць. Акрамя названых вышэй трох, яшчэ гулялі Гімельштэйн (Мінск), Кроль (Магілёў) і Зісерсон (Віцебск). Апошняя, верагодна, гэта жонка ці сястра шашыста Зіновія Зісерсона.
Першынство праходзіла ў Доме партактыву. Яно стала першым жаночым турнірам па шашках такога ўзроўню, праведзеным у Савецкім Саюзе.
Адна з ключавых, як аказалася потым, партый была згуляна ў першым туры – Белкіна перамагла Баскіну. Аднак потым мінчанка зрабіла дзве нічыі, і Баскіна, якая больш ачкоў не губляла, на фінішы дагнала саперніцу. Бабруйчанка, якая выйграла дадатковы матч, стала першай чэмпіёнкай Беларусі па рускіх шашках.

Браніслава Баскіна перамагла і ў двух наступных пяршынствах Беларусі, а яшчэ два тытулы заваявала ў 1950-х гадах. Падрабязней пра яе я пісаў раней.
Аркадзь Ракітніцкі ў кнізе «Дарагія аматары шашак» піша пра першы жаночы чэмпіянат Беларусі, але блытае яго з іншым першынством ці турнірам: ён прыводзіць фрагмент партыі, адна з удзельніц якой, Лавецкая, у тым чэмпіянаце не гуляла. Не супадаюць таксама год правядзення і колькасць удзельніц. Аднак атмасфера, якую апісвае Ракітніцкі, мяркую, не моцна адрознівалася ад той, што была падчас чэмпіянату 1934 года:
Прыгадаем першы чэмпіянат БССР, які праходзіў у Мінску ў 1932 годзе. У ім не надта было густа з удзельніцамі: замест дванаццаці – сем, пяць з якіх – мінчанкі. Нямала намаганняў каштавала суддзі, адзінаму тады майстру ў Беларусі Ільі Гардону, каб і яны не разбегліся. Нязвыкла ж было гуляць на вачах наведвальнікаў, а асабліва мужчын, многія з якіх ставіліся з усмешкай да жаночых шашак. Канечне, якасці гульні ўдзельніц нельга было пазайздросціць. Ніхто не мог занатоўваць партыі, хоць усе і запатрабавалі шахматныя гадзіннікі. Усе гулялі з такой хуткасцю, нібы спяшаліся на пажар. Многія не заўважалі ўзяцця, і суддзя, згодна правілам, павінен быў вяртаць назад хады, прымушаючы збіваць падстаўленныя шашкі. І, калі справы пачалі наладжвацца, гэтыя кароткатэрміновыя спаборніцтвы закончыліся.