Г. Прэсман: прызёр першага чэмпіянату Беларусі

Г. Прэсман: прызёр першага чэмпіянату Беларусі

Віталь Аніська

Сто гадоў таму прызёрам першага чэмпіянату Беларусі стаў Г. Прэсман. На жаль, інфармацыі пра яго захавалася мала, пакуль не вядома нават імя.

Першая знойдзеная згадка пра Прэсмана – у шахматным аддзеле газеты «Савецкая Беларусь» ад 16 снежня 1924 года, дзе паведамлялася пра вынікі аднадзённага турніру ў клубе работнікаў асветы. Ён падзяліў другое месца, саступіўшы толькі А. Берману. 28 лютага наступнага года Прэсман у сеансе адначасовай гульні зрабіў нічыю з першым беларускім майстрам Барысам Круталевічам.

Праз мінскі агульнагарадскі турнір Прэсман адабраўся ў першы чэмпіянат Беларусі, які прайшоў у чэрвені 1925 года ў Мінску. Набраўшы 5 ачкоў з 8, ён падзяліў другое-трэцяе месцы з Вадзімам Касперскім.

«Савецкая Беларусь» ад 04.07.1925

Цэнтральны часопіс «64. Шахматы и шашки в рабочем клубе» ў сакавіку 1926 года пісаў пра Прэсмана так:

«Из молодых игроков выделяется Г. Пресман 19 л., несомненно играющий не слабее московской 1 категории».

У той час ён, відаць, вёў гурткі ў мінскіх клубах работнікаў асветы, электрастанцыі і былым Гросэра, бо запісваў там жадаючых прыняць удзел у масавых гарадскіх шахматна-шашачных спаборніцтвах. Планавалася, што іх пераможцы ў пачатку жніўня выступяць ва Усебеларускіх турнірах. Аднак шашачнае першынство рэспублікі, куды Прэсман быў запрошаны персанальна, не адбылося.

У маі Прэсман выйграў турнір у 4-й сямігадовай школе, шашачны гурток у якой вёў Аляксандр Круталевіч.

Выдзяляў Прэсмана майстар Ілья Гардон, які на старонках «Чырвонай зьмены» ў жніўні 1926 года адзначаў:

«Г. Пресман один из талантливых молодых игроков, играет красиво и комбинационно. Кроме того, он известен, как составитель этюдов».

На той момант у цэнтральным часопісе «64. Шахматы и шашки в рабочем клубе» былі апублікаваны два эцюды Прэсмана. Першы з іх, які мы цяпер назвалі б камбінацыяй, рэдактар аддзела «Задачы і эцюды» Васіль Шошын назваў «интересным и изящным». Гэта самы вядомы твор Прэсмана, ён ёсць у «Анталогіі шашачных камбінацый» Э. Цукерніка.

Другі эцюд Шошын ацэньваў як не вельмі ўдалы, адзначаючы яго прастату і магчымасць перастаноўкі другога і трэцяга хадоў.

Паглядзець рашэнні гэтых эцюдаў, а таксама азнаёміцца з іншымі творамі Прэсмана можна тут.

У канцы 1926 года ў Мінску мусіў адбыцца матч з камандай маскоўскага саюза саўгандальслужачых. Планавалася, што Прэсман будзе гуляць на шостай дошцы зборнай БССР. Больш моцнымі шашыстамі рэспублікі лічыліся толькі Барыс і Аляксандр Круталевічы, Самуіл і Ілья Гардоны, а таксама Барыс Міроцін. Вынікаў сустрэчы знайсці пакуль не атрымалася.

У снежні 1927 года «Савецкая Беларусь» паведамляла, што ў клубе імя Карла Маркса пад кіраўніцтвам Прэсмана пачаліся рэгулярныя заняткі па шашках.

Клуб імя К. Маркса ў другой палове 1920-х гадоў

Прэсман часта даваў сеансы адначасовай гульні. Летам 1928 года яго сеансы супраць неабмежаванай колькасці сапернікаў у садзе «Прафінтэрн» (цяпер гэта парк імя М. Горкага) сталі рэгулярнымі і праводзіліся па нядзелях а шостай вечара.

Апошні з вядомых турніраў, у якім прыняў удзел Прэсман, – гэта чэмпіянат Мінска 1928 года, які праходзіў з чэрвеня па верасень. Ён заняў другое месца пасля Ільі Гардона.

У другім першынстве Беларусі, якое пачалося 7 кастрычніка, Прэсман не згуляў. Хаця ў спісе ўдзельнікаў, зацверджаным у канцы жніўня, яго прозвішча было.

Часопіс «Резец» у адным з кастрычніцкіх нумароў 1928 года паведаміў, што мінскі першакатэгорнік Прэсман прыехаў у Ленінград. Пасля яго сляды губляюцца.

Восем знойдзеных партый Г. Прэсмана можна паглядзець па спасылцы.

Report Page