Касперскія: шашкі

Касперскія: шашкі

Віталь Аніська

У другой частцы матэрыялу – пра тое, які след у гісторыі беларускіх шашак пакінулі Вадзім і Антон Касперскія, а таксама іх сваяк Альберт Паўловіч. З першай часткай, дзе распавядалася пра сям’ю Касперскіх, можна азнаёміцца тут.

Вадзім Касперскі

На момант пачатку чэмпіянату Мінска ў снежні 1922 года – першага афіцыйнага турніру па шашках на тэрыторыі Беларусі – Вадзіму Касперскаму было ўсяго 15 гадоў. Перавага братоў Круталевічаў у турніры, які працягваўся чатыры месяцы, была відавочнай, а вось за трэцяе месца разгарнулася барацьба. І яе выйграў юны Касперскі, стаўшы бронзавым прызёрам.

Удала згуляў ён і ў першым чэмпіянаце Беларусі, які прайшоў летам 1925 года. Перамог будучы майстар і шматразовы чэмпіён рэспублікі Ілля Гардон, Вадзім Касперскі падзяліў другое месца з Г.Прэсманам. Як потым аказалася, гэты поспех так і застаўся для яго самым значным у шашках. Ён працягваў гуляць у пяршынствах Мінска і БССР, але прызёрам больш не станавіўся.

Добрых вынікаў дасягаў В.Касперскі ў папулярных тады прафсаюзных спаборніцтвах. У гарадскіх турнірах ён разам з бацькам гуляў за каманду саюза саўгандальслужачых, адну з мацнейшых у Мінску. Цікава, што ў гарадскіх міжгаліновых спаборніцтвах 1928 года за каманду саюза работнікаў зямлі і лесу супраць іх гуляў брат Антона Касперскага Ігнат.

Антон і Вадзім Касперскія

У другой палове 1930-х гадоў Вадзім Касперскі некалькі разоў перамагаў ва Усесаюзных турнірах саюза работнікаў спажыўкааперацыі, што дазволіла яму прыняць удзел у паўфіналах першынства прафсаюзаў СССР, якія збіралі мацнейшых савецкіх шашыстаў. Выйсці ў фінал, праўда, ні разу не ўдалося.

В.Касперскі любіў гуляць па перапісцы. Разам з Аляксандрам Круталевічам яны сталі ўдзельнікамі першага турніру Усесаюзнай шахматна-шашачнай секцыі, які пачаўся 20 сакавіка 1925 года пры 10 удзельніках. Па нейкай прычыне Вадзім Касперскі выбыў з турніру, хоць меў на той момант у актыве нічыі з А.Круталевічам і будучым пераможцам А.Кулічыхіным. В.Касперскі быў адным з лідараў зборнай рэспублікі ў матчы па перапісцы БССР – РСФСР – УССР на 75 дошках, які пачаўся ў жніўні 1930 года. Працягваў гуляць ён і ў завочных турнірах, які арганізоўваў часопіс «64». У 1933 годзе В.Касперскі паўдзельнічаў у першым у Савецкім Саюзе тэлеграфным матчы Мінск – Харкаў на 10 дошках.

На дадзены момант у розных крыніцах удалося знайсці пяць поўных партый Вадзіма Касперскага і адзін фрагмент. Прывяду некалькі з іх.

В.Касперскі – І.Гардон (1925 год, чэмпіянат-турнір клуба «Прафінтэрн»)

1. cd4 ba5 2. dc5 db4 3. ac5 fg5 4. bc3 gh4 5. cb4 ac3 6. db4 gf6 7. ab2 hg7 8. ba3 hg5 9. cb2 gh6 10. gf4 cd6 11. ba5 db4 12. ac3 fe5 13. fd6 ec5 14. cb4 dc7 15. bd6 ce5 16. ef4 eg3 17. hf4 ge3 18. fd4

18. … fe7 19. gh2 bc7 20. ab4 hg5 21. hg3 hf2 22. eg3 cd6 23. ba3 ef6 24. bc5 db4 25. ac5 gh6 26. gf4 fg5 27. fh6 hg3 28. hg7 gf2 29. cd6 ab6 30. de7 ba5 31. ef8 fe1 32. gh8 ef2 33. de5 і чорныя здаліся.

Канчатак партыі В.Касперскі – Іохес (май 1926 года, першынство Мінска)

У гэтай пазіцыі белыя згулялі няўдала. Замест 1. hg5! і 2. ab8 з перамогай, яны пахадзілі 1. ab8?? і пасля 1. … fg5! прайгралі.

В.Касперскі – Берман (чэрвень 1928 года, першынство Мінска)

1. cb4 fe5 2. ef4 gf6 3. de3 fg5 4. gh4 eg3 5. hf6 eg5 6. ff6 dc5 7. bd6 cg7 8. bc3 gf6 9. cd4 fe7 10. ab2 ed6 11. bc3 ba5 12. ef2 ab6 13. ef4 hg7 14. fe3 fg5

У горшай пазіцыі белыя ставяць пастку. 15. ab4 gf6 16. cd2 ba7 17. fe5! df4 18. gf2 de7 19. fg3 gh4 20. gg7 hf8 21. de5 ef6 22. eg7 fh6 23. ed4 hg5 24. de3 з выйгрышам.

Як успамінаюць дзеці Вадзіма Касперскага, пасля Вялікай Айчыннай вайны ў спаборніцтвах ён ужо не гуляў.

Антон Касперскі

Антон Касперскі ў першую чаргу вядомы як моцны шахматыст: неаднаразовы чэмпіён Мінска, прызер пяршынстваў Беларусі, удзельнік двух чэмпіянатаў СССР. Але любіў ён і шашкі. У сваіх шахматных аддзелах А.Касперскі рэгулярна даваў шашачныя навіны. А калі Аляксандр Круталевіч не змог весці шашачны аддзел у «Савецкай Беларусі», то ў снежні 1926 года замяніў яго. Веніямін Гарадзецкі пісаў, што Антон Касперскі быў рэдактарам першай беларускай кнігі па шашках – «Курс канцоў партый рускай шашачнай гульні» Якава Гордзіна, якая выйшла ў 1932 годзе.

Антон Антонавіч часта праводзіў сеансы адначасовай гульні па шашках у рабочых клубах і садзе «Прафінтэрн». Для тых часоў гуляў ён няблага. Напрыклад, быў другім запасным зборнай Мінска на матч на 10 дошках супраць маскоўскай каманды саюза саўгандальслужачых у снежні 1926 года. То бок, тады А.Касперскі лічыўся 12-м нумарам зусім неслабой каманды сталіцы на чале з братамі Круталевічамі і Гардонамі, Барысам Міроціным. Дарэчы, на апошнюю дошку быў заяўлены сын Вадзім. Захавалася нават адна, не вельмі ўдалая, шашачная партыя Антона Касперскага супраць прызёра першага чэмпіянату Беларусі Г.Прэсмана ў студзені 1925 года.

«Фізкультурнік» 1926 год № 9

Таксама А.Касперскі з моманту заснавання беларускай шахматна-шашачнай секцыі ў 1924 годзе ўваходзіў у яе кіраўніцтва. Прадстаўляў секцыю на з’ездах і пасяджэннях прэзідыума Усесаюзнай секцыі. Карыстаўся вялікім аўтарытэтам у шашыстаў і шахматыстаў. Раптоўна памёр Антон Антонавіч 18 студзеня 1936 года. Вялікі некралог аўтарства былога старшыні рэспубліканскай шахматна-шашачнай секцыі Р.Шукевіча-Траццякова выйшаў у газеце «64».

«64. Шахматна-шашачная газета» 1936 год № 5

Альберт Паўловіч

У 1929 годзе Вадзім Касперскі ажаніўся з Янінай Паўловіч. Яе бацька Альберт Францавіч быў паэтам-гумарыстам, драматургам, перакладчыкам, мастаком. Старэйшая дачка Тамара ўспамінала, што бацька «вельмі захапляўся гульнёй у шашкі і шахматы, шмат гадоў нават друкаваў у часопісах і газетах шахматныя і шашачныя задачы».

Вікіпедыя

З братам Антона Касперскага Ігнатам яны ў адзін час працавалі на Лібава-Роменскай чыгунцы, дзе, як піша Аркадзь Ракітніцкі, «у майстэрнях, дэпо, участках адбываліся шашачныя баталіі». Альберта Паўловіча і Ігната Касперскага згадвае ён і сярод наведвальнікаў чайной Ліпкінда, якая ў дарэвалюцыйныя часы была месцам шашачных сустрэч.

З апублікаваных шашачных задач Паўловіча, пра якія пісала яго дачка, пакуль удалося знайсці дзве – у адным з лютаўскіх нумароў газеты «Савецкая Беларусь» 1927 года. «Пасадзіць простую» тады азначала яе заперці.

«Савецкая Беларусь» 1927 год № 48

Што цікава, рэдактар аддзела Антон Касперскі, акрамя задач Альберта Паўловіча, прывёў партыю свайго сына Вадзіма, які праз два гады з дачкой Паўловіча пабраўся шлюбам. Атрымалася прароча.

Фатаграфіі прадастаўлены ўнукам Вадзіма Касперскага Вадзімам Касперскім-малодшым.


Report Page