Беларускае кіно: (don’t) mind the gap

Беларускае кіно: (don’t) mind the gap

Аналітычная група Беларускай Рады культуры

Агляд (жнівень – кастрычнік 2023)

Пры значнай колькасці падзеяў за тры месяцы, якім і прысвечаны агляд, кінакрытыка, аўтара гэтых радкоў усё ж не пакідае адчуванне калі не стомы, дык пэўнага прыпынку ў развіцці беларускага кіно. Спробам высветліць, што гэта за прыпынак і адкуль такія дваістыя “ашчушчэнія” ўзяліся, і прысвечаны гэты тэкст.  

Трэнды

  • Беларусь становіцца зонаю змоўчвання, і гэта робіцца інструментам падзелу і ўлады.
  • Дзяржаўнае кіно перараджаецца ў сімуляцыю.
  • Эмігранцкае кіно распадаецца, але працягвае інстытуцыялізавацца.


Супольнасць супраць супольнасці

Пачаць варта з баркэмпу незалежных беларускіх фільммэйкераў у жніўні ў Варшаве. Сапраўды, кіношнікі сабраліся, каб абмеркаваць цэхавыя пытаннечкі не ў межах фестывалю ці не ўпершыню за тры гады (і ці ўвогуле не ўпершыню? Беларускія кінематаграфісты, здаецца, ніколі асабліва не былі схільныя да калектыўных імпрэзаў). 

Праз усе івэнты – сустрэчы, дыскусіі, майстар-класы ды кінапаказы, якія даволі добра зымітавалі мінулае звычайнае кіношнае жыццё, па якім адчувалася і настальгія, – ішла прыхаваным матывам патрэба ў яднанні. 

Выглядала, што галоўнаю праблемаю фільммэйкераў застаецца не страта і таго мінімуму прысутнасці ў беларускай прасторы, таго мінімуму рэсурсаў, што былі, і таго мінімуму звычайных прафесійных магчымасцяў, а проста раз’яднанасць – збольшага геаграфічная. 


Адна з сустрэч баркэмпу беларускіх незалежных фільммэйкераў. Леанід Каліценя і Кшыштаф Зансусі. Фота: Reform.by.

На баркэмпе панаваў звыклы для беларускага кіно вайб новых пачынанняў і пачынальнікаў. І рабілася відавочным, што гэты модус існавання – заўсёднае пачаткоўства на энергіі энтузіязму, без пашырэння рэсурсаў і ўладкавання кіно як сістэмы – па-ранейшаму зручны для ўсіх, бо прапануе працягваць жыць у сталым рэжыме надзеі, дзе існуюць толькі такія задачы, для вырашэння якіх дастаткова піянерскага “трэба проста рабіць – і ўсё будзе”. 

Але ж, вядома, і ў рэжыме надзеі ды аўтаномнага дзеяння можна зрабіць шмат: падчас баркэмпу прэзентавалі Беларускую незалежную кінаакадэмію, а таксама абралі арганізацыйны камітэт Belarusian Filmmakers Network – інстытуцыяў неабходных не тое каб для аб’яднання, але ж для супраціву энтрапіі выгнання.

Неўзабаве Belarusian Filmmakers Network зладзіла ў Берліне семінар на тэму інтэграцыі кінематаграфістаў у еўрапейскую індустрыю і запусціла інкубатар мікрабюджэтнага кіно, падмацаваўшы самы звыклы для беларускіх фільммэйкераў фармат існавання. І самае запатрабаванае ды безвыходнае ўменне – зняць кіно за пару тысяч долараў.

Цяжка прадбачыць, у якім кірунку разгорнуцца тыя інстытуцыі, але ўжо можна заўважыць у руках заснавальнікаў спакушальныя інструменты ўлады.

Mind the gap 

Вось на што прапануюць увагі не звяртаць як на натуральны стан рэчаў: частка супольнасці, якая застаецца ў Беларусі, дый мноства працэсаў у кіно па-за яе межамі пакідаюцца ў зоне змоўчвання “з пытанняў бяспекі”. (Дзіўна, што пры дбайнай фіксацыі на пытаннях бяспекі супольнасць дасюль не выказалася і нават не абмеркавала публічна кейсу фільму “Хроніка рэчаіснасці”, які паставіў тыя ж пытаннечкі – і бяспекі, і рэпутацыі супольнасці – вастрэй няма куды. Гэта іншае?)

Такая рытарычная фігура з’явілася натуральна і непазбежна ва ўмовах рэпрэсіяў. Але ж, калі прыгледзецца, можна ўбачыць, як яна гэтаксама натуральна і незаўважна ператвараецца ў інструмент уплыву ды падзелу рэсурсаў. 

Цікава, колькі часу спатрэбіцца той частцы супольнасці, што мае прывілей быць бачнымі, каб аднавіць трывалы мінкультаўскі патэрн улады: непразрыстасць пры дэклараванае празрыстасці, заахвочванне лаяльнасці пры дэклараванае роўнасці, перавагу набліжаных пры дэклараваным дбанні пра ўразлівых. Цікава, ці ўдасца супольнасці вырвацца з такое звыклае дваістасці. 

Пакуль жа, падобна, ґэп паміж нутраной і вонкаваю Беларуссю паспяхова шырыцца, і супольнасць намагаецца зберагчы адносна яго добра вядомую пазіцыю: бачыць і не бачыць адначасова. 

На баркэмпе ў жніўні тэма Беларусі не тое каб замоўчвалася, але не агучвалася. У верасні беларуская прэмія кінакрытыкаў “Чырвоны верас”, абвесціўшы другую эдыцыю, адмыслова акрэсліла, што не дапускае да разгляду фільмаў, “часткова ці поўнасцю створаных за грошы рэжымаў у Беларусі ці Расеі”. Сабраўшы сёлета 92 заяўкі (на 4 болей, чымся мінулай эдыцыяй) і выклаўшы доўгі спіс з 71 стужкі, “Чырвоны верас” зазначыў, што ў ім не адлюстраваныя фільмы, “аўтары якіх пажадалі застацца ананімнымі ўдзельнікамі”.

Як бачым, нутраная Беларусь цяпер укладаецца ў прастору паміж замоўчваннем і адмаўленнем. Калі шчыра, дык і пераможцам сёлетняй эдыцыі “Чырвонага верасу” мусіць быць – калі прэмія жадае схапіць хоць які нерв часу – фільм без назвы аўтара-інкогніта. Ґэп мусіць быць нарэшце зацверджаны.

Сімуляцыя сімуляцыі

Тым часам у Беларусі было багата паказальных падзеяў, але ж, быццам падпарадкуючыся сцэнару змоўчвання, яны імкнуліся не адбывацца. 

Ціха і руцінна пад Дзень народнага адзінства прапаўзла па краіне прэм’ера фільму “На другім беразе”, якую адказныя асобы імкнуліся падаць гучнаю падзеяй. Для гэтага купкі прыняволеных гледачоў не проста адпраўлялі ў кінатэатры, але ж прымушалі “пасвяціць тварам” у сацыяльных сетках з водгукамі пра значнасць стужкі. 

І фільм, і кампанія вакол яго пацвердзілі: дзяржаўнае кіно ператварылася з бюракратычнага рытуалу, якім збольшага было, у жывучы і нават схільны да самастойнага памнажэння сімулякр. 


Кадр з фільма “На другім беразе”. Крыніца: minsknews.by


Сюжэт пра падзеленую Беларусь уласна і стварылі, каб запусціць сімуляцыю: кіно мусіць абслугоўваць пусты ідэалагічны запыт пустой, замкнёнай на сабе калекцыяй серыяльных вампук і падлучаць пусты бюракратычны працэс забеспячэння пустога кінапракату гледачом, не зацікаўленым у фільме. Абсалютнае свята сімуляцыі, з якім нават павіншаваць няма каго, бо і аўтары працэсу сімулююць аўтарства. 

Дарэчы, у стужцы, якая ўжо і не ведае сваёй першакрыніцы – фільму Корш-Сабліна “Чырвонае лісце”, – хаваюцца забаўныя паралелі з сучаснасцю: пры ідэалагічнай задачы зняважыць вобраз Польшчы, наадварот, фігураю неіснавання робіцца савецкая Беларусь, якая бачыцца адначасова месцам ідэальнае свабоды і рэальнага збыту кантрабанды, а вобраз савецкіх беларусаў абмяжоўваецца купкаю чэкістаў, чыноўнікаў і піянераў. Ёсць і заўважная сцэна паклёпніцкага суда над камуністамі-экстрэмістамі, які пазнавальна прамаўляе афіцыйна замоўчаны досвед судзілішчаў пасля 2020-га. Кіно, нават стаўшыся сімуляцыяй, не-не дый набалбоча лішняга.

Зліў гэтай стужкі ў сеціва, а пасля і паказ на тэлебачанні адбыліся гэтаксама ціха ды рытуальна. Злілі – і злілі, паказалі – і паказалі.

Тым часам напярэдадні нягучнае прэм’еры свежанькі гендырэктар “Беларусьфільму” Юрый Аляксей на гарачую галаву паабяцаў, што студыя здыме кіно аб пратэстах 2020-га. Чэлендж абяцае быць яшчэ цікавейшым, калі прыняць да ўвагі, што і на леташнюю стужку рэжысёра давялося пазычаць глыбока ў Расеі. А здымачная група прыхавалася, каб не заўважылі. 

Сімуляцыяй праходзіць і кінафестываль “Лістапад”, які меў пачацца 17 лістапада. За два тыдні да яго адбылася дзіўная рытуальная прэс-канферэнцыя, на якой не агучылі ніводнага імя, ніводнае назвы фільму, апроч “Кіношнікаў” Кірыла Халецкага, і ніводнага івэнту, а аповед пра фэст вёўся спрэс бюракратычнай аўтаматычнаю моваю. Праграмы не агучылі і за тыдзень да фэсту. Гэтая сімуляцыя сімуляцыі ўжо не мае патрэбы не толькі ў першакрыніцы, але ж нават і ва ўласным ажыццяўленні. Толькі іранічна праходзіць сёлета пад слоганам “Ствараем будучыню”. 

Гэтаксама безгалосна прайшоў у Магілёве анімацыйны фэст “Анімаёўка”. Прайшоў – і прайшоў, вы зразумелі.

З сімуляцыі няма выйсця, акрамя як у іншую сімуляцыю. 

Хавайся ў “Бульбу”

Калі ствараўся гэты тэкст, набліжаліся да старту фэст “Паўночнае ззянне”, які прапанаваў слоган “Увага адлегласць” і з ім насычаную, але ж поўную адчувальнае разгубленасці беларускую праграму, і Bulbamovie – з тою ж дваістасцю. Ва Украіне распачаўся фэст дакументальнага кіно “На мяжы” – сёлета з сеансамі ў Адэсе, Бучы, Кіеве, Луцку і Тэрнопалі.

Дырэктар Bulbamovie Януш Гаўрылюк сфармуляваў сэнс разгубленасці так: фільмаў з Беларусі меней, і меней праз страх ды перасцярогу аўтараў, кіно завісла паміж набрыньвальнаю немагчымасцю паказваць створанае ў Беларусі і нежаданнем ператварацца ў эмігранцкі прадукт. 

Ігар Сукманаў, дырэктар беларускага конкурсу “Паўночнага ззяння”, кажа больш ухіліста: “Феномен беларускага кіно сёння не мае дакладных абрысаў, межаў ды індустрыйных перспектываў”.

Разгубленасці дадаў і Варшаўскі кінафэст, які сёлета зладзіў пітчынґ беларускіх праектаў – і выявілася, што на яго не прыйшлі польскія фільммэйкеры, якіх уважалі за мэтавую аўдыторыю. А ў зале сабраліся адныя беларусы-заўзятары. 

Няхай гэтая сітуацыя застанецца праявай і пабочкаю рэжыму надзеі, альтэрнатыва якому пакуль бачыцца адзіная – неіснаванне (як заўжды з рэжымам надзеі). 

Усё ж цягам трох месяцаў беларускае кіно мела спакойны пракат за мяжою, на фестывалях і ў дыяспарах ад Варшавы да Стакгольму. Мелі і прэм’еры: Юры Сямашка прэзентаваў анімацыйную стужку “Кроў і караоке”, Максім Швед – док “Фатограф з плошчы Пераменаў”, Таццяна Гацура-Яворская – док “ГУпоЗ”, Януш Гаўрылюк – ігравы фільм Bocian. ЧынЧыны ўзялі Берлін і неўзабаве рыхтуюць прэм’еру серыялу Андрэя Кашперскага “Працэсы”. 


Фільм Андрэя Кашперскага "ЧынЧыны бяруць Берлін".


Белкіно нават сягнула надзвычай рэдкае вышыні: док Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча “Радзіма” намінавалі на прэмію Еўрапейскае кінаакадэміі.

Высновы і прагнозы

Праз віншаванні і зычэнні перамогі заўважым, што сярод краінаў-вытворцаў у “Радзіме” няма Беларусі: Швецыя, Украіна, Нарвегія. 

І калі шукаць прагнозаў, то пасярод спробаў захавацца хаця б намінальна, закукліцца ў мікрабюджэтнай грантавай кінавытворчасці, у спарадычных праектах на мінімальных рэсурсах ці афіліяцыі з купкаю медыяў наўрад ці варта чакаць хаця б прамоўленай амбіцыі ды ўцямнае мэты – вярнуць замоўчанае найменне Беларусь у вытворчыя звесткі фільмаў – удзельнікаў вонкавых кінафэстаў. 

Яшчэ трошку спакусы карыстання інструментамі змоўчвання – і гэтая высакародная мроя таксама станецца рытарычнаю фігураю сімуляцыі. 

Пакуль час ё, можна яшчэ паглядзець кіно – і няхай нам нарэшце хоць разочак пашанцуе.


Чытаць агляд беларускага арту ў жніўні - кастрычніку 2023 г.

Чытаць агляд беларускай музыкі ў жніўні - кастрычніку 2023 г.

Чытаць агляд беларускага тэатру ў жніўні - кастрычніку 2023 г.

Чытаць агляд беларускай літаратуры ў жніўні - кастрычніку 2023 г.


Report Page