Бяздомныя сабакі Расіі vs коцікі Еўропы

Бяздомныя сабакі Расіі vs коцікі Еўропы

Аналітычная група Беларускай Рады культуры

Агляд (жнівень – кастрычнік 2023)


Беларуская літаратура жывая. І гэта не можа не радаваць. Цягам акрэсленага ў аглядзе перыяду заўважным стаў адмысловы тэматычны сайт, які выдатна пасуе і для заглыблення ў кантэкст, і для суцяшэння трывогі. Маўляў, працэсы ідуць, кнігі выходзяць, прэміі ўручаюцца. Праўда, працэсы гэтыя ў межах Беларусі і за яе межамі кардынальна розныя. У краіне функцыянеры ад літаратуры рызыкуюць зарабіць касавокасць, бо занадта пільна ўглядаюцца ў свайго ўсходняга суседа ды амаль цішком прыбіраюць з паліцаў бібліятэк хрэстаматыйныя творы, якія раптам сталіся занадта няправільнымі. А ў замежжы літаратары маюць поўную свабоду дзеянняў, але пры гэтым абмежаваныя  несвабодай унутранай- жаданнем пазбягаць канфліктаў і падабацца ўсім. 


Трэнды

  • Распіл вектараў: беларускія аўтаркі, аўтары ды іхныя выдаўцы як аблічча і голас Беларусі ў свеце (звонку); праўладныя пісьменнікі як васалы расійскага літпрацэсу (унутры).
  • Узмацненне сімвалічных чыстак літпрацэсу (унутры).
  • Крызіс беларускага кнігараспаўсюду (звонку).
  • Партызанка і эзопаўшчына (унутры).


Мапа сэнсаў

Пачнём адразу з галоўнага. У верасні Беларускі ПЭН апублікаваў даследаванне пад назваю “Сфера культуры Беларусі ў 2022–2023 гг. Рэпрэсіі. Тэндэнцыі”. Гэты дадатковы маніторынг парушэння культурніцкіх правоў важны, бо акумулюе інфармацыю 42 інтэрв’ю з дасведчанымі дзеячамі культуры, абсалютная большасць якіх з сярэдзіны сакавіка да пачатку чэрвеня 2023 года жыла і працавала ў Беларусі. Праз спецыфіку ПЭНу найбольшая колькасць ананімных інфармантаў паходзіць са сферы літаратуры і кнігадруку, таму так ці іначай у гэтым тэксце мы будзем сінхранізавацца з гэтымі звесткамі. Пагатоў нашыя ацэнкі шмат у чым супадаюць. Дадамо толькі, што тэндэнцыі лета ў верасні – кастрычніку прадказальна зазналі восеньскія абвастрэнні.

Зрэшты, яшчэ ў жніўні прыйшла шызафрэнічная навіна: Мінская пракуратура прызнала экстрэмісцкімі два творы Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча і прадмову Язэпа Янушкевіча да аднаго са збораў твораў пісьменніка. Тэксталагічнае пікантнасці сітуацыі надае тое, што творы толькі прыпісваюцца класіку і фактычна пачынальніку новае беларускае літаратуры. Карціць назваць гэтую адважную аперацыю ідэолагаў “дубы супраць dubia” (dubia ад лац. ‘сумнеўнае’ – творы ў даробку пісьменніка, аўтарства якіх вызначыць дакладна не ўдалося). І ўжо зусім камічна – а для кагосьці і трагікамічна – экстрэмізм аўтара “Пінскае шляхты” выглядае таму, што яшчэ ў 2008-м на дзяржаўным узроўні з помпай адзначылі 200-годдзе стаўпа белліту, не кажучы ўжо пра 2018-ы. Дый сёлета, у гонар 215-годдзя, ён таксама выступаў важнаю постаццю навуковых, адукацыйных, культурніцкіх актыўнасцяў  у зачышчанай, як кірзач, да бляску Беларусі ўнутры. Чаму, за што – гучаць адчайныя галасы людзей, чыя абсалютна легальная і, здавалася б, карысная дзяржаве акадэмічная кар’ера абапіралася на даследаванні літаратуры ХІХ стагоддзя. Як людзі, прывучаныя рабіць высновы, даследнікі-гуманітарыі б’юць трывогу. Дунін-Марцінкевіча выпілавалі з дазволенае культуры за тое ж, чым займалася хрэстаматыя белліту ХІХ–ХХ стагоддзяў у поўным складзе: нараканне на цара і маскалёў, імкненне да адраджэння беларускага народу, мары пра незалежнасць, а потым вітанне гэтае незалежнасці… Багушэвіч, Купала, Колас, Багдановіч, Цётка… Ай, не будзем падказваць. 

Прызнаная "экстрэмісцкай" паэма "Плынуць вятры", аўтарам якой меркавана з'яўляецца Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Крыніца фота: euroradio.fm


Стэрыльнасць паліцаў у кнігарнях, адзначаную экспертамі ПЭНу, такім чынам цяпер адцяняюць прагалы на стэлажах бібліятэк. У нашай класіфікацыі гэта сімвалічныя чысткі, але кнігі самым натуральным чынам адпраўляюцца ў спецсховішчы (аддзелы бібліятэк, доступ у якія строга абмежаваны). Добра, што пакуль не на вогнішча, але тэндэнцыя прыгнятае.

Што ўзамен? Ясна, што расійская літаратура ды яе кантэкст, які сюды і запрашаць не трэба – усё тут даўно прысутнае. Што называецца, усе на П: Пушкін, Пруткоў, Платонаў, Пялевін, Палазкова, Прылепін. Уласна, літаратура ў постпратэставай Беларусі зрабілася вітрынаю лаяльнасці рэжыму старэйшаму брату, а забяспечвае гэтую бачнасць – сюрпрыз-сюрпрыз – праўладны пісьменніцкі саюз пад кіраўніцтвам Алеся Карлюкевіча. 

Гэтак, увосень з падачы Рагнеда Малахоўскага – паэта, прадстаўніка сярэдняга пакалення актуальнага белліту і (гіпер)актыўнага функцыянера праўладнага саюзу – стала вядома пра выданне “спецыяльна да Міжнароднага кніжнага кірмашу ў Маскве” (30 жніўня – 2 верасня 2023 года ў ім узяла ўдзел і беларуская прарэжымная арганізацыя на чале з Карлюкевічам) анталогіі-білінгвы “З веку ў век” на 700+ старонак, якую ў 2003 (!) годзе ўклалі Алесь Кажадуб і Любоў Турбіна. Гэтую кнігу з серыі “Славянская паэзія” перавыпускаюць у Расіі ўжо 4-ы раз за 20 гадоў, магчыма, з нейкімі дапаўненнямі (у актуальным выданні “замазаныя” 116 беларускіх паэтаў – як жывых, гэтак і даўно спачылых), але менавіта сёлетняя версія была сустрэтая асабліва балюча: шмат якія аўтары, як выглядае, не ведалі пра існаванне такога праекту, а свае не вельмі добрай якасці пераклады на расійскую мову бачылі ўпершыню. Як напісаў расійскі чытач у водгуку на перавыданне 2016 года, калі выдаўцы неабачліва апублічылі (гл. выяву ніжэй) разварот з вершам Сяргея Законнікава: “Судя по стихотворению, приведённому на иллюстрации, белорусской поэзии перевод на русский не нужен, он только вредит. Тем ценнее взгляд на левую сторону этой билингвы: речь, понятная и без перевода”.

Крыніца: www.labirint.ru/books/462148/


Нізкаякаснае выданне, якое тым не менш усплывае раз на пяцігодку і якім, на думку паэта Малахоўскага, беларускім удзельнікам трэба ганарыцца і захапляцца як вынікам нейкае “літаратурнае дыпламатыі”, – гэта, на наш погляд, яскравы маркёр васальнае залежнасці афіцыйнага беларускага літпрацэсу ад Расіі. І, уласна, у кантэксце, зададзеным яшчэ Дунін-Марцінкевічам і ягонымі наступнікамі, гэта выглядае як трагікамічная “зноскаўшчына”. Няясна, чаму прамоцыяй гэтага аспекту дзейнасці СПБ займаецца шаноўны Рагнед – праз неабачлівасць ці выконваючы нейкую місію. Але хочацца параўнаць такія дзеянні з паводзінамі бадзяжных сабачкаў. Адмыслоўцы кажуць, што бяздомныя сабакі прыбіваюцца да людзей на пляжах або вуліцах не таму, што хочуць есці, а каб ізноў адчуць сябе патрэбнымі чалавеку (шмат каго з іх выкінулі, бо тыя перасталі добра служыць – вартаваць, паляваць і г. д.). Гэткаю ж вартаю жалю выглядае паказная культурніцкая інтэграцыя з Расіяй з боку беларускіх літаратараў. Асабліва цяпер, калі такое сяброўства напаказ выкарыстоўваецца палітычна.

Уласна ператасоўванне дазволеных, забароненых і сумнеўных кніг на паліцах кнігарняў, экстрэмісцкія спісы, у якіх значацца кнігі Уладзіміра Арлова, Уладзіміра Някляева, Ларысы Геніюш, Наталлі Арсенневай і г. д., і – адначасова –  існаванне адносна бяспечных тэмаў для занятку культураю, да якіх ананімныя эксперты ПЭНу адносяць  “народныя традыцыі, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і пошукі культурнага коду”, паказвае барацьбу ў культурніцкай парадыгме Беларусі дзвюх узаемавыключальных плыняў – “сістэмнага нацыяналізму” (“сістэмны нацыяналіст” – самаазначэнне прапагандыста Ігара Тура) і памянёнай ужо “зноскаўшчыны” (радыкальным варыянтам якое выступае “бондараўшчына”). Для першае плыні характэрнае размахванне беларускім культурным кодам у камбінацыі з поўнаю лаяльнасцю рэжыму, мяккая беларусізацыя ды чарка-шкваркавы патрыятызм. Для другое – увесь спектр прасоўвання ў Беларусі “русского мира”: ад софт-фармату саюзу Карлюкевіча  да гард-фармату аднае жыхаркі Горадні. Вось толькі той жа Дунін-Марцінкевіч, атакаваны прарасійскаю прапагандаю, да апошняга часу быў трывалым падмуркам таго самога культурнага коду, які мацуе “сістэмны нацыяналізм”. Як з тым Гары Потэрам  і Валдэмортам: адзін мусіць загінуць ад рукі другога, бо ніводзін не здолее жыць спакойна, пакуль жывы другі. Вельмі займальна было б назіраць за гэтым эпічным батлам жабы і гадзюкі з папкорнам, калі б не давялося быць у яго эпіцэнтры.

А як там звонку? 

Як ні дзіўна, на фоне расколаў і пертурбацыяў шмат якіх іншых сфераў эміграцыйнае беларушчыны (сілавікоў, бізнесу, спорту) і гучнага скандалу жніўня – выцяснення з памяшкання Беларускага Моладзевага Хабу ў Варшаве каманды Алеся Лапко камандаю Сяргея Бульбы – літаратары нічога так, трымаюцца. Увосень запусцілі працэс адразу некалькіх традыцыйных для сферы прэміяў, у тым ліку перакладніцкае Карласа Шэрмана і пасля тэхнічнага перапынку на  пару гадоў – прэміі “Дэбют”. Без кансалідацыі літаратурных арганізацыяў за мяжою гэта было б праблематычна. Магчыма, белліту проста пасуе еўрапейскі індывідуалізм, прысутны ў атмасферы Літвы, Польшчы, Нямеччыны (тры асноўныя цэнтры рэлакацыі нашых літаратараў). Апроч таго, ідзе заўважнае адстройванне аўтараў вакол выдавецкіх ініцыятываў: Hochroth-Minsk Дзмітрыя Строцава (Берлін), Gutenberg Валянціны Андрэевай (Кракаў), Januskevic/Knihauka (Варшава), Kamunikat Яраслава Іванюка (Беласток), “Логвінаў” (Вільня), “33 кнігі для Беларусі” Ірыны Герасімовіч (Цюрых), Skarynapress Ігара Іванова (Лондан), “Мяне няма” Паўла Анціпава (Варшава), Vesna Вэсны Вашко і Сяргея Шупы, “Пфляўмбаўм” Святланы Алексіевіч і Алены Казловай (лакацыя няясная) ды інш. 

Тут гаворка толькі пра юрыдычныя адрасы: геаграфія аўтарак і аўтараў ды асобаў, задзеяных у стварэнні кніг, вельмі розная і, безумоўна, залучае Беларусь. Пералічаныя выдавецтвы розныя сваймі місіямі, і шырокі спектр беларускіх творцаў, спадзяёмся,  ужо знаходзіць або знойдзе тут сваю нішу. Ужо відавочныя плюсы “тамвыдату”: адсутнасць абсурднае цэнзуры ў параўнанні з тым, што адбываецца ў індустрыі ўнутры, у тым ліку магчымасць выдаць табуяваную ў Беларусі тэму (напрыклад, анталогія гей-пісьменства “Мальцы выходзяць з-пад кантролю” Skarynapress).  Тлусты мінус таксама ёсць: дарагавізна высылкі кніг ад рэлакаваных выдавецтваў да чытачоў па ўсім свеце, што робіць запатрабаванымі вочныя культурніцкія падзеі.

Такіх за мяжой у агляданы адцінак часу таксама не бракавала. Бадай галоўныя з іх – праца аб’яднанага стэнду беларускіх выдаўцоў у Франкфурце пад лэйблам Інстытуту беларускае кнігі, прыклад інтэграванасці свабодных беларускіх літаратараў у сусветны кнігавыдавецкі працэс і  Фестываль інтэлектуальнае кнігі “Прадмова” , які цягам пяці тыдняў у верасні і кастрычніку збіраў аўтараў, выдаўцоў і чытачоў у цэнтрах беларускае рэлакацыі (Варшава, Беласток, Вільня, Батумі), а таксама онлайн. Гэтая ініцыятыва (асабліва яе сесіі, блізкія да межаў Беларусі) паслужыла таксама як пляцоўка для інтэграцыі рэлакантаў і кнігароў, якія працуюць у Беларусі. (Ведаем, любім, чытаем, але не называем, каб не сурочыць.)

Беларускія кнігі на фестывалі "Прадмова" у Вільні. Крыніца: www.facebook.com/pradmova


“Прадмова” агаліла яшчэ адну адметную рысу беларусаў як нацыі, крытыкаваную, скажам, украінцамі: прагу ўсім падабацца і быць коцікамі. Цяпер, калі нашыя культурніцкія цэнтры фізічна залежаць ад еўрапейскіх юрысдыкцыяў, адчувальнае жаданне літаратараў звонку не пасварыцца з гаспадарамі, дагадзіць чужой кан’юнктуры, але не здрадзіць і сваёй аўдыторыі. 

Адчувальным было жаданне годна выйсці з беларуска-літоўскае медыябуры з літвінізмам, калі на віленскай “Прадмове” зладзілі сур’ёзную і пафасную дыскусію на гэтую тэму, якая кампрамітавалася амаль поўнай адсутнасцю  на ёй літоўскіх экспертаў. Цікава, што пасля выступілі беларускія і літоўскія паэты, якія ўжо дзесяць гадоў перакладаюць вершы для супольных анталогіяў, і заявілі, што ў іх няма ніякіх міжнацыянальных праблемаў ды непаразуменняў… Так ці іначай, варта канстатаваць, што чым далей, тым болей нашыя еўрапейскія беларусы прасякаюцца глыбокаю занепакоенасцю, калі вы разумееце, пра што мы. 

Нейкім такім жа “кацізмам” тхнула ад “Дзікага палявання караля Стаха” – оперы беларускага Свабоднага тэатру на падмостках брытанскага тэатру Barbican. Прэм’ера прайшла па-беларуску з удзелам оперных спевакоў з Украіны ў верасні. Адначасова творчае і палітычнае выказванне, мікс, якім моцныя Мікалай Халезін і Наталля Каляда, пакінула тое ж адчуванне: стваральнікам хацелася ўсім спадабацца. Ці ўдалося?

У канцы нагадаем, што літаратурную руціну як па-за Беларуссю, гэтак і ўнутры яе аператыўна акумулюе сайт Bellit.info. Стваральнікам варта палепшыць навігацыю парталу, але, калі зазіраць на старонку часцей, то насычэнне фактамі нашага літаратурнага жыцця, якое нікуды не дзелася, гарантаванае.


Высновы і прагнозы

Літаратурная сітуацыя ў Беларусі  закручваецца ў спіраль абсурду, і чым далей гэта будзе працягвацца, тым гучней стрэліць напятая спружына. Цынікі могуць адкрываць таталізатар, хто каго адужае: Бондарава хрэстаматыю белліту ці хрэстаматыя Бондараву. Нервовым варта адысці ад экранаў і запасціся валяр’янкай ды іншымі кроплямі.

Беларусы ад літаратуры звонку зазнаюць выпрабаванне характару, дыпламатычныя гульні будуць працягвацца, што, варта спадзявацца, прынясе плён у доўгатэрміновай перспектыве. Але відавочна адно: напоўніцу патэнцыял нашае культуры і ў прыватнасці літаратуры можа раскрыцца толькі на сваёй зямлі, ва ўмовах свабоды. Да чаго варта імкнуцца ўсім, якога б вектару мы ні трымаліся.


Чытаць агляд беларускай музыкі ў жніўні - кастрычніку 2023 г.

Чытаць агляд беларускага тэатру ў жніўні - кастрычніку 2023 г.


Report Page