Тэатр: стаўка на вайну ў Беларусі, два шляхі для замежжа

Тэатр: стаўка на вайну ў Беларусі, два шляхі для замежжа

Аналітычная група Беларускай Рады культуры

Агляд (жнівень - кастрычнік 2023) 


Прорва паміж беларускім тэатрам у краіне і за мяжой з цягам часу становіцца ўсё шырэйшай і глыбейшай. Чыноўнікі ад культуры ў Беларусі дыктуюць строгія правілы: пастаноўкі мусяць быць пра вайну, іскрыць патрыятызмам (праўды, ніхто не тлумачыць, што азначае гэтае слова ў дадзеным кантэксце), арыентавацца на Расію. Тэатралы замежжа спрабуюць сябе ў новых ролях, жанрах, ствараюць на новых мовах, спрабуюць гуртавацца вакол новай супольнасці, якой яшчэ трэба завяршыць фармальны шлях да інстытуцыі. Праўда, свабода гэтая не пакуль не мае трывалага матэрыяльнага падмурку: пытанне памяшкання для беларускага тэатру ў выгнанні пакуль не вырашанае. 

Трэнды

  • У рэпертуары і кадравай палітыцы працягваецца стаўка на патрыятычныя спектаклі (найперш прысвечаныя падзеям Другой сусветнай вайны). Іх залучэнне ў рэпертуар пакрысе робіцца абавязковым для ўсіх тэатраў.
  • Дзяржава працягвае штучна ствараць сістэму іерархіі праз адбор спектакляў на прэміі ды фестывалі, не грунтуючыся пры гэтым на мастацкія складнікі.
  • У рэпертуары і кадравай палітыцы трывае стаўка на Расію.
  • Пасля свайго летняга фестывалю ініцыятыва Inexkult перайшла да прадзюсавання асобных спектакляў, што непазбежна зменшыла колькасць прэм’ераў у замежжы.
  • Тэатральная эміграцыя акрэсліла два падыходы да развіцця: захаванне ўласнай адметнасці ці ўбудоўванне ў мясцовую сістэму.


Патрыятызм і вайна

Трэндам новага сезону ў айчынных дзяржаўных тэатрах стаўся патрыятызм. “У мінулым сезоне адбылася 141 тэатральная прэм'ера па краіне, з іх 63 – на патрыятычную тэму”, – з гонарам паведаміла дзяржаўная газета “Звязда”. Пра неабходнасць пашырыць рэпертуар такімі спектаклямі заявіла адна з кіраўніц Мінкульту Ірына Дрыга. 

Якія спектаклі пасуюць пад такія крытэры, не тлумачаць. Але агулам стаўка цяпер відавочна робіцца на прысвечаныя падзеям Другой сусветнай вайны. 

У Музычным тэатры яшчэ ў мінулым сезоне паставілі пра гэта “Беражы мяне, каханая”. У РТБД – “Карней” на тую ж тэму. У дзяржаўным Купалаўскім тэатры ў якасці прэм’ераў заяўленыя “Радавыя” паводле Дударава і “А досвіткі тут ціхія” Васільева. Тыя ж “Радавыя” запланаваныя ў Тэатры-студыі кінаактора. У Горкаўскім пакажуць “спектакль, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Вызначылі рэжысёра (мастацкі кіраўнік тэатру Сяргей Кавальчык), але што гэта будзе за спектакль, яшчэ дакладна невядома. Аналагічная няпэўная заяўка (спектакль да 80-годдзя вызвалення) ужо ёсць ад віцебскага Тэатра імя Якуба Коласа. У гэтым калектыве таксама паставяць “Сотнікава” паводле Васіля Быкава. 

Як відаць, названы трэнд не толькі сталічны, але і агульнарэспубліканскі: спектаклі пра Другую сусветную вайну пакрысе робяцца добраахвотна-прымусовымі для ўсіх беларускіх тэатраў. Прыклады Горкаўскага ды Коласаўскага сведчаць яшчэ і пра тое, што часта калектывы самыя не ведаюць, што паставяць. Галоўнае – своечасова зрабіць справаздачу.

Між тым масавая пастаноўка “дацкіх” спектакляў не толькі вяртае айчынны тэатр да савецкага часу, але і непазбежна зніжае яго агульны ўзровень. Цягам нулявых – дзясятых гадоў спектаклі, прысвечаныя гэтай тэме, не рабіліся падзеямі. З выключэнняў згадваюцца хіба “Дажыць да прэм’еры” (РТБД, 2012) і “Быў у пана верабейка гаварушчы” (Свабодны тэатр, 2017). Абедзве пастаноўкі пераасэнсоўвалі той канфлікт, а іх стваральнікі (як драматургі, гэтак і рэжысёры) глядзелі на вайну вачыма сучаснага пакалення. Гэта лагічна, бо і акторы, і аўдыторыя самыя яе не бачылі. Але ў творах, анансаваных для новых пастановак, ваенныя падзеі найчасцей паказваюцца нібыта праз успрыманне іх відавочцаў. Адначасова над спектаклямі пераважна працуюць творцы, якія робяць стаўку на досыць традыцыйнае ўвасабленне тых гісторыяў. Гэта не дае падставаў спадзявацца на мастацкі поспех новых дзеяў.

Умяшальніцтва дзяржавы назіраецца і праз штучнае стварэнне сістэмы іерархіі. Яе сведчаннем стаўся чарговы спіс спектакляў, якія прайшлі адбор чыноўнікаў і вылучаныя на Нацыянальную тэатральную прэмію. Натуральна, у цяперашніх умовах рэпрэсіяў, калі прыватны тэатр амаль знішчаны ды існуюць чорныя спісы, казаць пра нейкую аб’ектыўнасць апрыёры не выпадае. Дый тэатральная супольнасць даўно адхіленая ад адбору спектакляў. Але паказальны прыклад з РТБД. Адборшчыкі праігнаравалі “Пачупкі” Яўгена Карняга – ці не адзіны спектакль апошніх двух гадоў, які выклікаў рэзананс у тэатральным асяроддзі і стаўся падзеяй. У канчатковым спісе ніводнага спектаклю гэтага калектыву наагул няма, і гэта нонсэнс. Бо ў цяперашніх умовах РТБД – адзін з апошніх сталічных тэатраў, што імкнецца трымаць ранейшую планку.


Сцэна са спектаклю Яўгена Карняга "Пачупкі". Крыніца: rtbd.by/spectacles/pachupki/


Сімвалічна выказаўся на ўрачыстым адкрыцці прэміі Віталь Катавіцкі: “Мы захапіліся сучаснаю драматургіяй і забыліся пра агромністы пласт класікі”. Гэты рэжысёр займае істотную пазіцыю ў дзяржаўнай іерархіі ды пазіцыянуецца як старшыня Рэспубліканскай экспертнай камісіі ў тэатральным мастацтве (менавіта гэтая структура адбірала спектаклі на праўладны фестываль “Перамога”). Канстатуем, што Катавіцкі проста агучыў дзяржаўны падыход да тэатру: ніякае сучаснасці – класіка і патрыятызм.


Сувязь з Расіяй

Агульны кірунак дзяржаўнае рэпертуарнае палітыкі можна зразумець з Канцэпцыі развіцця нацыянальнае культурнае прасторы, якую Мінкульт выклаў у сеціва. Сярод прапановаў (канцэпцыя пакуль вынесеная на абмеркаванне) – павялічыць колькасць спектакляў паводле твораў беларускіх аўтараў. Пры гэтым усяляк асуджаецца набыццё бібліятэкамі замежнае літаратуры, робіцца стаўка на адмову ад святаў, рытуалаў і абрадаў замежнага паходжання. На гэтым фоне Горкаўскі тэатр (акрамя згаданае ваеннае пастаноўкі) заяўляе яшчэ чатыры спектаклі. Усе яны паводле твораў расійскай літаратуры: Пушкін, Лермантаў, Андрэеў і Салагуб. Здзіўляцца не выпадае. Стаўка робіцца на супрацу з Расіяй, літаратура гэтае краіны не лічыцца замежнай, а ідзе паводле асобнае катэгорыі. 

Акцэнт на Расію праяўляецца і ў кадравай палітыцы. Новым галоўным дырыжорам Опернага тэатру Беларусі ў верасні стаўся расіянін Арцём Макараў. Між тым, пачынаючы з 2020 года, з тэатру звольнілі чатырох айчынных маэстра: Вячаслава Чарнуху-Воліча, Андрэя Галанава, Івана Касцяхіна і Алега Лесуна.

Сувязь з Расіяй міжволі праяўляецца і ў выцісканні туды творцаў, з розных прычынаў не гатовых працягнуць кар’еру на Захадзе. Напрыклад, Настасся Грыненка зрабілася галоўнаю рэжысёркаю Іркуцкага музычнага тэатру. Апошнім часам яна кіравала ўласным тэатрам “Тэрыторыя мюзіклу”, але яго закрыццё не пакінула выбару.


Промацыйнае фота спектаклю "Антыгона" гарадзенца Алега Жугжды ў пецярбургскім Малым тэатры лялек. Крыніца: mtkteatr.ru/antigona


Адначасова айчынныя рэжысёры, якія стала працуюць на Усходзе, пачынаюць успрымацца мясцовымі спецыялістамі як свае. “Апрача «Гадунова» [Аляксандра Янушкевіча. – Заўвага аўт.], у афішы агляду яшчэ адна «пушкінская» гісторыя – спектакль Алега Жугжды (як і Янушкевіча, расійска-беларускага режысёра)”, – піша расійскі часопіс “Театр”. “Дачакаліся. Цяпер знакамітыя беларускія рэжысёры становяцца ў вачах незалежнага тэатральнага выдання расійска-беларускімі (добра, што не “расійскімі беларускага паходжання/месца пражывання”). Яшчэ крыху – і беларусам ізноў давядзецца дзесяцігоддзямі даказваць, што таленавітыя айчынныя творцы – беларуская культурная спадчына, а не частка чыёйсьці імперыі”, – каментуе крытык Настасся Панкратава.


Два шляхі для эміграцыі

Цягам лета найбуйнейшаю падзеяй беларускага тэатральнага жыцця ў эміграцыі стаўся фестываль Inex Fest, пра які вялося ў папярэднім аглядзе. У жніўні форум завяршыўся паказам саўндрамы “Сарматыя”. Вольга Кулікоўская, стваральніца ініцыятывы Inexkult, што ладзіць форум, анансавала яго працяг і рэгулярныя прэм’еры. Пакуль словы не разыходзяцца са справай: у кастрычніку адбылася прэм'ера дакументальнага праекту Зоі Белахвосцік “Мой хлеб”, які паказалі ў польскіх Кракаве, Вроцлаве, Варшаве і Сопаце. Аднак рэгулярнасць прэм’ераў (адна цягам двух месяцаў) намякае, што летняе разнастайнасці чакаць пакуль не выпадае. Яна магчымая хіба раз на год як падагульненне падзеяў сезону. Дый тое, калі набяруцца новыя пастаноўкі. Бо пакуль іх зусім няшмат. 

Сярод іх – “Тыль Уленшпігель”, апошняя прэм’ера варшаўскага Team Theatre (куратар спектаклю – Юра Дзівакоў), “Святло ў цемры” (агульны праект тэатру “Тутэйшыя” і фонду “Тутака”, рэжысёр – Андрэй Саўчанка), “Экстрэмісты” (чытанне п’есы Юлі Цімафеевай у берлінскім Maksim Gorki Theater).

Цягам жа сезону хутчэй варта разлічваць на прадзюсаванне Inexkult асобных паказаў. Іх рэгулярнасць у тым ліку залежыць і ад існавання ўласнае пляцоўкі, што была б адкрытая для ўсіх незалежных беларускіх калектываў, якія працуюць у Польшчы ды іншых еўрапейскіх краінах. Кулікоўская зрабіла спробу адшукаць яе ў Варшаве, абвясціўшы збор подпісаў пад петыцыяй. Але пытанне адкрытае.

Пакуль жа эстафета перайшла да Свабоднага тэатру, які зладзіў у верасні прэм’ерныя паказы оперы “Дзікае паляванне караля Стаха”. Рэжысёр Мікалай Халезін замовіў твор айчыннай кампазітарцы Вользе Падгайскай. Гэтак спектакль стаўся сусветнаю прэм’ераю, што само па сабе нячастая з’ява ў цяперашніх умовах. А таксама прыцягнуў увагу як айчынных, гэтак і замежных медыяў (найперш брытанскіх, якія даўно ў шчыльным кантакце са Свабодным). Трансляваў прэм’еру тэлеканал “Белсат”, што дазволіла пашырыць аўдыторыю за кошт уласна беларускай.

Тым часам беларускія тэатралы ў замежжы зрабілі першыя крокі да інстытуалізацыі. У верасні ў Варшаве зладзілі канферэнцыю, у выніку якой абвясцілі стварэнне Беларускага інстытуту тэатру. Але пакуль трывае юрыдычная рэгістрацыя БІТу, таму казаць пра практычныя крокі рана.

Агулам пакуль складваецца ўражанне, што айчынны тэатр у эміграцыі – на паўзе перад новым выклікам ці этапам у сваім развіцці. Нездарма менавіта ўвосень 2023 года тэатралы выразна сфармулявалі і агучылі два розныя падыходы да эміграцыі. На практыцы яны абмяркоўваліся і дасюль, але ці не ўпершыню былі акрэсленыя гэтак выразна. Альтэрнатыва агучаная наступным чынам: захоўваць сваю адметнасць ці ўбудоўвацца ў мясцовую сістэму. 

“Бывае, нейкія людзі кажуць мне, што мы займаемся глупствам, маўляў, трэба растварацца ў польскай культуры. Я адказваю, што не буду тады працаваць у тэатры, буду рабіць нешта іншае. Пакуль ёсць вера ў тое, што мы вернемся, мы павінны зберагаць беларускі тэатр, культуру, кожны з нас на сваім месцы”, – заявіў рэжысёр Аляксандр Гарцуеў. 

“Я зразумеў, што можна доўга граць па-беларуску, але гэта будзе для абмежаванай аўдыторыі, тым больш беларусы, якія тут жывуць, разумеюць польскую мову, - адзначыў рэжысёр Юра Дзівакоў. – Інтуіцыя падказвае, што так трэба [у ягоным спектаклі два беларускія акторы гралі па-польску. – Заўв. аўт.], бо спектаклямі на мове краіны ты сябе прапануеш, паказваеш, што можаш працаваць не для адной аўдыторыі. Да таго ж у працы з мовай, якую ведаеш не ідэальна, ёсць цікавы момант складанасці: ён дапамагае знайсці візуальныя вобразы, мацнейшыя за словы”.


Сцэна са спектаклю Юры Дзівакова Ulenspiegel у варшаўскім Team Theatre. Крыніца: radiounet.fm/zhyve-belarus-zhyve-flandryya-u-varshave-projdze-premera-spektaklya-ulenspiegel


Найперш традыцыйны падыход увасабляюць Аляксандр Гарцуеў і трупа “Купалаўцаў”. Больш радыкальны – рэжысёры Юра Дзівакоў, Паліна Дабравольская, Мікіта Ільінчык ды іншыя творцы. 

Калі ў палітычнай сферы не адбудзецца нейкіх радыкальных зменаў, менавіта гэтыя стратэгіі будуць вызначальныя ў развіцці беларускага эміграцыйнага тэатру найбліжэйшыя гады.

Высновы

Тэатр у Беларусі працягвае сутыкацца з няспынным умяшальніцтвам у свае справы. У тым ліку гэта праяўляецца ў рэпертуарнай палітыцы праз навязванне пастановак пэўнае тэмы (найперш пра вайну). Стварэнне штучнай іерархіі ды празмерны акцэнт на расійскім вектары размываюць адметнасць айчыннага тэатру і ўсё больш ператвараюць яго ў глыбока правінцыйны. Яго асноўнаю задачаю робіцца захаванне рэштак старое, дарэвалюцыйнае мінуўшчыны

У замежжы беларускі тэатр працягвае сутыкацца з нястачаю фінансавання, нязначным падтрыманнем ад беларускіх інстытуцыяў і г. д. Развязваць праблемы даводзіцца самастойна. Гэтак, прадзюсарская ініцыятыва Inexkult пасля летняга фестывалю перайшла да прадзюсавання асобных пастановак. Найбольш эфектыўным шляхам пераадолення праблемаў пакуль ёсць дзейнасць Свабоднага тэатру, убудаванага ў брытанскую тэатральную сістэму. 

Агулам жа перад эміграцыяй паўстаў выразны выбар: ісці шляхам Свабоднага і ўбудоўвацца ў мясцовую сістэму або захоўваць сваю адметнасць і шукаць адмысловыя схемы працы.


Чытаць агляд беларускай музыкі ў жніўні - кастрычніку 2023 г.


Report Page