Поп & рок. Існаванне ў стане маналогу

Поп & рок. Існаванне ў стане маналогу

Аналітычная група Беларускай Рады культуры

Агляд (жнівень - кастрычнік 2023) 


Беларуская музыка ў роспачы. Калектывы і арганізатары, якія працуюць у Беларусі, мусяць прыстасоўвацца да ўсё больш жорсткіх правілаў гульні, што дыктуе рэжым. А густ у рэжыму так сабе, будзем шчырымі. Гурты з кагорты эмігрантаў, перажываючы заканамерныя працэсы адаптацыі да жыцця ў новай краіне, мусяць пры гэтым у сваёй творчасці браць пад увагу пажаданні і настроі беларусаў у Беларусі. Як тое зрабіць? Хто ведае.

Баліць усім. Гэты боль узмацняецца чарговым жорсткім прысудам за творчасць. Праз жменю песень з настроямі нязгоды музыканты Tor Band атрымалі тэрміны большыя, чым асобна ўзяты крымінальнік атрымаў бы ў нашай краіне за наўмыснае забойства. 


Трэнды

  • Вайна дзяржавы з непаслухмяным мастацтвам: злодзей мусіць сядзець у турме.
  • Крызіс канцэртавае дзейнасці ў Беларусі: вынішчэнне беларускага андэграўнду, адсутнасць экспертызы і тэхналогіяў.
  • Эмігранцкія альбомы спрабуюць дагрукацца да аўдыторыі ў геаграфічных межах Беларусі. 


Прысуд Tor Band як сігнал


Храналогія стасункаў дзяржавы з музыкамі рагачоўскага гурта Tor Band вельмі імклівая. Спачатку іхныя песні прызналі экстрэмісцкімі, пасля творцаў затрымалі паводле адміністратыўнай справы. Потым дадавалі новы адміністратыўны тэрмін за кожны кліп. Нарэшце прызналі гурт экстрэмісцкім фармаваннем і завялі ўжо крымінальную справу. Суд адбываўся ў закрытым рэжыме, таму мы нават не ведаем падрабязнасцяў абвінавачання, але, мяркуючы з артыкулаў Крымінальнага кодэксу, музыкаў судзілі за распальванне іншае сацыяльнае варожасці, стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім, дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь і абразу Лукашэнкі. У выніку – ад 7,5 да 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Цяпер мы маем цудоўную ілюстрацыю пазіцыі дзяржавы адносна творчай асобы. 


Музыкі гурта Tor Band падчас суда


Калі раней нязручныя і смелыя музыкі ў Беларусі маглі трапіць у адначасова міфічныя ды пры гэтым рэальныя “чорныя спісы”, то бок максімум – пазбавіцца магчымасці камунікаваць са сваёй аўдыторыяй у live-фармаце, то цяпер усё выглядае значна горш. За нязручную творчасць і выказванне, якое не адпавядае ідэалагічным пастулатам “кіроўнае партыі”, творцу чакае крымінальная адказнасць. Змаганне са свабодаю творчасці перайшло ў адкрыта рэпрэсіўны фармат: дзяржава кваліфікуе творцу як злодзея, а гітару – як зброю. Настолькі ён небяспечны для грамадства, паводле судовай сістэмы. Свабоды выказвання дзяржава баіцца больш, чым цяжкіх злачынстваў. І праверыць гэта даволі проста: мінімальны тэрмін пакарання за наўмыснае забойства ў Беларусі складае 6 гадоў. 

Сігнал вельмі адназначны: за любое творчае выказванне, якое не адпавядае разуменню дзяржавы пра патрыятызм, а тым больш за крытыку ўлады музыку чакае вельмі балючая помста. Гэта ўжо не цэнзура ў выглядзе чорных спісаў, а адкрытыя рэпрэсіі ды нават катаванні (падчас прысуду бубнач Tor Band не мог нават узняцца на мыліцах – у такім ён складаным стане). Пасля такога выраку творца, застаючыся ў Беларусі, мусіць трансляваць у публічную прастору думкі патройнае фільтрацыі – проста каб запэўніць уласную бяспеку. 


Канцэрты ў Беларусі: толькі звышлаяльнасць

Яшчэ адзін важны пункт з творчага жыцця ў межах Беларусі: канцэртавая дзейнасць канчаткова скіраваная ў рэчышча ідэалагічнага кантролю. У краіне прынялі пастанову аб арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных імпрэзаў. І ў гэтым дакуменце шмат важных і цікавых пунктаў, якія датычаць канцэртавае дзейнасці. 

Па-першае, нарэшце запрацаваў гэтак званы рэестр арганізатараў культурна-відовішчных імпрэзаў. Раней там было больш за 700 асобаў і арганізацыяў. Цяпер 58. У гэты спіс трапілі толькі звышлаяльныя асобы, якім на афіцыйным узроўні дазволена арганізоўваць канцэрты. У дакуменце адсутнічае нават найбуйнейшая канцэртавая кампанія Беларусі Atom Entertainment, што ледзь не зарганізавала бясплатны праўладны канцэрт каля Палацу спорту за дзень да выбараў 2020 года і ладзіла імпрэзы ў “Мінск-Арэне” падчас пандэміі. 

Па-другое, цяпер канцэртавая дзейнасць мусіць быць асноўная для арганізатара. Плюс ён мусіць мець мінімум тры гады досведу ў сферы. 

На што гэта паўплывае? Найперш на сегмент клубных канцэртаў. Напрыклад, каб зарганізаваць імпрэзу з удзелам малавядомых беларускіх гуртоў, чалавек мусіць быць у рэестры і цалкам адпавядаць крытэрам, а гэта практычна немагчыма. 

Яшчэ адзін важны сегмент – буйныя канцэрты з удзелам зорак сусветнага маштабу.

Амаль ні ў каго з арганізатараў з рэестру няма досведу правядзення складаных тэхналагічных імпрэзаў. У выніку арганізатар будзе выконваць выключна юрыдычную функцыю, а ўсю асноўную частку для рыхтавання канцэрту ці фестывалю будуць браць на сябе падрадчыкі. У беларускай сістэме каардынатаў гэта азначае карупцыю, адмыванне грошай ды іншыя цікавыя працэсы. 

У любым выпадку гэта адназначна паўплывае як на кошты квіткоў, гэтак і на якасць арганізацыі. 

Архіў падзей у "Мінск-арэне" (скрыншот з сайта https://arena-minsk.com/)


Глядзім на спіс імпрэзаў, якія чакалі беларуса ў лістападзе: Філіп Кіркораў, “Лесоповал”, расійская “Песня года”, Дзідзюля – канцэртавая праграма фармуецца выключна з улікам уяўленняў лаяльных арганізатараў пра высокае мастацтва. У перспектыве гэтая тэндэнцыя стане яшчэ больш заўважнай. Нас чакае паступовае вынішчэнне беларускага андэграўнду, які служыць якаснаю глебаю для фармавання аўтэнтычнай і незалежнае нацыянальнае сцэны. 


Водападзел узмацняецца: эмігранцкія альбомы

Галоўны трэнд сезону – эмігранцкія альбомы, якія з’яўляюцца ў публічнай прасторы. Беларускія творцы пачынаюць асэнсоўваць сістэмы каардынатаў, у якой апынуліся пасля падзеяў 2020 года, і выдаюць адпаведны матэрыял рознае ступені якасці. Сярод іншых тут варта вылучыць два лонґплэі: альбом “Там” гурта Leibonik і праект Emihranty Лявона Вольскага. Кожны з іх прапануе слухачу пэўную рэфлексію, але пры гэтым выкарыстоўвае розныя мастацкія прыёмы. 


Вокладкі альбомаў гурта Leibonik (крыніца: soundcloud.com/leibonik/sets/tam) i Лявона Вольскага (крыніца: music.apple.com/pl/album/emihranty/1707166852)


Leibonik выдаў тэкстацэнтрычны альбом, у якім яскрава праяўленая пазіцыя “я”: усе складанасці нутранога стану ды эмігранцкія акалічнасці прамаўляюцца ад першай асобы і правакуюць дыялог. Слухач нібыта бярэ ўдзел у размове і мае магчымасць суперажываць лірычнаму герою. Тэкставы складнік тут мае вызначальную ролю ды канструюе персанальнае выказванне і адпаведнае яго ўспрыманне. 

Emihranty працуюць па-іншаму. Гэта карыкатурныя карцінкі з эмігранцкага жыцця, акумуляцыя кагнітыўнага досведу яго стваральнікаў: альбому ўласцівыя абагульненні і размова не з персаналіямі, а з калектыўным беларускім эмігрантам. 

“Там” – спроба дыялогу з беларусам незалежна ад геаграфіі ягонае прысутнасці, споведзь лірычнага героя з прыцэлам на паразуменне і суперажыванне. Emihranty – праца з вузкаю нішаваю суполкай эвакуантаў, якая ў стане дакладна зразумець гэты матэрыял і яго геапалітычны кантэкст.

У любым выпадку жанр эмігранцкае песні ўзмацняе той самы міфічны водападзел паміж тымі, хто з’ехаў, і тымі, хто застаўся, ды фармулюе небяспечны наратыў непаразумення. З аднаго боку, гэта дастаткова прагматычная праца з мэтавай аўдыторыяй, якая можа забяспечыць творцу пэўную фінансавую стабільнасць. З другога – канчатковая адмова ад увагі слухача ў геаграфічных межах Беларусі. У чым небяспека гэтага падыходу? Пра гэта – у высновах. 


Высновы

Беларуская дзяржава канчаткова пераўтварыла нязручных творцаў у злодзеяў. Прысуд гурту Tor Band ілюструе факт, што музыкі для ўлады больш небяспечныя, чымся забойцы. Наперадзе – творчасць патройнае фільтрацыі, татальная цэнзура і самацэнзура. Гэта амаль беспрэцэдэнтная практыка ў межах сучаснай Еўропы і шлях да паступовае дэградацыі мастацкіх наратываў.

Канцэртавая дзейнасць адфільтраваная да неабходнага дзяржаўнай ідэалогіі максімуму. Цяпер у спісах арганізатараў – толькі патрэбныя людзі, і гэта радыкальным чынам паўплывае на ўжо амаль няісную індустрыю. З яе канчаткова знікнуць экспертыза і тэхналогіі, а застанецца толькі гастрольны тур па малых і вялікіх гарадах адэптаў псеўдашансону і напалову спарахнелых зорак з расійскага тэлебачання – у адпаведнасці з густамі лаяльных арганізатараў. 

Таксама пад пагрозаю знішчэння – важны сегмент дробных клубных канцэртаў, які спрыяе развіццю лакальнае сцэны. У перспектыве гэта прывядзе да знікнення цікавых андэграўдных праектаў.

Дыялог эмігранцкае сцэны са слухачом у краіне адбываецца не заўсёды. Лідары меркаванняў прагматычна размаўляюць з мэтавай аўдыторыяй, якая можа фізічна прысутнічаць на канцэртах. Небяспека такога падыходу ў тым, што гэтак яны губляюць інертнага і нейтральнага слухача ў Беларусі, які звяртаецца да больш даступных, зразумелых і простых варыянтаў. Узмацняецца міфічны ментальны водападзел паміж тымі, хто з’ехаў, і тымі, хто застаўся. У перспектыве гэта можа прывесці да канчатковай (сама)ізаляцыі эмігранцкае сцэны ды адсутнасці якаснага дыялогу з публікай у геаграфічных межах Беларусі. 

Беларуская музыка ды яе актары існуюць у стане маналогу, і кожны пераследуе свае мэты. Творчае раз’яднанне спрыяе разрыву камунікацыі ды зніжае якасць крэатыўных высілкаў незалежна ад краіны актуальнага побыту. 

Report Page