Прачытанае ў сакавіку-2018

Прачытанае ў сакавіку-2018

@bellitra

Дайджэст прачытанага беларускага і беларускамоўнага за сакавік (размяшчэнне ў спісе ў парадку чытання). Частку месяца прысвяціла чытанню кніг пра БНР, а красавік абвяшчаю месяцам касманаўтыкі з чытаннем адпаведных кніг (чакайце чарговы топ на Нашай Ніве).

У назвах кніг актыўныя спасылкі на мае водгукі.

  1. Анка Упала “На заснежаны востраў” ("Янушкевіч", 2018 г.), 4/5.

Аўтабіяграфічны раман Анкі Упалы пра побыт у Швецыі і навучанне ў моўнай школе для дарослых. Спроба інтрэграцыі ў шведскае грамадства і пошукі сябе.


2. Стас Ильин “Ветровое стекло” ("Галіяфы", 2017 г.), 5/5.

Яшчэ адна аўтабіяграфічная. Не беларускамоўная, але беларуская кніга ад беларускага хлопца, які эміграваў у Амерыку і пачаў там працаваць дальнабойшчыкам. Падарожныя нататкі пра асаблівасці працы, краіну, людзей.


3. Зміцер Баяровіч "Шалі" ("Галіяфы", 2012 г.), 3/5.

Зусім слабы зборнік "думак" аўтара, ці як яшчэ назваць гэты фармат. Ванільныя цытаткі для статусаў укантакце (прывітанне, 2007-мы).


4. Віялета Богдан “Лісты з Арэшкавай вёскі” ("Мастацкая літаратура", 2014 г.), 4/5.

Нядрэнная дзіцячая кніга пра паравозік, які сумленна і з любоўю выконваў сваю працу.


5. Дарота Міхалюк "Беларуская Народная Рэспубліка 1918-1922 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці" ("Інбелкульт", 2015 г.), 4,5/5.

Напэўна, найбольш поўная манаграфія пра Беларускую Народную Рэспубліку на сёння. Аўтарка, якасна апісаўшы гэты перыяд, зрабіла тое, што так і не зрабіла Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.


6. Алесь Пашкевіч "Пляц Волі" ("Беллітфонд, 2001 г.), 4/5.

Раман-дакумент, напоўнены сапраўднымі дакументамі, артыкуламі, матэрыяламі пачатку мінулага стагоддзя, арганічна ўплеценымі ў сюжэтную канву твора. Пра спробы стварэння незалежнай беларускай дзяржавы, абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі і змаганне за яе існаванне і функцыянаванне.


7. Сяргей Шупа "Падарожжа ў БНР" ("Радыё Свабода", 2018 г.), 4,5/5.

Самая свежая кніга на тэму Беларускай Народнай Рэспублікі. Як сцвярджае сам сціплы аўтар — гэта гісторыя "для чайнікаў". А насамрэч  вандроўка ў мінулае праз тысячы перабраных аўтарам архіўных дакументаў. Вандроўка для тых, хто робіць першыя крокі ў спасціжэнні гісторыі (тых самых "чайнікаў"), а таксама для тых, хто ўжо доўгія гады ідзе гэтым шляхам.


8. Генрых Далідовіч "Свой дом" ("Мастацкая літаратура", 1992 г.), 3/5.

Раман "Свой дом" завяршае трылогію пра станаўленне беларускай дзяржаўнасці ў XX ст., а першыя дзве кнігі трылогіі — "Гаспадар-камень" і "Пабуджаныя" — апавядаюць пра падзеі напярэдадні і ў часе Першай сусветнай вайны, а таксама Кастрычніцкай рэвалюцыі.


9. Андрэй Хадановіч "Разам з пылам" ("Кнігазбор", 2013), 4/5.

Зборнік паэзіі, выдатна перакладзенай на беларускую мову Андрэем Хадановічам. 41 аўтар, ад класікі да сучаснасці.

Report Page