Андрэй Хадановіч "Разам з пылам" ("Кнігазбор", 2013).

Андрэй Хадановіч "Разам з пылам" ("Кнігазбор", 2013).

@bellitra

Калі я вучылася на філфаку, то прадмет "гісторыя замежнай літаратуры" ў мяне вёў менавіта Андрэй Хадановіч. Яго пары былі аднымі з самых яркіх і запамінальных за ўвесь перыяд навучання. Ён прасіў не звяртацца да яго "Андрэй Валер'евіч" і аддаваў перавагу больш прыемнаму "спадар Андрэй", мог сесці на парту, чытаў лекцыі не ўткнуўшыся ў паперкі (як многія іншыя выкладчыкі), дэкламаваў пасярод заняткаў вершы. А самае галоўнае — ён чытаў нам менавіта свае пераклады твораў замежных паэтаў.

У гэтым зборніку змешчаныя творы 41 аўтара, перакладзеныя Хадановічам на беларускую мову з лацінскай, рускай, нямецкай, украінскай, французскай і іншых моў. У кнізе прадстаўленыя як вядомыя класічныя аўтары (Гарацый, Віён, По, Бродскі і іншыя), так і яркія сучасныя (Жадан, Коэн, Андруховіч). Хоць мяне не вельмі цікавіць творчасць некаторых прадстаўленых там паэтаў, хадановічаўскія перастварэнні я прачытала з вялікім задавальненнем, бо кожны пераклад ён ператварае ў асобны літартурны твор, дае яму новае жыццё.

Гэтая кніга — проста must have для філолагаў ці лінгвістаў, якія маюць справу з замежнай паэзіяй. Але і звычайнаму чытачу зборнік дапаможа паглыбіцца ў чароўны свет замежнай літаратуры.

Хадановіч адзін з самых вартых сучасных перакладчыкаў, які пры гэтым не перастае быць бліскучым паэтам, ствараючы ўласныя творы.

Report Page