Мастацтва: унутры і за межамі
Аналітычная група Беларускай Рады культурыАгляд (травень - ліпень 2023)
Беларускія мастакі, якія воляю лёсу апынуліся за межамі Беларусі, робяць новыя (досыць паспяховыя) крокі на шляху да ўключэння ў творчы ландшафт новых краінаў. У розных гарадах Еўропы і свету ладзяцца выстаўкі, дыскусіі, арганізоўваюцца пленэры ды арт-рэзідэнцыі з удзелам актыўных беларусаў. Арт-актывісты ўнутры краіны таксама працягваюць дзейнічаць, аднак іх голас намнога больш сціплы, суцішаны і падкрэслена апалітычны. Навіна пра смерць легендарнага мастака Алеся Пушкіна ў беларускай турме агаломшвае усю супольнасць.
Галоўныя трэнды сезону:
- смерць Алеся Пушкіна (1965–2023) – у той час як палітычна матываваныя пераследы і выкараненне супраціву трываюць, праблемы, з якімі сутыкаюцца мастакі ў Беларусі, выклікаюць трывогу; трагічная смерць Алеся Пушкіна ў зняволенні – жудасны прыклад сур'ёзных пагрозаў і вялізнага ціску, з якім сутыкаюцца мастакі беларускае нацыі;
- геаграфічная дыспрапорцыя захоўваецца – стаўся відавочным выразны падзел паміж мастакамі, якія пастанавілі застацца ў Беларусі, і тымі, хто шукаў магчымасці за мяжою;
- ініцыятывы, супраца і арт-актывізм за мяжою – беларускія мастакі за межамі краіны засяроджваюцца не толькі на сваім рамястве, яны актыўна супрацоўнічаюць на міжнародных пляцоўках і выказваюць свой супраціў канфліктам, у прыватнасці вайне ва Украіне;
- стымуляванне ўзаемадзеяння суполкі – расце тэндэнцыя ў культурніцкім ландшафце, арганізоўваюцца канферэнцыі ды ініцыятывы кшталту Imagining OpenMuzej Belarus, што спрыяюць дыскусіям і супрацы паміж мастакамі, куратарамі, даследнікамі ды актывістамі;
- ажыўленне айчыннае мастацкае сцэны – нягледзячы на ўсеагульны палітычны і грамадскі ціск, Беларусь застаецца цэнтрам мастацкае дзейнасці; мастацкая сцэна перажывае адраджэнне з прыкметным павелічэннем колькасці як індывідуальных, гэтак і групавых выставаў, большасць з якіх не мае палітычнага зместу.
Смерць Алеся Пушкіна (1965–2023)
11 ліпеня трагічная смерць беларускага мастака, актывіста і палітычнага вязня Алеся Пушкіна выклікала шок у грамадзянскай супольнасці Беларусі. Знойдзены без прытомнасці з цяжкімі хваробамі ў турме ў Гродне, ён памёр пасля аперацыі, пакінуўшы супольнасць у смутку і мужнае супрацьстаянне прыгнёту. Ягоны пяцігадовы тэрмін зняволення ў калоніі строгага рэжыму за антыбальшавіцкую творчасць і гучны супраціў рэжыму ўвасабляе жыццё, адданае свабодзе слова і правам чалавека. Вестка пра смерць Пушкіна і жудасныя падрабязнасці меркаванае медычнае нядбайнасці выклікалі пачуццё глыбокае страты і абурэння. У адказ на гэтую невыносную страту Беларуская Рада культуры зарганізавала акцыю памяці, каб падтрымаць сям'ю і захаваць натхняльную ды неацэнную творчую спадчыну. Гісторыя Алеся Пушкіна – гэта балючы напамін пра ахвяры, прынесеныя ў пошуках свабоды мастацтва і чалавечае годнасці. Рэха голасу Алеся ды яркія вобразы ягонага мастацтва застаюцца як трывалая даніна павагі чалавеку, які наважыўся сказаць праўду ўладам і заплаціў найвышэйшую цану за гэта.
Ініцыятывы, супраца і арт-актывізм за мяжою
Беларускія мастакі за межамі краіны засяроджваюцца не толькі на сваім рамястве. Яны актыўна супрацоўнічаюць на міжнародных пляцоўках і выказваюць сваю апазіцыю больш шырокім рэгіянальным канфліктам, у прыватнасці вайне ва Украіне. Гэта прывяло да серыі мастацкіх імпрэзаў і выставаў, як шчымлівых, гэтак і захапляльных, якія даследуюць не толькі эмацыйныя ландшафты вайны, але і складанае ўзаемадзеянне ідэнтычнасці, палітыкі і гісторыі.
4–5 траўня Міжнародная кааліцыя дзеячаў культуры салідарнасці з Украінай у Карлсруэ (Нямеччына) прадэманстравала 15 відэаролікаў і 24 лозунгі пра вайну ва Украіне – супольныя намаганні гэтага куратарскага калектыву і ZKM Center for Art and Media Karlsruhe, каб падкрэсліць: наступствы вайны – агульная трагедыя, якая кідае цень на XXI стагоддзе. Сярод беларускіх артыстаў, якія спрычыніліся да імпрэзы, – Bergamot Collective, Ганна Школьнікава, Воля Сасноўская & a.z.h., Лена Давідовіч, Жанна Гладко, Надзя Саяпіна, Андрэй Дурэйка, Леся Пчолка, Антаніна Сцебур, Аляксандр Камароў, Максім Тымінько і Сяргей Шабохін.
18 чэрвеня ў Нацыянальнай мастацкай галерэі ў Вільні адбылося закрыццё выставы “Калі перапыняецца – становіцца адчувальным” (If Disrupted, it Becomes Tangible), якая працягвае тэму палітычных хваляванняў і канфліктаў. Выстава пад куратарствам Аляксея Барысёнка і Антаніны Сцебур паглыблялася ў палітыку, тэхналагічны ўплыў ды змешаныя гістарычныя наратывы, дэманструючы працы беларускага мастацкага калектыву eeefff і Уладзіміра Грамовіча сярод іншых міжнародных мастакоў.
Дзве персанальныя выставы – “Вечны агонь” Андрэя Анро, арганізаваная і адкрытая 11 траўня галерэяй Duży Pokój у Варшаве, і Past Garden (Сад мінулага) Рамана Камінскага, зарганізаваная галерэяй HOS у Варшаве 18 траўня, – разважаюць пра суровую рэальнасць ваенных канфліктаў, іх сувязь з дыктатурай і прапагандай, а таксама ўплыў на траекторыі асобных мастакоў у вымушанай эміграцыі.
У Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве дзве выставы ахапілі розныя грані беларускага жыцця ды ідэнтычнасці. Экспазіцыя “Блізкія межы”, што завяршылася 23 чэрвеня, паглыбілася ў суіснаванне, здавалася б, такіх супярэчлівых ідэнтычнасцяў, як індывідуальнасць ЛГБТК+ і кансерватыўныя палітычныя погляды. Мастакі заахвочвалі да глыбокае самарэфлексіі ды назірання за рознымі ідэнтычнасцямі. Нарэшце, да гадавіны Музею Вольнай Беларусі 22 ліпеня ўрачыста адкрылі новую выставу Ігара Цішына – “Ад краю да краю”. Гэтая інсталяцыя пад куратарствам Вольгі Мжэльскай адлюстравала барацьбу, з якою сутыкаюцца ў пацярпелых рэгіёнах, а таксама гістарычную хроніку, палітычны ландшафт і хвалі беларускай эміграцыі. Дзякуючы гэтым экспазіцыям і супрацы беларускія мастакі не толькі дэманстравалі сваю творчасць, але і падкрэслівалі калектыўную адказнасць мастацтва ў выказванні апазіцыйнага меркавання, адлюстраванні складаных рэаліяў ды пераадоленні разрыву паміж гісторыяй і сучаснасцю.
У культурніцкім ландшафце расце тэндэнцыя арганізоўваць канферэнцыі ды ініцыятывы, што стымулююць дыялог і супрацу. 19–20 чэрвеня ў Інстытуце Пілецкага ў Берліне (Нямеччына) Ambasada Kultury правяла “Imagining OpenMuzej Belarus: супольнасць, сучаснае мастацтва, узаемадзеянне”. Інавацыйную ініцыятыву пачалі культурніцкія лідары ды арт-менеджары Валянціна Кісялёва, Ганна Чыстасердава, Ірына Кандраценка, Сяргей Шабохін і Антаніна Сцебур. Падзея мела на мэце даследаваць магчымасці салідарнасці ў беларускім культурніцкім ландшафце.
Праз такія дыскусійныя панэлі як “Музей як структура, якая ахоплівае супольнасць і выпраменьвае салідарнасць і падтрымку” ды “Салідарнасць, гарызантальнасць, супольнасць: культурніцкія праекты ў Беларусі”, канферэнцыя прадэманстравала багатую разнастайнасць галасоў, накшталт незалежнага куратара Аляксея Барысёнка, філосафкі Вольгі Шпарагі, мастачкі Руфіны Базловай і мастацкай суполкі eeefff. Разам яны падкрэслілі важнасць супольнасці, салідарнасці і сувязі ў сучасных культурніцкіх практыках, адзначаючы адметны крок у развіцці паразумення і супрацы паміж дзеячамі мастацтва ў выгнанні.
Ажыўленне айчыннае мастацкае сцэны
У Беларусі актывізацыя айчыннай арт-сцэны адбываецца на фоне палітычных узрушэнняў. У траўні каля Мінску ў якасці філіялу гістарычна-культурніцкага музею “Заслаўе” адкрыўся новы музей, прысвечаны беларускай маляванцы (традыцыйнаму маляванаму дывану). 17 чэрвеня ў мінскай галерэі А&В адбыліся “Мультфільмы для дарослых” Андрэя Пічушкіна. 29 чэрвеня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь адкрыліся дзве выставы – “Па-за прасторай” і “Сімфонія вялікага Космасу”. Відавочны рост колькасці як персанальных, гэтак і групавых выставаў, але іх аўтары і арганізатары свядома трымаюцца як мага далей ад палітычнага зместу. І гэта выбар, які патрабуе больш пільнага вывучэння.
Гэтую напружанасць яшчэ больш ілюструе абнаўленне выставы галерэі “Арт-Беларусь” 8 ліпеня экспазіцыяй з карпаратыўнае калекцыі “Белгазпрамбанку”. Канфіскацыя калекцыі ў 2020 годзе, звязаная з крымінальнаю справай аб адмыванні грошай і ўхіленні ад выплаты падаткаў, – важная дэталь, якой, здаецца, галерэя не надала належнай увагі. Больш за тое, кошт сканфіскаваных рарытэтаў ацэньваўся на 20 мільёнаў долараў, а стварыў калекцыю Віктар Бабарыка, беларускі банкір і апазіцыйны палітык, якога ў 2021-м асудзілі на 14 гадоў пазбаўлення волі. Такое супрацьпастаўленне культурніцкага свята і палітычнага прыгнёту падкрэслівае супярэчлівую ролю мастацкіх інстытуцыяў у сучаснай Беларусі ды выклікае сур'ёзную занепакоенасць іх этычнаю пазіцыяй.
Рэзюмэ і прагнозы
- Працяг міжнароднага ўплыву: чакайце пашырэння ўплыву беларускіх мастакоў за мяжою з працяглаю супрацай, арыентаванаю на палітычныя і грамадскія тэмы.
- Эскалацыя ўнутранага ціску: праблемы, з якімі сутыкаюцца мастакі ў Беларусі, хутчэй за ўсё, будуць захоўвацца або абвастрацца, што патэнцыйна можа прывесці да больш трагічных інцыдэнтаў.
- Рост супольнасці і культурніцкае ўзаемадзеянне: тэндэнцыя да заахвочвання супольнасці, хутчэй за ўсё, будзе набіраць абароты, ствараючы больш згуртаваную мастацкую супольнасць за межамі Беларусі.
- Этычная барацьба ўнутры айчынных мастацкіх інстытутаў: нягледзячы на ўяўнае ажыўленне мастацкае сцэны, складаныя этычныя пытанні, звязаныя з уніканнем палітычнага зместу, будуць працягваць фармаваць культурніцкі ландшафт Беларусі, працягла ўплываючы на тое, як мастацтва сутыкаецца з сацыяльнымі праблемамі.
Чытаць агляд літаратуры Беларусі (травень - ліпень 2023)
Чытаць агляд беларускага кіно (травень - ліпень 2023)
Чытаць агляд беларускіх музычных падзей (травень - ліпень 2023)
Чытаць агляд тэатральнага жыцця Беларусі (травень - ліпень 2023)
Чытаць ранейшыя выпускі аналітыкі актуальнага стану развіцця беларускай культуры