Беларускае кіно: у паміжжы

Беларускае кіно: у паміжжы

Аналітычная група Беларускай Рады культуры

Агляд (травень - ліпень 2023)

Апошнія тры месяцы выдаліся надзіва ўраджайныя. Што цікава, здарыліся збольшага падзеі сімвалічнага кшталту – якія штосьці важнае азначаюць, але не змяняюць парадку дня. Можа, гэта і ёсць цяперашні стан беларускага кіно: мы захраслі ў сімвалічным вымярэнні. Гэтак, у паміжжы (cлоўца з удзячнасцю запазычанае ў сёлетняй выставы беларускае фатаграфіі ў Лодзі).

Асноўныя трэнды сезону:

  • выгнанае кіно нарошчвае пракат у дыяспарах і кантакт з гледачамі;
  • нутраное кіно ператвараецца ў рытуал і сімуляцыю;
  • відаць, адбываецца цяжкаваты пераход да рэканструявання рэчаіснасці, якую больш немагчыма адэкватна фіксаваць.

Паміж фантазіяй і пародыяй

Пачнём з абнадзейвальнага: дзесьці па-за межамі Беларусі кіно досыць бадзёра стварала падзеі. У асноўным невялікія, адпаведна свайму эмігранцка-падвешанаму становішчу. 

Але ж адбыліся і віленскія сеансы адмененага ў Беларусі кінафэсту “Нефільтраванае кіно”, і варшаўскія паказы беларускіх фільмаў, і дакументальны фільм “Радзіма” на Кракаўскім кінафэсце (з атрыманнем элегантнага прызу глядацкіх сімпатыяў), і прыз фільму Мары Тамковіч “Na żywo” на Freedom Film Festival у Радаме. 

Рэжысёрка Мара Тамковіч - уладальніца прызу Freedom Film Festival у Радаме.
Фота: facebook.com/mara.tamkovich

Тым часам, дарэчы, завяршыліся здымкі поўнага метру спадарыні Мары “Восем гадоў і тры месяцы”. Фільм, адкінуўшы дакладную згадку пра тэрмін зняволення Кацярыны Андрэевай, стаў называцца абстрактна-рамантызавана – “Краіна пад шэрым небам”. Пакуль устрымаемся ад высноваў.

Дакументаліст Максім Швед паказаў у ЗША сваю новую стужку “Фатограф з плошчы Пераменаў”, а Настасся Сергіеня, знаная ігравою кароткаметражкаю “Сойка”, анансавала прэм’еру новага фільму “You & I” у канцы жніўня.

Адбылася і прэм’ера анімацыйнае стужкі Івана Гапіенкі “Калыханка” ды выстава малюнкаў да яе. Тая кафкіянская калыханка закалыхвае наш посттраўматычны сіндром, спрытна хапаючы яго сутнасць: пад адною рэчаіснасцю хаваць іншую. І каб яны супадалі звонку сваёй будзённасцю – да моманту такога ж будзённага трыгеру. Калі не памыляемся, гэта першая спроба зачапіць цяперашні эмацыйны стан беларусаў (дый не толькі іх) не праз вербатым сведкі ды ахвяры і не праз аповед як такі. Пасля плыні апавядальных фільмаў пра траўму, ненаратыўная, цалкам візуальная стужка пра посттраўму выглядае метафараю змены светаўспрымання пасля 2022-га, а не пасля 2020-га. Час трошку зрушыўся наперад – ужо добра.

Тым часам дзесьці ў далёкай Іспаніі здарылася нячутная прэм’ера альманаху “COOL (News from Belarus)”, ініцыяванага Мікітам Лаўрэцкім. На матывы беларускіх навінаў, якія заўсёды ладна складаюцца ў абсурдны і нават абаяльны ў сваім абсурдзе наратыў, рэжысёры з розных краінаў – і беларусы таксама – знялі кароткаметражныя фільмы. Меркаваць, якую ж Беларусь яны ўтвараюць разам, пакуль не маем магчымасцяў. То спадзяёмся, што стужка выйдзе за межы зборніку анекдотаў і пакажа нам першую фантазію пра постпратэставую Беларусь, што ўнікае адлюстравання і таму можа быць толькі рэканструяваная такім вось чынам. 

Бліжэй, у Польшчы, парадыйныя ЧынЧыны адзначыліся кароткаметражкаю “ЧынЧыны праляцелі зязюляю”, дзе зборны беларускі чыноўнік з дзвюма галовамі – Сяргей Мікалаевіч і Мікалай Сяргеевіч – адкрыў сваё паходжанне. Дужа прадказальнае і тым адметнае. Шарм і праўда ў тым, што, перамяшчаючыся ад пародыі да трэшу і назад, гэты падвойны герой файна адлюстроўвае стан і ашчушчэнія сучаснае беларускае бюракратыі, захраслай між пародыяй, сімуляцыяй і прадукаваннем злачынстваў. Што праз шмат парадыйных цытатаў з кіношнае класікі гэты фільм урэшце прыходзіць да інтанацыяў “Кабінету доктара Каліґары” – як ці не найтрапнейшага пакуль, яшчэ інтуітыўнага выказвання пра дух часу. Так-так, ЧынЧыны лёгка, з трэшачком зрыфмавалі расчалавечвальную і рэпрэсіўную пустэчу цяперашняе Беларусі з Нямеччынаю пачатку 1920-х, у якой паўстаў нямецкі кінаэкспрэсіянізм. За тое дзякуй.

Паміж мінкультам і “Купалам”

Дарэчы, пра бюракратыю. У яе ўсё добра. Яна стварае ў Беларусі чарговую экспертавую раду для развіцця кінематаграфіі, што мае, імаверна, развіць тое, чаго не развілі папярэднія экспертавыя рады для развіцця кінематаграфіі. Куды яны зніклі і чаму паўстала неабходнасць у новай, патлумачыць можна хіба толькі самарэплікацыяй беларускай бюракратыі ды яе фрактальнаю структураю.

Іншая прадказальная, але ж нечаканая навіна – замена генеральнага дырэктара кінастудыі “Беларусьфільм”. Месца сталічнага функцыянера Уладзіміра Карачэўскага заняў гродзенскі функцыянер, старшыня “Гроднааблкінавідэапракату” Юрый Аляксей. Самае істотнае ў гэтай навіне – шыльда “Гроднааблкінавідэапракат”, створаная, імаверна, каб уражваць веліччу бюракратычных скаротаў.

Астатняе не выходзіць за межы даўніх бюракратычных рытуалаў, якія пераплавіліся ў пустую гісторыю кінастудыі. Каб замацаваць рытуал, перад новым гендырам паставілі пустыя задачы

пашырыць супрацу кінастудыі з нацыянальнымі тэлевізійнымі каналамі і Белтэлерадыёкампаніяй,
сфармаваць прафесійную каманду,
эфектыўна ўкараніць стратэгію культурніцкага імпартазамяшчэння ў кінематаграфіі,
прадукаваць фільмы, запатрабаваныя гледачом і скіраваныя на патрыятычнае выхаванне насельніцтва.

А памятаеце, як за часам пазамінулага гендыра “Беларусьфільму” Ігара Поршнева нас весялілі задачаю ператварыць кінастудыю ў фабрыку, на якой будуць здымаць дахалеры беларускіх і замежных фільмаў? Ад тых кісла-амбітных планаў рэканструкцыі да “знайдзіце ўжо тых, хто ўмее здымаць, і здыміце хоць штосьці”, – сем гадоў і два міністры. 

Нагадаем, што той жа Ігар Поршнеў, на якога ўскладалі рытуальныя спадзевы на адраджэнне неадраджальнага, атрымліваў у 2015-м наступную рытуальную ж задачу: “Мы жывём у Беларусі, і наш прэзідэнт аднойчы сказаў: “Калі вы здымеце фільм, зразумелы народу, і каб было цікава глядзець?” Хацелася б выканаць сваё даручэнне: зняць зразумела”.

Іронія хаваецца ў тым, што ў час Поршнева і далі хаду фільму менавіта такому – зразумеламу народу. Гэта аказаўся праект “Купала”. 

Кадр з кіно "Купала"
фота: imdb.com/title/tt13499372/

Наступны гендыр Уладзімір Карачэўскі пранёс “Купалу”, як сцяг: то троху вымаючы яго, то хаваючы – у залежнасці ад бюракратычных настрояў. І тых рухаў аказалася дастаткова, каб вакол стужкі пачало ўтварацца сімвалічнае поле барацьбы ды асобная легенда з традыцыйным савецкім трохкутнікам аўтар – глядач – машына цэнзуры (бачыце – мадэль дасюль працуе). 

Цяпер мы назіраем, як “Купала” самастойна робіцца меркай, якою можна адлічваць этапы нашага цьмянага існавання: “паміж першым і другім выкладаннем “Купалы” ў сеціва”, ці “калі “Купалу” выклалі, але папрасілі не глядзець”, ці “паміж другім і трэцім выкладаннем “Купалы” ў сеціва” і г. д. 

Нарэшце ў сеціва выклалі фінальную версію “Купалы”, і напярэдадні гадавіны выбараў сеансы зладзілі дыяспары ў Польшчы, Грузіі, ЗША. Мяркуем, на тым жыццё фільму не скончыцца, бо ён сімвалічна накладаецца на стасункі ўладаў і народу. І дужа недакладная, але ж відавочная ды, галоўнае, візуальная паралель з падзеямі 2020-га ў фабуле працуе. То бок пакуль не развязаная сітуацыя, створаная ў 2020-м. 

Падаецца, Уладзімір Янкоўскі праз 20 гадоў усё ж зняў сваю “Анастасію Слуцкую”, ад якой у 2003-м адмовіўся, – у абліччы “Купалы”: фільм, які ствараюць, каб ён быў “зразумелы народу”, праз які ўлады гавораць з народам пра пэўнае адзінства. Проста з уладамі нарэшце ўсё склалася “не так адназначна”, як тады чакалі.

Паміж старымі і новымі

Тым часам “Беларусьфільм” паднатужыўся і выдаў стосік навінаў.

Па-першае, у сціплы сімвалічны пракат ціха выйшла “добрая і харошая” стужка Аляксандра Яфрэмава “Ліст чакання” – пра кардыёлагаў, якія застаюцца вернымі сваёй прафесіі. І вернасць гэтая, вядома, атаясамліваецца з вернасцю радзіме і дзяржаве. Якія да таго ж атаясамліваюцца і між сабою (так, вы правільна схапілі метафарычную нітку цяперашняга бюракратычнага кіно: сэрца – радзіма – дзяржава). Цяжка знайсці ў ёй прынцыповыя адрозненні ад ягонае ж стужкі “Рыфмуецца з любоўю” (2006) – адно што там былі гематолагі, яшчэ не так заклапочаныя любоўю да радзімы, магчыма, праз спецыялізацыю: радзіма ж у сэрцы, не ў крыві.

Па-другое, маладыя рэжысёры-аніматары “Беларусьфільму” ў траўні дэбютавалі з альманахам “Навагодні калейдаскоп”. Навіна, адметная не толькі неймавернаю своечасовасцю, але і тым, што мы даведаліся пра існаванне на студыі анімацыйнага кіно маладых рэжысёраў (пра такое нічога не было чуваць ледзь не з 2017-га). Запішам імёны: Юлія Пінцак, Віталь Андрасюк, Данііл Жугжда і Яна Арыстава-Галіноўская. Зверым спіс праз год.

Кадр з альманаху "Навагодні калейдаскоп"
Фота: belta.by

Па-трэцяе, выпускнік Акадэміі мастацтваў Кірыл Халецкі – бадай, адзіны ўдзельнік дзіўнаватае студыі моладзевага кіно Smolk@ на “Беларусьфільме” – распачаў здымкі дэбютнага поўнага метра “Кіношнікі”.

“Мы рэальна паказваем, як рэжысёр-дэбютант праходзіць розныя этапы стварэння свайго фільму”, – цытуе спадара Халецкага Міністэрства культуры.

Пакуль няма як меркаваць уласна пра стужку, проста паназіраем, як спадар Халецкі вольна ці нявольна абслугоўвае людажэрскую бюракратычную сітуацыю, калі беспасярэдні прафесійны абавязак – падтрымліваць і ўводзіць у цэх новыя пакаленні – выдаецца за прывілей ды вымагае лаяльнасці, а дэманстратыўным падтрыманнем асобных навічкоў аздабляюць даўні сістэмны канфлікт пакаленняў і недапушчэнне новых кадраў у да таго ж зачышчаную галіну. 

Мы ж памятаем, што дасюль не выпусцілі на экран папярэдняга, распачатага ў 2019-м, альманаху маладых кінематаграфістаў “Гэта я, Мінск”, у якім, дарэчы, Мінск адбудаваны таксама на метафары кіназдымак, і здымкі тыя фіксуюць не надта нарматыўненькі, а дзе-нідзе і балюча-з’ездлівы вобраз пустога гораду і пустога часу. 

Як думаеце: якая ж з гэтых дзвюх стужак выйдзе на экраны першая? 

Ад хронікі да сімуляцыі

Нечаканую і неабавязковую, неахайную і запознюю стужку аб пратэстах “Хроніка сучаснасці” цяжка неяк каментаваць. Адно што і тут пануе іронія. Фільм, які, магчыма, стаўся падставаю для рэпрэсіяў, сам дужа падобны да аператыўнае здымкі: ніякіх узаемадзеянняў з героямі, паглыбленняў у натоўп, высвечвання настрояў, калізіяў, характараў. 

Кажам “магчыма”, толькі каб пазначыць прынцыповае становішча: у Беларусі ці за яе межамі мы больш не маем доступу да рэчаіснасці. І можам здагадвацца пра яе толькі паводле тых аскепкаў канструяваных вобразаў, што выдаюць нам сілавікі, прапаганда і часам іншыя медыі. А крытэры іх праўдзівасці і адэкватнасці ўжо страчаныя. 

Мы можам уяўляць і пужацца, перастрахоўвацца ці грэбаваць перасцярогай, як тое зрабіў рэжысёр “Хронік”, але сказаць, як там насамрэч, ужо не ў стане: кожны прапанаваны аскепак нам адначасова кажа праўду і хлусіць. 

Ці не таму пратэсты, знятыя іх удзельнікамі, сталіся апошняю дакументальнаю рэчаіснасцю, нам даступнай. А апошнім дзейсным спосабам кантакту з ёю – стрым. Пасля пайшлі “пакаянныя” відэа, жанр дваістае сімуляцыі, “якая не існуе, але ж існуе”. І цяпер фіксаваць тую знявечаную сімуляцыяй рэчаіснасць і немагчыма, і небяспечна. Магчыма толькі рэканструяваць. “Хронікі сучаснасці” пазначылі гэты важны падзел, якога мы, заўважаючы, не прамаўлялі. Але ж, мяркуем, шмат хто выбраў бы абысціся без такое нясвоечасовае раскошы.

Між іншым, заўважым, што фарматам, атаясамленым з беларускаю салідарнасцю і адзінствам, па-ранейшаму застаецца стрым: марафон “Нам не ўсё адно” яшчэ раз гэта сімвалічна паказаў. 

Карацей, выглядае, падводныя камяні беларускага кіно – пагрозу ператварэння то ў бюракратычны рытуал, то ў эксплуатацыю пратэставага адзінства – пакуль кінулі без увагі, каб перавесці дух. 

Наперадзе нас чакае восеньская фестывальная руціна: ужо абвясцілі прыём заявак фестывалі “Паўночнае ззянне” і “Bulbamovie”. Павінен неўзабаве ачуцца “Лістапад”. Але ж нутраная пустэча не знікне. І яна вымагае рашэнняў, якія наўрад ці будуць. У гэтым святле спробаю можа падацца нефармальны з’езд незалежных беларускіх кінематаграфістаў у Варшаве 18–20 жніўня. Але ж і ён пакуль не пазбягае пагрозы ператварыцца ці то ў рытуал, ці то ў эксплуатацыю. Чакаем, глядзім.


Чытаць агляд беларускіх музычных падзей (травень - ліпень 2023)

Чытаць агляд тэатральнага жыцця Беларусі (травень - ліпень 2023)

Чытаць ранейшыя выпускі аналітыкі актуальнага стану развіцця беларускай культуры

Report Page