Поп & рок: летняя гульня ў рынак

Поп & рок: летняя гульня ў рынак

Аналітычная група Беларускай Рады культуры

Агляд (травень - ліпень 2023)

Музычнае лета 2023 нельга назваць фестывальным ні па той, ні па гэты бок мяжы. Актыўнай дзейнасці арганізатараў канцэртаў у Беларусі замінаюць ідэолагі, а ў замежжы — адсутнасць гарантаванага фінансавання. Зрэшты, жыццё ва ўмовах татальнага ціску спрыяе творчасці музыкаў у краіне: за лета ў Беларусі запісаныя прынамсі тры новыя якасныя альбомы, у замежжы — толькі адзін. Але ні пра фэсты, ні пра музычныя навінкі вы не прачытаеце ў беларускай незалежнай прэсе. Не знойдзеце там і аналітыкі культурніцкага жыцця беларусаў. Чаму? Разважаюць нашыя эксперты.

Асноўныя трэнды сезону:

  • фестывальнае лета ў Беларусі ды за яе межамі вымярае творчую патэнцыю музыкаў і густы аўдыторыі; 
  • спецыфіка актыўнасці беларускіх музыкаў: у замежжы новы матэрыял амаль не пішацца, у краіне з’яўляюцца новыя імёны;
  • незалежныя медыі: ігнараванне музычнае (і культурніцкай агулам) тэмы ды адсутнасць экспертызы.

Фестывалі: ідэалогія і камерцыя

Фестывальнае лета – выдатны індыкатар, паводле якога можна вымяраць шмат якія працэсы ў беларускай музыцы. Нават у тых абставінах, у якіх цяпер апынулася сфера. Гэта каталагізацыя здабыткаў, фіксацыя наратываў, ацэньванне творчае патэнцыі – фестывальная індустрыя (ці хаця б кволы намёк на індустрыю) дэманструе густы аўдыторыі ды здольнасць культурніцкіх менеджараў іх задавольваць. 

Можна падзяліць усе існыя беларускія фестывалі на дзве ўмоўныя катэгорыі: камерцыйныя і ідэалагічныя. Гэта дазволіць зразумець і густы масавай аўдыторыі, і наратывы прапаганды з контрпрапагандаю. 


Музычныя фестывалі ў межах Беларусі скараціліся да неабходнага і дазволенага мінімуму. Нават максімальна траваедны ў выбары артыстаў фэст Vulitsa Ezha ў Батанічным садзе сёлета адмовіўся ад музычнае праграмы і канчаткова пераўтварыўся ў свята гастранамічнага геданізму. 


Цікавы нюанс: дзяржава цалкам узяла на сябе не толькі адміністрацыйны кантроль за музычным імпартам, але і ўсе бізнес-працэсы. Каб прывезці ў Беларусь замежнага артыста, трэба нейкім чынам дамовіцца з дзяржаўнымі ўстановамі, каб яны ўзялі на сябе юрыдычную справаздачнасць і выступілі афіцыйным арганізатарам імпрэзы. Нават буйныя канцэртныя агенцтвы, якія дасюль выжываюць у максімальна купіраванай прасторы, вымушаныя працаваць праз дзяржаўныя ўстановы. Напрыклад, канцэрты ўкраінска-расійскай спявачкі Anna Asti, якія яшчэ нядаўна рабіла агенцтва Atom Entertainment, цяпер ладзіць Палац Рэспублікі. 

Тое сама з фестывалямі: калі арганізатар хоча прывезці замежніка ў Беларусь, ён мусіць шукаць кантакты з дзяржаўнымі ўстановамі. Новая ступень фільтрацыі іншадумцаў і новы спосаб класці грошы ў патрэбнае месца. 

У выніку ў Беларусі засталіся толькі два лакальныя фестывалі з тутэйшым лайн-апам: “Свята сонца” і “Наш Грунвальд” (хоць і яны адбыліся не без пэўных праблемаў у фармаванні музычнае часткі). Плюс жменя міжнародных фэстаў, кожны з якіх мае сваю парадыгму развіцця. 

Славянскі базар” амаль кожны год заяўляе, што амаль выйшаў на камерцыйныя рэйкі, але нешта ўвесь час перашкаджае. У прынцыпе прычыны ясныя ўсім, акрамя самых арганізатараў: аўдыторыя эстрадных артыстаў з тэлебачання імкліва скарачаецца разам з аўдыторыяй самога тэлебачання. А музычны складнік фестывалю з года ў год застаецца нязменным. Тут можна зноў убачыць канцэрт усіх зорак “Шансон-ТВ” і ўрачыстую эксгумацыю эстраднага смецця з мінулага. Гэта цалкам ідэалагічны прадукт, які працуе на падставе лаяльнасці і адданасці прынцыпам існавання ва ўмовах несвабоды. Пераклічка творчых аўтсайдараў, баль штучнае песні ў выкананні наймітаў таталітарнай ідэалогіі. 

Падчас фэсту Viva Braslav у Браславе.
Фота: t.me/vivabraslav_official.

З іншага боку, у Беларусі сёлета адбыўся чарговы Viva Braslav – найбуйнейшы камерцыйны фестываль, які існуе паводле прынцыпаў рынку ва ўмовах яго адсутнасці. Гэтым летам імпрэзу ў курортнай зоне наведалі каля 30 тысячаў чалавек, і гэта добры маркер густаў масавай аўдыторыі. Лайн-ап фестывалю — свята камерцыйнае поп-музыкі, на якое трапілі папулярныя заходнія дыджэі (і гэта ўжо сенсацыя для цяперашняе Беларусі), а таксама актуальныя і не вельмі поп-спевакі з Расіі (Artik & Asti, Hammali & Navali, “Отпетые мошенники”, “Банд’эрос”) і беларускія артысты (Бакей, Проста Лера, saypink!). Гэта адзіная паспяховая спроба зрабіць папулярны беларускі оўпэн-эйр. Але і тут ёсць нюанс: стылістычна і геаграфічна музычны складнік Viva Braslav амаль не змяніўся з 2019 года. Ён існуе паралельна з ідэалагічнымі наратывамі і з’яўляецца іх падсвядомым адлюстраваннем. 

Фестывалі нашага замежжа адбываюцца паводле іншае логікі ды ва ўмовах адсутнасці камерцыйных партнёраў і спонсараў. Першапачаткова гэта кўэст у пошуку грошай. Потым – кўэст у фармаванні лайн-апу з улікам фінансавых магчымасцяў. І пасля – спроба ўварвацца ў інфармацыйную прастору, перанасычаную палітычным кантэнтам і чужымі наратывамі, а беларускую культурніцкую тэму яна абслугоўвае ў вольны ад працы час.

У беларускім замежжы сёлета адбыліся адразу тры розныя паводле складніку, фармату і ўмоваў фестывалі ў Польшчы: Varušniak, амаль цалкам заснаваны на дыджэйскім лайн-апе, Hučna Fest, больш традыцыйны паводле музычнага складніку, і пераемнік культавага “Басовішча” – фестываль Tutaka

Гурт Super Besse на сцэне беларускага Hučna Fest у Варшаве.
Фота: Павел Савіцкі, freebelarus.center.

Усе тры фэсты праводзіліся ва ўмовах абмежаванага фінансавання і адсутнасці камерцыйных партнёраў. Таму лайн-ап фармаваўся з улікам магчымасцяў арганізатараў ды агульнага іхнага ўяўлення пра музычныя густы беларусаў замежжа. Да аншлагаў таго ж “Басовішча” кожнаму з гэтых фэстаў далёка. Але кожная з імпрэзаў паасобку і разам можна лічыць добраю спробай абазначыць прысутнасць Беларусі ў экспацкім жыцці Польшы ды фармаванні паўнавартаснае дыяспары.

Творчыя ямы і крэатыўны голад

Перыяд летніх фестываляў – звычайна дэманстрацыя свежага матэрыялу ад творцаў: адпрацоўванне новае праграмы, добрая інфанагода разварушыць інертнага слухача. Гэтак прынамсі працуе прагматычная сістэма каардынатаў сусветнае папулярнае музыкі. 

Беларуская музыка паводле гэтых правілаў не жыве: ці цалкам іх ігнаруе, ці не бачыць неабходнасці існаваць у гэтай сістэме каардынатаў.

Так ці інакш, беларускія музыкі, якія сёлета бралі ўдзел у фестывалях у Беларусі і за яе межамі, не падрыхтавалі новых праграмаў. Гастролі працягваюцца са старым матэрыялам, які нязменна выклікае адчуванне дэжа-вю. Папулярныя беларускія гурты і выканаўцы жывуць у стане крэатыўнага голаду.

Эмігранцкая сцэна працягвае існаваць у гастрольным рэжыме і трымае публіку старымі хітамі: пакуль гэта працуе, але, відавочна, ненадоўга. За межамі Беларусі артысты канкуруюць не толькі паміж сабой, але і з шматлікімі сусветнымі зоркамі. А гэтую канкурэнцыю магчыма вытрымліваць толькі дзякуючы цікавай унікальнай прапанове.

Але ёсць і прыемныя выключэнні. Варта адзначыць берлінскі праект KOOB беларускае спявачкі Леры Дэле — сучасны, харызматычны джаз, у якім пульсуе энергія і любоў да музыкі. У Беларусі бракуе такое музыкі – на мяжы эксперыменту і традыцыі, разняволенай і прафесійнай, аўтэнтычнай і мультыкультурніцкай. 

Ці эклектычны нуар Sick Mirror: густы блюз, зміксаваны з псіхадэліяй і месцамі нават стоўнэрам. Цікавы і разнастайны альбом, у якім спалучаецца багата цёмных адценняў. Яго прыдумалі і запісалі выдатныя музыкі з добрым густам і цікавым мысленнем: стандартнае пераўтвараецца ў нестандартнае, зразумелае робіцца таямнічым. 

Вокладка альбома Sick Mirror.
Выява: sickmirror.bandcamp.com

Таксама варта звярнуць увагу на гомельскі мэтал са стадыённым патэнцыялам Torf. Гэта музыка для вялікіх пляцовак і буйных фестываляў, выбуховая і меладычная, працуе паводле зразумелых поп-канонаў — і  ў гэтым яе галоўны плюс. Маем масавы якасны прадукт з модным гукам, яскравымі мелодыямі, запамінальнымі рыфамі і выдатным візуалам. 

Яшчэ адзін цікавы праект — lifo. Музыкі эксплуатуюць не самыя відавочныя першакрыніцы. У альбоме Atoire Sakidashi, Vol. 1 ёсць як характэрныя для My Bloody Valentine шумавыя пульсацыі ды гітары, гэтак і больш лагодныя формулы, якія выкарыстоўваюць Slowdive: праца з мелодыяй, вакол якой і будуецца саўнд кампазіцыі. 

Нават ва ўмовах ультрацэнзуры музыкі ў краіне дэманструюць куды больш творчай энергіі за эмігранцкую сцэну.

Доказам гэтага - факт, што амаль усе альбомы (акрамя KOOB), адзначаныя вышэй, запісаныя і выдадзеныя на тэрыторыі Беларусі.

Незалежныя беларускія медыі: ігнараванне культурніцкае тэмы і адсутнасць экспертызы

Праблема беларускага фрэшмэна – адсутнасць зацікаўленасці з боку інфармацыйных рэсурсаў. Увага зусім іншым героям і падзеям. Найперш ты палітычны вязень, а толькі потым знаны мастак. У гэтых абставінах спадзявацца на хаця б мінімальную ўвагу з боку незалежных беларускіх медыяў не выпадае. Творца мусіць шукаць іншыя сродкі камунікацыі са сваім слухачом, а слухач – іншыя каналы інфармацыі. 

І тут ёсць два асноўныя пойнты.

Першы – незалежныя медыі неасэнсавана абслугоўваюць інтарэсы прапаганды. Яе амбасадоры ды носьбіты – прыярытэт у інфармацыйнай прасторы, кожнае выказванне ўмоўных сэлэбрыці становіцца нагодаю для публікацыі. Трэш-кантэнт замест адукацыі, клікбэйт як рэлігія — намаганні быць таблоідам ва ўмовах адсутнасці рынку выглядаюць як спроба памераць турэцкія джынсы на кардонцы пад дажджом.

Другі пойнт – адсутнасць экспертызы. Беларускія незалежныя выданні існуюць у стане адсутнасці важкіх бюджэтаў. У такім фармаце немагчыма быць трэндсэтэрам: ты толькі рэтранслюеш чужыя сэнсы і наратывы. Утрымліваць культурніцкую экспертызу ў такіх абставінах – неабгрунтаваная раскоша. А гэта ў сваю чаргу прыводзіць да крывое логікі “гэты кантэнт не цікавы нашаму чытачу”.

Таму ў большасці беларускіх незалежных медыяў адсутнічае інфармацыя і аналітыка пра культурніцкае поле. Затое цудоўна пададзены ўвесь небагаты прапагандысцкі скарб, рэгулярны шок-кантэнт для ўражлівых рэдактараў. 

Вынік – ашалелая гонка за трафікам ва ўмовах адсутнасці рынку, дубляж чужых наратываў і поўная адсутнасць уцямнае стратэгіі стварэння беларускага кантэнту. Контрпрапаганда без ідэалагічнага падмурку. 

Высновы

Адзіны камерцыйны беларускі фестываль на тэрыторыі краіны і за яе межамі праілюстраваў рэальныя інтарэсы масавае публікі: Беларусь паглыбляецца ў расійскі кантэкст і пакуль не мае іншых варыянтаў.

Беларускія фестывалі замежжа адбываюцца ва ўмовах мінімальных бюджэтаў і прапануюць сціплы лакальны лайн-ап.

Артыст у эміграцыі дасюль не прапанаваў публіцы новае праграмы. Гэта ў найбліжэйшай будучыні прывядзе да спаду зацікаўленасці з боку беларускае публікі. З іншага боку, у межах Беларусі нават ва ўмовах ультрацэнзуры з’яўляюцца новыя імёны.

Беларуская музыка амаль цалкам пазбаўленая інфармацыйнага падтрымання з боку незалежных медыяў. У цэнтры ўвагі – бздуры дзяржаўнае прапаганды, а творца робіцца ньюзмэйкерам толькі ў надзвычайных абставінах.


Чытаць агляд тэатральнага жыцця Беларусі (травень - ліпень 2023)

Чытаць ранейшыя выпускі аналітыкі актуальнага стану развіцця беларускай культуры

Report Page