Тэатр: выжыванне ў Беларусі, часовы рэнесанс у замежжы

Тэатр: выжыванне ў Беларусі, часовы рэнесанс у замежжы

Аналітычная група Беларускай Рады культуры

Агляд (травень - ліпень 2023)

Звальненні выбітных майстроў сцэны і пераход да новай сістэмы фінансавання, якую ў мінкульце даўно анансавалі, але толькі цяпер нарэшце вызначыліся з тэрмінамі. Уцёкі ў нацыянальную класіку (зварот да якой па азначэнні не можа быць пройгрышным) і новыя ўмовы існавання ў замежжы. Умовы, якія творцы робяць для сябе спрыяльнымі. Беларускі тэатр “тут” і “там” (акцэнт змяняецца ў залежнасці ад лакацыі актараў), або чым жыла тэатральная тусоўка гэтым летам. 

Асноўныя трэнды сезону:

  • у беларускім тэатры працягваюцца звальненні і рэпрэсіі, анансуюцца далейшыя змяненні ў рэпертуары – зачыстка тэатральнае тэрыторыі ад дарэвалюцыйнае спадчыны пакрысе набліжаецца да свайго завяршэння;
  • анансавалі час пераходу да новае сістэмы фінансавання, пры якой дзяржаўныя тэатры будуць атрымліваць яшчэ менш дапамогі з боку дзяржавы;
  • у міжнародным вымярэнні айчынны тэатр усё больш ператвараецца ў пляцоўку для паказу прадукцыі расійскіх калектываў;
  • дзякуючы новай прадзюсарскай ініцыятыве INEXKULT беларускі тэатр у замежжы прадэманстраваў, што мае шанец пераадолець праблемы менеджменту і фінансавання;
  • польскія паказы INEXKULT канчаткова замацавалі прыярытэт гэтае краіны ў беларускай тэатральнай эміграцыі.

Чарговыя звальненні і пераход да новае сістэмы фінансавання

Рэпрэсіі ды звальненні ў беларускай тэатральнай сферы не спыняюцца. Гэтым разам прыйшоў час Беларускага дзяржаўнага тэатру лялек – да нядаўна ён заставаўся апошнім буйным сталічным калектывам, якога амаль не закранула новая дзяржаўная палітыка. 

У мінулых аглядах згадваўся сыход дырэктара Яўгена Клімакова і акторкі Святланы Цімохінай (у першым выпадку як мінімум фармальна добраахвотны). Цяпер не працягнулі кантракту галоўнаму рэжысёру Аляксею Ляляўскаму – без перабольшання вялікаму беларускаму творцу, які працаваў на сваёй пасадзе з 1986-га.

Сцэна са спектакля "Чаму старэюць людзі?.." Рэжысёр: Аляксей Ляляўскі.
Фота: puppet-minsk.com

Фармальна ён не ставіў новых спектакляў апошнія два гады. Але сам факт займання ім пасады быў праяваю традыцыі, павагі да мінулага і творчае пераемнасці – усё гэта з катастрафічнаю хуткасцю знікае з беларускае тэатральнае прасторы. Таму звальненне Ляляўскага выглядае набліжэннем да канчатковага “перагортвання старонкі” ды амаль поўнае зачысткі тэатральнае тэрыторыі ад мінулае дарэвалюцыйнае спадчыны (гаворка пра падзеі да 2020 года). Відавочна, кропку ставіць ніхто не збіраецца. 

У канцы ліпеня ў Міністэрстве культуры адбылася нарада з удзелам кіраўніцтва большасці тэатраў. Адна з кіраўніц Мінкульту Ірына Дрыга заявіла, што з 1 студзеня 2024 года дзяржаўныя калектывы пераходзяць на камбінаваную сістэму фінансавання, пры якой толькі частка расходаў пакрываецца з бюджэту

Пра новую мадэль казалі даўно. Яшчэ ў лютым 2021-га Аляксандр Лукашэнка сфармуляваў яе так: “Зарабілі два мільёны долараў – два мільёны долараў дадалі бюджэтных. Пяць зарабілі – пяць дадамо”. У жніўні 2022-га пераход да новае схемы анансаваў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.

У 2017–2019 гадах удзельная вага пазабюджэту ў буйных рэспубліканскіх тэатраў набліжалася да 34 %. У абласных – да 37 %. Але такія лічбы дасягаліся жорсткім выкананнем плану, неабходнасцю паказваць вялікую колькасць забаўляльнае прадукцыі, што не давала развівацца калектывам і акторам. 

Словы Дрыгі – першыя, у якіх агучаныя канкрэтныя даты пераходу да такое мадэлі. Хоць ніякіх канкрэтных лічбаў пакуль няма. 

У нататцы пра сустрэчу з чыноўніцаю гаварылася пра неабходнасць “істотнага абнаўлення рэпертуару з мэтай пастаноўкі спектакляў, якія забяспечваюць павышаны попыт гледачоў”. Тэатры цяпер нібыта зацікаўленыя ў п’есах пра “сучасных герояў Беларусі, Вялікую Айчынную вайну, праблемы маладога пакалення ў нашы дні, слаўнае мінулае Беларусі”. Аўтарам рэкамендуюць не баяцца “закранаць вострасацыяльныя тэмы сучаснасці, істотная правільная палітычная ўстаноўка аўтара. Вітаецца патрыятычны выхаваўчы пачатак, але не «ў лоб», а на станоўчых прыкладах дзейнасці персанажаў”. 

Формулы шчасця

Чыноўніцтва такім чынам забівае адразу двух зайцоў. 

Па-першае, стымулюе тэатры зарабляць больш, каб выканаць даручэнне зверху. У выніку гэта прывядзе да пастаноўкі яшчэ больш забаўляльных / класічных / правераных сюжэтам і г. д. спектакляў, што паставіць крыж на ўсялякім эксперыменце. 

Па-другое, такім чынам яно плануе пазбавіцца “старых” аўтараў на карысць “новых” і “патрыятычных”. Зрэшты, сама навіна – нават яе назва “Тэрмінова патрабуюцца якасныя айчынныя п’есы і лібрэта!” – сведчыць, што, магчыма, такія творы яшчэ трэба напісаць. Насцярожвае выраз “п’есы, пастаўленыя перыферыйнымі і нават самадзейнымі калектывамі, могуць выклікаць цікавасць у вялікіх дзяржаўных тэатраў”.

Мяркуючы з усяго, калектывы чакае нашэсце непрызнаных дасюль творцаў з матэрыялам адпаведнага ўзроўню. Паратунак у такім выпадку – зварот да класікаў (або нават да не самых вядомых іхных твораў).

Напрыклад, Рэспубліканскі тэатр беларускае драматургіі звярнуўся да апавядання Уладзіміра Караткевіча “Карней – мышыная смерць”, прысвечанага Другой сусветнай вайне. Каб стварыць на яго аснове паўнавартасны спектакль (рэжысёрка – Алена Зміцер), да інсцэнізацыі дадалі ўрыўкі з прозы пісьменніка, ягоных вершаў і эсэ.

Сцэна са спектакля "Карней" паводле твора Уладзіміра Караткевіча.
Фота: Uladzislau Rachuba, rtbd.by

Кадравы голад – наступства рэпрэсіяў – па-ранейшаму адчуваецца і ў айчыннай рэжысуры. Са сталічных рэжысёраў напамінам пра мінулае застаецца хіба праца Яўгена Карняга, які выпусціў у тэатры лялек спектакль “Разумная сабачка Соня”. Таму непазбежна пачынаюць працаваць кадравыя ліфты, уласцівыя грамадствам часу рэпрэсіяў: хто прыняў правілы гульні (або каму пашанцавала), імкліва пераскоквае праз некалькі прыступак. Напрыклад, на пастаноўку ў дзяржаўны Купалаўскі тэатр – са спектаклем “Казка пра мёртвую царэўну” – запрасілі рэжысёра Палескага тэатру (што ў Пінску) Паўла Марыніча, які ніколі не меў досведу працы ў буйных тэатрах і дасюль ставіў толькі ў сваім калектыве.

У міжнародным аспекце беларускі тэатр усё больш ператвараецца ў пляцоўку для расійскіх калектываў. Трупы з Расіі ўзялі ўдзел у сталічным форуме “Балетнае лета”, завіталі на “Тэатральныя сустрэчы” на “Славянскім базары ў Віцебску”, прыехалі на гастролі ў мінскі Тэатр юнага гледача. Спыняць такую палітыку не плануюць: на восень анансаваныя паказы Казанскага тэатру на пляцоўцы дзяржаўнага Купалаўскага. 

INEXKULT: беларусы ў Еўропе

У мінулых аглядах вялося пра цяжкасці, з якімі сутыкаецца беларускае тэатральнае замежжа. У тым ліку пра ўзаемазвязаныя праблемы менеджменту і фінансавання, што прыводзіла да мінімальнае колькасці паказаў. 

Улетку 2023 года сітуацыя рэзка змянілася дзякуючы новае прадзюсарскае ініцыятыве INEXKULT, якая запусціла тэатральны фестываль INEX FEST. Дзякуючы яму ў Варшаве адбыліся паказы шэрагу айчынных пастановак. Гэта два спектаклі рэжысёркі Паліны Дабравольскай – “Сарматыя” і “Выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе мне служыць замест мяча”. Пастаноўкі “Беспрацоўнае дрэва” (рэжысёрка – Святлана Бень), “Мама Зоя, Беларусь” (беларуска-шведскі праект, рэжысёрка – Аксана Гайко разам з ансамблем спектаклю) і “рЭвалюцыя Зайца” (рэжысёр – Юра Дзівакоў). А таксама адразу некалькіх спектакляў “Купалаўцаў”: “Шэпт” (рэжысёр – Раман Падаляка), “Гусі-людзі-лебедзі” (рэжысёр – Аляксандр Гарцуеў) і “Камедыя Юдзіфі” (рэжысёр – Павел Пасіні). 

Святлана Анікей у спектаклі Рамана Падалякі "Шэпт".
Фота: Ксенія Васілеўкіна / kupalaucy / Instagram

Фэст дапамог прыцягнуць увагу да беларускага тэатру, а таксама падрыхтаваць прэм’еры – “Канец паўкабана” (праца Юры Дзівакова) і “Плошча Перамогі” (праца Аляксандра Гарцуева). Удалося і пашырыць геаграфію паказаў. Напрыклад, “Шэпт” акрамя Варшавы ўбачылі ў Кракаве, Сопаце і Вільні.

Геаграфія паказаў INEX FEST, які, дзеля аб’ектыўнасці, першапачаткова і задумваўся як варшаўскі, канчаткова замацаваў за Польшчаю першае месца ды безумоўны прыярытэт сярод беларускае культурніцкай эміграцыі.

Прычынаў багата: блізкасць польскай і беларускае моваў, што дапамагае адаптацыі; больш высокі ўзровень жыцця ў гэтай краіне ў параўнанні з Літвою; дасюль актуальныя пытанні з легалізацыяй часткі творцаў (менавіта яны робяць немагчымым іхны выезд за мяжу краіны, а таму і гастролі). 

Але кантраст відавочны. Дадамо, што, акрамя форуму ў Польшчы, адбываліся і шараговыя прэм’еры. Напрыклад, “Мора Хрысціны” (рэжысёр – Андрэй Новік), якую выпусціў у чэрвені Team Theatre (спектакль прысвечаны падзеям 9–14 жніўня ў беларускіх пастарунках). На фоне шмат якіх польскіх паказаў у Вільні за гэты час адбылася толькі адна прэм’ера. Гаворка пра “Ціхароў” (украінскай рэжысёркі Сашы Дэнісавай). Дакладней, яны анансаваліся як чытка, але выглядалі як паўнавартасны, іранічны і стыльны спектакль, адзін з найлепшых пра падзеі 2020 года. У іншых краінах наагул паказваюцца лічаныя пастаноўкі (кшталту праекту “Батлейка Шагал” Аляксандра Ждановіча ў Тбілісі).

Сцэна з пастаноўкі "Гераіні" Паліны Дабравольскай.
Фота: David Konečný, provazek.cz

Варта згадаць і асабістыя поспехі айчынных творцаў. Оперны спявак Ілля Сільчукоў дэбютаваў у славутым міланскім тэатры La Scala ў “Русалцы” Дворжака. Ужо вядома, што з сезону 2024/2025 Віталь Алексяёнак з Беларусі станецца галоўным дырыжорам Нямецкай оперы на Рэйне. Рэжысёрка Наталля Ляванава паставіла ў познанскім Тэатры анімацыі спектакль “Уся надзея ў яйку”. А Паліна Дабравольская ажыццявіла пастаноўку “Гераіні” ў тэатры Husa na provázku, што ў Брно (Чэхія). Гэта дае згаданым творцам магчымасці далей развівацца і будаваць кар’еру ў еўрапейскіх тэатрах.

Высновы

Ціск з боку ўладаў на айчынны тэатр не спыняецца. Працягваюцца звальненні і зачыстка калектываў ад рэшткаў былое вольніцы дзясятых гадоў. У міжнародным аспекце беларускі тэатр становіцца пляцоўкаю для расійскіх тэатральных калектываў. Для асобных творцаў гэтыя акалічнасці робяцца нечаканым кар’ерным шанцам. Агулам жа беларускі тэатр у краіне выжывае ды імкнецца прыстасавацца да новых умоваў, не страціўшы сябе.

У замежжы беларускі тэатр зведаў нечаканы рэнесанс, звязаны з новаю прадзюсарскай ініцыятываю INEXKULT. У перспектыве будзе зразумела, мае гэта адраджэнне сталы ці часовы характар. Хутчэй, апошняе, бо ў любым выпадку праблемы, што існавалі дасюль (адсутнасць падтрымкі ад інстытуцыяў, неабходнасць працаваць дзесьці акрамя тэатраў і г. д.), нікуды не зніклі. Можна толькі спадзявацца, што новая ініцыятыва, калі яна будзе мець працяг, дапаможа развязаць частку з іх.

Чытаць ранейшыя выпускі аналітыкі актуальнага стану развіцця беларускай культуры

Report Page