ГН#1. Гарадзенскія замкі
Тэлеграм канал "Палявая пошта"Гэта публікацыя стала магчымай дзякуючы нашым падпісчыкам і падпісчыцам. Сканы ўсіх набытых за ахвяраваньні матэр'ялаў будуць размешчаны ў нашым тэлеграм-канале, самі паштоўкі і здымкі ў перспектыве папоўняць калекцыі беларускіх музеяў. Падтрымаць добрую справу можна тут: https://www.buymeacoffee.com/poshtabel
Багатая гісторыя Горадні
Нашы замкі на старых паштоўках то не рэдкасьць. Крэва, Ліда, Мір, Нясьвіж, Наваградак - тагачасным фатографам было што здымаць у першай палове ХХ стагоддзя. Але гэтая паштоўка, якую атрымалася набыць дзякуючы нашым чытачам, асаблівая. Дзе яшчэ ў Беларусі пабачыш адразу ДВА замка на адным фота? Каралеўскі горад не мае роўных :)
Падпісаць фота было варта іначай, чым "Стары Замак", бо на паштоўцы яшчэ шмат рознага. У цэнтры кампазіцыі Новы Замак, каралеўская рэзідэнцыя, месца правядзення соймаў Рэчы Паспалітай. Справа ад Новага Замка бачым купалы царквы Раства Багародзіцы (ХVIII ст) і ваданапорную вежу. Маленькі човен у водах вялікага Нёмана толькі дадае атмасферы ўсяму пейзажу.
Падобны ракурс некалькі год таму. За стагоддзе ад прыбрэжнай цывільнай забудовы ужо нічога не засталося. Царква захавалася, як і Стары і Новы замкі. Першы яшчэ чакае рэканструкцыі...
Нарэшце, актуальны здымак 2023 года ад праекта "Пабач Гродна". Працы ў Старым Замку яшчэ ідуць, праз пэўны час можа атрымацца цікавы калаж з старых і сучасных фота, на якіх можна прасачыць эвалюцыю(?) зьменаў славутай фартэцыі.
Нельга абмінуць увагай і адваротны бок паштоўкі. Картку надрукавалі ў берлінскім выдавецтве Георга Шцільке. Дакладнай даты няма, але можна думаць пра 1915-1916-ыя годы. У часы Першай сусветнай гарадзенскія замкі былі важным асяродкам для нямецкіх жаўнераў: у Новым працаваў вайсковы шпіталь, а ў Старым афіцэрскае казіно.
Паштоўкі кампаніі Шцільке з'яўляюцца добрай крыніцай для краязнаўцаў і гісторыкаў. Нямецкае прадпрыемства на канец 1918-ага года мела больш за 150 палявых і стацыянарных кніжных крамаў на заходнім фронце. Цалкам верагодна, такая філія па продажы друкаванай прадукцыі была і ў Горадні.
Лёгка ўявіць сітуацыю, калі нямецкі афіцэр ідзе з шпіталя Новага Замка ў казіно Старога, каб згуляць у карты з сябрамі. А дзесьці па дарозе, на пошце ці ў кіёску набывае паштоўку з тым самым кравідам, каб распавесьці родным пра свае прыгоды... :)
_______________________________
*****
Дзякуй за ўвагу!
Падтрымаць рубрыку "грамадскі набытак" і выхад новых артыкулаў можна тут: https://www.buymeacoffee.com/poshtabel
Калі ласка, спасылайцеся на "Палявую пошту", калі карыстаеце здымкі ці тэкст з артыкула :)
Тэлеграм: https://t.me/poshtabel
Інстаграм: https://www.instagram.com/poshtabel/
__________________________________________
Архіў рубрыкі #грамадскінабытак:
ГН#1. Гарадзенскія замкі
ГН#2. Найпрыгажэйшы вакзал Аляксандраўскай чыгункі
ГН#3. Брэст-Літоўск у пекле Першай сусветнай
Калі карыстаеце матэр'ялы і фотаздымкі з артыкула, просьба спасылацца на сац.сеткі Палявой Пошты і Віленскага Беларускага музея адпаведна.