ГН#2. Найпрыгажэйшы вакзал Аляксандраўскай чыгункі

ГН#2. Найпрыгажэйшы вакзал Аляксандраўскай чыгункі

Тэлеграм-канал "Палявая пошта"
крыніца: https://t.me/poshtabel, грамадскі набытак

Трохі з гісторыі

1883 год, па загаду цара пачалося будаўніцтва новага вакзала і станцыі ў Брэсце-Літоўскім. Павінна было атрымацца ўзорна прыгожа, бо "горад над Бугам" тады быў на самай мяжы Расейскай Імперыі. Іншаземцы, што прыбывалі цягніком, мусілі бачыць моц і веліч краіны адразу сыходзячы з перона.

За тры гады каманда архітэктараў ды інжынераў пад кіраўніцтвам Барыса Лорберга дала рады ажыццявіць праект. І так, у іх атрымалася, як было загадана: вакзал уражваў з першага погляду і любога ракурса, знутры і звонку. Аляксандр ІІІ, які прыехаў на адкрыццё, пэўна быў задаволены.

На будаўніцтва пайшла неймаверная сума ў больш за 2.000.000 рублёў золатам. Я пашукаў у сеціве нейкія адпаведнікі коштаў тых часоў, каб адчуць грандыёзнасьць затрачаных сродкаў: на мяжы ХІХ - ХХ стагоддзяў купіць новы аўтамабіль было рэальна за 5000-7000 тыс, кватэра ў вялікім горадзе каштавала каля 10.000. Скептычна стаўлюся да крыніц, дзе гэта вычытаў, але нават так атрымліваецца, што за 2м рублёў можна было пабудаваць комплекс з некалькіх шматкватэрных дамоў з належнай інфраструктурай і ўласным аўтапаркам...

Ну ці адзін такі вакзал :D

крыніца: be.wikipedia.org/wiki/Брэсцкі_чыгуначны_вакзал

Разбурэньні Першай вайны

У тагачасным Брэсце хапала адметнай архітэктуры, але вакзал вылучаўся настолькі, што не меў канкурэнтаў сярод здымкаў, надрукаваных на паштоўках. Карткі выпускалі не толькі мясцовыя выдавецтвы, што сьведчыць аб значнасьці і адметнасьці будынка ў тыя часы.

Вакзал быў спалены расейскімі жаўнерамі пры адступленьні ў 1915 г. Нішчылі інфраструктуру, каб меньш даставалася ворагу, і на жаль, гэта сумная гісторыя шмат якіх станцый на тэрыторыі Беларусі.

крыніца: https://t.me/poshtabel, грамадскі набытак

Акупацыйныя ўлады педантычна фатаграфавалі разбурэньні, на падставе гэтых здымкаў было выдазена шмат паштовак, Брэст-Літоўск не стаў выключэньнем. Часта трапляюць карткі на якіх напісана "аб'ект N знішчаны расейцамі пры адступленьні".

крыніца: https://t.me/poshtabel, грамадскі набытак

На нашым экзэмпляры падобнае не пазначана, але і без гэтага бачна, як выгарэў будынак. Дарэчы, спадарства, калі маеце добрыя сканы, раю пагуляцца з зумам і пашукаць дробныя дэталі на здымках, напрыклад, надпісы на фасадах.

крыніца: https://t.me/poshtabel, грамадскі набытак

Картка надрукавана Аляксандрам Пфайферам у Берліне, яна прайшла Палявую пошту ("Feldpost"), штамп за 24 сакавіка 1917 года. Пра выдаўца вядома няшмат, часам, сустракаю яго здымкі па гарадах на захадзе Беларусі, варта адзначыць высокую якасьць ягонай прадуцыі. Агулам, берасьцейскім краязнаўцам і калекцыянерам "пашанцавала", бо цягам акупацыі 1915-1918 гг. нямецкія выдавецтвы, надрукавалі сотні, калі не тысячы розных паштовак з відамі горада. Добры матэр'ял для збору і вывучэньня.

крыніца: архіў https://t.me/poshtabel

Традыцыйнае фотапараўнаньне, каб адчуць зьмены за стагоддзе. Разбураны ў Першую сусветную, вакзал быў адбудаваны за палякамі, потым зноў разбураны ў Другую сусветную, і зноўку адбудаваны за саветамі.
Пасьляваенны будынак, які маём цяпер, таксама па-свойму прыгожы. Але ё адчуваньне, што той першы вакзал з нашай паштоўкі ўсё ж нашмат прыгажэй і адметней. Сёньня, менавіта ён быў бы славутасцю не толькі горада, але і ўсёй беларускай чыгункі.
____________________________________________

Гэта публікацыя стала магчымай дзякуючы нашым падпісчыкам і падпісчыцам. Сканы ўсіх набытых за ахвяраваньні матэр'ялаў будуць размешчаны ў нашым тэлеграм-канале, самі паштоўкі і здымкі ў перспектыве папоўняць калекцыі беларускіх музеяў. Падтрымаць добрую справу можна тут: https://www.buymeacoffee.com/poshtabel

Дзякуй за ўвагу!

Калі ласка, спасылайцеся на "Палявую пошту", калі карыстаеце здымкі ці тэкст з артыкулаў :)

Тэлеграм: https://t.me/poshtabel
Інстаграм: https://www.instagram.com/poshtabel/





Report Page