ГН#3. Брэст-Літоўск у пекле Першай сусветнай
Тэлеграм-канал "Палявая пошта"Трохі з гісторыі
У жніўні 1915-ага года кайзераўскія войскі прыйшлі на тэрыторыю Беларусі. Адным з першых на іх шляху апынуўся Брэст-Літоўск з аднайменнай фартэцыяй. Улічваючы агульную сітуацыю на фронце, камандаванне расейскай арміі вырашыла не абараняць горад. Адступаючы на ўсход, царскія аддзелы нішчылі ўсё, чым мог пазьней скарыстацца вораг, і Берасьце стала першай ахвярай такой стратэгіі.
Кіраўнік інжынернага аддзелу Брэст-Літоўскай крэпасьці, генерал-майор Іван Лідэрс, пакінуў наступныя ўспаміны:
«Мы были свидетелями незабываемой, душу потрясающей картины феерического пожара: горели не только весь город целиком, его окрестности, строения инженерной мастерской... но и окрестные деревни на всём доступном глазу пространстве..."
Спалены горад на паштоўках
Заняўшы Брэст, а дакладней тое, што ад яго засталося, новая адміністрацыя пачала асвойвацца на месцы і прыстасоўваць рэшткі горада пад уласныя патрэбы. Разбурэнні, пакінутыя расейскай арміяй, належала задакументаваць, чым і заняліся ваенныя фатографы. Нямецкія выдавецтвы карысталі іх здымкі для выпуску паштовак - яшчэ адзін сродак прапаганды ў тыя часы. Такіх картак з рознымі відамі спаленага Берасьця зрабілі дзясяткі, калі не сотні, сабіраць гэту калекцыю можа быць сапраўды балюча.
Наш экзэмпляр быў адзінкай з адмысловай серыі, надрукаванай у горадзе Брэслаў (сёньня Ўроцлаў) у 1916 годзе. Калега Уладзімір Багданаў ласкава падзяліўся набыткам з уласнай калекцыі. Дзякуючы яму, можам даведацца пра арыгінальную прадукцыю тагачасных выдавецтваў:
Адметнасьць камплекта ў тым, што ўсе карткі выкананы ў колеры - нячастая з'ява сярод куды больш тыражных чорна-белых аналагаў.
Наш экзэмпляр паходзіць з падобнага набору, у якім было яшчэ 9 фотаздымкаў зруйнаванага Берасьця. Від прывакзальнай плошчы:
У сеціве адшукаў іншыя фота з таго выпуска, на якіх адлюстраваны і сам вакзал. На момант пабудовы гэта была адна з самых дарагіх і прыгожых чыгуначных станцый у Расейскай Імперыі, зрэшты, такой яна і заставалася да пачатку вайны. Нават спалены, будынак усё адно ўражваў, таму на нямецкіх паштоўках ён сустракаецца паўсюдна і ў розных ракурсах. Пра адну такую ўжо выходзіў асобны артыкул у нашым тэлеграм-канале "Палявая пошта".
Транспартная і ваенная інфраструктура пры адступленьні знішчалася першай, акром чыгункі пакутавалі і масты. Прыклад на яшчэй адной паштоўцы з камплекта:
На іншых картках рэшткі горада, спаленага пажарам. Пра яго згадаў у сваіх успамінах капітан Пельман, афіцэр нямецкай арміі:
«...Как вкопанные, остановились мы, глядя на это гигантское зрелище. Насколько мог охватить глаз, мы видели сплошное огромное море поднимавшегося к небу огня, над которым, затемняя солнце, поднималась огромная дымовая туча, возвещая всей окрестности: „Брест погиб“...».
Паводле зьвестак, тады згарэла больш за 2500 дамоў. Краявіды постапакаліпсіса...
Сьведкі забытай вайны
Калі скласці спіс беларускіх гарадоў, якія найбольш пацярпелі ў гады Першай сусветнай, Берасце атрымае ў ім адну з першых пазіцый. Дзіўна, што сёньня ў гарадской прасторы цяжка знайсці нейкі помнік, шыльду, узгадку пра тыя часы. Разумееш, чаму гэту вайну ў нас клічуць "забытай".
Балазе, захавалася шмат сьведкаў таго часу - паштовак. Carl Dittmar, выдавец з Уроцлава, друкаваў іх з трошкі іншымі мэтамі і для іншага спажыўца, але цяпер плёнам ягонай працы могуць скарыстацца ўжо самі берасцейцы ды ўсе, каму цікава гісторыя горада.
*****
#грамадскінабытак
Вялікі дзякуй ўсім падпісчыкам і падпісчыцам за дапамогу ў набыцці матэр'ялаў. Сканы ўсіх выкупленых рэчаў будуць размешчаны ў нашым тэлеграм-канале, самі паштоўкі і здымкі ў будучыні папоўняць калекцыі беларускіх музеяў.
Спрычыніцца да добрай справы "кубачкам кавы" можна тут: https://www.buymeacoffee.com/poshtabel
*****
Калі ласка, спасылайцеся на "Палявую пошту", калі карыстаеце здымкі ці тэкст з артыкула :)
Тэлеграм: https://t.me/poshtabel
Інстаграм: https://www.instagram.com/poshtabel/
__________________________________________
Архіў рубрыкі #грамадскінабытак:
ГН#1. Гарадзенскія замкі
ГН#2. Найпрыгажэйшы вакзал Аляксандраўскай чыгункі
ГН#3. Брэст-Літоўск у пекле Першай сусветнай