Беларускі арт: будучыня, узброеная прыладамі з мінуўшчыны 

Беларускі арт: будучыня, узброеная прыладамі з мінуўшчыны 

Аналітычная група Беларускай Рады культуры

Агляд-каталог (студзень – сакавік 2024)

Частка ІІ

Чытаць Частку І

***

Да тэмы адсутнасці музею беларускага сучаснага мастацтва ўвесь час працягваюць звяртацца падчас розных сустрэчаў і дыскусіяў. Фармат у сучаснага музею можа быць любы: канферэнцыя ці серыя абмеркаванняў, гутаркі, падкасты, архівацыя, медыі ці індывідуальныя віртуальныя праекты.


02.03.2024

Падкаст OM / Open Muzej

Мэта падкасту – стварыць адкрыты публічны музей, арыентаваны на даследаванне, архівацыя, захаванне, падтрыманне, развіццё і дэманстрацыю беларускага сучаснага мастацтва. Праект успрымае музей як працэс і супольнасць, як супольны досвед практыкі публічнае гісторыі і спосабу разумення свету.


23.03.2024

Case Study of the VEHA Archive

Куратарка – Вера Злуцкая

Cinemateket, Капэнгаґен

Архіў Veha прэзентуе выставу, якая дазваляе зазірнуць у збор фатаграфіяў з сямейных калекцыяў. Каманда праекту імкнецца падкрэсліць важнасць мясцовай архіўнай працы і масавых арганізацыяў у захаванні візуальнае спадчыны Беларусі.


23.03.2024

Сяргей і Дзмітрый Брушкі

REVISION 30

Музей Вольнай Беларусі, Варшава

Два архівы і два пакаленні. Фотавыстава Сяргея і Дзмітрыя Брушкоў, у працах якіх адлюстраваныя важныя моманты найноўшае гісторыі Беларусі. Унікальнасць праекту – у супастаўленні фотаздымкаў з розніцаю 30 гадоў: яны паказваюць жыццё краіны ў 1990-ыя і ў 2020-м.


Ганна Сакалова

Museum, Дусэльдорф

Кінбурн – адна з формаў перазбору рэальных site-specific інсталяцыяў мастачкі ў віртуальнай прасторы, створанай паводле вобразу сапраўднае Кінбурнскае касы, што была захопленая 24 лютага 2022 года Расеяй, а раней была запаведнікам.


Ганна Сакалова. Museum. Скрыншот. Крыніца: www.annasokolova.org/de/preview


*** 

Фота і памяць – амаль што неразрыўныя падарожнікі. Апошнім часам здымкі менш выкарыстоўваюцца дзеля памяці, беспасярэдне як факт і дакумент, а ўсё болей выступаюць як актуальнае мастацкае медыя.


02.02.2024

Аляксей Шлык

GOO

Futures Hub, Амстэрдам

Пасля сфальсіфікаваных выбараў у Беларусі ў 2020 годзе і вайны ва Украіне мастак аказваецца ў палоне навінаў. Праз прызму праўладных СМІ ліецца бесперапынная плынь нянавісці, дэзынфармацыі і хлусні. Гэтыя “паразіты” пранікаюць у асабістую прастору творцы, ператварыўшы штодзённую руціну ў звычку няспынна праглядаць негатыўныя навіны ў сацыяльных сетках. 


02.02.2024

Кацярына Кузьмічова

Limbo

Galeria Fotografii B&B, Бельска-Бяла

Limbo – выстава пра досвед эміграцыі, часовасць, што доўжыцца і доўжыцца, фіксуе жыццё і эмацыйны стан украінскіх уцекачоў, якія жывуць у Вроцлаве пасля пачатку вайны ў 2022 годзе.


05.02.2024

Марыя Карнеенка

Rattus sapiens, Вроцлаў

Праект беларускай мастачкі трапіў у лік лаўрэатаў конкурсу фестывалю ў Вроцлаве. Серыя здымкаў на прыкладзе пацукоў заахвочвае да разважання над тым, ці ёсць “чалавек разумны” адзіным высокаразвітым відам на зямлі.


24.02.2024

Не_звычайныя Героі

Арганізатар – Віталь Лакотка

“Робім разам”, Варшава

Фотавыстава прысвечаная беларусам, якія абараняюць незалежнасць Украіны са зброяй у руках і дзякуючы валанцёрскай дзейнасці набліжаюць перамогу.

 

*** 

Сёння нашая агульная трагічная рэчаіснасць – болей psycho, чымся ratio. Рэальны свет перайшоў на негатыў, і толькі праз цемру паўстаюць выявы. Замест беларту – чорнмаст. Пераадоленне хваравітага дэпрэсіўнага стану, псіхалагічных траўмаў, болю, новага досведу, прыватных гісторыяў, непрадказальнасці будучыні – усё гэта штодзённыя тэмы беларускіх мастачак і мастакоў.


06.03.2024

Яна Шостак

Акцыя Miała na imię Liza

Журавя 47, Варшава

“Яе звалі Ліза” – дэманстрацыя, прысвечаная гібелі маладое беларускі, жорстка згвалтаванай і забітай у цэнтры польскае сталіцы. “Мы выходзім на вуліцы, каб Ліза не была забытая. Каб вуліцы нарэшце сталі бяспечнымі для нас. Мы зноў і зноў заяўляем: каб гвалт знік, трэба перастаць гвалціць”.


***

Беларускае жаночае мастацтва застаецца на вастрыі пачуцця і прэзентацыі, не губляючы здабыткаў феміністычнага досведу і пратэснага руху апошняга дзесяцігоддзя. Напэўна, на сёння гэта самая актыўная і рэпрэзентатыўная група, якая гучыць у такт агульным падзеям у свеце. Цела як тэрыторыя мастацтва. Праз фальклор да маркету. Instagram-стратэгіі і фэшн. У выніку работы нашых мастачак трапілі ў калекцыі музеяў. Вялікія праекты “Recent Notes. Canopic jars” Вікі Мітрычэнкі – у Amsterdam Museum і Unknouwn Алы Савашэвіч – у NOMUS – New Art Museum Gdańsk.


16.02.2024

Ала Савашэвіч

I w puszczy

Krupa Art Foundation, Вроцлаў

Што агульнага ў прыгодніцкага раману “У пустэльні і ў пушчы” 1910 года з глушшу на мяжы з Беларуссю ў 2023 годзе? Нашае юнацкае школьнае чытанне праз шмат гадоў страціла сваю нявіннасць, як і ідэі гуманізму аказаліся ілюзіяй.


08.03.2024

Ала Савашэвіч

Nie czas żałować róż, gdy płoną lasy

Galeria Op Enheim, Вроцлаў

Выстава “Не час шкадаваць ружаў, калі гараць лясы”. Час, у які мы жывём, ставіць перад намі шмат праблемаў. З аднаго боку, гэта патрабуе ад нас працягваць асэнсоўваць і аналізаваць мінуўшчыну, а з другога – мы мусім сутыкнуцца з усё больш імклівым штодзённым жыццём, з футуралагічнымі і постлічбавымі тэмамі.


08.03.2024

Ала Савашэвіч

Samosiejki

Galeria HOS, Варшава

Наратывы з выставы апавядаюць пра жаночую сілу і ўстойлівасць, якія ўзрастаюць. Пра разуменне неабходнасці прыкладаць намаганні для пастаяннай рэалізацыі і трансфармацыі сябе.


Ала Савашэвіч. Ружы. З серыі "Шчыты". Інкрустацыя саломкай па дрэве. Крыніца: www.ofluxo.net


08.03.2024

Art project Revolution

Monologue of Female Artists

Ясна 10, Варшава

Перфарматыўная інсталяцыя і выстава, прысвечаныя Дню жаночае салідарнасці і вызвалення. Феміністычнае мастацтва, што разглядае тэмы “Цела ў мастацтве”, “Цела ў вайне” і “Цела ў палітыцы”.


09.03.2024

Таша Кацуба

Калекцыя адзення PEOPLE

Biuro wystaw, Варшава

Прэзентацыя калекцыі адзення, што складаецца з 9 моцных жаночых вобразаў, кожны з якіх напоўнены сваім характарам і досведам. Аўтарскі асабісты траўматычны досвед апошніх гадоў адбіваецца ў характары ўсёй калекцыі, якая хутчэй нагадвае тэрар-тэатр, чымся звыклую моду.


13.01.2024

Аліна Блюміс

The Stone Age

Bienvenu Steinberg & J, Нью-Ёрк

Мы падарожнічаем ад рацыянальнага да эмацыйнага, ад штучнага інтэлекту да каменнага веку? У серыі Concrete Poems бетонных працаў мастачкі – звыклыя словы, якія здаюцца проста сродкамі звычайнае камунікацыі, пачынаюць растварацца, адкрываючы бездань абсурду, якая хаваецца за іх граматыкаю.


29.02.2024

Аліна Блюміс

Wonderland

Aicon Gallery, Нью-Ёрк

Краіна цудаў – гэта фантастычны пейзаж, месца, чыя прыгажосць або шчодрасць – па-за рэальнасцю. Рэдка можна трапіць у краіну цудаў, але калі гэта магчыма, чалавек трапляе ў яе праз чароўны партал… У апошняй серыі Zoo Paintings жывёліны не з'яўляюцца; у клетцы – гледачы.


Аліна Блюміс. З серыі Wonderland. Крыніца: www.alinabliumis.com/blog


21.03.2024

Аліна Блюміс

Florephemeral

Ceysson & Bénétière Gallery, Нью-Ёрк

Людзі правялі ўсю гісторыю ў пошуках таго, што вызначае нас і аддзяляе ад астатняга свету прыроды. Спачатку гэта была душа, затым інтэлект, потым – пачуццё гіпотэзы сярод многіх іншых; кожная цямнейшая за папярэднюю…


***

Непераадоленасць дэкаратыўнага фалькларызму, адкрытае пытанне для разумення народнага. Быць можа, гэтаму варта было б болей павучыцца ў вуліцы, і на ёй шукаць больш сапраўднага сучаснага гарадскога фальклору, як гэта адбывалася з панкам, рэпам і тэхна. Думаю, кожнаму з нас прыемна знаходзіць знакі беларускіх дыверсіяў на вуліцах іншых гарадоў.


30.03.2024

Cemra

Amputation of Roots / Ампутацыя каранёў

TFH Concept Store, Варшава

“Я ўсвядоміла сувязь мінулага і сённяшняга, дзе крыюцца вытокі маёй эстэтыкі. Яркімі ўспышкамі дзяцінства былі візіты ў шпіталь, рытуал, які паўтараўся кожныя два гады. I цяпер мая эстэтыка – гэта працэс ператварэння болю ў прыгажосць”.


Cemra. Amputation of Roots / Ампутацыя каранёў. Крыніца: іnstagram.com/cemraartist


Міхась Мішук

Вадалазы

Берлін, Варшава

Едзеш у Вільню, Варшаву, Берлін і нават Хайфу, сустракаеш на сцяне вадалаза і з усмешкаю разумееш, што ён мог “вынырнуць” толькі з Беларусі.


***

Як ні дзіўна, архітэктура і цела – яшчэ не забароненыя тэмы выставаў у Беларусі. І, напэўна, гэтага ўжо не так мала, каб працягваць працаваць над спрадвечнаю праблемаю чалавека ў прасторы, тут і ёсць тэрыторыя для разумення праўды.


29.02.2024

Doctor Oy

CreateCulture Space

Hutkasmachnaa window gallery, Вільня

Як спалучыць стрыт-арт і народную спадчыну? Гэты праект натхнёны творчасцю бабулі мастака ды іншых майстроў з розных куткоў Беларусі, ён аб’ядноўвае гарадскую і галерэйную прасторы для стрыт-арту.


23.03.2024

Art Yard Community

Фестываль СЭНС. SENSE. აზრი აქვს, Тбілісі

Міжнародныя культурніцкія ўстановы, што былі вымушаныя закрыць свае філіялы праз войны або цэнзуру, мастакі і інтэлектуалы, якія страцілі прастору для іншадумства, дыялогу і міжкультурнага абмену, знаходзяць для сябе новыя месцы на вуліцах і сценах іншых гарадоў.


03.02.2024

Глеб Бурнашаў

Niewidzialna Dzielnica, Варшава

Праект разглядае перапляценне рэальнасці і ўспамінаў, уздымае тэмы, звязаныя з адаптацыяй і гарадскімі ландшафтамі, уводзячы ў дыскусію эфект выпадковых асацыяцыяў. Асаблівая ўвага надаецца Варшаве і яе ўзаемасувязі з краявідамі беларускіх гарадоў.


17.02.2024

Страсці па архітэктуры

Куратарка – Дзіна Даніловіч

НЦСМ, Мінск

Стваральнікі выставы не ставяць перад сабою задання сухой акадэмічнай мовай расказаць пра гісторыю і тэорыю архітэктуры. Праект скіраваны на тое, каб сімвалічнымі, эмацыйнымі сродкамі паказаць эвалюцыю архітэктурных стыляў шырокаму колу гледачоў.


***

Адметна, што па абодва бакі мяжы застаецца падабенства ў падыходзе да трактавання постаці чалавека ў жывапісе. Дзіўна, што ў большасці сваёй яна постфатаграфічная. Нібыта аўтары больш вераць тэхнарэалізму вобразу чалавека, чымся сваім вачам. Але такі метад увогуле не датычыць прасторы: яна па-ранейшаму хаваецца за абстрактнай экспрэсіяй.


26.01.2024

Таня Кандраценка

Art Herning

KIRk Gallery, Гэрнінг

Экспрэсія і яскравасць фарбы на тле карціны, пакрытая сімвалічнымі постацямі няпэўнасці маладзёна, які з заплюшчанымі вачыма ідзе па канаце або вісіць на галіне дрэва дагары нагамі. Усё гэта нібыта наўмысна падкрэслівае драму паміж абстрактным і фігуратыўным.


17.03.2024

Яўген Шадко

De Twee Pauwen gallery

Den Haag

Выпадковасць моманту, зафіксаванага на фотаздымку самога жывапісца, азначае пачатак пабудовы новага намаляванага свету. Карціны – мост паміж абстракцыяй і ўспрыманнем рэчаіснасці, дзе ў цэнтры карцінаў – чалавек у абстрактным асяроддзі.


***

Сюррэалізм нікуды не знік ні з нашага жыцця, ні з мастацтва. Беларускае мастацтва таксама ўвайшло ў эпоху ШІ. І сённяшнія рэалізацыі постгалюцынагеннай рэчаіснасці, памножанай на новае паганства, змяшанае з рухам зялёных і тэхналагічна ўзброеныя, мала падобныя на тое позняе сюррэалістычнае адхіленне местачковае дэкаратыўнасці, гэтак характэрнае для беларускага акадэмізму.


07.02.2024

Юра Шуст

Interfaces

Lille Grand Palais, Ліль

Даследаванне сувязі паміж рытуалам і эскапізмам. Заінтрыгаваны семантычнай полісеміяй, інфармацыйным ап'яненнем і паўсюдным імкненнем да пазацялеснага досведу, мастак разважае пра тое, як міфалагічнае перасякаецца з тэхналагічным. Сакральная ідэя залучэння чалавечага розуму ў глабальную сетку з яе тэндэнцыяй да дэцэнтралізацыі натхняе аўтара пераасэнсаваць панятак духоўнай экалогіі.


Юра Шуст. Інсталяцыя Coniferous Succession. Крыніца: management.nyc


02.03.2024

Юра Шуст

Sacred Threads

Kunsthalle Friart, Фрыбур

На працягу ўсёй гісторыі сацыяльныя сістэмы ўключалі месцы для сузірання і дзейнасці, якія дапамагаюць нам адчуваць сябе звязанымі з чымсьці большым, чымся мы самыя. Гэтыя дзеянні часта ўключаюць рытуалы і падзеі, што палягчаюць досвед трансцэндэнтнасці і сувязі.


***

Ці будзе за гэтым сапраўднае новае тэхналагічнае, а тым больш навуковае мастацтва? Вялікае пытанне. І тым больш цікава назіраць за інавацыйнымі і тэхналагічнымі праектамі беларускіх мастакоў. 


15.02.2024

Філіп Грубнёў

Highlight Delft

New Media Center, Дэлфт

Праект “Выпаленая зямля” сплятае аповед пра гвалт, памяць і матэрыю. Стварэнне ўмоваў для мінулага, віртуальнага і сучаснага для пабудовы новае гісторыі.


***

Сучаснае мастацтва тут. Мы, напэўна, даволі добра адчуваем подых часу. Шмат хто сёння вымушаны быў перайсці палітычныя і сацыяльныя межы, але самым складаным выпрабаваннем станецца пераадоленне не толькі беларускай, але і мастацкай спадчыны, каб рызыкоўна пайсці туды, куды яшчэ не хадзілі. Здаецца, вярнуліся перфарматыўнаць і інтэрдысцыплінарнасць. Свет патрабуе новага.


11.01. 2024

Эльске Розэнфэльд & Воля Сасноўская

Archival Sites of Speculation: Storying the Silence

VBKÖ, Вена

Маўчанне мае частату. Я хачу, каб мы спыталі: як мы можам навучыцца чуць цішыню, якая рэхам адгукаецца гучна, ціха ці зашыфравана? Падыходы крытычнае фабуляцыі і блізкасці спараджаюць спекуляцыі наконт адсутнасці праз аднолькава эфемерныя і своечасовыя якасці перфарматыўных практык. Запрошаныя мастачкі выкарыстоўваюць гэтую ўвасобленую практыку як спосаб працы, спалучаючы гістарычныя і архіўныя даследаванні, крытычную тэорыю і фантастыку, каб стварыць прадуктыўнае адчуванне ананімнасці і неадназначнага аўтарства, а таксама нябачнасць таго, што адсутнічае ў дакументацыі.


27.01.2024

Групa “ЭG”

Галасы зніадкуль

MiCT Roof, Берлін

Міжнародная навуковая канферэнцыя ў пытанні развіцця сучаснае беларускае літаратуры. Рэфлексія мовы ў беларускай паэзіі паміж аўтарэферэнцыйнасцю і перфарматыўнасцю. Беларуская літаратура па-за межамі жанраў: перфарматыўны зрух.


17.02.2024

KANAPLEV + LEIDIK

“Без рэтушы”. Настасся Рыдлеўская

У кожным выданні на працягу некалькіх дзён дуэт фатографаў прыдумляе і стварае ўнікальны партрэт, а адначасна задае героям нечаканыя, яркія і непаўторныя пытанні, якія дапамагаюць убачыць людзей без рэтушы. Гэтым разам яны працуюць з мастачкаю Настассяю Рыдлеўскай. Яна ўвесь час эксперыментуе ў творчасці. Асэнсоўвае праз мастацтва тэму эміграцыі, смела размаўляе на тэмы небінарнасці і ментальнага здароўя.


Выпуск YouTube-праекта "Без рэтушы", гераіняй якога з'яўляецца мастачка Настасся Рыдлеўская


29.02.2024

Воля Сасноўская і Ніна Эмґе

Куратар – Аляксей Барысёнак

Lossy notes or typically a presentation has many constraints

WAF Galerie, Вена

Нататкі са стратамі або як правіла прэзентацыі маюць шмат абмежаванняў. Сплятаючы перформанс, тэкставае і візуальнае мастацтва, засяроджваюцца на панятках свята, калектыўнае харэаграфіі і палітычнага. Разважанне пра сацыяльныя аспекты голасу, маўчання і практыкі слухання. Супольнае распрацоўванне і вытворчыя працэсы абапіраюцца на шырокія ўзаемадзеянні вакол дэцэнтралізацыі, калектыўных метадаў працы і пераразмеркавання.


21.03.2024

Марыя Камарова

PYL / Reality Surfing

Bazaar Festival 2024

Alfred ve dvoře, Прага

Візуальны перформанс прапануе гледачам альтэрнатыўную мадэль суіснавання людзей і неадушаўлёных істотаў. Адкрывае новыя ўзаемасувязі паміж штодзённымі прадметамі праз іх матэрыяльнасць і прысутнасць у агульнай прасторы, дзе прадметы набываюць каштоўнасць, роўную каштоўнасці чалавечых целаў. Сцэнаграфія выкоўвае сістэму, якая гуляе паводле сваіх правілаў.


Ранейшыя агляды беларускага мастацтва знойдзеце тут і тут.


Report Page