Беларускі арт: будучыня, узброеная прыладамі з мінуўшчыны 

Беларускі арт: будучыня, узброеная прыладамі з мінуўшчыны 

Аналітычная група Беларускай Рады культуры

Агляд-каталог (студзень – сакавік 2024)

Свет перакуліўся, сёння стала цяжэй назіраць за сучасным беларускім мастацтвам у самой краіне, чымся за мяжой. У замежжы ж падзеі культурніцкага жыцця выстройваюцца ў густы шэраг, як каляндар “Кожны дзень”, а мантра беларускіх мастакоў працягвае гучаць – “Я выходжу”. Нам, назіральнікам, застаецца адно паўтараць яе штодня, выгрукваць рэплікі на клавіятуры сацыяльных сетак.

Кожны з нас толькі часам мае магчымасць, мінаючы шкло манітораў, прабівацца да арыгіналаў мастацкіх твораў, работаў за тысячы кіламетраў. Тут, за мяжою рэальнай і віртуальнай, за першы квартал 2024 года мне на вочы трапіліся 98 згадак пра сучаснае мастацтва Беларусі: 28 гукаў студзеня, 31 фарба лютага і 39 думак сакавіка.

Суб’ектыўная статыстыка. Не маючы магчымасці гэтак жа свабодна і бяспечна рухацца геаграфічнымі абшарамі радзімы, без беспасярэдняга кантакту, глядзення на ўласныя вочы, амаль што немагчыма казаць пра аб’ектыўнае даследаванне. Без элементарнае свабоды, тым больш падчас рэпрэсіяў і пераследаў, цяжка ўявіць ідэальныя рэпрэзентацыі, а без іх – паспяховае развіццё мастацтва. І ўсё ж застаецца надзея, што менавіта выказванні ў гэткіх складаных абставінах і могуць адлюстраваць сапраўдную рэчаіснасць, адпавядаюць характару эпохі. Праз іх можна даведацца пра нешта годнае ўвагі і якасці.

Частка І

***

Палітыка не перастае адбівацца ў мастацтве. Нявырашанасць галоўных пытанняў скрозь боль ды асэнсаванне будучыні будзе і далей заставацца ў тэме распрацоўвання стратэгіяў. І калі за межамі краіны мы маем больш-менш адкрытае поле для крытычнае прэзентацыі і дыскусіяў, то ў Беларусі ўсё болей відавочным робіцца матыў закладніка пад коламі рэпрэсіўнае машыны, пра што адкрыта і з такой асалодаю казаў не так даўно міністр культуры. 


06.01.2024

EBB / ЭББ

What Have We Done? / “Что мы наделали?”

CURRENTS: Free Expression and the Inexpressible

A.I.R. GalleryNY, Нью-Ёрк

У час катастрофы мы хочам зразумець, як гэта – апынуцца на няправільным баку гісторыі.


23.02.2024

Марына Напрушкіна

Kyiv Perennial

nGbK / neue Gesellschaft für bildende Kunst, Берлін 

Рэалізацыя Міжнароднага кіеўскага біенале з удзелам работнікаў культуры ў час вайны – выклік для інстытуцыяў і асобаў, якія бяруць удзел у гэтай справе.


23.03.2024

Святлана Алексіевіч, Марына Напрушкіна, Вольга Шпарага 

Дыскусія падчас кніжнага кірмашу ў Ляйпцыгу

Як мы можам думаць пра будучыню ў святле шматлікіх крызісаў сучаснасці, што нас трывожаць і паралізуюць? Якое натхненне і заахвочванне мы можам атрымаць у барацьбе за дэмакратыю ва Усходняй Еўропе?


***

Сёння культурніцкія і мастацкія падзеі з краіны агучваюцца як навіны цэнзуры, чорных спісаў, закрыцця выстаў, звальнення з працы, выключэння з творчых саюзаў. Праз іх можна даведацца пра нешта годнае ўвагі і якасці. І гэта толькі рысы забароны на прафесію. Далей ідуць і арышты, і турмы, і забойства. Непазбежная логіка абвешчанае вайны, найперш вайны культураў. Здаецца, нашая будучыня ў краіне будзе карыстацца прыладамі з мінуўшчыны: андэграўнд, партызанінг, субкультура і ананімнасць стануцца зноў нормай, а кватэрнікі і лес будуць іх прасторай. А інфармацыя ўвесь час будзе падавацца праз сіта каб не нашкодзіць. Пра стан падзеленасці ўсё часцей будзе расказваць шызафрэнічны рытм падзелу на тут і там, там, там, там…


15.01.2024

Уладзімір Кандрусевіч

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Мінск

Адмена! Выставу, якая прайшла ўсе ўзгадненні, забаранілі на этапе мантажу. Тэатр беларускай драматургіі.


02.02.2024

“1,10 квадрата”

Рэспубліканская мастацкая галерэя “Палац мастацтва”, Мінск

У Мінску выставу, прысвечаную 110-годдзю карціны “Чорны квадрат” Казіміра Малевіча, закрылі на трэці дзень працы экспазіцыі.


02.02.2024

Выстава малюнкаў Васіля Быкава

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Мінск

Стала вядома, што выставу, прымеркаваную да 100-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, спешна закрылі.


Афіша выставы да 100-годдзя Васія Быкава. Крыніца: bellitmuseum.by


***

Усё складаней будзе ладзіць вялікія праекты ды імпрэзы, што прэзентуюць аўтараў з усіх бакоў, без дадатковых рызык. Тут супраца з замежнымі актарамі паспрыяе як пашырэнню магчымасцяў, гэтак і інтэграцыі. І хто ведае – можа, менавіта гэта час для індывідуальных стратэгіяў, якія заўсёды былі прыкметай еўрапейскасці, роўнай свабодзе асобы.


02.03.2024

manchmal halte ich mich an der luft fest / часам я трымаюся за паветра

Куратары – Катарына фон Гаґенаў, Уладзімір Грамовіч, Паўліна Альшэўская

Galerie im Körnerpark, Берлін

Маладыя беларускія мастакі ў эміграцыі азіраюцца на пратэсты, што карэнным чынам змянілі іхныя жыцці і паўплывалі на наступныя гады. У сваёй творчасці яны закранаюць тэму рэпрэсіяў у роднай краіне і страх сталага назірання за іхным жыццём з боку ўладаў, які не заканчваецца нават у эміграцыі.


Праект "часам я трымаюся за паветра". Леся Пчолка. Базы. Фота: Ніхад Ніно Пушыя. Крыніца: https://galerie-im-koernerpark.de/


13.03.2024

Oniryczna rzeczywistość / Анірычная рэальнасць

Куратары – Вольга Мжэльская, Міхал Ярэмі Стшэлецкі

Emi_Art_Warsaw, Варшава

Рэальнасць – маргіналізаваная, схаваная, што існуе найчасцей па-за зонаю паўсядзённага жыцця чалавека. Яна робіцца тоеснай чалавеку, а асобныя яе месцы адпавядаюць розным пластам не толькі чалавечае псіхікі, але і цялеснасці.


22.03.2024

Фестываль, зладжаны Goethe-Institut im Exil [Belarus]

Kunsthaus ACUD, Берлін

Дзясяткі імпрэзаў з удзелам больш як 50 тэатральных дзеячаў і дзяячак. Міждысцыплінарная праграма, што адлюстроўвае жывасць і разнастайнасць культурніцкае сцэны беларускае дыяспары ўнутры і звонку Нямеччыны.


20.03.2024

4 Aukcja Charytatywna na rzecz Uchodźców

Piękna Gallery, Варшава

Фонд Humanosh супольна з Piękna Gallery і Communiction Unlimited ужо чацвёрты раз ладзяць дабрачынны аўкцыён твораў мастакоў з Беларусі, Украіны, Польшчы і ЗША на дапамагу ўцекачам.


*** 

Беларусь, не зважаючы на працяг вайны і ўдзел у ёй на баку агрэсара, усё больш прэзентуецца як ахвяра, што супрацьстаўляецца “пераможцы”. Відавочна, такі погляд ідзе на карысць сучаснаму ўспрыманню сапраўднае героікі і гларыфікацыі супраціву. Таму не перастае быць актуальнаю тэма рэпрэсіяў, а палітычныя вязні застаюцца галоўным брэндам беларускасці. Але ў нейкім сэнсе ён жа і адводзіць увагу ад агрэсіі супраць Украіны, падкрэслівае асаблівасці гістарычнага шляху кожнага народу.


30.01.2024

Яўгенія Палуян

Бязвінныя

Беларуская прастора “Робім разам”, Варшава

Амаль 300 партрэтаў палітычных вязняў, намаляваныя паводле фотаздымкаў. Сотні бязвінных вачэй застылі ў нямым чаканні дыялогу. 


30.01.2024

Павел Севярынец

У сэрцы – Беларусь

Dom Wschodni, Варшава

Прэзентаваныя малюнкі грамадскага і палітычнага дзеяча, якія лідар “Маладога фронту” стварыў за кратамі ў Шклоўскай турме.


01.02.2024

Вольга Якубоўская. 25 Steps to Freedom

Riga City Council, Рыга

Выстава закліканая адлюстраваць мірны характар беларускіх пратэстаў 2020 года. 08.02.2024 профілі мастачкі Вольгі Якубоўскай у Instagram і Facebook прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі.


21.02.2024

Андрэй Курэйчык i Дзіяна Купса

Voices of the New Belarus

Carroll Gallery Tulane University, Новы Арлеан, Луізіяна

Выстава і мастацкая інсталяцыя на падтрыманне палітычных вязняў. Цяпер, калі ў Беларусі спрабуюць знішчыць нашую салідарнасць, пра гэта важна казаць, каб дабіцца іхнага вызвалення.


11.03.2024

Ксіша Анёлава, Наталля Гарковіч

Беларускі мартыралог

Institut Paměti národa, Брно

Мартыралогам у царкоўнае традыцыі называюць спіс пакутнікаў. Выстава партрэтаў беларускіх палітычных вязняў паўстала на базе даследавання мастачкі і праваабаронцы.


Фрагмент выставы "Беларускі мартыралог" у г. Брно. Крыніца: belarus2020.churchby.info


14.03.2024

Дзіянa Пінчук

Магшоты палітвязняў

Каўоркінг FBC, Варшава

Фотавыстава пра фатаграфаванне ў зняволенні і сустрэча з былымі палітычнымі вязнямі.


22.03.2024

Руфіна Базлова

The History of Belarusian Vyzhyvanka

ACUD Studio, Берлін

Вышыванка – своеасаблівы код запісу звестак пра жыццё народу. Мастачка выкарыстоўвае гэты носьбіт, каб апавесці бягучую гісторыю беларускага паўстання, прычым кожная выява адпавядае рэальнай падзеі, што адбылася падчас пратэстаў.


*** 

Смерць ідзе побач. А ў такі час асабліва балюча адчуваецца страта асноўных фігураў беларускага мастацтва. Феномен мемарыялу і музеіфікацыі мастацтва – не столькі пра памяць, колькі пра працяг яго існавання, нават па-за жыццём аўтара.


25.01.2024

Уладзімір Парфянок

Віленскі альбом

Куратар – Андрэй Антонаў

Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча, Вільня

14 студзеня 2023 года пайшоў з жыцця Уладзімір Парфянок, знаны беларускі фатограф, куратар выставачных праектаў, стваральнік і кіраўнік галерэі візуальных мастацтваў Nova. Здымкі на выставе паходзяць з вялікае серыі “Фрагменты быцця”.


Уладзімер Парфянок. З серыі «Віленскі альбом». Крыніца: www.facebook.com/lutskevichmuseum


26.01.2024 

Міхал Анемпадыстаў

Простыя рэчы

Гасцёўня Беларускай Рады культуры, Вільня

Падзея прымеркаваная да дня памяці знанага беларускага дызайнера, фатографа, культуролага, мастацтвазнаўцы, паэта ды складаецца з унікальных фатаграфічных і плакатных работаў мастака. Беларускі ПЭН абвясціў прыём заявак на прэмію імя Міхала Анемпадыстава.


24.03.2024

Алесь Пушкін

Wystawa obrazów artysty Alesia Puszkina

"Робім разам", Варшава

Да Дня Волі адкрылася выстава арыгінальных карцінаў мастака. Усе працы паходзяць з асабістых калекцыяў польскіх знаўцаў творчасці Пушкіна.


Чытаць працяг


Report Page