Перамога Гарадзецкага над Сокавым

Перамога Гарадзецкага над Сокавым

Віталь Аніська

Успомнім пра самую вялікую сенсацыю савецкіх шашак канца 1930-х гадоў – першае за тры з паловай года паражэнне выбітнага майстра гульні Васіля Сокава, якое здарылася ў партыі чэмпіянату Беларусі 1939 года са студэнтам Белдзяржуніверсітэта Веніямінам Гарадзецкім.

Сокаў быў наймацнейшым шашыстам Савецкага Саюза. З кастрычніка 1935 года ён выйграў амаль усе турніры, у якіх удзельнічаў. Ленінградзец гуляў вельмі творча, знаходзіў новыя шляхі нават у дасканала вывучаных варыянтах. Да 1939 года ён ужо двойчы прымаў удзел у першынстве Беларусі (па-за конкурсам). І калі ў 1936 годзе Сокаў перамог з вялікім адрывам, то чэмпіянат наступнага года стаў тым рэдкім выпадкам, калі ён не заняў першае месца. Апярэдзіць яго здолеў шматразовы чэмпіён рэспублікі мінчанін Ілля Гардон.

Васіль Сокаў у 1930-х гадах. З кнігі В.Рашэтнікава і Г.Троцкіх "Василий Соков" (1985)

У 1938 годзе ленінградзец упэўнена перамог у чэмпіянаце СССР і Усесаюзным першынстве ВЦСПС. І вось у снежні 1939 года Сокаў прыехаў у Мінск у трэці раз. Анансуючы чэмпіянат, газета “Звязда” назвала госця непрабіваемым. У адпаведнасці з гэтай характарыстыкай ён і пачаў турнір, зрабіўшы ў першых пяці турах толькі адну нічыю. З адным з бліжэйшых праследавальнікаў – Веніямінам Гарадзецкім – Сокаў сустракаўся ў шостым туры. І вынік гэтай партыі здзівіў усіх.

Гарадзецкі нарадзіўся ў Бабруйску ў 1919 годзе, там жа ў 13 гадоў пачаў займацца шашкамі. Праз два гады ён ужо стаў чэмпіёнам горада сярод дарослых і першакатэгорнікам, а ў 1936 годзе – пераможцам Усесаюзнага першынства школьнікаў. У наступным годзе Гарадзецкі паступіў на фізіка-матэматычны факультэт БДУ і, як сам пазней пісаў, на шашкі засталося зусім мала часу. Дарэчы, да вайны і нейкі час пасля побач з яго прозвішчам ужываўся ініцыял “Б.” Верагодна, спачатку ён быў Беніямінам, а потым змяніў першую літару імені.

Цікава, што яшчэ ў 1936 годзе на старонках газеты “64” у 17-гадовага Гарадзецкага (разам з земляком Якавам Гордзіным) з мэтрам Сокавым адбыўся тэарэтычны спор наконт партыі Цюнеў – Дрыгін, у якім яны па чарзе абвяргалі варыянты адзін аднаго. Так што партыя 12 снежня мелася быць прынцыповай. Прыводжу яе з каментарыямі па гарачых слядах Гарадзецкага ў газеце “64”.

1. cb4 fg5 2. ba5 bc5 3. bc3 cb4 4. ac5 db4 5. cd4 ba3 6. gf4 gf6 7. ab2 fg7 (У склаўшымся становішчы, мабыць, лепшае, бо на 7. … gh4 будзе 8. fg5, а на 7. … hg7 8. fg3 gh4 9. bc3, і ў абодвух выпадках партыя белых пераважней. Гэты ход упершыню быў прыменены В.Сокавым супраць Гардзевіча ў першынстве БССР 1936 г.) 8. fg3 gh4 9. bc3 hf2 10. eg3 fg5 11. gh4 ab6 12. hf6 gg3 13. hf4 hg7 14. gf2 gf6 15. fg3 ed6 16. gh4 de7 17. cb4? (Гэта прайграе. Трэба было гуляць 17. fg5 hf4 18. eg5 de5 19. gh6 ef4 20. hg5 fh4 21. hg7, і калі 21. … ef6, то 22. gg3 hf2 23. de5 і г.д.) 17. … ac5 18. cb2 hg5 19. fh6 de5 20. dc3 cb4?

(Гэтым ходам чорныя не толькі выпускаюць выйгрыш, але і прайграюць партыю. Трэба было гуляць 20. … cd6 21. ac7 cb4 22. ca5 ea1 23. cg7 ah8 і выйграюць).

21. hg7! bf4 (Калі 21. … fh8, то 22. dd8 bf4 23. bc3, і гульня зводзіцца да працягу, меўшага месца ў партыі) 22. bc3! fh8 23. dd8 fe3 24. cd4 ec5 25. df6

Тут Сокаў прапанаваў нічыю, але Гарадзецкі знайшоў мужнасць яе адхіліць.

25. … cb4 26. ac3 cd6 27. cb4 bc5 28. ba5 ba7 29. ab6! cb4 30. bc7 db8 31. hg5 ab6 32. gh6 bc5 33. hg7 cd4 34. fa5 hf6 35. ac3 fg5 36. cd2 gh4 37. df4 ba7 38. fc7 і чэмпіён СССР здаўся.

Як потым аказалася, Сокаў бачыў контрудар белых на 21-м ходзе, але не заўважыў далейшых манеўраў саперніка. Прычынай памылкі магла быць стомленасць. Партыя была другой за дзень, прычым пачыналася яна а сёмай гадзіне вечара. А напярэдадні ён яшчэ прачытаў даклад і даў сеанс адначасовай гульні.

Гэта паражэнне стала для Васіля Сокава першым за тры з паловай года. Апошні раз ён прайграваў у чэмпіянаце Ленінграда 1936 года Казанскаму.

Газета “64” на сенсацыйны вынік адгукнулася карыкатурай Юрыя Юзэпчука, а таксама жартоўным вершам аўтара пад псеўданімам “Вс. Лоб.”.

"64. Шахматна-шашачная газета" 1939 год № 72

Нягледзячы на паражэнне, Сокаў упэўнена выйграў турнір. А Гарадзецкаму неспадзяваная перамога дазволіла на фінішы апярэдзіць майстра Іллю Гардона і заняць трэцяе месца.

"64. Шахматна-шашачная газета" 1940 год № 2

У наступным першынстве Беларусі, якое прайшло вясной 1941 года, Гарадзецкі падзяліў 1-5 месцы. Мусіў адбыцца матч-турнір за званне чэмпіёна рэспублікі, але пачалася вайна. Падчас яе Гарадзецкі працаваў у абарончай прамысловасці ў Сярэдняй Азіі. У 1944 годзе для заканчэння вучобы быў накіраваны ў Маскву, дзе і застаўся. Пазней стаў чэмпіёнам СССР (1961), адным з першых савецкіх гросмайстраў, выбітным тэарэтыкам і аналітыкам. Быў вялікім папулярызатарам шашак, напісаў 15 кніг, наклад якіх складае 649 000 (!) асобнікаў. Пражыў Веніямін Барысавіч 95 гадоў.

Веніямін Гарадзецкі. З групы vk.com "Москва: Мир шашек"

Васіль Сокаў загінуў у сакавіку 1944 года пад эстонскай вёскай Путкі. І сёння многія лічаць яго найлепшым шашыстам усіх часоў. 

Report Page