Вучоба Веніяміна Гарадзецкага ў Белдзяржуніверсітэце (1937-1941)

Вучоба Веніяміна Гарадзецкага ў Белдзяржуніверсітэце (1937-1941)

Віталь Аніська

Пра ўраджэнца Бабруйска Веніяміна Гарадзецкага, аднаго з першых савецкіх гросмайстраў па шашках, я пісаў двойчы – у артыкулах пра яго яркую перамогу над чэмпіёнам СССР Васілём Сокавым у 1939 годзе і пра апошні перадваенны чэмпіянат Беларусі, дзе Гарадзецкі падзяліў 1-5 месцы. Планую вярнуцца да беларускага адрэзка яго спартыўнай кар’еры ў красавіку наступнага года, калі будзе адзначацца 105-я гадавіна з дня нараджэння Веніяміна Барысавіча.

У гэтым жа артыкуле сабраў невядомую раней інфармацыю, знойдзеную ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, пра вучобу Гарадзецкага ў Беларускім дзяржаўным універсітэце ў 1937-1941 гадах – яго заявы, перапіска з універсітэтам і іншыя дакументы. Магчыма, не ўсе з іх прадстаўляюць вялікую цікавасць, але вырашыў апублікаваць усё, што знойдзена. Адзначу таксама, што Веніямінам Барысавічам Гарадзецкі стаў ужо пасля Вялікай Айчыннай вайны, а ў гады вучобы ў БДУ ён быў Беньямінам Беркавічам. Маскоўскі майстар Сяргей Гарбачоў успамінае, што прычынай змены Гарадзецкі называў сугучнасць імя Беньямін з бабелеўскім бандытам Беняй Крыкам. У тэксце я буду ўжываць звыклыя нам імя і імя па бацьку.

Заяву на залічэнне ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт Веніямін Гарадзецкі напісаў 12 ліпеня 1937 года.

НАРБ, ф. 205, воп. 4, спр. 688, арк. 1

Да яе ён прыклаў атэстат аб заканчэнні школы ў Бабруйску і аўтабіяграфію, дзе напісаў з якімі нягодамі сутыкнулася сям'я ў 1920 годзе. Таксама Гарадзецкі падрабязна распавёў пра свае поспехі ў шашках. Мяркую, што на фота вышэй на лацкане пінжака прымацаваны знак чэмпіёна СССР сярод школьнікаў 1936 года.

НАРБ, ф. 205, воп. 4, спр. 688, арк. 6
НАРБ, ф. 205, воп. 4, спр. 688, арк. 2-3

Дзякуючы выдатным адзнакам у атэстаце бабруйчаніна вызвалілі ад уступных іспытаў. 27 жніўня 1937 года ён быў залічаны на першы курс фізіка-матэматычнага факультэта ў групу матэматыкаў.

НАРБ, ф. 205, воп. 1, спр. 694, арк. 138

Пасля першага курса Гарадзецкі напісаў даволі рэзкую заяву на прадастаўленне інтэрната. У выпадку адмовы збіраўся прадоўжыць навучанне ў Маскве. У адказе яму паабяцалі прадаставіць месца ў інтэрнаце на Маскоўскай ці Школьнай вуліцах.

НАРБ, ф. 205, воп. 4, спр. 688, арк. 8

Веніямін Барысавіч у кнізе «Рамантыка шашак» успамінаў, што паўтара года пражыў у адным пакоі з Уладзімірам Шахаўцом і Вітольдам Ждановічам. Першы з іх стаў пісьменнікам і перакладчыкам, заслужаным работнікам культуры Беларусі, другі – выкладчыкам у сваёй альма-матэр.

У канцы 1938 года Гарадзецкі згуляў за студэнцкае спартыўнае таварыства «Навука» на Усесаюзным першынстве прафсаюзаў. Па вяртанні ў Мінск захварэў. У заяве на імя рэктара папрасіў выдаць 300 рублёў на ўзмоцненае харчаванне. У дапамозе было адмоўлена ў сувязі з адсутнасцю сродкаў.

НАРБ, ф. 205, воп. 4, спр. 688, арк. 9

У маі 1939 года Гарадзецкі зноў паскардзіўся на здароўе і папрасіў адпусціць яго на паўтара тыдня дахаты ў Бабруйск.

НАРБ, ф. 205, воп. 4, спр. 688, арк. 10

І апошняя захаваўшаяся заява Гарадзецкага. У студзені 1941 года на чацвёртым курсе ён тлумачыць, што не паспеў своечасова здаць усе іспыты з-за частых хвароб і дрэннага стану здароўя бацькі, і просіць вызваліць яго ад платы за навучанне за другую палову 1940/1941 акадэмічнага года. Хадайніцтва было задаволена.

НАРБ, ф. 205, воп. 1, спр. 745, арк. 44

Як бачым, падчас вучобы ў БДУ Гарадзецкі часта хварэў, меў парок сэрца і рэўматызм. Але гэта не перашкодзіла яму пражыць 95 гадоў.

Праз пяць месяцаў пачалася Вялікая Айчынная вайна, у час якой Веніямін Гарадзецкі працаваў у абарончай прамысловасці ў Сярэдняй Азіі. Вучобу ён закончыў у 1946 годзе ўжо ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце. 

Report Page