Тэатр: ціск, абнуленне і кволыя надзеі

Тэатр: ціск, абнуленне і кволыя надзеі

Аналітычная група Беларускай Рады культуры

Агляд (студзень - сакавік 2024)

Пункт невяртання да беларускага дарэвалюцыйнага тэатру ўжо пройдзены. Натуральна, дакладнай даты вам не скажа ніхто. Але пачатак 2024 года засведчыў пра такі пераход з бязлітаснасцю. Як тое адбываецца на практыцы – у нашым традыцыйным аглядзе.


Рэпрэсіі, стаўка на чужую культуру і вайну

2024 год у беларускім тэатры пачаўся з новае порцыі рэпрэсіяў, што закранулі як спектаклі, гэтак і асобных творцаў.

На студзень у мінскім Моладзевым тэатры запланавалі прэм’еру спектаклю “Тут была Клара”, прысвечанага Галакосту. На фінальным этапе зацвярджэння чыноўнікі яго не прынялі. У выніку ў афішу спектакль трапіў толькі ў сакавіку. 

Такі выпадак не першы. У лістападзе 2022-га ў сталічным Музычным тэатры давялося скараціць аперэту “Герцагіня з Чыкага” на 20 хвілінаў, каб атрымаць дазвол на паказ. Таму, магчыма, такіх прыкладаў больш – проста не ўсе становяцца вядомыя.

У студзені 2024 года судзілі дырэктара Гомельскага тэатру лялек Дзмітрыя Гарэліка – яго абвінавачвалі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Канчатковае рашэнне суда засталося праваабаронцам невядомым.

А вось у Музычным тэатры дырэктар Сяргей Пукіта паплаціўся пасадаю за выкананне песні Віктара Цоя “Перемен!”. Кампазіцыя прагучала падчас гастроляў расійскага калектыву (хутчэй за ўсё, аркестру з Варонежу, што выконваў праграму “Анталогія расійскага року”). Музычны вядомы сваім дастаткова кансерватыўным курсам. Але пра Пукіту станоўча адгукаюцца ў калектыве – яшчэ невядома, хто прыйдзе яму на змену.

Таксама апошнімі днямі снежня 2023 года з драматычнага тэатру ў Маладзечне звольнілі мастацкага кіраўніка Валерыя Анісенку. Палітыкі там няма: у кулуарах кажуць пра даўні канфлікт з дырэктарам. Анісенка цягам апошніх дзесяцігоддзяў меў поспех хутчэй як арганізатар тэатральнага працэсу, чым як рэжысёр. Але ён прафесіянал і сапраўдная знаходка для тэатру, што месціцца не ў абласным цэнтры: чарга з рэжысёраў туды ніколі не стаяла. З моманту звальнення мінулі ўжо тры месяцы, а пасада застаецца вакантная.

Такімі чысткамі ўлады перарываюць традыцыі з папярэдняй эпохай, выкідваюць з прафесіі асобаў, якія заспелі іншы тэатр (нездарма сярод дырэктараў сталічных калектываў засталіся адзінкі з тых, каго прызначылі яшчэ да 2020-га).

Найбольшыя праблемы ўзніклі ў яшчэ адной трупы з Маладзечна: пагроза закрыцця навісла над тэатрам лялек “Батлейка”. Далёка не першая – у 2022 годзе яго спрабавалі далучыць да мясцовага драмтэатру ў якасці філіялу. Але высветлілася, што з юрыдычнага пункту гледжання апошні мусіць быць у іншай мясцовасці, што на пэўны час уратавала калектыў.

У лютым 2024 года атака ўзнавілася. Чыноўнікі звольнілі дырэктарку Таццяну Чаеўскую, а таксама не працягнулі кантрактаў галоўнаму бухгалтару, галоўнаму адміністратару, двум работнікам майстэрняў, касцюмеру і дзвюм прыбіральніцам. У калектыве абмяркоўвалася магчымасць далучыць “Батлейку” да мясцовага Палацу культуры. Гледачам паведамілі, што закрываць тэатр ніхто не збіраецца, але, магчыма, ён будзе існаваць “у нейкім новым фармаце”. Маўляў, “«Батлейка» застанецца адназначна, і дзіцячыя спектаклі будуць”. Але ж новым фарматам можа быць існаванне ў складзе Палацу культуры – з мінімальным фінансаваннем і перспектываю неўзабаве спыніць існаванне. 

Галоўная падстава для патэнцыйнага закрыцця – невыкананне запланаваных паказнікаў. З 1 студзеня дзяржава ўвяла новыя правілы фінансавання, згодна з якімі тэатры мусяць самыя зарабляць 40 % бюджэту. “Але ж гэта бязглуздзіца. Адразу было ясна, што планы нерэальныя”, – шчыра кажа экс-дырэктарка Ала Палякова. Натуральна, так яно і ёсць. У 2017–2019 гадах удзельная вага пазабюджэту ў буйных рэспубліканскіх тэатраў дасягала 34 %. У абласных – да 37 %. Але такія паказнікі часцей атрымліваліся дзякуючы дадатковым захадам: платным імпрэзам, вялікай колькасці забаўляльнай прадукцыі, якая не давала развівацца калектывам і акторам. Між тым “Батлейка” – тэатр лялек, які да таго ж працуе не ў абласным цэнтры. Але чыноўнікаў гэта не цікавіць.

Дзяржава не адмовіліся і ад іншых кірункаў у сваёй палітыцы. Адзін з іх – навязванне гледачам чужой ідэалогіі. У Магілёўскім тэатры лялек выпусцілі прэм’еру: “Пётр І - жыццё і дзеянні”. “Спектакль пазнаёміць школьнікаў са шматграннасцю эпохі і асобаю першага расійскага імператара”, – сцвярджалася ў анонсе. Але ў 1708 годзе расійскія войскі па загадзе Пятра I спалілі Магілёў. Паказ у тэатры гэтага гораду спектаклю, дзе такі чалавек паказаны станоўча, жахлівы і цынічны.


Сцэна са спектаклю "Пётр І - жыццё і дзеянні". Крыніца: teatrkukol.by


Дзяржава працягвае рабіць стаўку на пастаноўкі ваеннае тэмы. У дзяржаўным Купалаўскім прайшла прэм’ера “А зоры тут ціхія”, у Гомельскім абласным – “Ляцяць журавы”, у Бабруйскім – “Нюрнбэрг. Лава падсудных” і г. д.

Пра штучнасць такога падыходу сведчыць адсутнасць якаснае сучаснае драматургіі на гэтую тэму. Сімвалічна, што рэспубліканскі конкурс п’есаў пра герояў партызанскага і падпольнага руху ў гады Другое сусветнае вайны праваліўся. Бюракратычная фармулёўка (“у звязку з неадпаведнасцю конкурсных матэрыялаў асноўным крытэрыям конкурсу”) сведчыць, што ніводнага вартага твору драматургі не паказалі і не жадалі паказваць.


Абнуленне і разрыў прасторы

Праз рэпрэсіі, чорныя спісы, эміграцыю ў беларускім тэатры адбылося самае глабальнае за апошні час абнуленне. 

Ад ранейшае спадчыны засталіся адзінкавыя пастаноўкі. Ад дарослых спектакляў Аляксея Ляляўскага, які дзесяцігоддзямі кіраваў сталічным Тэатрам лялек, – “Мікалаша”, ад Уладзіміра Савіцкага ў ТЮГу – “Дзікае паляванне караля Стаха”, ад Мікалая Пінігіна ў Купалаўскім – нічога (нагадаем, што гэтых рэжысёраў ужо звольнілі). Пазнікаў шэраг спектакляў з рэпертуару РТБД. Дый глабальна з 10 найлепшых спектакляў 2019 года, выбраных айчыннымі крытыкамі, цяпер у рэпертуары ідзе адзін: “Шлюб з ветрам” Яўгена Карняга.

Менавіта з асобаю гэтага рэжысёра апошнім часам звязаныя асноўныя спадзяванні сталічнага Тэатру лялек і РТБД захаваць былы ўзровень. За апошнія сезоны ў РТБД выйшлі ягоныя “Пачупкі” (люты 2022) і “Забалоцце” (снежань 2023). У лялечным тэатры, куды Карняг спачатку прыйшоў на працу, а пасля стаўся галоўным рэжысёрам, – пастаноўкі для дзяцей “Разумны сабачка Соня” (чэрвень 2023) і “Матылькі” (першы бэбі-спектакль тэатру, снежань 2023), а таксама “На чорнай-чорнай вуліцы” (сакавік 2024, дарослы спектакль).

Цікава, што менавіта гэтыя два тэатры сутыкнуліся са звышпопытам.

Пры пачатку продажаў у Тэатр лялек стаяць чэргі, а ў сацыяльных сетках калектыву ідуць спрэчкі і ўзнікаюць крыўды праз тое, што квіткі разлятаюцца імгненна. РТБД праз аналагічны ажыятаж паказвае асобныя спектаклі ў Палацы афіцэраў (яго пляцоўка куды большая за тэатральную залу).

Але радавацца не выпадае. Бо гаворка не пра прарыў у мастацтве і не пра кардынальныя змены ў густах аўдыторыі.

У Мінску настолькі зменшылася колькасць культурніцкіх падзеяў і асабліва колькасць цікавых імпрэзаў, што адукаваная аўдыторыя ладзіць сапраўднае паляванне на годныя праекты. Таму гэты нечаканы попыт сведчыць хіба пра тэатральную пустэчу, якая ўтварылася пасля рэпрэсіяў апошніх гадоў.

А яшчэ ён непазбежна становіцца выпрабаваннем для самога Карняга, які ў цяперашніх умовах вымушаны канкураваць сам з сабою.

Акрамя ўласна прэм’ераў, вартыя ўвагі і нерэгулярныя праекты. Кшталту Тыдня беларускае драматургіі “Канцэнтрацыя”, што ладзіў РТБД разам з Цэнтрам беларускае драматургіі. Сёлета ў праграме было пяць тэатралізаваных чытанняў, дзве лекцыі, круглы стол, майстар-клас, тры спектаклі. Сярод чытанняў – “Сымон-музыка” Якуба Коласа, “Мароз” Канстанціна Сцешыка, “Я, бабуся, Іліко і Ларывон” Надара Думбадзэ і Гіга Лордкіпанідзэ, “Лондан” Максіма Даська. Хочацца спадзявацца, што ў будучыні хоць нейкі з іх станецца рэпертуарным спектаклем.


Афіша чыткі п'есы “Я, бабуся, Іліко і Ларывон” крыніца: rtbd.by


Але ўбачыць як іх, гэтак і прэм’еры няпроста. Праблема не толькі ў квітках, што разлятаюцца імгненна. Новаю рэальнасцю становіцца разрыў агульнае беларускае тэатральнае прасторы. Не трэба ілюзіяў: у агульным выглядзе яна існавала хіба да 2020 года. Тады наяўнасць беларускае праграмы “ТэАрт”, Нацыянальнае тэатральнае прэміі, рэгулярнае запрашэнне найлепшых айчынных спектакляў на фестывалі “М@rt.кантакт” і “Белая вежа”, а таксама нешматлікія рэцэнзіі ў медыях усё ж дазвалялі скласці ўяўленне, што адбываецца ў розных айчынных калектывах.

За апошнія два-тры гады справа дайшла да паступовага разыходжання. Але цяпер можна казаць нават пра разрыў, які назіраецца ў двух пластах: паміж тэатрам на радзіме і ў эміграцыі, а таксама паміж рознымі аб’ектамі як у Беларусі, гэтак і за мяжою.

Спачатку згадаем пра першы. Пэўны час прэм’еры РТБД можна было ўбачыць як у глядацкай зале, гэтак і падчас трансляцыі на сайце voka.tv. Першаю навіною са знакам мінус сталася трансляцыя прэм’еры “Забалоцце” ў вельмі кепскай якасці. Скласці паўнавартаснае думкі пра пастаноўку не ўдалося. У сацыяльных сетках РТБД абяцаў паказаць яе іншым разам, але тое не спраўдзілася. Наступнаю прэм’ераю быў “Вечар” (студзень 2024 года), онлайн-паказ якога адбыўся толькі ў красавіку. 

Іншыя тэатры такіх трансляцыяў не ладзяць (онлайн-паказ “Сэвільскага цырульніка” Опернага, што арганізоўваўся на тым жа voka.tv, – хутчэй выключэнне). Калі трансляцыі раптам знікнуць, дыяспара рызыкуе страціць жывы тэатральны кантакт з радзімаю.

У Беларусі ўмяшанне дзяржавы, амаль поўная забарона прыватнага тэатру і адсутнасць рэцэнзіяў на пастаноўкі, знікненне “ТэАрту” і пад. прывяло да разбурэння ўнутрытэатральнай іерархіі. Жыццё працягваецца ў асобных бурбалках.

Але падобная сітуацыя назіраецца і ў эміграцыі. У студзені 2024-га “Купалаўцы” паказалі на сваім YouTube-канале спектакль “Камедыя Юдзіфі”. Гэта была іх першая онлайн-трансляцыя са снежня 2022 года, тады паказвалі “Сфагнум”. Натуральна, тэхнічная магчымасць паказу хутчэй за ўсё залежыць ад умоваў, на якіх даюць фінансаванне. Але праз гэта адбываецца непазбежнае дыстанцыяванне трупы ад сваёй аўдыторыі. Паказальныя лічбы: трансляцыя “Сфагнуму” сабрала 13 тысяч праглядаў, “Юдзіфі” – 3,8 тысячы. Натуральна, ёсць шмат нюансаў. Напрыклад, сюжэт “Сфагнуму” куды прасцейшы, пастаноўка “Юдзіфі” першапачаткова пазіцыянавалася як эксперыментальная, што не спрыяла цікавасці масавай аўдыторыі. Але YouTube-старонка трупы не абнаўлялася месяцамі, таму агулам сітуацыя не здзіўляе.


Сцэна са спектклю "Купалаўцаў" "Камедыя Юдзіфі". Фота: Maciej Rukasz. Крыніца: https://www.facebook.com/kupalaucy


Дадамо, што ўдар па “Купалаўцах” нанеслі і ўлады. Прызнанне экстрэмісцкімі лагатыпу, сайту, сацсетак, YouTube-каналу і нават электроннае пошты хутчэй за ўсё рэзка ўскладніць дзейнасць і рэзка звузіць колькасць актораў, гатовых да супрацы.

Але вернемся да відэатрансляцыяў, бо агулам іх не ладзіць ніводная замежная беларуская трупа (акрамя Свабоднага тэатру, чые прэм’еры адбываюцца рэдка). Традыцыяў (і асабліва магчымасцяў) ездзіць на пастаноўкі ў іншыя гарады дыяспара амаль не мае. Пакуль адзіная магчымасць убачыць іх у адным пункце – спадзявацца на тое, што ўлетку зноў зарганізуюць Inex-фэст у тым жа фармаце, што і летась (паказ у Варшаве найлепшых айчынных спектакляў).

Таму падзеі ў беларускай тэатральнай дыяспары маюць лакальны рэзананс. Напрыклад, спектакль Юрыя Дзівакова Clausa fores з купалаўцам Аляксандрам Казелам у галоўнай ролі (студзень 2024). Пастаноўка пазіцыянуецца як “перфарматыўная дзея з элементамі оперы, якая паказвае сутнасць тыраніі ды яе дэструктыўнае ўздзеянне на асобу і грамадства”. Монаперформанс Coma Паліны Дабравольскай (лістапад 2023). “Да дому наўпрост 10 гадзін язды” Жэні Давідзенкі ў гданьскім Шэкспіраўскім тэатры (снежань 2023) і г. д.

Тэндэнцыяй сталася адраджэнне ў эміграцыі праектаў, якія калісьці ставіліся ў Беларусі. Васіль Дранько-Майсюк увасобіў у Варшаве “Шчаслівага мужа”, што калісьці сам ставіў у РТБД. Андрэй Саўчанка аднавіў у гэтым жа горадзе “Гаральда”, які паказвалі Мінску. І гэтыя прыклады не адзіныя.

Здараецца, што пастаноўкі разам з акторамі пераходзяць з аднаго праекту ў іншы. Пэўны час у эміграцыі існаваў Timteatr, у рэпертуары якога меўся дакументальны спектакль How are you? Пасля таго як яго пакінула частка актораў, гэты вэрбатым паказваецца ўжо пад брэндам новай трупы – By Teatr (сярод яе іншых праектаў – эскіз спектаклю "Галера").

Спробы аб’яднаць асобныя шматкі агульнае прасторы ажыццяўляе Беларускі інстытут тэатру. Ініцыятыўная канферэнцыя ў справе стварэння гэтай арганізацыі адбылася яшчэ ў верасні мінулага года ў Варшаве, пасля чаго БІТ узяў працяглую паўзу. Толькі ў студзені 2024-га яго прадстаўнікі абвесцілі збор інфармацыі пра айчынны тэатр і творцаў у краіне і за яе межамі за 2020–2023 гады. Гэтак пачалася праца над архівам за гэты час. Таксама ўзімку выйшла серыя публікацыяў аб праектах, ажыццёўленых у Грузіі, Польшчы і Літве. Але пакуль застаецца адкрытым пытанне пра стварэнне юрыдычнай асобы, а таксама пра дзейнасць БІТ у іншых галінах (акрамя згаданай навуковай).


Высновы

Абнуленне, рэпрэсіі і разрыў сувязяў прывялі да таго, што ў Беларусі на вачах фармуецца новая тэатральная прастора з мінімальнымі сувязямі з папярэдняй эпохай. Асобныя ланцужкі існуюць з пазамінулай: гаворка пра аднаўленне балетаў Валянціна Елізар’ева, пастаўленых у 1970-ыя – 1980-ыя, але яны маюць музейны характар. 

На гэтым этапе мэта асобных калектываў, актораў і рэжысёраў – працягнуць традыцыі, зрабіць магчымым адкат да дарэвалюцыйнага мінулага. Але чым далей, тым больш такое вяртанне робіцца малаверагодным. Прадстаўнікам унутранай апазіцыі даводзіцца прыстасоўвацца да новых рэаліяў, дзесьці ідучы на непазбежныя кампрамісы з уладамі.

Калі ўзяць песімістычны варыянт, пры якім цяперашняя сітуацыя зацягнецца на гады, умовы існавання і ўзровень новага беларускага тэатру залежаць ад некалькіх фактараў. Наколькі старыя здолеюць адстаяць сваё я. Наколькі хутка вырасце новае пакаленне, і якім яно будзе. А таксама, як старыя з навічкамі будуць узаемадзеяць. Пакуль жа нас чакае пераходны перыяд на няпэўны час.


Чытайце агляды падзей беларускага тэатральнага жыцця 2022 - 2023 гадоў тут, тут і тут.



Report Page