Сямён Рудэрман – забытая зорка
Віталь АніськаКалі я пытаўся ў ветэранаў беларускіх шашак пра Сямёна Рудэрмана, які паказваў добрыя вынікі ў пасляваенны перыяд, аказалася, што амаль усе яны пра яго чулі, але ніхто не бачыў. Нічога дзіўнага – Рудэрман кінуў шашкі ў 1954 годзе, калі большасць з іх толькі пачынала імі займацца.
У гэтым артыкуле распавяду пра кароткую, але яркую спартыўную кар’еру забытай зоркі беларускіх шашак саракавых-пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя.
Сямён Юр’евіч Рудэрман нарадзіўся 15 кастрычніка 1935 года ў Мінску. Шашкамі вучань 60-й школы пачаў займацца ў 1946-м ці 1947 годзе ў Аркадзя Ракітніцкага ў гуртку Палаца піянераў. Ужо ў 1948 годзе ён становіцца другім у юнацкім першынстве Беларусі (тады была толькі адна ўзроставая група – да 19 гадоў) пасля свайго таварыша па гуртку Макса Шавеля, які быў старэйшы на два гады. У далейшым гэты дуэт добра пашумеў і на саюзным узроўні, але пра гэта ніжэй.
Вясной наступнага года, у 13 гадоў, Рудэрман ужо дэбютаваў у фінале рэспубліканскага чэмпіянату сярод мужчын, дзе паказаў якасную гульню, набраў 50% ачкоў і заняў сёмае месца. Ён прайграў толькі дзве партыі, пры гэтым перамог чэмпіёна Беларусі двух папярэдніх гадоў Мацвея Рабіновіча.
У першынстве Беларусі сярод юнакоў Рудэрмана зноў апярэдзіў толькі Макс Шавель. У ліпені ў складзе зборнай БССР яны паехалі на паўфінал саюзнага каманднага юнацкага першынства ў Рыгу. Згулялі добра, перамаглі на шашачных дошках, але падвялі шахматысты (каманда складалася з 8 шахматыстаў і 2 шашыстаў) і ў фінал зборная не выйшла.
Аркадзь Ракітніцкі пісаў, што ў той час Рудэрман быў самым юным першаразраднікам у СССР.
У 1950 годзе 14-гадовы Сямён Рудэрман першы раз стаў прызёрам чэмпіянату Беларусі – ён падзяліў трэцяе месца з Барысам Берлінковым. Да Рудэрмана ў такім юным узросце ніхто ў тройку лепшых не трапляў (ды і шмат гадоў пасля яго). Ён стаў адзіным, хто перамог чэмпіёна Дзяніса Гардзевіча. Юнак гуляў белымі.
1. cd4 fg5 2. bc3 gh4 3. cb4 hg5 4. dc5 bd4 5. ec5 cb6 6. de3 bd4 7. ec5 gf6 8. ba5 db4 9. ac3 ed6 10. ab2 hg7 11. ab4 de5 12. gf4 ge3 13. fd4 gh6 14. cd2 de7 15. gf2 hg5 16. ba3 ab6
17. ba5 bc7 18. fg3 hf2 19. eg3 cd6 20. ac7 db8 21. de3 gh4 22. gf4 eg3 23. hf4 fg7 24. ab4 gh6 25. ba5 ed6 26. cb4 de5 27. fd6 hg3 28. ab6 fg5 29. de7 gf4 30. eg5 hf4 31. ef8 gh2 32. de5x
6 чэрвеня, па заканчэнні чэмпіянату, быў праведзены бліц-турнір, які Рудэрман выйграў, апярэдзіўшы і новаспечанага чэмпіёна Гардзевіча, і свайго пастаяннага саперніка Шавеля.
У першынстве Беларусі сярод юнакоў Рудэрман трэці год запар прапусціў наперад толькі Макса Шавеля. Яны зноў увайшлі ў зборную рэспублікі для ўдзелу ў камандным юнацкім першынстве Савецкага Саюза, сістэма правядзення якога змянілася. На паўфінальнай стадыі замест групавых турніраў увялі матчы на выбыванне. У Мінск прыехала зборная Малдаўскай ССР. Пасля пройгрышу ў першы дзень (зноў слаба згулялі шахматысты) беларуская каманда змагла адыграцца ў другі і выйшла ў фінал, у якім дзесяць лепшых зборных сустрэліся ў Маскве. Мінчане згулялі выдатна – Шавель на першай шашачнай дошцы набраў 7 ачкоў і перамог, Рудэрман на другой – 6,5 і падзяліў 1-2 месцы. У выніку шашысты па суме ачкоў сталі лепшымі ў Савецкім Саюзе, а каманда Беларусі заняла пятае месца.
Чэмпіянат Беларусі 1951 года склаўся для Сямёна Рудэрмана не вельмі ўдала – восьмае месца. Затое гэта быў год перамог на юнацкім узроўні. У адсутнасць Шавеля ён упершыню стаў лепшым у першынстве рэспублікі, ажно на два ачкі апярэдзіўшы праследвальнікаў.
А разам з таварышам яны зноў сталі мацнейшымі ў саюзным першынстве. Пра гэта падрабязней. У ліпені было апублікавана рашэнне Усесаюзнага спарткамітэта аб увядзенні асобнага заліку па шахматах і шашках у камандных спаборніцтвах. Такім чынам, ужо не было залежнасці ад вынікаў шахматыстаў. Паўфінал выпала праводзіць зноў у Мінску, на гэты раз з камандай Масквы. Шавель двойчы згуляў унічыю з Агафонавым, а Рудэрман, пасля нічыёй з асецінам Гаглоевым у першы дзень, назаўтра перамог і вывеў каманду ў фінал.
Вось гэтая партыя. Мінчанін гуляў белымі.
1. gf4 ba5 2. cd4 fe5 3. df6 gg3 4. hf4 hg7 5. ed4 dc5 6. db6 ac5 7. bc3 gf6 8. cb2 cd6 9. fe3 fg5 10. cb4 ac3 11. bb6 de5 12. fd6 ea7 13. ef2 ab6 14. fg3 bc5 15. ab2 fe7
16. dc3 ed6 17. gf4 bc7 18. cb4 de7 19. bc3 cd4 20. ce5 gh4 21. ef6 eg5 22. bc5x
Фінал праходзіў у жніўні ў Ленінградзе. Беларуская зборная набрала 13 ачкоў з 20 магчымых і стала першай другі год запар. Дарэчы, на абодва пераможных саюзных турніры трэнерам-прадстаўніком з камандай ездзіў Ізраіль Бельскі.
1952 год пачаўся з паўфіналу чэмпіянату Беларусі, праз які Рудэрману прыйшлося адбірацца ў фінал пасля няўдалага выступлення ў мінулым годзе. Ён выйграў мінскую групу і праз тры месяцы заваяваў сваю другую бронзу чэмпіянатаў Беларусі (Срэценскі гуляў па-за конкурсам).
А вось узяць золата першынства БССР сярод юнакоў не атрымалася. Нечакана Рудэрмана на паўачка апярэдзіў бабруйчанін Барыс Баталаў, разам з каторым праз тыдзень яны паехалі ў Растоў-на-Доне на каманднае першынство Савецкага Саюза. Але выйграць яго трэці раз запар не ўдалося. Наша каманда заняла трэцяе месца. У добрым стылі Рудэрман чорнымі перамог будучага гросмайстра і чэмпіёна СССР Юрыя Арустамава з Баку.
1. gf4 ba5 2. cd4 fe5 3. df6 gg3 4. hf4 hg7 5. ab4 ac3 6. bd4 ab6 7. ab2 ba5 8. gh2 cb6 9. fg3 dc5 10. gh4 gf6 11. ba3 fg5 12. hf6 eg5 13. dc3 fg7 14. de5 ba7 15. cd4 dc7 16. cd2? cd6 17. ec7 bd8 18. db6 ac5
19. dc3? (трэба было гуляць 19. fe5) gh4! 20. cd4 gf6 21. db6 ac7 22. ab4 fg5 23. ed2 cd6! 24. dc3 hg3 25. ba5 ge5 26. ab6 ef4 27. ba7 fb4 28. ab8 dc7 29. hg3 ba3 30. ba7 gf4 і белыя здаліся.
Прыгожа выйграў мінчанін у Альпяровіча з Ленінграда.
Пасля натуральнага размену белых 1. fg5 hf4 2. eg5 чорныя адказалі cd6! з выйгрышам. У партыі яшчэ было 3. fe3 hg3 4. gh6 gh2 5. ab6 ac5 6. db6 fg5 7. hf4 de5x
У канцы года, відаць, пад уплывам свайго трэнера Аркадзя Ракітніцкага Рудэрман і Шавель прынялі ўдзел у першым Усебеларускім конкурсе па шашачнай кампазіцыі. І калі Рудэрман атрымаў ганаровы водгук за эцюд “Р.Л.Г.”, то Шавель увогуле стаў пераможцам у раздзеле эцюдаў.
Вясной 1953 года Сямён Рудэрман стаў кандыдатам у майстры спорту, што ў той час было няпроста. У рэспубліцы іх было менш за дзесяць чалавек. У чэмпіянаце Беларусі ён зноў заняў трэцяе месца, на гэты раз падзяліўшы яго з Берлінковым і Траццяковым.
У лістападзе ў Мінску быў праведзены першы Усебеларускі турнір па стаклетачных шашках. Барацьба за першае месца ішла да самага фінішу. У апошнім туры Ракітніцкі, які лідзіраваў, прайграў і прапусціў наперад маладых Сцяпанава і Рудэрмана.
Што цікава, Сямён Рудэрман быў адзіным з удзельнікаў, хто запісваў партыі пры дапамозе натацыі для рускіх шашак. Вось, напрыклад, бланк яго партыі з Іванам Сцяпанавым.
Хтосьці з пераможцаў павінен быў згуляць у першым Усесаюзным трэніровачным турніры, які пачынаўся ўжо праз чатыры дні. “Фізкультурнік Беларусі” пісаў, што гэта будзе Рудэрман. Але ў Маскву паехаў Сцяпанаў, хаця да яго былі вялікія пытанні па дысцыпліне. Магчыма, Рудэрмана, які ўжо вучыўся на першым курсе Лесатэхнічнага інстытута, не адпусцілі на яшчэ адзін доўгі, трохтыднёвы, турнір. Ці ён сам ужо тады зрабіў стаўку на вучобу.
У чэмпіянаце Беларусі па рускіх шашках 1954 года Сямён Рудэрман падзяліў шостае месца. Падводзячы вынікі турніру, ленінградскі майстар Цюнеў пісаў: “Рудэрман заўсёды імкнецца да новых недаследаваных працягаў і праяўляе за дошкай многа выдумкі”.
Невядома, якія вяршыні пакарыў бы яшчэ Сямён Рудэрман у шашках, але гэты чэмпіянат так і застаўся для яго апошнім. У 18 з паловай гадоў ён выбраў навуку, дзе дасягнуў выдатных вынікаў.
У 1959 годзе Рудэрман закончыў Саратаўскі ўніверсітэт. З 1962 года ён працаваў ва Уфе. Спачатку 14 гадоў у Башкірскім дзяржаўным універсітэце, потым 28 – ва Уфімскім дзяржаўным авіяцыйным тэхнічным універсітэце. У 1973 годзе Рудэрман стаў доктарам тэхнічных навук, у 1976-м – прафесарам. Аўтар кніг і больш за 80 навуковых прац.
Ён выкладаў тэорыю імавернасцей і матэматычную статыстыку. Водгукі студэнтаў пра Сямёна Юр’евіча Рудэрмана можна прачытаць па спасылцы.
Паўтара года таму я знайшоў яго адрас ва Уфе і папрасіў з’ездзіць па ім мясцовага шашачнага трэнера Аляксандра Мельнікава. На жаль, сваякі Сямёна Юр'евіча размаўляць не захацелі, сам ён яшчэ быў жывы. Тады я напісаў ліст – адказу не атрымаў. Інфармацыі пра яго смерць не паступала.