110 гадоў з дня нараджэння Мацвея Рабіновіча

110 гадоў з дня нараджэння Мацвея Рабіновіча

Віталь Аніська

13 траўня споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння Мацвея Яфімавіча Рабіновіча – чэмпіёна Беларусі па рускіх шашках 1947 і 1948 гадоў.

Фота з сайта "Память народа"

Нарадзіўся ён у Быхаве, інфармацыі пра дзіцячыя і юнацкія гады няма. Вядома толькі, што шашкамі Мацвей Рабіновіч пачаў займацца ў 19 гадоў. Верагодна, у гэты час ён ужо жыў па-за межамі БССР, бо ў даваенны час у беларускіх турнірах не ўдзельнічаў.

Упершыню на старонках шахматна-шашачнай газеты “64” яго прозвішча сустракаецца ў кастрычніку 1936 года. У Маскве праходзіў першы Усесаюзны турнір ЦК Саюза выдавецкіх работнікаў. Мацвей Рабіновіч быў самым маладым удзельнікам і меў толькі другую катэгорыю. Нягледзячы на гэта, ён паказаў добрую гульню і падзяліў 2-3 месцы з вядомым майстрам Мікалаем Кукуевым, прызёрам першых двух чэмпіянатаў СССР. Удалы выступ у гэтым турніры дазволіў Рабіновічу атрымаць першую катэгорыю і ў наступным годзе прыняць удзел у паўфінале Усесаюзнага прафсаюзнага першынства, які праходзіў у Магнітагорску. Згуляў, праўда, у ім ён не вельмі добра і ад выхаду ў фінал быў далёка.

У лютым 1940 года Мацвей Рабіновіч быў прызваны ў армію, у Закаўказскую ваенную акругу. Відаць, магчымасць займацца шашкамі захавалася. Ён нават прыслаў у "64" канчатак партыі камандных спаборніцтваў са сваім аналізам.

"64. Шахматно-шашечная газета" 1941 год № 13

Падчас вайны служыў інтэндантам сапёрнага батальёна і ў рэдакцыі газеты “Красный кавалерист”.  

Пасля дэмабілізацыі летам 1946 года Мацвей Рабіновіч месцам жыхарства выбраў Гомель, дзе пачаў працаваць на радыё ў рэдакцыі апошніх вестак. Шмат займаўся грамадскай дзейнасцю – узначальваў гарадскую шахматна-шашачную секцыю, уваходзіў у склад рэспубліканскай. Вёў шашачны гурток у гомельскім Палацы піянераў, судзіў спаборніцтвы.

У красавіку 1947 года ў Мінску прайшоў першы пасляваенны чэмпіянат Беларусі па рускіх шашках. Мацвей Рабіновіч набраў на паўачка больш за Барыса Берлінкова і стаў пераможцам.

НАРБ, ф. 934, воп. 1, спр. 252, арк. 37

Лепшым ён стаў і ў чэмпіянаце наступнага года, не прайграўшы ні адной партыі і апярэдзіўшы сярэбранага прызёра на адно ачко. Рабіновіч быў узнагароджаны дыпломам, сярэбраным жэтонам чэмпіёна БССР і грашовым прызам у 1 000 рублёў.

Чэмпіянат Беларусі 1948 года. Партыя з бронзавым прызёрам Ізраілем Бельскім

У 1948 годзе разам з Дзянісам Гардзевічам яны сталі першымі беларускімі кандыдатамі ў майстры спорту.

У 1951 годзе Мацвей Рабіновіч яшчэ раз узняўся на п'едэстал першынства рэспублікі, на гэты раз на трэцюю прыступку. Некалькі разоў ён удзельнічаў у паўфіналах чэмпіянату СССР. Вялікага поспеху дасягнуў на Усесаюзным камандным першынстве прафсаюзаў 1953 года. Выступаючы за каманду ДСТ "Будаўнік", Рабіновіч стаў лепшым на чацвёртай дошцы.

Пайшоў з жыцця Мацвей Яфімавіч заўчасна, у 40 гадоў. Пахаваны на Прудкоўскіх могілках у Гомелі.

Дададзена 12.06.2023. У фотаальбоме Ізраіля Бельскага пад здымкам іх партыі 1948 года рукою напісана "Погиб". Па словах Барыса Плоткіна Мацвей Рабіновіч загінуў у аўтамабільнай аварыі.

Фота з сайта "Мицват Эмет"


Report Page