90 гадоў з дня нараджэння Макса Шавеля
Віталь Аніська4 чэрвеня споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння Макса Абрамавіча Шавеля (04.06.1933 – 13.12.2014). Ён быў першым беларускім пасляваенным майстрам спорту, першым жа ў рэспубліцы стаў міжнародным майстрам. Дзевяць разоў выйграваў чэмпіянаты Беларусі па стаклетачных шашках, пяць разоў быў прызёрам чэмпіянатаў СССР. У 1990 годзе разам з сям’ёю пераехаў у Ізраіль.
![](/file/1bd2413e036f4d1c52f20.jpg)
Невялікія замалёўкі пра Макса Шавеля на падставе архіўных дакументаў:
1.Першы турнір 13-гадовага Шавеля – спаборніцтвы школьнікаў Мінска ў жніўні 1946 года.
Напрыканцы жніўня 1946 года адбыўся турнір школьнікаў горада Мінска па шашках. Адметны ён тым, што стаў першым у жыцці для нікому не вядомых тады хлапчукоў Макса Шавеля і Вілія Астрынскага. Пазней Макс Абрамавіч стаў адным з мацнейшых ігракоў СССР у стаклетачныя шашкі, Вілій Сямёнавіч перамог у чэмпіянаце Беларусі па рускіх шашках 1951 года.
Турнір быў прысвечаны пачатку навучальнага года і сабраў 17 школьнікаў.
![](/file/feabf3f36422b1dbc6623.jpg)
На папярэдняй стадыі іх разбілі на дзве групы, з кожнай у фінал выйшлі па пяць лепшых. Мяркую, што фаварытам лічыўся Аляксандр Майскі, які ў студзені 1946 года стаў чэмпіёнам БССР сярод юнакоў. Ён, аднак, заняў толькі пятае месца, а потым стаў вядомым спартыўным журналістам, доўга працаваў у “Фізкультурніку Беларусі”. Прымаў удзел у турніры і Міхаіл Соркін – старэйшы брат Алены Соркінай, які пазней і зацікавіў шашкамі будучую 2-разовую чэмпіёнку Саюза і 13-разовую чэмпіёнку Беларусі. Ну а перамог Давід Брэгман.
![](/file/67f7b5441f671fd143cd2.jpg)
Па выніках турніру Шавелю і Астрынскаму была прысвоена чацвёртая катэгорыя. Так пачынаўся іх доўгі шлях у шашках.
![](/file/56bda1e43a780139516c9.jpg)
2.Эцюд Макса Шавеля, які быў прызнаны лепшым на першым Усебеларускім конкурсе па шашачнай кампазіцыі.
Ліст Макса Шавеля з эцюдам пад дэвізам "Ищи этюд в партии", дасланы ім на І Усебеларускі конкурс па шашачнай кампазіцыі, які праводзіўся ў 1952-53 гадах.
![](/file/abcd778bd32fb457fb41e.jpg)
Гэтаму эцюду быў прысуджаны першы прыз.
![](/file/01675b118e0b76b137b89.png)
3.Дакументы, якія падаваліся ў лістападзе 1953 года для прысваення 20-гадоваму Максу Шавелю звання “Майстар спорту СССР”.
Вырашала ў той час Масква, прыйшлося пачакаць да 22 мая 1954 года.
![](/file/40fd520bcbbf588090b02.jpg)
![](/file/db6cbb3c417ad3cb8e2b7.jpg)
![](/file/48572437336b4651028f4.jpg)
![](/file/9bc784438b8d4db988f98.jpg)
![](/file/4ffdb55c272aa189162c3.jpg)
Такім чынам, Шавель стаў трэцім уладальнікам гэтага звання ў гісторыі беларускіх шашак. На той час БССР больш за дзесяць гадоў не мела майстра спорту па шашках. Першы беларускі “маэстра” Барыс Круталевіч памёр маладым ад сухотаў у 1928 годзе. Другі – 10-разовы чэмпіён Беларусі Ілля Гардон – загінуў на Ленінградскім фронце падчас Другой сусветнай вайны.
У далейшым Макс Шавель неаднаразова быў прызёрам чэмпіянатаў СССР па стаклетачных шашках, стаў першым у Беларусі міжнародным майстрам.
У 1990 годзе Шавель з сям'ёй пераехаў у Ізраіль. Дарэчы, яго жонка Рая – дачка вядомага яўрэйскага паэта і пісьменніка Мойшэ Кульбака, яна да гэтай пары пражывае ў Ізраілі. І Кульбак, і бацька Макса Шавеля былі расстраляны ў 1937 годзе.
![](/file/64b785fefe56fa4c3ab49.jpg)
4.Шавель у VI чэмпіянаце СССР па стаклетачных шашках, які праходзіў у 1960 годзе ў Мінску.
![](/file/bab75d297e0489fef0f43.jpg)
4 мая 1960 года. Макс Шавель – Барыс Шкіткін. Партыя закончылася ўнічыю. Па выніках турніру беларускі майстар стаў бронзавым прызёрам, заваяваўшы свой чацвёрты медаль чэмпіянату СССР. Цікава, што пяты, і апошні, медаль Шавель выйграў праз доўгія 16 гадоў.
![](/file/9bd1455f3e6bfd03a7839.png)
І некалькі спасылак.
Серыя артыкулаў чэмпіёна свету Тона Сейбрандса пра творчасць Макса Шавеля да яго 60-годдзя.
Артыкул Якава Шауса ў часопісе “Шашечный Израиль” да 80-годдзя Макса Шавеля.