Музыка: нясмелыя крокі да новабудовы 

Музыка: нясмелыя крокі да новабудовы 

Аналітычная група Беларускай Рады культуры

Агляд (студзень – сакавік 2024)

Коратка пра галоўныя трэнды.

Спіс затрыманых артыстаў несупынна расце.

Абазначаюцца патэнцыйныя актары музычнага руху. Прасочваецца тэндэнцыя яднацца: больш калабарацыяў і супольных выступаў.

Дзяржаўны крындж займае інфапрастору ў Беларусі: андэграўнд прасочваецца ў шчыліны.

Пост-панк трымае марку і не саступае пазіцыяў візітоўкі айчыннае сцэны.


Новы віток рэпрэсіяў

На вялікі жаль, гэты тэкст, як і тысячы іншых, будзе ў тым ліку пра ахвяраў пераследу. У студзені затрымалі трох удзельнікаў гурта Nizkiz – вакаліста Аляксандра Ільіна, бас-гітарыста Сяргея Кульшу і бубнача Дзмітрыя Халяўкіна. На музыкаў завялі крымінальныя справы, іх пачалі судзіць 19 сакавіка. Толькі амаль праз месяц стала вядома, што хлопцаў засудзілі на 2,5 года “хатняй хіміі” за ўдзел у пратэстах 2020-га. 

Выпадкам Nizkiz пераследы не абмяжоўваюцца. Музыку гурта “Минимум дистанции” засудзілі на 3 гады “хатняй хіміі”, а Уладзіслава Наважылава наагул дадалі ў спіс тэрарыстаў. Мы наўрад ці можам ацаніць даўжыню чаргі і яе паслядоўнасць. Выглядае, што ў страўніку рэпрэсіўнае машыны зеўрае дзіра, і насыціць яе немагчыма.

Патэнцыял руху 

Суполка Belarus Outside Sound System набірае абароты. У пачатку года каманда стварыла тэлеграм-канал Belarus Music Export. Тут збіраюць магчымасці для прафесійнага развіцця прадстаўнікоў музычнага руху Беларусі: ад конкурсаў і шоўкейсаў да стыпендыяў і інфасесіяў, зладжаных адмыслова для аўдыторыі каналу. Стыль і падачу перанялі ў каналу sekktor. Але калі апошнія арыентуюцца на творцаў і актывістаў агулам, то BME ставяць выключна на музыку, а таму знаходзяць больш профільныя прапановы. Апроч таго, цяпер шлях музыкаў да магчымасцяў стаўся карацейшы. З такім раскладам ёсць спадзеў на пэўныя зрухі, бо досвед паказвае: найпрасцей беларускаму артысту дзеяць, маючы беспасярэднюю прапанову.

Каманда мае вялікія планы: у кулуарах ідуць размовы пра музычную канферэнцыю і новыя дабрачынныя івэнты. Што з гэтых планаў увасобіцца ў жыццё і якую яны будуць мець вагу, спадзяюся, пабачым у наступным аглядзе. 

Пакуль жа прапаную звярнуць увагу на яшчэ адных актараў, што падаюць надзеі. Маладое выданне “КЛІК” робіць акцэнт на кароткіх нататках пра рэлізы, але ўсё часцей каманда звяртаецца да вялікіх матэрыялаў. Яны спрабуюць аналізаваць праслухоўванні лакальных артыстаў і ініцыяваць дыскусіі. Сярод амбітных планаў праекта – наладжваць сувязі з лэйбламі і даследаваць музычны рынак. На сёння ў “КЛІКу” яшчэ шмат аматарскага, але ў гэтым выпадку рашучым фактарам у развіцці можа стацца вялікі імпэт – па імпэце тут сумавалі!

Удалыя калабарацыі 

Гэтаю зімою парадаваў шэраг удалых калабарацыяў. Уладзь Лянкевіч і музыкі з гурта Relikt стварылі супольны праект Filamaty. Гэта спроба зразумець чальцоў таварыства студэнтаў, якія 200 гадоў таму зазналі арышты, зняволенні і высылкі. Іхныя гісторыі гэтак моцна перагукваюцца з нашымі, што здараецца згубіцца ў назіраннях: вядзецца пра мінуўшчыну ці пра нашае сёння. На стрымінгах песняў яшчэ няма, але на канале Perfaratar ужо можна паглядзець дэбютнае відэа.


Падчас выступу праекту Filamaty ў Вільні. Фота: Darja Roskač. Крыніца: budzma.org


Наваствораны гурт VVaxplay выпусціў выбітны альбом Dust & Haze. У калектыве паядналіся Аня Жданава і Стас Мурашка, а да запісу кружэлкі далучыліся Мікіта Арлоў, Філіп Петчанка, Антон Шніп і Ігар Латушка. Атрымаўся беларускі супергурт, які грае плынны і таямнічы вінтажны поп.

Вольга Падгайская ў Зальцбургу піша канцэрт для віяланчэлі і аркестру, работа ствараецца адмыслова для Івана Карызны і Віталя Алексяёнка. Яшчэ няма магчымасці пазнаёміцца з матэрыялам, але, з улікам узроўню прафесіяналізму ўдзельнікаў, можна быць пэўнымі: канцэрт станецца годнаю прэм’ераю. 

На сцэне COS Torwar у Варшаве Ксюша з Naviband спявае дуэтам з “Бі-2”, да таго ж музыкі анансуюць рэліз супольнага трэку. Spievy і Kasary – жаночы хор, створаны Русяй (Марынай Шукюравай), і мужчынскі хор, сабраны Сержуком Доўгушавым, – ладзяць супольныя выступы.

Тэндэнцыя яднання асобных выканаўцаў у большай ступені прасочваецца за мяжою. Часам, безумоўна, спрацоўвае банальная немагчымасць зайграць старым складам. Да таго ж артысты хутка прыходзяць да разумення: калі падставіць адно аднаму плячо, павялічацца шанцы некуды дайсці. Жаданне застацца сярод сваіх пакуль перамагае, хоць у Варшаве ўжо робяць няўпэўненыя і сціплыя закіды да мясцовых.

У зборныя салянкі арганізатары запрашаюць маладыя польскія гурты, а беларускія артысты на сваіх канцэртах з пакуль неапраўданым спадзевам робяць уступнае слова па-польску. 

Трэш-кантэнт навідавоку і годная ініцыятыва ў падполлі

Значны кавалак рэальнасці ў Беларусі складаецца з даволі нікчэмнага кантэнту. Дзяржаўныя СМІ галоўнаю музычнаю падзеяй называюць “Песню года Беларусі”, якая чарговы раз прайшла ў Менску. Перамагла сёлета Ганна Благава з песняю “В сюжете имени меня”, і выглядае, што поспех кампазіцыі прынёс тэкст. Яго аўтарка (і адначасова нявестка Лукашэнкі) перыядычна збірае розныя ўзнагароды. Што датычыць менавіта “Песні года”, мяркую, тут крыху не дапрацавалі, бо ў творчасці сонґрайтаркі ёсць творы, што, відавочна, пасуюць больш. Напрыклад, “Ах, Александр” ці гімн Генеральнай пракуратуры. 


Фотафакт з "Песні года Беларусі". Крыніца: www.belta.by.


Афішная тумба ў гэты час поўніцца анонсамі выступаў расійскіх артыстаў сумнеўнай якасці і эстраднымі гітамі. У красавіку, напрыклад, прапануюць абіраць паміж Стасам Міхайлавым і Дыскатэкаю СССР.

Падобны пералік імпрэзаў можа выглядаць як дрэнны жарт, але менавіта ён займае інфапрастору. Фактычна пасіўны слухач абірае тое, да чаго можа дацягнуцца, а пад рукою цяпер Руслан Аляхно з ансамблем песні і танцу Узброеных сілаў.

Такія імпрэзы здараліся ў Менску заўжды, з тою толькі розніцаю, што альтэрнатыўных прапановаў цяпер замала і даведацца пра іх значна цяжэй. Невялікія канцэрты беларускіх музыкаў цалкам ігнаруюцца сайтамі-агрэгатарамі. Але, у супрацьвагу крындж-руху, яны ўсё ж ёсць, хоць амаль заўжды разлічаныя на аўдыторыю да 100 чалавек. Напрыклад, жывы джаз і фанк можна паслухаць у accidental point. Развіваецца адкрыты ў 2023-м “Пралетарыят” – новы цэнтр прыцягнення тэхна-артыстаў, які зрэдчас прымае і жывыя лайвы. TNT вельмі нерашуча, але злазіць з іголкі кавэраў. Клуб “Бруге” пераадкрыўся з новым гаспадаром: тры гады пляцоўка прастойвала, а цяпер ізноў дасяжная для мясцовага мэталу, року і пост-панку. На рэадкрыццё клубу ў чарзе на ўваход стаяла больш людзей, чымся “Бруге” мог змясціць. 

У параўнанні з мінулым годам годных канцэртаў стала больш. Відаць, што мясцовыя клубы і арганізатары знаходзяць спосабы дамаўляцца і атрымліваць гастролькі праз кагосьці з “правам на імпрэзы”. Іншыя ж ладзяць канцэрты, пра якія не даведаешся з адкрытых крыніцаў. Кватэрнікі толькі для сваіх і андэграўнд-ґіґі, месца правядзенне якіх трэба пытаць у сяброў. Менавіта пра іх аднойчы напішуць самыя цікавыя старонкі падручніка па гісторыі. 

Сусветныя поспехі пост-панку

Беларускія пост-панк артысты працягваюць актыўна катаць туры па замежжы. За пачатак года Dlina Volny сыгралі канцэрты ў гарадах Еўропы, а Nürnberg нарэшце даехаў да Лацінскай Амерыкі!


Расклад туру гурта Nürnberg па Лацінскай Амерыцы. Крыніца: instagram.com/gosbookingmx


Пост-панк даўно стаўся візітоўкаю беларускае сцэны – гэтая залатая жыла не высільваецца ўжо каля чатырох гадоў. Туры ў Мексіцы і блізкіх краінах ужо ладзілі “Молчат дома”, Dlina Volny, Super Besse, але ад папярэднікаў Nürnberg адрознівае тое, што яны прывезлі ў Лацінскую Амерыку беларускую мову

Высновы

У краіне дзяржаўная сістэма займае прастору балямі імя іспанскага сораму ды працягвае карміць сябе новымі затрыманнямі і судамі. Захоўваць стваральны настрой у такіх умовах вельмі складана, але музыкі і арганізатары вынаходзяць новыя формы існавання ды спрабуюць упісацца ў існыя правілы гульні. Не выпадае меркаваць, што пару дзясяткаў дазволеных канцэртаў можна лічыць паслабленнем сістэмы. Хутчэй, гэта сведчыць пра кропкавыя выпадкі індывідуальных дамоваў паміж бакамі, што, зрэшты, аднойчы мусіла пачацца.

За мяжою музыкі выходзяць з этапу адаптацыі і намацваюць стыль руху ў новых абставінах. Асобныя актары пачынаюць прапаноўваць пэўныя рашэнні і актыўнасці. Музыкі яднаюцца, перазбіраюць склады гуртоў і найчасцей застаюцца сярод сваіх, хоць і робяць нясмелыя захады ў бок мясцовых. Гэта выглядае на рыхтаванне да забегу, хоць у такім стане можна правесці доўгі час і, будзем шчырыя, прастора для бегу не звышспрыяльная. 

Стабільнымі вынікамі можа пахваліцца айчынны пост-панк: ускочыўшы на хвалю папулярнасці чатыры гады таму, героі гэтага жанру плывуць на ёй дасюль. Будзе цікава назіраць, ці напаткае такі лёс беларускі фонк, які паказвае добрую статыстыку праслухоўванняў на стрымінгах.


Чытайце агляды беларускай музыкі 2022 - 2023 гадоў тут, тут і тут.

Report Page