Лукашэнка сказаў, што перакінуў да мяжы з Украінай траціну арміі. Украіна не заўважыла. А траціна – гэта колькі?

Лукашэнка сказаў, што перакінуў да мяжы з Украінай траціну арміі. Украіна не заўважыла. А траціна – гэта колькі?

Алесь Наваборскі, «Белсат»

У інтэрв’ю тэлеканалу «Россия» Аляксандр Лукашэнка заявіў, што адвёў да паўднёвай мяжы траціну войска. Калі б гэта было праўдай, гэта была б маштабная аперацыя, якую цяжка было не заўважыць. І аперацыяй усё адно недастатковай, каб супрацьстаяць Збройным сілам Украіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка на парадзе да Дня незалежнасці. 3 ліпеня 2024 года. Фота: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю расейскай прапагандзе зноў згадаў украінскія беспілотнікі, быццам бы збітыя над Беларуссю (незалежныя ад Лукашэнкі беларускія крыніцы, а таксама расейскія і ўкраінскія, тых дронаў не заўважалі). Ён падкрэсліў, што ў адказ на запуск тых дронаў «быў вымушаны рэагаваць» і пераводзіць войскі на тэрыторыі блізу паўднёвай мяжы:

«У тым ліку разгарнуўшы Узброеныя Сілы і зноў тыя ж войскі, якія мы адвялі. Лічыце, траціну арміі мы ўвялі і нават на захадзе мы правялі мабілізацыю і перакінулі на поўдзень, на палігон рыхтаваць нашы часткі. Гэта было планавае мерапрыемства. Там таксама некалькі тысяч рабят рыхтуюцца – заходняга, паўночна-заходняга напрамку. Адтуль мы перакінулі».

Калі дакладна гэта было, незразумела. Кавалак інтэрв’ю з гэтай заявай быў апублікаваны 18 жніўня. Але інтэрв’ю было запісана не пазней за 15 жніўня, калі сталі з’яўляцца першыя фрагменты з размовы. Імаверна, і не раней за 10 жніўня, калі Лукашэнка раптам загаварыў пра ўкраінскія дроны на нарадзе пра аграхолдынг «Купалаўскае». 

Такога не бачылі

Дзяржаўная памежная служба Украіны такога перасоўвання войскаў не заўважыла. Прэс-сакратар украінскіх памежнікаў Андрэй Дземчанка сказаў «Українській правді» 18 жніўня: 

«Сітуацыя на мяжы з Рэспублікай Беларусь не змяняецца. Як бачым, не мяняецца і рыторыка Лукашэнкі, які пастаянна з рэгулярнай перыядычнасцю нагнятае сітуацыю на карысць краіны-тэрарыста. Зараз мы не назіраем павелічэння тэхнікі і асабовага складу беларускіх падраздзяленняў ля нашай мяжы».

Маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн», які адсочвае рух войскаў па Беларусі, з 10 жніўня пайшоў у адпачынак. 11 жніўня праект адрэагаваў на заявы Лукашэнкі пра дроны: назваў іх «звычайнай лухтой», бо запускаў дронаў і пускаў ракетаў па іх не назіралі. На момант публікацыі «Гаюн» не выходзіў з адпачынку, каб адказаць на заяву Лукашэнкі аб «перакідванні траціны войскаў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас паездкі ў Валыньскую вобласць Украіны. 30 ліпеня 2024 года. Фота: President.gov.ua

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Павел Латушка ў каментары ўкраінскай службе BBC заявіў: перасоўванні беларускага войскаў і заявы Лукашэнкі пра дроны – «гэта толькі гульня для аднаго гледача» і «спроба манеўраваць», каб не выконваць абавязкі ў межах «саюзнай дзяржавы» з Расеяй.

Як і раней у каментары «Белсату», Латушка выказаў такую тэорыю. Ваенная дактрына Беларусі прадугледжвае, што Лукашэнка мусіў бы выправіць беларускія войскі на абарону Курскай вобласці Расеі, дзе Украіна цяпер ладзіць контратаку. Але Лукашэнка намагаецца гэтага пазбегнуць і дэманструе Уладзіміру Пуціну, што «патрэбны тут і зараз» – войскі мусяць быць на беларуска-ўкраінскай мяжы.

Чытайце таксама: Лукашэнка зноў заявіў, што NATO і Польшча хочуць напасці на Беларусь. Навошта яму «атмасфера ваеннага псіхозу»? >>

Украінскі вайсковы эксперт Міхаіл Самусь, дырэктар платформы «New Geopolitics Research Network», у каментары BBC, падтрымаў такую версію. 

Ён таксама згадаў заявы расейскіх праваенных блогераў і палітыкаў аб тым, што колішнія словы Лукашэнкі аб «ліквідацыі напружанасці» на мяжы з Украінай дазволілі Украіне зняць войскі з-пад беларускай мяжы і перакінуць іх на тэрыторыю Расеі. Гэтыя заявы ён назваў глупствам, бо калі Украіна рыхтавала аперацыю ў Курскай вобласці, дык рыхтавала з улікам пагрозаў з боку Беларусі. Украінскае вайсковае камандаванне, падкрэслівае ён, не дапускае зніжэння баяздольнасці груповак на поўначы, пад мяжой з Беларуссю.

А траціна беларускай арміі – гэта колькі?

Аглядальнік украінскай грумы «Інформаційний спротив» Аляксандр Каваленка ў каментары ўкраінскаму «24 каналу» падкрэсліў, што Лукашэнку трэба, каб армія была таксама паблізу Менску (і «бараніла яго ад уласнага народу»), а яшчэ на межах з дзяржавамі NATO. Рэсурс трэба размяркоўваць, траціну арміі проста так не забярэш аднекуль.

Паводле ягоных падлікаў, цяпер на ўсёй даўжыні беларуска-ўкраінскай мяжы, а гэта звыш 1000 км, размешчана «каля 2000 [вайскоўцаў] розных падраздзяленняў беларускай арміі». Гэта блізка да ацэнкі, якую мінулай восенню агучваў тагачасны камандзір Аб’яднаных сілаў ЗСУ Сяргей Наеў: у канцы кастрычніка 2023 года ён налічыў у памежных з Украінай раёнах каля 1800 беларускіх вайскоўцаў.

Агульную колькасць сухапутных войскаў Беларусі Каваленка ацаніў у 15–29 тысяч чалавек. То бок «траціна беларускай арміі» – гэта ніяк не менш за 5000 вайскоўцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Заняткі ў баявой падрыхтоўцы беларускіх вайскоўцаў. Фота: 11 омбр / Telegram

Апошні раз пра колькасць вайскоўцаў у Беларусі больш-менш падрабязна расказвалі аж у 2016 годзе. Тагачасны міністр абароны Андрэй Раўкоў казаў, што Узброеныя сілы Беларусі налічвалі 64 932 чалавекі, з якіх 16 тысяч – цывільны персанал, 3 тысячы – курсанты. На той момант Узброеныя сілы мелі 54 самалёты, 32 верталёты, 16 дывізіёнаў зенітна-ракетных сістэмаў С-300, чатыры дывізіёны комлексаў «Бук», шэсць дывізіёнаў комлексаў «Аса», адзін дывізіён «Тор-М2», 12 ракетных комплексаў «Точка», звыш 700 рэактыўных сістэмаў залпавага агню і артылерыйскіх установак, 602 танкі, 886 баявых машынаў пяхоты, 192 бронетранспарцёры.

У 2023 годзе Лукашэнка казаў, што «толькі ва ўмовах мірнага часу» беларускае войска налічвае 75 тысяч чалавек, а ў выпадку вайны можа нарасціць групоўку да паўмільёна.

Чытайце таксама: Аграфюрэр папужаў ядравай кнопкай >>

Рэйтынг «Global Firepower» станам на 2024 год ацэньвае беларускае войска ў 63 тысячы «актыўнага персаналу» і 145 тысяч рэзервістаў, а таксама 55 тысяч чалавек у «парамілітарных» фармаваннях. Менавіта наземную армію ацэньваюць у 18 тысяч чалавек, 517 танкаў (з якіх 336 гатовыя да бою), 6700 машынаў (з іх гатовыя 4355), 369 адзінак самаходнай артылерыі (гатовыя 240) і 170 адзінак буксаванай артылерыі (гатовыя 111), а таксама 206 адзінак ракетнай артылерыі (гатовыя 134).

Украінскі вайсковы эксперт Сяргей Грабскі ў траўні расказваў эстонскаму праекту «PropaStop», што толькі каля 30 % беларускай арміі напраўду баяздольныя: «Гэта каля 20 тысяч чалавек, якія могуць прадстаўляць сур’ёзную пагрозу».

Малавата выходзіць

Нават калі браць самую максімальную ацэнку «траціны беларускай арміі», гэта 25 тысяч чалавек. Сумнеўна, што назіральнікі з Беларусі, Украіны і іншых дзяржаваў маглі не разглядзець перасоўванні да паўднёвай мяжы Беларусі нават мінімальнай ацэнкі ў 5 тысяч вайскоўцаў. Тым больш, на момант публікацыі яны мелі на тое, каб разглядзець, прынамсі тры дні. 

Але нават калі верыць Лукашэнку, выходзіць, што Беларусь слаба бароніць свае межы ад Украіны. Сам Лукашэнка заяўляў, што на мяжы з Беларуссю нібыта знаходзяцца 120 тысяч украінскіх вайскоўцаў. Да таго, у лютым 2024 года, ягоны міністр абароны Віктар Хрэнін казаў у інтэрв’ю «Россия-24», што Украіна засяродзіла на мяжы з Беларуссю «ўдарную групоўку» ў 112–114 тысяч чалавек.

Сярод вайсковых экспертаў прынятае правіла: сілы, якія атакуюць, маюць перавышаць сілы, якія бароняцца, утрая. Гэтае правіла даволі ўмоўнае, прыблізнае і спрэчнае. Але калі верыць Лукашэнку і браць самую максімальную ацэнку «траціны беларускай арміі», то ўкраінскіх сілаў на мяжы з Беларуссю ўсё адно амаль у пяць разоў больш, чым беларускіх на мяжы з Украінай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вучні Сіманіцкай школы на ваенна-палявых зборах – гэтае фота стала мэмам ва Украіне. Сіманічы, Беларусь. 9 чэрвеня 2022 года. Фота: Simonitschi_schkola / Instagram

Міхаіл Самусь у каментары BBC звяртаў увагу на баявы досвед:

«Беларускія войскі знаходзяцца на іншым этапе развіцця. Яны не ўдзельнічалі ў рэальных баявых дзеяннях, яны не маюць належнага ўзроўню забеспячэння беспілотнікамі, не ўмеюць імі карыстацца і абараняцца ад іх, не маюць магутных сістэм радыёэлектроннай барацьбы». 

Разам з тым, ён папярэджваў: любая правакацыя на мяжы можа сыграць супраць Лукашэнкі, бо цяпер, пасля аперацыі ў Курскай вобласці, украінскія ўлады не маюць псіхалагічнага бар’еру – ЗСУ без ваганняў пяройдуць мяжу Беларусі ў выпадку сапраўднай пагрозы.

Гэты матэрыял вы можаце прачытаць па-расейску

Чытайце таксама: Ці зможа Пуцін абараніць Лукашэнку? >>

Алесь Наваборскі, «Белсат»

Больш навінаў – у нашым Telegram-канале

Report Page