Лукашэнка зноў заявіў, што NATO і Польшча хочуць напасці на Беларусь. Навошта яму «атмасфера ваеннага псіхозу»?

Лукашэнка зноў заявіў, што NATO і Польшча хочуць напасці на Беларусь. Навошта яму «атмасфера ваеннага псіхозу»?

«Белсат»

З пачаткам поўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны, улады ды прапаганда Беларусі і Расеі сталі ўсё часцей абвінавачваць Польшчу нібыта ў варожых планах на нашыя землі. Не абмінуў гэтую тэму і самаабвешчаны кіраўнік Беларусі ў сваім свежым інтэрв’ю для тэлеканала «Россия».

Аляксандр Лукашэнка падчас інтэрв'ю тэлеканалу «Россия». Фота: president.gov.by

У размове з Аляксандрам Лукашэнкам расейскі прапагандыст Яўгеній Папоў спытаў яго пра забеспячэнне вайсковай бяспекі на заходніх рубяжах, бо «ў вас дзесяць тактычных батальённых групаў NATO на заходняй мяжы стаіць, якія таксама невядома, якія планы маюць. У адказ самаабвешчаны кіраўнік Беларусі адзначыў, што сапраўды нібы рыхтуецца абараняць Беларусь «ад Берасця да Горадні і вышэй туды».

Лукашэнка заявіў, што з расейскім калегам Уладзімірам Пуціным, з якім яны разам напалі ў 2022 годзе на Украіны і планавалі нават дайсці да Ла-Маншу, ўжо не першы год плануе абарону заходняга напрамку. 

Чытайце таксама: Звяры і чырвоная кнопка. Навошта Лукашэнка зноў нагнятае абстаноўку на мяжы з Украінай? >>

«У нас абарончыя планы існуюць, а калі трэба, мы іх перавядзем і ў наступальныя. Таму яны няхай там не шалеюць і не радуюцца, што, ведаеце, „мы валяемся з Пуціным на падлозе, а яны каленам усталі нам на грудзі і ціснуць нас“. Нічога падобнага. Мы бачым, адкуль можа быць нанесены самы сур’ёзны ўдар па нашым саюзе і па нашай сумеснай групоўцы. Таму на захадзе мы нічога не аслабляем. Больш за тое, войска сваё ўзмацнілі сур’ёзнай зброяй. Вы ведаеце яе – расейскай. І звычайнай, і тактычнай ядравай зброяй», – сказаў Лукашэнка.

Чатыры гады бразганння гусеніцамі з боку NATO 

Пра тое, што NATO нібы «бразгае гусеніцамі» ля беларускіх межаў, а Польшча вось-вось далучыць да сябе Гарадзенскую вобласць, Лукашэнка пачаў актыўна казаць яшчэ ў жніўні 2020 года. Але з пачаткам поўнамаштабнай агрэсіі Пуціна супраць Украіны такіх заяваў з боку беларускага (дый расейскага) рэжымаў сталася толькі больш. 

Гэтак, у траўні 2022 года палітычны аглядальнік, а цяпер яшчэ і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Шпакоўскі заявіў, што на тэрыторыі Польшчы «ствараецца не абарончая, а менавіта наступальная групоўка», «а наступаць яны могуць толькі празь тэрыторыю Беларусі». Паводле яго, у польскіх уладаў «ёсць рэваншысцкія настроі, якія распаўсюджваюцца ў тым ліку на тэрыторыю Заходняй Беларусі, а можа, і далей».

Як адзначыў у чэрвені 2022 года Лукашэнка, «за спіной Польшчы стаяць амерыканцы», якія фінансуюць, даюць узбраенне, перакідваюць збройныя сілы. А ў лістападзе таго ж году намеснік начальніка Генеральнага штаба Збройных Сілаў Беларусі Валерый Гнілазуб казаў пра мілітарызацыю і «падрыхтоўку Варшавы да вайны, прычым не абарончай». Паводле яго, «разгорнутыя ў сумежных краінах фармаванні NATO могуць стаць асновай для стварэння ўдарных груповак супраць Расеі і Беларусі як яе найбліжэйшага саюзніка». 

21 ліпеня 2023 года на паседжанні Савету бяспекі РФ ужо Пуцін заявіў, што ўлады Польшчы «мараць пра беларускія землі». Ён прыгразіў, што «развязванне агрэсіі супраць Беларусі будзе азначаць агрэсію супраць Расейскай Федэрацыі», і паабяцаў «адказваць усімі наяўнымі ў нас сродкамі». А 23 ліпеня падчас сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу тэму «польскай пагрозы» падхапіў Лукашэнка, які нават прывёз мапу «перакідвання Узброеных сілаў Польшчы да межаў Саюзнай дзяржавы». І пры гэтым сам сказаў, што небяспека наадварот сыходзіць з боку Беларусі Польшчы:

«Нас пачалі «напружваць» вагнэраўцы – жадаюць на Захад: «Сходзім на экскурсію ў Варшаву і Жэшуў!» 

Праз месяц тэзіс Пуціна паўтарыў і амбасадар РФ у Менску Барыс Грызлоў. Да нагнятання антыпольскай гістэрыі далучыліся і расейскія палітолагі Дзмітрый Еўстафьеў і Міхаіл Хазін. Пры гэтым за нібыта падбухторваннем Варшавы або Вільні да нападу на Менск, паводле іх, стаіць Вашынгтон, каб з гэтай нагоды ... вывесці свае войскі з Еўропы. Пра падрыхтоўку Польшчы «да ўварвання на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь», казаў год таму загадчык аддзелу еўразійскай інтэграцыі і развіцця ШАС Інстытуту краін СНД Уладзімір Яўсееў.

У сваю чаргу беларускі прарэжымны палітолаг Юрый Шаўцоў у верасні заявіў, што NATO ці ЗША наўрад ці будуць вітаць вайну Польшчы, да якой тая нібыта рыхтуецца, супраць Беларусі і Расеі. Аднак пагроза памежнай, ваенна-тэрарыстычнай вайны высокая, заяўлялў ён, кажучы пра нейкую надзвычайную мілітарызацыю ў Польшчы, якая, паводле яго, перавышае нават тое, што адбываецца з 2020 года ў Беларусі. 

У лістападзе 2023 года пра «польскую пагрозу» загаварыў і былы прэзідэнт Расеі, намеснік старшыні Савету бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў. Паводле яго, «нарошчванне ваеннага патэнцыялу самой Польшчы і польскай ваеннай прысутнасці ва Украіне можа справакаваць прамое сутыкненне Варшавы з Беларуссю і Расеяй». Усё гэта, дадаў ён, можа развязаць трэцюю сусветную вайну.

Праўда, неўзабаве ўсе гэтыя страшылкі зняпраўдзіў дзяржсакратар Савету бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч. Ён заявіў, што Польшча і краіны Балтыі не збіраюцца нападаць на Беларусь, бо «выдатна ацэньваюць, што развязваць ваенныя дзеянні супраць Рэспублікі Беларусь, якая з’яўляецца стратэгічным партнёрам Расейскай Федэрацыі, напэўна, проста неразважліва і немэтазгодна».

Праўда, сам жа праз два месяцы сказаў, што «на тэрыторыі гэтых краін рыхтуюцца дыверсійна-разведвальныя групы, незаконныя ўзброеныя фармаванні», «каб адправіць іх у тым ліку на тэрыторыю Беларусі і правесці, як яны называюць, дэмакратычным шляхам звяржэнне ўлады». Пра тое, што ў Польшчы пад кіраўніцтвам польскіх спецслужбаў рыхтуюцца да захопу аб’ектаў і тэрактаў у Беларусі, казаў у снежні 2023 года і старшыня КДБ Іван Церцель.

Аляксандр Лукашэнка і Яўгеній Папоў падчас інтэрв'ю тэлеканалу «Россия». Фота: president.gov.by

З 2024 года пра пагрозы вайны з боку Польшчы ледзь не штомесяц кажа Лукашэнка. 23 студзеня ён заявіў, што «ў нас асаблівая сітуацыя: на поўдні – вайна, на захадзе – Польшча, Літва, балтыйскія дзяржавы – і таго горш. Падкрэсліваю: і таго горш. Там рыхтуюцца адпаведныя атрады, палкаводцы вызначаныя».

16 лютага на сходзе «Белкаапсаюзу» Лукашэнка сказаў, што ў выпадку вайны беларускія дэмакратычныя сілы нават нібыта гатовыя аддаць Польшчы заходнія землі, а сабе забраць у Расеі часткі Смаленшчыны, Браншчыны і Пскоўшчыны. 20 лютага ён жа на «пашыранай нарадзе ў пытаннях бяспекі» заявіў, што польская і амерыканская выведкі рыхтуюць буйнамаштабную правакацыю супраць грамадзянскага насельніцтва Польшчы, у якой абвінавацяць Расею і Беларусь. Лукашэнка заклікаў «ментальна і стратэгічна» рыхтавацца да вайны. 

Менавіта спробай уцягнення Беларусі ў вайну тлумачыў анансаваную Лукашэнкам правакацыю памочнік міністра абароны ў пытаннях ідэалагічнай працы Леанід Касінскі. Паводле яго, Захадам для Беларусі рыхтуецца сцэнар Югаславіі.

26 сакавіка Лукашэнка прыехаў на мяжу з Літвой, дзе праводзіліся беларускія вучэнні, і са шпіцам на руках пагражаў захапіць Сувальскі калідор, што праходзіць па тэрыторыі Польшчы і Літвы ды гіпатэтычна мог бы злучыць Беларусь з Калінінградскай вобласцю РФ. Паводле яго, Літва і Польшча дарма «так сябе паводзяць» і «варнякаюць». Пры гэтым сам жа прызнаваў, што Вільня і Варшава не рыхтуюцца да нападу, а наадварот занепакоеныя нападам на іх:

«Яны што, сур’ёзна думаюць, што мы тут з расейцамі спрабуем ці нападаем на іх? Супрацьтанкавыя равы навошта капаюць... Мы ж не збіраемся туды ісці». 

Тым не менш, Лукашэнка працягнуў пярэчыць сабе ж 25 красавіка на паседжанні Усебеларускага народнага сходу, кажучы, што ў Польшчы «мрояць» пра бітвы. Паводле яго, вайсковыя фармаванні ў Польшчы і краінах Балтыі, ператвораных нібыта ў плацдарм NATO, абсталяваныя «сучасным ударным узбраеннем і здольны наносіць высокадакладныя ўдары па аб’ектах на тэрыторыі Беларусі і заходніх рэгіёнаў» Расеі. 

«Мы бачым, што яны рыхтуюць рознага кшталту збройныя атрады і ці ледзь не палкі, як яны іх завуць, каб ажыццявіць уварванне на тэрыторыю Беларусі», – сказаў Лукашэнка 20 траўня на нарадзе з КДБ.

Ніякіх жа доказаў, што Польшча або краіны Балтыі, апроч словаў і мапаў, адкуль на Беларусь рыхтуецца напад, за чатыры гады са жніўня 2020 года рэжымам у Менску так і не было прадстаўлена. А вось сама Беларусь з лета 2021 года праводзіцца гібрыдныю атаку мігрантамі на Польшчу і краіны Балтыі. Яе ахвярай сёлета стаў польскі вайсковец, забіты невядомым з беларускага боку.

Навошта гэтая прапаганда Лукашэнку і Пуціну?

Няспынныя заявы ўладаў і прапаганды Беларусі ды Расеі пра тое, што Захад і ў прыватнасці Польшча нібыта рыхтуюцца да нападу на нашую краіну, пракаментаваў «Белсату» палітык, вайсковец Валер Сахашчык.

«Напад Польшчы на ​​Беларусь або Расію – гэта поўны нонсэнс з пункту гледжання логікі. Польшчы няма чаго ваяваць, гэта шчаслівая развітая дэмакратыя, а калі людзі задаволены сваім жыццём, то менш за ўсё на свеце яны хочуць на кагосьці нападаць», – сказаў ён.

Паводле яго, за пастаяннымі абвінавачваннямі суседніх краінаў з боку ўладаў Расеі і Беларусі хаваюцца правілы вайсковай прапаганды, «яны ўніверсальныя і добра вядомыя спецыялістам, апісаныя ў спецыяльнай літаратуры, напрыклад, у вядомай працы Ганны Марэлі „Элементарныя прынцыпы ваеннай прапаганды“».

«Дык вось, ёсць два правілы ваеннай прапаганды, якія добра тлумачаць, што стаіць за абвінавачваннямі ў адрас Польшчы. Першае гучыць прыкладна так: „Адказнасць за гэтую вайну нясе толькі наш супернік!“ Другое: „Мы не жадаем войны, мы толькі абараняемся!“ Менавіта па гэтым лекале і дзейнічаюць Пуцін і Лукашэнка. Вайну ў 2022 годзе развязаў Крэмль дзякуючы падтрымцы Лукашэнкі, аднак адказнасць за гэтую вайну ўвесь час спрабуюць перакласці на NATO, калектыўны Захад, [прэзідэнта ЗША Джо] Байдэна і гэтак далей: „Гэта не мы, гэта ўсе яны вінаватыя! Калі б мы не напалі, дык напалі б яны! На Беларусь рыхтавалася/рыхтуецца напад!“ Тым самым для ахвяр прапаганды ствараецца па сутнасці паралельная рэальнасць, у якой Лукашэнка і Пуцін за мір і з цяжкім сэрцам узмацняюць сваё войска, бо іх правакуе вонкавы супернік, напрыклад, Польшча», – сказаў Сахашчык.

Суразмоўца падкрэсліў, што ваенная прапаганда працуе на дзве аўдыторыі. Адна з іх – гэта міжнародная грамадскасць, другая – гэта грамадзяне Беларусі і Расіі, «якіх ашчадна змяшчаюць у атмасферу ваеннага псіхозу». 

«Тым самым іх падахвочваюць бязмежна падтрымліваць любыя, самыя амаральныя і недальнабачныя дзеянні ўладаў аж да ўдзелу ў ваенных дзеяннях. Гэта датычыць перадусім Расеі, якая за кошт такой прапаганды спрабуе павялічыць колькасць добраахвотнікаў», – заявіў палітык. 

Лукашэнку ж, паводле яго, такая «прапаганда дазваляе бясконца працягваць дэ-факта надзвычайнае становішча ў Беларусі перад прэзідэнцкімі выбарамі 2025 года».

Чытайце таксама: Ці зможа Пуцін абараніць Лукашэнку? >>

Гэты матэрыял вы можаце прачытаць па-расейску

Макар Мыш, «Белсат»

Больш навінаў – у нашым Telegram-канале

Report Page