Аграфюрэр папужаў ядравай кнопкай

Аграфюрэр папужаў ядравай кнопкай

«Белсат»

Узурпатар Лукашэнка паразмаўляў з расейскім прапагандыстам – нібы ўласных яму не стае – Яўгеніем Паповым з «Телеканала Россия».

Глядзець гэта – свайго псіхічнага здароўя не шкадаваць. Але ў мяне праца такая, таму зрабіў гэта за вас. Сам прапагандыст Папоў, а прыватна – муж той самай Скабеевай – кажа, што і ўмоваў не было, і тэмы не задаваліся, і пытанні загадзя не абмяркоўваліся. А ўзурпатар – хадзячая, а дакладней сядзячая, шчырасць перад камерай.

Лукашэнка паразмаўляў з расейскім прапагандыстам. Фота president.gov.by

Ну, які шчыры Лукашэнка, нам, беларусам, распавядаць не трэба. За трыццаць гадоў наеліся ягонай праўды. Цікавае ў гэтым інтэрв’ю іншае.

Пакуль у Масквы праблема: палае Куршчына, і з гэтым у Крамлі пакуль не надта ведаюць, што рабіць. Засылаюць казачка, каб вуснамі Лукашэнкі прагучала «давайце дамаўляцца». І ўзурпатар такі ўвесь ізноў у белым ды міратворац усяленскага маштабу. Хаця, як сам дадае, вядома, амерыканцы ўва ўсім і вінаватыя, бо толькі спяць і бачаць, каб усе тут адно аднаго перабілі. Толькі вось у гэтым месцы я нагадаю таварышу Лукашэнку, што ягоныя мірныя патугі такія сабе і даверу да іх мала. Бо ўсе памятаюць Менскія пагадненні, падпісаныя ў нашай сталіцы ў лютым 2015 года. Да ўзурпатара самая Мэркель у палац завітала. Прапаганда не магла нарадавацца. Толькі на ўсходзе Украіны страляць яшчэ больш пачалі, а Крым Расея аддаваць не збіралася. Ну, а яшчэ праз сем гадоў разам з арганізатарам гэтых перамоваў Пуцін арганізаваў поўнамаштабны напад на Украіну праз Беларусь.

І вельмі істотна: Лукашэнка сам у гэтым апошнім інтэрв’ю ўзяў ды і прызнаўся. Як да пратаколу ў Гаазе. Нават даказваць нічога не трэба.

Проста дзед узгадаў баевікі сваёй маладосці. І такі: Ваван, «прыйдзе час, калі будзем стаяць спіна да спіны і адстрэльвацца ўдваіх». Ну і вось, кажа, такі час настаў у лютым 2022 года. Пуцін «прасіў прыкрыць з тылу». Лукашэнка падняў нібыта палову арміі – і прыкрылі кірунак з боку Польшчы. Удзел гэта ў нападзе на Украіну ці не ўдзел? Ці гэта нешта іншае пра «прыкрыць з тылу»?

Бо, як кажа Папову Лукашэнка, «у прэзідэнта Пуціна ні з кім няма такіх стасункаў». Самыя здагадайцеся – якіх.

А яшчэ аграфюрэр папужаў ядравай кнопкай. Цяжка баяцца, што праўда, нечага, што існуе выключна ў ягонай фантазіі. Як і чырвоныя лініі. А гэта, дадае як памежнік з савецкага мінулага, дзяржаўная мяжа. Маўляў, «пераступілі – адказ будзе імгненны». Што ж, неяк не надта адказваў, калі расейскія беспілотнікі сотні кіламетраў над Беларуссю наразалі. Ах, гэта ж іншае, гэта тое самае «прыкрыць з тылу». Пахваліўся, што ўкраінскія беспілотнікі збілі. Толькі «был ли мальчик»? Чырвоныя кнопкі, лініі, беспілотнікі – ах, гэтыя фантазіі.

Спрабаваў узурпатар і тоненька жартаваць. На пытанне прапагандыста пра хамства Кіева так гэта загадкава кінуў: «Хамства ідзе з «95-га Кварталу». Якая алюзія на камедыйнае мінулае прэзідэнта Зяленскага. Мінулае, можа, і камедыйнае, толькі сёння ён адказвае вам з Пуціным без жартаў.

І Лукашэнка такі: «Мы што – мусім чакаць, пакуль яны, як 85 гадоў таму, растопчуць нашую краіну, як гэта было ў Савецкім Саюзе?» Толькі змаганне тады было з такім жа фашызмам, з якім змагаюцца цяпер украінцы, якія і тады супраць яго змагаліся. Гэтак жа і палякі, і іншыя еўрапейскія народы. Таму гісторык Лукашэнка гэтакі ж, як і памежнік. Зрэшты, як і ўсё астатняе. Як з тым танцорам, якому нешта ўсцяж замінае.

Такі шчыры, такі шчыры – не схлусіць, не пражыве. Як Папандопала, нават касцюмчык паказваў Папову: вось, нашу беларускае, айчыннае, а не нейкія там «Гучы» ці «Вэрсачы». Нават прапагандыст пасміхнуўся.

Сапраўдны чалавек з народу. Проста з гадзіннікам за 20 тысяч долараў, паўтара дзясяткамі рэзідэнцыяў, самалётамі, мільярдамі. Вядома, ёсць за што змагацца і трымацца.

А паслухаеш – суцэльны патрыятызм. Толькі плата за яго ў адных – турмой і катаваннямі, а ў другіх – у доларавым эквіваленце.

Сяргей Падсасонны, «Белсат». Рэдакцыя можа не падзяляць меркаванне аўтара

Гэты матэрыял вы можаце прачытаць па-расейску

Больш навінаў – у нашым Telegram-канале


Report Page