Кіно: пошук сродкаў і гледачоў ды вяртанне на Berlinale
Аналітычная група Беларускай Рады культурыАгляд (студзень - сакавік 2024)
У пачатку 2024 года беларускае кіно працягвае існаваць у стане няпэўнасці. У гэты час кінематаграфісты ў эміграцыі па-ранейшаму спрабавалі знайсці сабе месца і зразумець сваё становішча ў новых краінах. Іхныя калегі, якія засталіся ў Беларусі, намагаліся зразумець, як працаваць далей ва ўмовах татальнае цэнзуры ды поўнае залежнасці ад дзяржаўнага фінансавання.
Колькасць паказаў ужо прэзентаваных раней стужак у эміграцыі заўважна перавысіла колькасць прэм'ераў. Тэмамі большасці з іх застаецца стан беларускага грамадства і падзеі вакол 2020 года. Для новых фільмаў кінематаграфістаў-эмігрантаў выкарыстоўваецца матэрыял, зняты за папярэднія гады ў Беларусі. У стварэнні і выпуску стужак бяруць удзел еўрапейскія ды сусветныя інстытуцыі, а паказы беларускага кіно ладзяцца ў межах адмысловых імпрэзаў у розных краінах, фестываляў, спецыялізаваных паказаў.
Кінематаграфісты ж у Беларусі вымушаныя падпарадкоўвацца сітуацыі: шукаць працу ў дзяржаўных і камерцыйных праектах, у тым ліку расійскай вытворчасці. Дзяржаўныя СМІ працягваюць прапагандаваць прадукцыю і даваць слова новаму кіраўніцтву Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, адпаведным чыноўнікам, робячы асобы акцэнт на хуткім стогадовым юбілеі заснавання “Белдзяржкіно” ў БССР (17 снежня).
“Працэсы” раскалолі аўдыторыю
У пачатку 2024 года актыўна абмяркоўваліся “Працэсы” – серыял тэлеканалу “Белсат”. Фактычна серыял і стаўся галоўнаю прэм'ераю апошніх трох месяцаў, дасяжнаю для шырокай аўдыторыі на YouTube.
Паводле аўтараў-шоўранэраў Андрэя Кашперскага і Міхася Зуя, “Працэсы” былі інспіраваныя папулярным брытанскім серыялам у жанры антыўтопіі “Чорнае люстэрка”. Беларускі серыял мае больш выразныя камедыйныя прыкметы. Фактычна гэта спроба перажыць калектыўную траўму з дапамогаю смеху як абарончае рэакцыі на гвалт і несправядлівасць з боку рэжыму. Ува ўсіх чатырох серыях стваральнікі шырока выкарыстоўваюць прыёмы сатыры і чорнага гумару. Мішэнямі апошніх становяцца служкі рэжыму Лукашэнкі – амапаўцы, кадэбісты, чыноўнікі. Кожная з серыяў цягнецца 20–30 хвілінаў і з'яўляецца асобнай гісторыяй.
Нягледзячы на відавочна сціплыя рэсурсы і магчымасці “Белсату”, які ўпершыню рабіў менавіта ігравое кіно, стваральнікі “Працэсаў” здолелі стварыць прафесійнае відовішча. Калі першая частка – “Ператрымка” – мае выразныя рысы тэлевізійнага шоу, то фінальная “Праграма перадач” – добра зробленая псіхалагічная трагікамедыя з выразнай акторскай ігрой і кінематаграфічнай атмасферай у кадры.
Беларускім кінематаграфістам у выгнанні не стае практыкі: на прыкладзе серыялу “Працэсы” добра відаць, што калі тая з'яўляецца, то творчая група вельмі хутка паляпшае вынік.
“Працэсы” выклікалі надзвычай неадназначную рэакцыю гледачоў-беларусаў. Каментатары рэзка падзяляюцца на тых, каму серыял вельмі спадабаўся, і тых, хто лічыць такі камедыйны падыход да сучаснае беларускае драмы вельмі спрэчным. Серыял фактычна адлюстроўвае не толькі падзеі 2020 года, але незайздросны стан беларускае дзяржавы і грамадства. Асабліва паказальная серыя “Праграма перадач”, дзе галоўная гераіня ў выкананні зоркі расійскага кіно Яны Траянавай (акторка пакінула Маскву пасля 24 лютага 2022-га) выконвае ролю жанчыны, вымушанай змагацца з замоўчваннем лёсу загінулага на ўмоўнай вайне сына. Гэтая частка “Працэсаў” актуальная не толькі для беларусаў, але найперш для нашых усходніх суседзяў.
Аўтары серыялу паказваюць фактычна неататалітарнае грамадства. Асобныя рысы апошняга былі характэрныя для Беларусі і да падзеяў 2020 года. Але прыхільнікі негатыўнага стаўлення да “Працэсаў” маюць рацыю ў тым, што на момант прэм'еры канфлікт у Беларусі выглядае нашмат больш вострым і трагічным, чымся тое адлюстравана на экране.
Як стала вядома ў сакавіку пасля інтэрв'ю новага кіраўніцтва тэлеканалу “Белсат”, у звязку са скарачэннем фінансавання здымкі працягу “Працэсаў” адкладзеныя на невядомы тэрмін.
Абсурдысцкім гумарам поўніцца і новы праект “Давай его дождёмся” знанага камедыйнага YouTube-шоу “ЧинЧинЧенэл”. Канцэптуальна і, часткова, складам стваральнікаў ён блізкі серыялу “Працэсы”: яго тэма – “як заставацца вернай сяброўкай і каханаю жонкай, калі і вашага мужа заклікалі на Святую Спецаперацыю”. Відавочна, у якасці аўдыторыі аўтары праекту бачаць не толькі беларусаў, пра што сведчаць і мова, і тэма. Апошняя акалічнасць новая для беларускіх камедыйных праектаў у сеціве.
Усебеларускі народны Berlinale
Найважнейшаю падзеяю пачатку года стаўся ўдзел беларускіх кінематаграфістаў у 74-м Берлінскім МКФ, што праходзіў 15–25 лютага. Праўда, беларускія прэзентацыі на ім былі ў асноўным не на экране.
У кароткаметражнай праграме Berlinale Shorts паказалі канцэптуальны 30-хвілінны постдок “Непажаданае сваяцтва” беларускага немца Паўла Мажара. Трэба адзначыць, што пасля папярэдняга фільму Мажара “Дапаможнік”, дзе ігравымі метадамі апісваюцца катаванні ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года, новая стужка выглядае другасна, у ёй выкарыстоўваюцца ўсё тыя ж рэжысёрскія прыёмы дакументальнае рэканструкцыі. Новая работа аўтара – пра персанальную і калектыўную адказнасць беларусаў за вайну ва Украіне – выклікала неадназначную рэакцыю сярод беларускай аўдыторыі. Гэта прымусіла рэжысёра, які эміграваў з Мінску ў 10-гадовым узросце, шукаць паразумення ўжо падчас інтэрв'ю.
Куды больш станоўча быў сустрэты пітчынг Беларускае незалежнае кінаакадэміі (БНК). Ён ладзіўся ў межах Еўрапейскага кінарынку (EFM), як і прэзентацыя самой акадэміі год таму. Зрэшты, гэта была першая сур'ёзная актыўнасць БНК: сёлета на Berlinale яна мела асобны павільён, дзе ў выглядзе пітчынгу з удзелам сур'ёзных міжнародных экспертаў былі прэзентаваныя праекты васьмі стужак, папярэдне адабраныя чальцамі БНК з сарака заявак. Мэта пітчынгу – пошук фінансавання для беларускіх праектаў.
Яшчэ адна знакавая падзея ў межах Еўрапейскага кінарынку Berlinale – цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў беларускай прэміі кінакрытыкаў “Чырвоны верас” за 2021–2022 гады ў 13 намінацыях. Каштоўнасць прэміі ў тым, што яна аб'ектыўна адлюстроўвае вынікі айчыннага кінапрацэсу сярод незалежных ад беларускае цэнзуры аўтараў. Асаблівасць пададзеных на адбор экспертам стужак – большасць створаная па-за межамі індустрыйнае мадэлі. Гэта ў найлепшым выпадку рамесніцкія, а то і самаробныя творы. Што абумоўлена як адсутнасцю фінансавання, гэтак і ўзроўнем падрыхтоўкі стваральнікаў.
Удала ператварыў аматарскія ўмовы вытворчасці ў свой аўтарскі стыль пераможца “Чырвонага верасу” ў намінацыях “Найлепшы ігравы поўнаметражны фільм” і “Найлепшы(ая) рэжысёр(ка)” за фільм “Спатканне ў Мінску” Мікіта Лаўрэцкі. Ягонае “Спатканне ў Мінску” і яшчэ адзін фільм – удзельнік намінацыяў прэміі A Kid's Flick – найлепшыя, хоць і спецыфічныя работы на тэму падзеяў у сучаснай Беларусі.
І пітчынг БНК, і цырымонія “Чырвонага верасу” ў межах EFM Berlinale – яшчэ адзін крок да інтэграцыі беларускага незалежнага кіно ў сусветную кінасупольнасць. Відавочна, менавіта пляцоўка Berlinale робіцца галоўнаю не толькі для самапрэзентацыі беларускіх кінематаграфістаў, але і для іхнага яднання ў адзіную кінасупольнасць.
Прэм'еры ў Рызе
Яшчэ адна традыцыйная пляцоўка для ўдзелу беларускіх кінематаграфістаў – Artdocfest, фестываль дакументальнага кіно, які апошнімі гадамі праходзіць у Рызе ды прыцягвае ўвагу міжнароднае дакументальнае супольнасці і прэсы. Сёлета фэст адбываўся 1–8 сакавіка.
Апрача ўжо вядомага з іншага фэсту фільму Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзякі “Радзіма”, у розных праграмах былі паказаныя беларускія незалежныя прэм'еры – “Пісюшы” Дар'і Андрэянавай і Мікалая Купрыча ды “Хачу на вайну” Алены Чарняўскай. Калі першая стужка апавядае пра мінскае кўір-кам'юніці яшчэ даковіднага часу і складаецца з матэрыялу, знятага некалькі гадоў таму, то другая прысвечаная ўжо самым актуальным падзеям – беларускім добраахвотнікам на ўкраінскім баку ў цяперашняй вайне.
Але галоўным фільмам на беларускую тэму на сёлетнім Artdocfest сталася стужка брытанскіх рэжысёраў Майка Лернэра і Марціна Гэрынґа “Выпадковы прэзідэнт”, поўнаметражны фільм – назіранне за лідаркаю Вольнае Беларусі Святланаю Ціханоўскаю. Паказ можна лічыць адною з адметных падзеяў фэсту ў Рызе: беларускія падзеі па-ранейшаму хвалююць сусветную кінасупольнасць. Пытанне ў тым, што ў раскрыцці беларускае тэмы айчынных дакументалістаў часцяком апярэджваюць замежныя калегі.
У пошуках фінансавання і гледача. Замест высноваў
Адставанне айчынных кінематаграфістаў шмат у чым звязанае з нястачаю сродкаў: атрымаць фінансаванне можна хутчэй разам з замежным прадзюсарам. Тут для беларусаў самымі важнымі партнёрамі традыцыйна выступаюць палякі, скандынавы, прадстаўнікі Латвіі, Літвы, Эстоніі. Прабіваюцца беларускія аўтары і да іншых крыніцаў.
Адзін з удзельнікаў пітчынгу БНК на Berlinale, дакументальны праект ананімнага аўтара Zone|myths, быў заўважаны Сусветным кінафондам Berlinale (WCF) і рэкамендаваны для атрымання фінансавання памерам 35 тысяч еўраў.
Дакументальны праект Ксеніі Галубовіч “Я зрабіў памылку, прыехаўшы сюды” пра міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Еўразвязу адабралі на індустрыйную платформу (Impact Lab) Фестывалю правоў чалавека FIFDH у Жэневе. Бяруць удзел у розных конкурсах і пітчынгах іншыя беларускія праекты.
Другая важная праблема – выхад на беларускага гледача. Шмат якія паказы беларускіх стужак праходзілі за апошнія месяцы ў межах розных імпрэзаў у Польшчы, Нямеччыне, іншых краінах Еўропы. Але аўтары і кінавытворцы не вельмі імкнуцца выкладваць свае стужкі ў сеціва. Адрозніваюцца ў гэтым плане дакументальныя праекты “Настоящее время” і BYDOC, якія апошнім часам прэзентавалі свае новыя выпускі тут і тут.
Год працуе онлайн-кінатэатр беларускага кіно Vodblisk, штомесяц прэзентуе ігравыя і дакументальныя, збольшага менавіта фестывальныя і аўтарскія стужкі.
У пачатку сакавіка ў Мінску прэзентавалі анімацыйны праект “Марыля. У пошуках дзіўнікаў”. Восем серыяў гэтае сучаснае казкі з фальклорнымі матывамі знятыя адмыслова на замову сэрвісу Voka ў дзвюх моўных версіях і ёсць рэдкім прыкладам прыватных інвестыцыяў у беларускую айчынную анімацыю.
Чытайце агляды падзей у беларускім кіно 2022 - 2023 гадоў тут, тут і тут.