прырода ў крокавай дасяжнасці

прырода ў крокавай дасяжнасці

akvieduk

каб збегчы з гораду, не абавязкова пакідаць яго межы. паркі - неад'емны кампанент гарадскога ланшафту, які пры правільным падыходзе можа ўносіць баланс між прыродным і гарадскім у жыццё сучаснага чалавека. што ж мусіць мець добры парк?

1. накіраванасць

розныя паркі ствараюцца для розных мэтаў, і разуменне гэтых мэтаў проста неабходна для паспяховага развіцця зялёных тэрыторыяў. для прыкладу - парк Горкага ў Менску відавочна накіраваны на забаўкі і развіваецца з улікам гэтага, што стала адной з прычынаў папулярнасці гэтага месца ў дзяцей з бацькамі. а па іншы бок праспекту на мяжы з паркам Горкага ляжыць парк Янкі Купалы, кардынальна іншы. у ім цішэй і спакойней, а акцэнт зроблены на акультуранай прыродзе і на самой культуры. замест колу аглядаў - музей, замест амерыканскіх горак - альтанкі на ўзберажжы Свіслачы, замест ларочкаў з ватай і цацкамі - невялікія скульптуры. Пагоркавы парк (Kalnu parkas) пад Трыма Крыжамі ў Вільні робіць акцэнт на прыродзе і ланшафце, і папулярны выключна з-за гэтага. а Бернардынскі сад пад ім узводзіць максімальную акультуранасць і эстэтызацыю прыроды ў абсалют і прапаноўвае нейтральныя заняткі.

калі парк мае накіраванасць, чалавек ведае, навошта ён туды ідзе. больш за тое, адміністрацыі ды і наведвальнікам не прыходзіцца распыляцца на некалькі функцый, якія могуць нават супярэчыць адна адной.

2. разнастайнасць

"як жа так, гэта ж супярэчыць першаму пункту!.."

ніяк не. проста таксама важна, каб горад не зацыкліваўся на адным або двух тыпах паркаў і спрабаваў развіваць розныя тыпы. у Вільні ёсць глабальная праблема адсутнасці забаўкавых паркаў для дзяцей, бо большасць паркаў у гэтым горадзе акцэнтуецца на амаль неапрацаванай прыродзе.

у Менску ж наадварот, у лепшых менскіх традыцыях, не стае малакранутай прыроды ў зручнай дасяжнасці. а вось у забаўкавых парках дэфіцыту няма.

але абедзве сітуацыі дрэнныя, бо вялікая група патэнцыйных наведнікаў апынаецца ні з чым, і горад з-за гэтага таксама робіцца больш аднастайным. менавіта таму важна балансаваць розныя тыпы паркаў нават у межах гарадскога цэнтру.

3. самаакупальнасць

у некаторых парках і садах усё яшчэ застаўся платны ўваход (батанічны сад у Менску - бліжэйшы прыклад). гэта жахліва, таму што пазбаўляе гараджан права на сваю ж зялёную тэрыторыю. але сусветныя тэндэнцыі падказваюць, што платны ўваход сышоў або сыходзіць у нябыт. вышэйузгаданы парк Горкага ў Менску часам таксама быў платным, але зараз ад гэтага засталіся толькі закінутыя касы на ўваходзе з вуліцы Першамайскай. цэнтральны парк Масквы ўвогуле пазбавіўся платнага ўваходу зусім нядаўна.

але як парку акупаць сябе? даць больш месца малому бізнэсу і вітаць іх зацікаўленасць у стварэнні новых інтэракцый у парку. лётаць на паветраных шарах? супер! ладзіць мерапрыемствы ў межах пэўнай тэрыторыі? файна! толькі менш шашлычных, калі ласка - ужо надакучыла.

безумоўна, усё гэта трэба рабіць з улікам мэтаў самога парку, як адзначана ў першым пункце. але нават у неакультураным ланшафтным парку па ўскраінах можна знайсці месца для цікавых ініцыятываў і бізнэсаў - і менавіта яны могуць дапамагчы акупіць затраты на ўтрыманне і развіццё парка.

3. інфраструктура

добры парк на ўваходах мае добрую навігацыю. у ідэале яна мусіць быць рэльефнай, для таго каб нават чалавек са слабым зрокам мог зразумець, што дзе знаходзіцца і як прайсці. паркі з прэтэнзіяй на акультуранасць мусяць мець добрыя прыбіральні. многія паркі выйграюць ад добра зладжанага інтарактыву, іншыя ж могуць абыходзіцца прыродай як такой. алеі павінны быць асветлены і парк не павінен выклікаць пачуццё небяспекі ні ў які час. да парку павінен зручна хадзіць транспарт, і добрыя паркі патрэбны як цэнтру, так і ўскраінам. у Менску добрую паркавую сістэму мае раён Усход, а ў Вільні на званне найбольш зялёнага раёну ужо некалькі стагоддзяў прэтэндуе Антокаль. амаль згодна з канцэпцыяй Эбэнізера Говарда, пра якую нядаўна шмат было сказана тут, у Менска ёсць зялёны пояс, які ахапляе сталіцу ад Вяснянкі да Лошыцы і Чыжоўкі. гэта значна больш правільна, чым мець на вялізнай тэрыторыі толькі адзін гіганцкі парк, куды б з'яджалася насельніцтва з усіх бакоў (прабач, Манхэтан). такім чынам, і парк - частка інфраструктуры гораду, і ў самім парку інфраструктуры павінна быць досыць.

распаўсюджвайце гэтыя ідэі і падпісвайцеся на канал:


Report Page