тут (не) будзе горад-сад

тут (не) будзе горад-сад

akvieduk

кіраўніцтва Беларусі моцна любіць фразу "ісці сваім асаблівым шляхам". у горадабудаўніцтве гэта выразілася ў распаўсюдзе канцэпцый 1.аграгарадкоў і 2. гарадоў-спадарожнікаў. але насамрэч ідэям, што ляжаць у аснове іх, ужо больш за сотню гадоў, і сёння мы разбярэм першакрыніцу.

прыгожая ідэя

у 1898ым годзе выйшла ў свет важная для горадабудаўніцтва кніга — "гарады-сады будучыні" (garden cities of tomorrow) Эбэнізера Говарда. на ёй у свой час хайпілі ўсе - ад лонданскіх элітаў да Маякоўскага. канцэпцыя горада-сада досыць простая: для людзей ёсць магніт-горад і магніт-вёска, кожны з якіх мае свае перавагі і хібы.

ілюстрацыя з кнігі

паводле Говарда, трэба стварыць трэці магніт, які б сумяшчаў перавагі гораду і вёскі. але Эбэнізер не быў пустабрэхам, ён прапанаваў дакладнае бачанне горада-сада і распрацаваў перфекцыяніскія схемы. існаваў круг цэнтральнага гораду, на некаторым аддаленні ад якога знаходзіліся гарадкі паменш. напрыклад, ёсць вялікі Менск са МКАДам, і ёсць Фаніпаль, Смалявічы, Дзяржынск і іншыя... гарады-спадарожнікі! недалёка ад іх, паводле ўсіх канонаў, ляжыць кальцавая дарога.

адрозненне ад дасканалай тэорыі Говарда толькі ў тым, што замест акцэнту на чыгунцы акцэнт робіцца на аўто. (і гэта вялікая розніца, да якой мы яшчэ вернемся)

лепей не глядзіце на лічбы і на назву дыяграмы

Говард прапаноўваў дасканалыя варыянты заніравання, даючы пры гэтым свабоду архітэктарам. але свабода гэтая абмяжоўвалася б катэджамі — менавіта з іх з большага складаецца горад-сад.

падрабязны план аднаго з сектароў

Эбэнізер лічыў, што гарады-сады блізу яго роднага Лондана здольныя вырашыць праблемы перанасялення, некамфортнасці гарадской прасторы і праблемы экалогіі. усё гэта актуальна і сёння, таму кніга чытаецца вельмі па-сучаснаму і не адчуваецца суцэльнай утопіяй кшталту "горада Сонца". да таго ж, пасыл азелянення і гармоніі з прыродай — бясспрэчна прыўкрасны.

а так мусяць выглядаць Смалявічы паводле плану развіцця горада-спадарожніка

таму прыемна, што частка беларускіх горадабудаўнікоў кіруецца светлай і прадуманай ідэяй. але гэта не прывядзе ні да чаго добрага.


небяспечная практыка

варта зірнуць на вопыт рэалізацыі такіх праектаў. поводле канцэпцыі горада-сада напачатку мінулага стагоддзя стваралася Канбера, адміністратыўная сталіца Аўстраліі.

пару дзесяцігоддзяў яна будавалася сапраўдным горадам-садам з мараў Эбэнізера, але з прыходам аўтамабілізацыі горад стаў "аднапавярховай Аўстраліяй".

калі пахадзіць па Канберы ў google streetview, то яна выглядае так

неразвітая інфраструктура, аднатыпныя катэджы, адсутнасць гарадскога жыцця, ізаляванасць у сваёй бурбалцы без магчымасці выхаду ў знешні свет без машыны — усе тыповыя праблемы прыгараднай зоны б'юць па колішнім горадзе-садзе.

дарэчы, ідэямі аб спалучэнні прыроды і горада кіраваліся і стваральнікі той самай "аднапавярховай Амерыкі" ў сярэдзіне дваццатага стагоддзя.

фота з www.christophgielen.com

пагуляем у гульню. знойдзем на здымку вышэй

1. дзіцячы садок

2. школу

3. клініку

4. грамадскі транспарт

5. камерцыю

6. забаўкі

светлая ідэя і амерыканская мара абарочваецца ў татальную залежнасць ад аўтамабіля і адсутнасць руху.


некаторым рэчам можа навучыць і даўняя гісторыя амерыканскага Сёркльвіля

па розных прычынах, многія з якіх прадыктаваны простай выгадай, гарадскі цэнтр згубіў сваю спланаваную форму

але адыходы ад плану і паступовая падмена ідэяў — яшчэ не самае страшнае. больш глабальная праблема ў тым, што, спрабуючы ўнесці баланс між горадам і вёскай паводле схемы горада-сада, мы рызыкуем парушыць баланс між парадкам і сумбурам.

дакладней, гарады ўжо даўно страдаюць ад гэтага. з аднаго боку - ад аднастайных мікрараёнаў, з іншага боку - ад яшчэ больш аднастайнага прыгараду па прыкладзе "аднапавярховай Амерыкі". сумясціўшы тыпавое жытло з ідэяй горада-сада, атрымліваецца жахлівы недагорад. улічваючы ўсходнееўрапейскія тэндэнцыі, прастора між асноўным горадам і гарадамі-спадарожнікамі будзе паступова забудавана тыпавым альбы-чым. гэта ўжо бачна на прыкладзе таго, як уключаюцца ў "перспектыўную рысу горада" новыя тэрыторыі ля Менска і як у самім горадзе пашыраюцца панэльныя мікрараёны.

новы генплан

залішняя аднастайнасць формаў і гарадскіх патэрнаў, перабольшванне з тыпавой забудовай і планаваннем — ствараюць некамфортную гарадскую прастору, што аднолькава добра бачна ў аднапавярховым прыгарадзе Лос-Анжэлеса і ў чалавечых мурашніках Каменнай Горцы ў Менску. лепшыя часткі гарадоў сумяшчаюць у сабе хаатычнае і спланаванае.

магчыма, тэорыя Эбэнізера няблага працавала б у свеце, дзе перамаглі цягнікі і дзе грамадскі транспарт дамінуе, але ў аўтамабілізаванай сучаснасці ягоныя схемы вядуць у нікуды. роўна як і не атрымаецца рабіць аграгарадкі па прынцыпе сярэднявечных мястэчак, бо народ перастаў займацца сваёй прыватнай сельскай гаспадаркай так, як гэта было пяцьсот год таму, ды і сістэма гандлю і рамёстваў змянілася да непазнавальнасці.

усё, што сказана вышэй, ніяк не значыць, што нам трэба абыходзіць ідэі Говарда як мага далей. akvieduk лічыць, што дэцэнтралізацыя ў цэлым - добрая рэч, і ўнутры гораду варта ствараць некалькі глабальных цэнтраў прыцягнення. вельмі яскравы прыклад — Варшава, а яшчэ адзін прыклад, хоць і значна больш спрэчны — Вільня (не спяшайцеся кідацца памідорамі, пра гэта яшчэ будзе нататка).

і азеляненне, і гармонія з прыродай — патрэбныя рэчы. толькі, як паказвае вопыт, не варта змешваць вёску з горадам. і таму, відаць, для гармоніі з прыродай сёння нам не патрэбны гарады-сады. але адназначна патрэбны добрыя сады ў гарадах. у наступнай нататцы вы даведаецеся, якія яны бываюць і як іх палепшыць.

распаўсюджвайце гэтыя ідэі і падпісвайцеся на канал:


Report Page