Прывід оперы лунае па Гродне. Але ці зможа опера з’явіцца там насамрэч?

Прывід оперы лунае па Гродне. Але ці зможа опера з’явіцца там насамрэч?

Тётя Ира

“Ведаеце, пра што я мару? Каб у Гародні з’явілася опера”. Так пачала свой расповед пра жыццё ў Гародні напачатку 2023 пісьменніца Ала Петрушкевіч. З яе словаў, у Гродне ёсць усе ўмовы, каб ставіць оперу, але пакуль адзіны даступны варыянт паслухаць яе - праект TheatreHD у кінатэатры “Чырвоная зорка”.

Ала Петрушкевіч у холе гродзенскага драмтэатра

“Мо хто думае – такое ўсё ў свеце дзеецца, а яна марыць пра оперу. Няма хіба больш чаго рабіць? А я вось мару”, - кажа літаратарка. Пра імавернасць з’яўлення і патрэбнасць ў Гародні сапраўднай оперы для канала “Тётя Ира разрешила” паразважалі пісьменніца і аматарка мастацтва Ала Петрушкевіч і гісторык і паэтка Святлана Куль.

Прывід оперы па-гарадзенску

“У студзені я была ў тэатры на выступе нашай капэлы і ў чарговы раз падумала: ну як жа зрабіць так, каб усё сышлося?, - кажа Ала Петрушкевіч, - каб у нашым тэатры лялек з'явіліся оперныя спектаклі?” Па яе словах, опера – “гэта мара гарадзенкі, мара, якая даўно жыве ўва мне і пакуль ніяк не можа рэалізавацца”.

“Ведаеце, ёсць усё. Ёсць шыкоўная капэла і маэстра Борматаў, і яны робяць сваю справу вельмі прафесійна. Ёсць хор, які сам па сабе ўжо з’ява. У многіх артыстаў такія галасы, што яны і самі маглі б саліраваць. Ёсць аркест, ёсць музыкі. Як нідзе ў Беларусі, у нас ёсць нават [гістарычны] тэатр, што калісьці быў оперным”.
Гродзенская капэла. крыніца здымка - Facebook старонка калектыву


Спадарыня Ала распавяла, што ёсць нават прапановы, якую оперу першай паставіць у Гародні. Музыку напісала кампазітарка Алена Цярэшчанка, а лібрэта скалала паэтка Святлана Куль.

Опера пра беларускіх Рамэо і Джульету

“Лібрэта оперы напісана па маёй паэме "Ян і Мар’яна", - пацвердзіла Святлана Куль. – у аснове сюжэта – рэальны гістарычны сюжэт з Малога Мажэйкава, што пад Гродна. Героі гэтага твора – сапраўдныя беларускія Рамэо і Джульета”.
Святлана Куль, гісторык і паэтка. Крыніца фота - асабістая старонка Facebook

Святлана расказала, што неаяк пачула ад кампазітаркі Алены Цярэшчанка, што тая хацела б напісаць оперу на беларускім гістарычным матэрыяле. Паэтка адразу прапанавала ёй "Яна і Мар'яну", а пасля, у супрацы з кампазітаркай, дапрацавала паэму пад умовы оперы.
Па словах Святланы, галоўная тэма твора – няроўнае каханне. Мар'яна там – багатая магнатка, а Ян – бедны шляхціч, што служыць эканомам. Мар’яна пахавала двух мужоў і урэшце страціла апошняга каханка. Яго па сюжэту падманулі і забілі, каб не аддаваць пазычаныя некалі грошы.

“Там ёсць і містыка і фантастыка, і вядзьмарка, і чорная ўдава, і сцэна на могілках. – кажа Святлана. - Але галоўнае, што гэта гісторыя насамрэч адбылася недалёка ад Гродна”.

Першым расказаў пра сведчанні тых падзей гісторык Сяргей Данскіх. Святлана Куль знайшла ў архівах некалькі ўдакладняючых дакументаў. Адзінае, што паэтка “прыдумала” па просьбе кампазітаркі – гэта больш аптымістычнае заканчэнне паэмы.

“На справе, гэта трагічная гісторыя, герой у канцы памірае. Гэтага я змяніць не магла, каб не скажаць гісторыі, - тлумачыць паэтка. – Вялікае каханне нашых Рамэо і Джульеты таксама скончылася смерцю. Але у апошняй сцэне оперы вядзьмарка на могілках кажа Мар’яне, што трэба жыць, бо ў яе народзіцца сын”.

Новую оперу нідзе не паказалі

Святлана расказала, што яшчэ ў 2014-2015 годзе Алена Цярэшчанка цалкам скончыла працу над операй – распісала ўсе партыі і аркестроўку. “Яна дасыла мне паслухаць - цікава спалучаліся фальклорныя і сучасныя матывы”. Каму патрэбна опера

“Мы тыкаліся з прапановай гэтай оперы у мінскія тэатры, але яе ніхто не ўзяў”, - кажа Святлана. Тлумачылі, што пастаноўка гістарычных твораў каштуе дорага праз касцюмы і дэкарацыі.

У Гродне кампазітарка паказвала твор Уладзіміру Борматаву. Але максімум, што мог прапанаваць у той час кіраўнік капэлы – паставіць арыі асобнымі канцэртнымі нумарамі. 

Камерны хор Гродзенскай капэлы, крыніца фота - Facebook старонка калектыву
“Так яна ляжыць, гэта опера, нідзе не ставілася, - кажа Святлана. – але калі б удалося – гэта была б бомба”.

Да слова, у суседзяў оперу любяць і гістарычных сюжэтаў не цураюцца. У Беластоку зараз ідзе “Вестсайдская гісторыя” – сучасны пераказ Рамэо і Джульеты, а ў Вільні на два месяцы наперад распрададзеныя квіткі на балет “Барбара Радзівіл” і оперу “Рамэо і Джульету.

Калі ў Гродне няма оперы…

Культурныя падзеі, на меркаванне Алы Петрушкевіч, дапамагаюць перажываць шэрасць і аднастайнасць штодзённасці. Літаратурныя сустрэчы, выставы, спектаклі ў тэатры лялек – тыя падзеі, што яна стараецца рэгулярна наведваць:

“Недарэчна, калі з-за мяжы папракаюць – “вось, яны там жывуць”. Так, мы жывем. Бо беларусы заўжды ўмелі ўсміхацца, калі хочацца плакаць”.

Што да оперы, то калі гродзенцы не могуць схадзіць у оперны тэатр, то лепшыя оперы свету самі прыходзяць у Гродна.

"Глядзела ў “Чырвонай зорцы” трансляцыю з “Метраполітэн опера”. Паказвалі не толькі сам спектакль, але і як акторы збіраюцца, як аркестр настройваецца. А на сцэне - відаць нават міміка, кожны рух і жэст. А зараз іду на Трубадура Вэрдзі ў тэатр “Арэна ді Веронэ”.

Сцэна з оперы "Трубадур" праекта TheatreHD
Гэта так міла, што хоць нейкае адчуванне культуры маем! Бо калі гэтага няма, то і нас няма.”

Report Page