горад кірункаў

горад кірункаў

akvieduk

структурна Мінск не рэгулярны, але і не заблытаны. адлегласці між паваротамі і вуліцамі, рэльеф, Свіслач і разнастайнае горадапланаванне спрыяюць утварэнню кірункаў. дык што такое кірункі і які ўплыў яны маюць?

кірунак - малаварыятыўны шлях, які мае фізічнае структурна-гарадское напаўненне

ён суб'ектыўны, хоць часта супадае ў розных людзей. напрыклад, асабісты досвед паказвае, што ад плошчы перамогі да Нямігі ідзеш такім кірункам (выдзелена чырвоным):

кірунак - не маршрут. ён - яго пашырэнне, памножанае на яго напаўненне. падчас апытання, якое было зроблена, каб падрыхтаваць гэтую нататку, суразмоўцы часта адзначалі, што на знаёмым шляху любяць зайсці па каву, прайсці праз гандлёвы цэнтр ці завітаць куды яшчэ.

кірунак менавіта малаварыятыўны. з яго ў некаторых месцах можна збочыць, але часта пры гэтым выходзіш на суседні кірунак, які вядзе ў іншую частку горада. цікава, што пра гэта часцей за ўсё казалі мінчане, у той час як жыхары іншых гарадоў (небеларускіх, але пра гэта пазней) звычайна адзначалі адваротнае, акцэнтуючыся на шматварыятыўнасці.

як вулічная сетка ўплывае на стварэнне кірункаў?

у мінулай нататцы разглядалася гісторыя гарадской структуры. адметнай тэмай быў рэгулярны горад - горад, які складаецца з правільнай прамавугольнай сеткі вуліц, якія перасякаюцца пад прамым вуглом (гэтая таўталогія тут наўмысна). прыкладаў такіх гарадоў шмат - ад антычнага Мілета да Нью-Ёрка, Портлэнда і большай часткі Барселоны. разглядаць кірункі можна толькі на кантрасце з рэгулярным горадам, бо менавіта ў ім кірункаў быць не можа.

замест кірункаў у рэгулярным горадзе існуе бясконцая колькасць эклівалентаў аднаго і таго ж шляху.

даволі падобная гісторыя і з шчыльназабудаванымі заблытанымі гарадамі. маючы безліч завулкаў і перакрыжаванняў, горад перастае весці цябе, і пачынае ці то заблытваць, ці то даваць поўную свабоду.

але большасць беларусаў не жыве ў гарадах, структурна падобных на Порту, Вільню ці Лодзь. беларускія гарады звычайна маюць:

  1. адсутнасць кварталаў ці іх завялікі памер, які не дае збочыць у любы момант і пайсці эклівалентным шляхам
  2. негеаметрычнасць (за выключэннем асобных раёнаў)
  3. адсутнасць маштабных сераднявечных частак з заблытанымі вузкімі вуліцамі (нават цэнтр Гродна барочны, а не сераднявечны)
  4. вялікія адлегласці між асноўнымі артэрыямі горада, але ў пешаходнай дасяжнасці

менавіта гэтыя 4 асаблівасці спрыяюць фарміраванню кірункаў у беларускіх гарадах.

навошта нам разуменне кірункаў?

веданне агульных і частых кірункаў можа дапамагчы нам прагназаваць новыя кропкі прыцягнення. калі прыглядзецца, тыя ж Зыбіцкая ці Корпус9 (разам з вялізарным шостым корпусам і Пясочніцай) знаходзяцца на пэўных і частых кірунках (ад Нямігі ці верхняга гораду да Камароўкі ці плошчы Якуба Коласа). ведаючы калектыўныя кірункі, можна знаходзіць месцы з вялікім патэнцыялам і з дапамогай малога бізнэсу развіваць гарады і рабіць іх больш цікавымі і напоўненымі.

падзяліся ідэяй кірункаў у канале ці чаце, а таксама падпісвайся




Report Page