Справу забойцы беларускі Лізы перадалі ў суд. Яму пагражае не менш як 15 гадоў зняволення

Справу забойцы беларускі Лізы перадалі ў суд. Яму пагражае не менш як 15 гадоў зняволення

Дар’я Форман, Алесь Наваборскі, «Белсат»

Пракурор Пётр Антоні Скіба расказаў «Белсату», што 9 жніўня абвінаваўчы акт у справе Дарыяна С., забойцы беларускі Лізы, перадалі ў акруговы суд у Варшаве. 

Партрэт забітай Лізы на цырымоніі развітання. Варшава, Польшча. 14 сакавіка 2024 года. Фота: Белсат

Пракурор падкрэсліў, што не можа раскрываць, што дакладна сказана ў акце, але абвінавачванне датычыць забойства, кваліфікаванага ў сувязі са згвалтаваннем і рабаваннем з ужываннем небяспечнага прадмету. Абвінавачанаму пагражае ад 15 гадоў пазбаўлення волі да пажыццёвага зняволення.

З улікам характару справы далейшы ейны ход і наступны суд будуць закрытымі. Вырак можа быць агучаны публічна, але ў публічнай частцы абвесцяць толькі прадмет справы, прызнанне падазраванага вінаватым ці невінаватым і прысуджанае пакаранне. У такіх справах у Польшчы закрытасць аўтаматычная – у інтарэсах пацярпелых і іхных сваякоў.

Калі суд пачнецца і скончыцца, яшчэ невядома. Але пракурор чакае, што ў бліжэйшыя тыдні будзе прынятае рашэнне аб прызначэнні тэрміну пачатку суду.

Двума днямі раней эксперты прызналі, што абвінавачаны не з’яўляецца псіхічна хворым, знаходзіцца ў стане свядомасці і здольны паўстаць перад судом. 

25-гадовая беларуска Ліза была згвалтаваная і забітая ў цэнтры Варшавы ў ноч на 25 лютага. Паводле папярэдніх звестак, нападнік прыставіў нож да горла Лізы, згвалтаваў яе і душыў, а потым кінуў без прытомнасці на зямлі. Толькі раніцай яе знайшлі людзі, аднак выратаваць дзяўчыну не ўдалося. Яна знаходзілася ў цяжкім стане ў рэанімацыі, а 1 сакавіка памерла, не прыходзячы ў прытомнасць.

Неўзабаве па нападзе затрымалі падазраванага, 23-гадовага паляка Дарыяна С., у яго ўдома знайшлі асабістыя рэчы ахвяры. Лізу пахавалі на Паўночных могілках у Варшаве. Ейнае забойства справакавала вулічныя акцыі і шырокія дыскусіі ў Польшчы аб зменах законаў і бяспецы жанчын, узмацненне пакарання за згвалтаванне.

Дар’я Форман, Алесь Наваборскі, «Белсат»

Гэты матэрыял вы можаце прачытаць па-расейску.

Больш навінаў – у нашым Telegram-канале.

Report Page